21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вабiць неба — сядай за камп’ютар

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iрына ПРЫМАК

Па iнiцыятыве Мiнiстэрства абароны РБ упершыню ў нашай краiне з’явiцца Рэспублiканскi цэнтр падрыхтоўкi вiртуальных ваенных спецыялiстаў. Дапамагаць яго наведвальнiкам вучыцца кiраваць самалётамi стануць лётчыкi асобнай знiшчальна-штурмавой эскадрыллi «BY», якая за тры гады свайго iснавання стала вядомай далёка за межамi Беларусi, неаднойчы перамагала на Вiртуальным Усходнiм Фронце i ўжо ператварылася ў сапраўдны брэнд. Аб узнiкненнi беларускай эскадрыллi i яе подзвiгах расказвае камандзiр «BY» Вiталь НЕКРАШЭВIЧ:

— Усё пачалося з удзелу ў «Еўрапейскай паветранай вайне», дзе мы мелi розныя пазыўныя i не ведалi адзiн аднаго. Напрыклад, такi нiк, як «Воран», наўрад цi мог падказаць, прадстаўнiк якой краiны хаваецца за iм. Змаглi знайсцi сваiх землякоў дзякуючы iдэi аднаго з лётчыкаў — пазначацца лiтарамi «BY». Такiм чынам, асобныя людзi аб’ядналiся ў эскадрыллю, якую так i назвалi — «BY». Зараз у нас ужо не столькi эскадрылля, колькi цэлае вiртуальнае фармiраванне, але сваю назву вырашылi не змяняць. У кожнага з пiлотаў свае пазыўныя. У мяне = BY = MAGISTER. Ёсць i такiя — = BY = MOROK, = BY = SOVA i г. д.

— Сярод вашых вiртуальных пiлотаў ёсць рэальныя лётчыкi?

— Гэта ганаровы член эскадрыллi, ветэран Аляксандр Сяргеевiч Шацкi, якi ў Вялiкую Айчынную вайну збiў 8 нямецкiх самалётаў. Ён лiчыць, што вiртуальныя палёты сапраўды вельмi наблiжаныя да рэальных падзей. Астатнiя людзi (гэта прыкладна 30 чалавек) — аматары авiяцыi, якiя не здолелi стаць лётчыкамi з-за розных праблем i знайшлi спосаб выправiць сiтуацыю. Вельмi дапамагла распрацаваная тры гады таму ў Расii камп’ютарная гульня «Iл-2. Штурмавiк». Яна мадэлiруе перыяд другой сусветнай вайны настолькi рэальна, што амаль не адчуваеш мяжы памiж жыццём сапраўдным i вiртуальным. Адрозненне толькi ў тым, што сядзiш за камп’ютарам i не адчуваеш перагрузак.

— А яшчэ магчыма «ажыць» у новай гульнi, калi ў папярэдняй «заб’юць»?

— Так. Я «памiраў» неаднойчы. Здаралася, спецыяльна падстаўляўся, каб натрэнiраваць навiчкоў. А вось у афiцыйных сустрэчах кожнае «жыццё» на рахунку. Калi цябе «забiваюць», канешне, разумееш, што яшчэ вернешся ў наступным баi, але адначасова з’яўляецца думка, што на сапраўднай вайне такога шанцу ў лётчыкаў не было.

— Як да авiясiмулятара другой сусветнай ставяцца немцы?

— Нават ведаю гiсторыю, як адзiн з iх, непасрэдны ўдзельнiк вайны, якi збiў больш за 80 самалётаў, працягвае знiшчаць iх на сваiм ноўтбуку. За немцаў у гульнi выступаюць звычайна жыхары Фiнляндыi, Грэцыi, Аўстрыi, Карэi, ЗША, Малайзii, Iталii. Аднак нельга думаць, што пры дапамозе гульнi працягваецца вайна памiж краiнамi. На самай справе, дзякуючы авiясiмулятару, у жыхароў замежных дзяржаў змянiлася стаўленне да нашых лётчыкаў. Яны ўсвядомiлi, якi ўклад мы ўнеслi ў перамогу.

— Што скажаце людзям, якiя лiчаць камп’ютарныя гульнi марнаваннем уласнага часу?

— Некаторыя жонкi нашых пiлотаў не вельмi задаволеныя, што iх мужы такiм чынам бавяць свой час, асаблiва калi гэта перашкаджае сну (гульнi ж звычайна праводзяцца з 20 гадзiн да поўначы). Канешне, такую пазiцыю можна зразумець, аднак у параўнаннi з iншымi камп’ютарнымi праграмамi гэта сапраўды прыносiць карысць. Яна дазваляе пазнаёмiцца са знакамiтымi пiлатажнымi групамi свету, спрыяе патрыятычнаму выхаванню моладзi i падрыхтоўцы патэнцыяльных лётчыкаў. Авiясiмулятары сёння выкарыстоўваюцца ў сучасных ваенных трэнажорах. Тыя, хто захапляецца праграмай «Iл-2. Штурмавiк» i яе працягам «Забытыя змаганнi», пачынаюць цiкавiцца гiсторыяй, у прыватнасцi перыядам Вялiкай Айчыннай, чытаюць лiтаратуру i глядзяць фiльмы па тэме. У нас, дарэчы, амаль ва ўсiх свая бiблiятэка такiх твораў.

