Пасведчанне ўдзельнiка ВАВ: форма адна, сутнасць іншая
Сяргей РАСОЛЬКА
Нядаўна ў нашай газеце быў змешчаны лiст-запыт жыхара г.п. Камарын Брагiнскага раёна М.А. Гарбара. Чытач яшчэ пры Савецкiм Саюзе служыў у Кiтаi (са снежня 1952 па 1954 год). Падчас тагачасных карэйскiх падзей быў перакiнуты i пэўны час знаходзiўся ў гэтай краiне. «Цi магу я лiчыцца ўдзельнiкам Вялiкай Айчыннай вайны?» — пытаўся ў нас заяўнiк.
У нашым першым агульным адказе, падрыхтаваным з дапамогай прэс-службы Мiнiстэрства абароны, мы заўважылi, што чытач, безумоўна, крыху памылiўся. У выпадку, калi знойдуцца архiўныя дакументы, якiя пацвердзяць словы жыхара Брагiнскага раёна, ён можа быць прызнаны, згодна з артыкулам 3 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб ветэранах», ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыi iншых дзяржаў. У Пералiку дзяржаў, гарадоў, тэрыторый i перыядаў вядзення баявых дзеянняў з удзелам грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якi зацверджаны Мiнiстэрствам абароны нашай краiны, сапраўды, паведамлялi мы далей, прысутнiчаюць i Кiтай, i Паўночная Карэя. Але лiст заяўнiка быў вельмi кароткi, i даных, якiя ў iм утрымлiвалiся, было недастаткова для больш падрабязнага адказу. Таму рэдакцыя, параiўшы чытачу не спыняць спробы адшукаць патрэбныя звесткi, паралельна накiравала яго лiст i адпаведны журналiсцкi запыт у Гомельскi абласны ваенны камiсарыят. Днямi мы атрымалi адтуль афiцыйны адказ наступнага зместу. «Па пытанню вашага ўдзелу ў баявых дзеяннях у Карэi вам неабходна звярнуцца ў Брагiнскi РВК — каб зрабiлi запыт у Цэнтральны архiў МА РФ у г. Падольску. Калi будзе станоўчы адказ, вам будзе выдадзена пасведчанне ўдзельнiка ВАВ. Да ведама тлумачым, што ў загадзе мiнiстра абароны Рэспублiкi Беларусь № 524 «Аб зацвярджэннi Пералiку краiн i перыядаў баявых дзеянняў з удзелам грамадзян Рэспублiкi Беларусь» (у раздзеле № 1) сказана: «з чэрвеня 1950 года па лiпень 1953 года» (для асабовага саставу воiнскiх падраздзяленняў, прымаўшых удзел у баявых дзеяннях у Паўночнай Карэi з тэрыторыi Кiтая). Ваеннаслужачым, якiя прымалi ўдзел у баявых дзеяннях у Карэi, згодна з раздзелам № 1 загада МА РБ, выдаюцца пасведчаннi ўдзельнiка ВАВ. Такiм чынам, наш чытач зможа атрымаць пасведчанне, калi, па-першае, архiўныя дакументы пацвердзяць факт яго знаходжання ў памянёных краiнах у пэўныя тэрмiны яго воiнскай службы, i, па-другое, яго ўдзел у баявых дзеяннях. Напэўна, тут нехта з чытачоў, пагадзiўшыся з усiм вышэйсказаным, тым не менш задасць пытанне: а пры чым тут пасведчанне ўдзельнiка менавiта Вялiкай Айчыннай вайны, якая скончылася ў 1945 годзе? Каб зняць канчаткова ўсе пытаннi, якiя датычаць нашай справы, мы яшчэ раз звязалiся з супрацоўнiкамi Гомельскага абласнога ваеннага камiсарыята. — Калi даныя пацвердзяцца, вашаму чытачу сапраўды выдадуць пасведчанне ўдзельнiка Вялiкай Айчыннай вайны, хоць па льготах ён будзе прыраўнаваны да тых жа «афганцаў» — як ветэран баявых дзеянняў на тэрыторыi iншых дзяржаў, згодна з артыкулам 3 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб ветэранах», — адказалi нам. Справа ў тым, што памянёныя пасведчаннi — яшчэ адзiнага савецкага ўзору (формы 1979 года). Iх выдача рэгламентаваная ў тым лiку i ў тлумачэннях Мiнiстэрства абароны да Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб ветэранах» ад 8 мая 2002 года (у прыватнасцi, пункт 1.2). Пасведчаннi ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны (падкрэслiм яшчэ раз — па форме, а не па сутнасцi) выдаюцца ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыi трох дзяржаў: Кiтая, Венгрыi i Карэi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нядаўна ў нашай газеце быў змешчаны лiст-запыт жыхара г.п. Камарын Брагiнскага раёна М.А. Гарбара. Чытач яшчэ пры Савецкiм Саюзе служыў у Кiтаi (са сн |
|