Дзевяты дзень
Янка КРУК
(Працяг. Пачатак у нумары за 28 лістапада.)
Вельмi значнай кампанентай абрадаў, якiя суправаджалi пачатак чалавечага жыцця, было купанне дзiцяцi. Яны знаходзiлiся ў строгай залежнасцi ад шэрагу часавых каардынат: часу сутак, дня тыдня, аддаленасцi ад даты нараджэння. Перш за ўсё неабходна ўзгадаць пра абавязковае абмыванне памёршага чалавека. Як толькi чалавек губляў усе прыметы жыцця, над iм выконвалi абрад пасмяротнага абмывання з мэтай лiквiдавання, «знiшчэння», змывання ў яго ўсiх слядоў зямнога iснавання. Чалавек сыходзiў у iншы свет, свет продкаў, дзе ўсё нагадвала зямное жыццё, але свет гэты поўнiўся зусiм iншым святлом, якое назаўсёды пазбаўлена адценняў чалавечай грахоўнасцi. Сацыяльная, культурная i энергетычная iнфармацыя зямнога iснавання не патрэбна свету продкаў, таму памёршага абавязкова мылi перад тым, як апрануць у спецыяльнае адзенне. Тую ж стадыю абрадавай смерцi i нараджэння праходзiлi жанiх i нявеста, якiя напярэдаднi вяселля павiнны былi прайсцi абрад ачышчэння ў лазнi, а таксама перад самiм вянчаннем, калi маладую пару падводзiлi да калодзежа i вылiвалi пад ногi вядро вады. Напэўна, тую ж ролю выконваў абрад абходу з вядром вады вясельнага картэжу перад тым як адправiцца ў храм. Адзначым i такую важную акалiчнасць, як наяўнасць трохузроўневага экранiравання жанiха i нявесты ад астатнiх удзельнiкаў вясельнага абраду: абрадавае купанне, вэлюм, якi закрываў твар нявесты, i вясельны каравай, якi ўвесь час знаходзiўся на стале i крышталiкамi солi (хлеб-соль) абараняў маладых ад магчымага нанясення псоты. Тая ж самая ступень экранiравання прысутнiчала i ў пахавальным абрадзе. Пасля абмывання памёршага пераапраналi ў новае адзенне, якое асвяцiлi ў храме падчас вялiкага свята. Урэшце, трэцiм экранам з’яўляецца труна. З моманту нараджэння i да першых сарака дзён жыцця дзiця таксама праходзiла тры этапы знiшчэння рознабаковай iнфармацыi, атрыманай у лоне мацi, i ўжыўлення ў прастору сямейнага iснавання. Самым першым этапам «ачалавечвання» нованароджанага з’яўлялася першае купанне, дзе змывалiся сляды яго нядаўняга ўнутрывантробнага жыцця. Наступным i, напэўна, самым адказным абрадам было першае рытуальнае: купанне дзiцяцi. Гэта купанне працягвала працэс праграмiравання надзвычай важных аспектаў будучага жыцця. У старажытнай славянскай традыцыi першае рытуальнае купанне звычайна праводзiлася на дзевяты дзень пасля нараджэння. З прыходам хрысцiянства яго роля ў некаторай ступенi была зменшана, таму што паралельна яму быў уведзены абрад хрышчэння нованароджанага, галоўным сэнсам якога было станаўленне на шлях пазнання i наблiжэння да Бога. Як у любым iншым абрадзе абмывання, так i пры першым рытуальным купаннi любое паслядоўнае дзеянне i кожны выкарыстаны атрыбут меў глыбокi сiмвалiчны змест. Купалi дзiця ў драўляных начоўках, спецыяльна прызначаных для купання дзяцей. Ваду для купання можна было толькi падагрэць, але не даводзiць да кiпення. Першай у купель налiвалi невялiкую колькасць звычайнай калодзежнай вады. Абавязкова дабаўлялi ваду, якую бралi ў храме на Вадохрышча. I толькi пасля гэтага далiвалi гарачую ваду, каб яна набыла неабходную тэмпературу. Правяралi яе, апускаючы ў ваду локаць правай рукi. Гэтая паслядоўнасць прыгатавання вады была не выпадковай. Родныя хацелi, каб iх дзiця ў дарослым узросце не было празмерна эмацыянальным — «гарачым», жыло па прынцыпу: «Спачатку скажу (зраблю), а потым паразважаю». Пра такiх людзей часцей за ўсё казалi: «Пэўна, у гарачай вадзе цябе купалi». Беларускiя этнаграфiчныя крынiцы сведчаць аб тым, што першае рытуальнае купанне суправаджалася шматлiкiмi i даволi разнастайнымi атрыбутамi. Iх сiмвалiзацыя i ўключэнне ў канву абраду адбывалася на падставе аднаго з важнейшых прынцыпаў народнай культуры: «Падобнае выклiкае падобнае». Таму ў купель для дзяўчынкi клалi: дзевяць (цi сорак) зярнят жыта — каб яна вырасла здаровай i змагла нарадзiць, прадоўжыць свой род; аднакапеечную срэбную цi медную манету, каб тым самым «звесцi да мiнiмуму» працяг месячных, калi яна стане дарослым чалавекам; дабаўлялi крышку свежага малака, каб твар у дзяўчынкi быў бялюткi i чысцюткi»; выкарыстоўвалi розныя лекавыя раслiны, сабраныя на Купалле (напрыклад, рамонак, чыстацел, чабор); маглi пакласцi некалькi вугалькоў, каб на працягу ўсяго жыцця нiхто не змог сурочыць. пад купель клалi грэбень, верацяно, лён i г.д., каб дзяўчынка была добрай гаспадыняй, умела прасцi i ткаць. Падчас першага рытуальнага купання хлопчыка выконвалi прыкладна тыя ж магiчныя дзеяннi, кладучы ў купель: зерне — з той жа прадуцыруючай мэтай — прадаўжэнне свайго роду; заручальны пярсцёнак бацькi — сiмвал бацькоўскага роду i надзейнай засцярогi будучага паляўнiчага, земляроба, воiна, якому практычна ўсё жыццё давядзецца быць па-за межамi свайго жытла; таксама выкарыстоўвалi лекавыя раслiны i засцерагальныя сродкi ад сурокаў; пад купель маглi пакласцi цвiк, сякеру, малаток i г.д., каб залажыць навыкi, якiя неабходны будуць даросламу мужчыну; у больш познiя часы ў некаторых раёнах Беларусi клалi кнiгу — каб дзiця было разумным i стала пiсьменным чалавекам. Лiчылася, што тады яго жыццё будзе лёгкiм i багатым. Пасля купання ваду таксама не пакiдалi без увагi: ваду, у якой купалi дзяўчынку, вылiвалi пад вiшню, каб «чырвонай» (прыгожай) была. На Палессi ваду вылiвалi пад парог, каб замуж пайшла. ваду, у якой купалi хлопчыка, вылiвалi пад яблыню. Можа быць, у гэтым выпадку адчуваецца адгалосак старадаўняй бiблейскай легенды аб райскiм дрэве — яблынi, дрэве пазнання, або мiфалагiчным сусветным дрэве, каля якога знаходзiўся першы чалавек сусвету — Адам. Пасля рытуальнага купання дзяцей спавiвалi ў белыя пялюшкi, але абавязкова ў тыя, якiмi ўжо карысталiся, зверху апаясвалi чырвоным поясам-абярэгам, каб абаранiць нованароджанага ад сурокаў. Першае рытуальнае купанне было той сiмвалiчнай мяжой, пасля якога дзiця ўжо можна было класцi ў калыску. Абавязковым атрыбутам купання i спавiвання дзiцяцi былi малiтвы i замовы. Падчас першага купання бацька ўпершыню называў iмя нованароджанага. Адносна першага рытуальнага i ўсiх наступных купанняў дзiцяцi на працягу першага года жыцця iснавалi яшчэ некалькi прынцыпова важных рэгламентацый i прадпiсанняў. Ва ўсiх славянскiх народаў лiчылася непажаданым купаць дзiця пасля захаду сонца. Калi ж такое здаралася (напрыклад, маладой мацi гэта зрабiць адной было зусiм нязручна), то ваду, у якой купалi дзiця, вылiвалi толькi назаўтра ранiцай, прычым абавязкова ў бок сонца. Народны этыкет катэгарычна забараняе мыць якiя-небудзь рэчы (нават самога немаўляцi) у той вадзе, у якой вы купалi дзiця. Гэта магло справакаваць цяжкiя захворваннi, i перш за ўсё скурныя. Дзiця да года не купалi ў той дзень тыдня, у якi яно нарадзiлася, i ў першай палове нядзелi. (Працяг тэмы будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вельмi значнай кампанентай абрадаў, якiя суправаджалi пачатак чалавечага жыцця, было купанне дзiцяцi. Яны знаходзiлiся ў строгай залежнасцi ад шэрагу |
|