— Што трэба рабiць, каб узняцца па службовай лесвiцы?

— Выконваць баявыя задачы. Не абавязкова кагосьцi «забiць». Можна вылецець i не выявiць працiўнiка, бо той знаходзiцца ў iншым квадраце i заняты нейкай мiсiяй, якую загадала выканаць камандаванне. Аднак i ў такой сiтуацыi лiчыцца, што ты са сваёй задачай справiўся. Бывае, твае войскi захапiлi населены пункт, дзе знаходзяцца стратэгiчна важныя ваенныя базы. Калi перакрыць ворагу шлях да чыгункi, ён не здолее даставiць палiва на iншы ўчастак фронту, i самалёты працiўнiка не змогуць узняцца ў неба. Гэта таксама залiчваецца. Дарэчы, хоць усе баi праходзяць у паветры, але менавiта ад iх зыходу i залежыць, што зменiцца на зямлi. Напрыклад, калi калона танкаў штурмуе вёску i яе прыкрывае варожая эскадрылля, мы можам перашкодзiць працiўнiку. Пачынаецца бой у паветры. Пры ўдалым завяршэннi гэтай аперацыi вёска не адыдзе да немцаў i застанецца нашай.

— Цi шмат для вас значаць вiртуальныя званнi?

— Яны не iграюць вялiкай ролi не таму, што вiртуальныя. Я, напрыклад, хоць i маёр, але лiчу, што сама атмасфера палёту i ўласнае дачыненне да абароны сваёй краiны, няхай i ў вiртуальным свеце, iграюць большую ролю, чым усялякiя рэгалii. За ўвесь час iснавання эскадрыллi мы ўступiлi толькi расiянам i бразiльцам, а так звычайна распраўляемся з працiўнiкам. Стабiльна ўваходзiм у пяцёрку мацнейшых эскадрылляў свету. З улiкам, што ў нас не такая ўжо вялiкая краiна i не так шмат людзей цiкавiцца вiртуальнай авiяцыяй, — гэта сур’ёзнае дасягненне.

— Цi ёсць у вашай эскадрыллi канкурэнты ў беларускiм вiртуальным небе?

— Iснуе яшчэ адна эскадрылля — «BLS». Таксама ў Мiнску. Ёй каля года. «Лётчыкi» там маладыя (сярэднi ўзрост пiлотаў — 16—25 гадоў) i перспектыўныя. Канкурыраваць з намi iм пакуль цяжка, таму iмкнёмся дапамагчы, бо лепш лятаем i большы маем баявы вопыт. Мы зацiкаўленыя, каб усё большая колькасць людзей станавiлiся прыхiльнiкамi гульнi: тады з’явiцца здаровая канкурэнцыя.

— На вайне смяяцца не прыходзiцца. Цi гэтак жа ўсё сур’ёзна на вiртуальным фронце?

— Канешне, калi выконваеш баявую задачу, спецыяльна жартаваць нiхто не стане, але смешныя выпадкi здараюцца. Напрыклад, аднаго з нашых пiлотаў «падбiлi» ў гульнi пад той самай вёскай, куды ён паехаў у камандзiроўку ў жыццi. Едзе наш лётчык у складзе дэлегацыi i ўзгадвае: «Я ж тут памёр!» Уявiце, наколькi здзiвiлiся прысутныя яго смерцi. У мяне таксама быў камiчны эпiзод: мяне падбiлi, па рацыi перадаў гэта напарнiку i развiтаўся з iм. Гэта пачулi госцi, якiя прыйшлi да яго жонкi. Яны былi ў шокавым стане, калi пачулi мае «развiтальныя словы».

— Як узнiкла iдэя стварыць Рэспублiканскi цэнтр падрыхтоўкi вiртуальных ваенных спецыялiстаў?

— З Мiнiстэрствам абароны нашай краiны мы пачалi супрацоўнiчаць паўтара года таму i тады нават не маглi сабе ўявiць, што гэта выльецца ў стварэнне цэнтра. Яго неабходнасць адчуваецца, бо, каб авiясiмулятар мог працаваць, трэба мець вельмi моцны камп’ютар, якi каштуе шмат грошай — ад тысячы долараў. Не кожны дарослы можа сабе такое дазволiць, а моладзь — наогул не, таму быць проста фанатам авiяцыi недастаткова. Адкрыццё цэнтра (дакладная дата пакуль невядомая, але гэта будзе не пазней чым у пачатку новага года) дапаможа «ўзняцца» ў неба ўсiм, хто мае такое жаданне. Канешне, тым, хто яшчэ зусiм малы, каб зразумець законы аэрадынамiкi, манеўравання, абсталяванне лятальных апаратаў, трэба яшчэ падрасцi, а потым ужо прыходзiць у цэнтр. На маю думку, мiнiмальны ўзрост, з якога можна пачынаць вучыцца на вiртуальнага пiлота, — 14—16 гадоў.

— Дзякуй за гутарку!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па iнiцыятыве Мiнiстэрства абароны РБ упершыню ў нашай краiне з’явiцца Рэспублiканскi цэнтр падрыхтоўкi вiртуальных ваенных спецыялiстаў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика