Рубiльнiкам па прэферэнцыях
Сяргей РАСОЛЬКА
З благаславення дзяржавы барацьба з неплацельшчыкамi за энергарэсурсы ўступiла ў самую жорсткую фазу
Напрыканцы года праблема неплацяжоў за пастаўленую спажыўцам электрычную i цеплавую энергiю абвастрылася яшчэ больш. Па-першае, таму, што пачатак ацяпляльнага сезона — заўсёды самы цяжкi перыяд для энергетыкаў, па-другое, у сувязi са змяненнямi ўмоў паставак у нашу краiну прыроднага газу. Супадзенне па часе гэтых фактараў фактычна «спусцiла тармазы» той даўняй барацьбе са спажыўцамi-неплацельшчыкамi, якая з адносным для энергетыкаў поспехам вядзецца ў краiне ўжо не першы год. Абставiны прымусiлi ўрад адразу перайсцi да самых радыкальных мераў. Так, 14 лiстапада была прынята пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь адносна мераў па бесперабойнаму забеспячэнню народнай гаспадаркi i насельнiцтва краiны энергарэсурсамi, у аснову якога была пакладзена абавязковая стопрацэнтная аплата за пастаўленую электрычную i цеплавую энергiю i прыродны газ спажыўцамi ўсiх формаў уласнасцi i падпарадкаванасцi. Што гэта будзе азначаць на практыцы? На гэтую тэму — наша сённяшняя гутарка з начальнiкам упраўлення дзяржэнерганагляду канцэрна «Белэнерга» Анатолем СIМАНЧУКОМ. — Праблему своечасовасцi разлiкаў, найперш грашовымi сродкамi, даўно ведалi ва ўрадзе. Не выпадкова, дарэчы, нормы па iх неграшовай форме былi скарочаны да мiнiмуму — 30 працэнтаў ад агульнага аб’ёму. У далейшым асаблiвы акцэнт будзе рабiцца менавiта на разлiкi «жывымi» грашыма. Узаемазалiкi спажыўцам будуць дазволены толькi ў межах нарматываў, падпiсаных урадам, i — нi капейкi, нi рубля звыш iх. Больш таго, акрамя агульнай задачы перад народнай гаспадаркай адносна своечасовасцi разлiкаў за пастаўленыя рэсурсы, перад энергетыкамi пастаўлена дадатковая праблема: тыя адтэрмiноўкi, якiя былi дадзены спажыўцам, i тыя даўгi, якiя склалiся да 1 лiстапада, павiнны быць раўнамерна пагашаны на працягу 2003 года перш за ўсё ў той жа грашовай форме. — Анатоль Фёдаравiч, напэўна, гэта не адзiная праблема, з якой зараз сутыкнуцца спажыўцы энергарэсурсаў?.. — З мая па кастрычнiк iснаваў, на наш погляд, даволi лаяльны рэжым iх водпуску, якi сур’ёзна нi ў чым не абмяжоўваў шматлiкiх спажыўцоў. Аднак далёка не ўсе з iх свядома падыходзiлi да пытання аплаты такога высокалiквiднага тавару як энергiя. Таму ўрад фактычна быў вымушаны зацвердзiць новае Палажэнне аб парадку ўводу рэжымаў абмежавання i адключэння неплацельшчыкаў. Яно ўжо ўступiла ў сiлу i дзейнiчае па ўсей тэрыторыi Беларусi... — Прабачце, але пра такiя захады тых жа энергетыкаў газеты пiшуць ужо не першы год... — Сапраўды, Парадак уводу абмежаванняў i адключэнняў спажыўцоў за неплацяжы дзейнiчае з 1998 года. Тады ён быў зацверджаны Мiнэканомiкi па ўзгадненню з канцэрнамi «Белэнерга» i «Белпалiвагаз». Зараз адпаведнае палажэнне зацверджана Саветам Мiнiстраў, што надае дакументу больш высокую значнасць. Яго прынцыповае адрозненне? Згодна з колiшнiм Парадкам, iснаваў даволi шырокi пералiк спажыўцоў, якiм нельга было абмяжоўваць падачу энергарэсурсаў, не кажучы ўжо пра магчымасць адключэння iх ад сетак энергазабеспячэння ўвогуле. У яго ўваходзiлi, напрыклад, холадакамбiнаты, птушкафабрыкi, жывёлагадоўчыя фермы i комплексы, цяплiчныя гаспадаркi i г. д. Цяпер энергетыкi маюць права не толькi абмяжоўваць падачу энергii такiм аб’ектам, але i цалкам адключаць iх ад крынiц сiлкавання. Пастаўка энергарэсурсаў, згодна з новым Палажэннем, не можа зараз спыняцца толькi арганiзацыям сiстэмы здароўя, установам сацыяльнага абслугоўвання, радыялагiчнага i гiдраметэаралагiчнага забеспячэння i кантролю, жыллёвага фонду, а таксама для тэхналагiчнага абсталявання аб’ектаў водазабеспячэння i каналiзацыi, прычым, што iстотна, не увогуле для ўсёй «канторы», а непасрэдна для работы тых жа помпаў, станцый i iнш. У новым Парадку таксама вызначаны пералiк буйных спажыўцоў, абмежаванне цi спыненне падачы энергарэсурсаў якiм энергазабеспячальнымi арганiзацыямi можа адбывацца толькi па рашэнню рэспублiканскай камiсii па кантролю за своечасовым пагашэннем запазычанасцi за прыродны газ i энергарэсурсы. Яе пасяджэннi адбываюцца раз у 10 дзён на падставе звестак з усiх абласцей. Пакуль у гэты спiс трапiла 71 прадпрыемства. Гэта сапраўды буйныя прадпрыемствы з кожнай вобласцi, якiя адыгрываюць iстотную ролю ў народнай гаспадарцы ўсёй краiны. Новае Палажэнне ўтрымлiвае таксама патрабаваннi, якiя абавязваюць газа- i электразабеспячальныя арганiзацыi iнфармаваць рэспублiканскiя органы кiравання — мiнiстэрствы, ведамствы, аблвыканкамы i Мiнгарвыканкам — аб маючым адбыцца ўводзе абмежаванняў для спажыўцоў, калi яно плануецца ў памеры 50 працэнтаў i больш (да аварыйнага i поўнага адключэння ад сетак энергазабеспячэння). Гэтым органам дадзена права хадайнiчаць перад энергазабеспячальнымi арганiзацыямi аб пераносе тэрмiну ўводу абмежаванняў, калi яны лiчаць неабходным i гарантуюць пагашэнне суб’ектам запазычанасцi. Калi такога хадайнiцтва няма, праз трое сутак рэжым абмежавання ўводзiцца ўжо без папярэджання — на 50 працэнтаў i — да поўнага адключэння. Яшчэ адно iстотнае адрозненне датычыць папярэдняй аплаты. У новым Парадку запiсана, што энергетыкi маюць права ўводзiць абмежаваннi паставак энергарэсурсаў на 25 працэнтаў для тых спажыўцоў, якiя не забяспечылi згаданай папярэдняй аплаты, якая агаворана ў Правiлах карыстання электраэнергiяй, у дагаворах на энергазабеспячэнне. Iх можна ўводзiць без анiякiх папярэджанняў вышэйстаячых органаў, але з папярэджаннем спажыўца. Калi сiтуацыя не мяняецца, праз тры днi ўводзiцца рэжым абмежавання на 25 працэнтаў, праз наступны перыяд — ужо з iнфармаваннем вышэйстаячых органаў — на 50 працэнтаў. Раней гэтага не было. — Анатоль Фёдаравiч, нядаўна па расiйскаму тэлебачанню паказалi сюжэт: у адным горадзе энергетыкi, не дачакаўшыся разлiкаў, «нацiснулi кнопку» i увесь электратранспарт у горадзе iмгненна спынiўся — там, дзе быў у час адключэння падачы энергii... — Так, на кожным прадпрыемстве ёсць абсталяванне, якое можа пацярпець ад раптоўнага адключэння, цi ўвогуле ўся вытворчасць можа быць выбухова- цi пажаранебяспечнай, на якую можа паўплываць адключэнне ад сетак энергазабеспячэння. Што можа быць, калi такое прадпрыемства не разлiчылася па даўгах i разам з тым не падрыхтавалася да ўводу рэжыму абмежавання цi адключэння? У зацверджаным Саветам Мiнiстраў Палажэннi ёсць пункт, згодна з якiм усю адказнасць за наступствы, звязаныя з абмежаваннем цi спыненнем падачы спажыўцу энергарэсурсаў, нясуць адказныя кiраўнiкi гэтага прадпрыемства, што своечасова не забяспечылi аплату за энергiю згодна з дагаворамi. У вынiку нейкай аварыi вiнаватымi зоймуцца яшчэ i праваахоўныя органы. — Анатоль Фёдаравiч, калi вярнуцца да тэмы неплацяжоў, наколькi канкрэтна зараз гэта балючае пытанне? — З мая па верасень уключна ўзровень аплаты, зазначу, даволi iстотна павялiчыўся. Трэба аддаць належнае i намаганням урада ўвогуле, i нашага новага мiнiстра — у прыватнасцi: штомесячна плацяжы iшлi на ўзроўнi 100 працэнтаў, запазычанасць расла фактычна толькi за кошт iндэксацыi. Але ў кастрычнiку — з пачаткам ацяпляльнага сезона — узровень аплаты за пастаўленую энергiю склаў 94,4 працэнта. Сваю ролю сыграла тое, што пераважную большасць цеплавой энергii — больш за 50 працэнтаў — спажывае насельнiцтва, а аплачвае яе фактычна праз месяц. Спажыванне ж цеплавой энергii прамысловасці скарацiлася ажно да 20 працэнтаў, г. зн. займацца субсiдзiраваннем ужо практычна няма каму... — Скажыце, менавiта гэтымi абставiнамi было выклiкана нядаўняе даволi iстотнае павелiчэнне тарыфаў на электраэнергiю для насельнiцтва? — Сёння павялiчылася цана на прыродны газ, таму неабходна было шукаць крынiцу пакрыцця расходаў для нашых прадпрыемстваў. Пакуль такой крынiцай з’яўляюцца тарыфы. Хаця нават гэтае iстотнае павелiчэнне прывяло кошт электраэнергii, якая адпускаецца насельнiцтву, толькi да сабекошту яе вытворчасцi (прамысловасць, для параўнання, плацiць больш за сабекошт). Але вернемся да даўгоў. На сённяшнi дзень яны дасягнулi ўжо амаль 800 мiльярдаў рублёў (па стану на 1 лiстапада было 766 мiльярдаў рублёў), асноўная доля якiх — больш як 60 працэнтаў — прыпадае на прадпрыемствы сельскагаспадарчай галiны. Трэба аддаць належнае: сёлета пасля праведзенай работы, у прыватнасцi, адтэрмiноўкi плацяжоў, знiжэння тарыфаў з 3,4 цэнта да 2,6 цэнта за 1 кВт/гадзiну ўзровень аплаты спажытай энергii сельскагаспадарчымi спажыўцамi крыху павялiчыўся. Калi па вынiках леташняга года па калгасах i саўгасах ён быў на ўзроўнi 21 працэнта, дык сёлета за 10 месяцаў склаў 35,5 працэнта. Калi ў мiнулым годзе былi лiтаральна адзiнкi сярод гаспадарак, якiя на 100 працэнтаў аплачвалi спажытую энергiю, дык у гэтым годзе такiх спажыўцоў сярод калгасаў i саўгасаў краiны было ўжо каля 15 працэнтаў. Разам з тым каля 19 працэнтаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на сённяшнi дзень увогуле не заплацiлi нi рубля з пачатку года за спажытую энергiю. Калi па вынiках лiстапада ад iх не паступiць нiякай аплаты, справы па пакрыццю даўгоў будуць перададзены ў гаспадарчыя суды. — Анатоль Фёдаравiч, i што можна ўзяць з фактычных банкрутаў у многiх выпадках? — За 10 месяцаў гэтага года мы падалi iскi ў суды на 2230 спажыўцоў на суму 158,5 мiльярда рублёў. Практычна ўсе яны былi задаволены. Калi няма грошай, вяртанне доўгу пераносiцца на лiквiдную маёмасць: машыну старшынi, напрыклад, iншы транспарт, тую ж карову цi свiнню. Зазначу, што пасля пастановы Савета Мiнiстраў ад 14 лiстапада, калi няма аплаты бягучага спажывання ў любога сельскагаспадарчага спажыўца, мы можам iмгненна ўводзiць абмежаваннi аж да поўнага яго адключэння ад сетак энергазабеспячэння. Няхай сабе i той жа фермы — да i ўручную. Зараз як нiколi энергетыкi будуць працаваць рубiльнiкам. Такую нашу пазiцыю — спынiць бясплатны водпуск энергii — падтрымаў i сам мiнiстр сельскай гаспадаркi i харчавання. — Якая сiтуацыя па даўгах з iншымi неплацельшчыкамi? — Як я ўжо сказаў, доўг спажыўцоў сiстэмы Мiнсельгасхарча складае больш як 60 працэнтаў ад агульнага, а гэта 467 мiльярдаў рублёў. За прадпрыемствамi Мiнжылкамунгаса 113 мiльярдаў рублёў доўгу пры ўзроўнi аплаты за 10 месяцаў у памеры 88 працэнтаў (асаблiва складаная сiтуацыя на працягу шэрагу гадоў у Магiлёўскай вобласцi). Дзякуючы дапамозе Мiнфiна сёлета прыемна парадавала бюджэтная сфера: з пачатку года аплата энергарэсурсаў iшла на ўзроўнi 104 працэнтаў, г. зн. аплачвалася ўся спажытая энергiя плюс часткова пагашалiся даўгi (крыху горшае становiшча, бадай, толькi ў Гродзенскай вобласцi, асаблiва па мясцоваму бюджэту). Найбольш энергаёмiстае Мiнiстэрства прамысловасцi за 10 месяцаў года выйшла на ўзровень аплаты ў 96 працэнтаў, але, у прыватнасцi, кастрычнiк (103,4 працэнта — узровень аплаты) засведчыў, што плацiць прадпрыемствы сiстэмы гэтага мiнiстэрства могуць. Iх доўг — больш за 53 мiльярды рублёў. Значна палепшыла сёлета ў гэтым плане сваё становiшча Мiнбудархiтэктуры — доўг скарацiўся больш чым на 3 мiльярды рублёў, узровень аплаты за 10 месяцаў у iх перавысiў 104 працэнты. Ёсць станоўчыя зрухi ў мiнiстэрстваў сувязi, транспарту i камунiкацый, канцэрнаў «Беллеспаперапрам», «Белбiяфарм» i «Беллегпрам».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З благаславення дзяржавы барацьба з неплацельшчыкамi за энергарэсурсы ўступiла ў самую жорсткую фазу |
|