Фонд, дзе запальваюцца зоркi
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Моладзь i дзяржава Пра iснаванне спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi чулi практычна ўсе. Некаторыя нават ведаюць, што такiх фондаў насамрэч два: адзiн займаецца падтрымкай, скажам так, «лiрыкаў», другi дапамагае «фiзiкам» — адораным вучням i студэнтам. 20 лiстапада першаму з фондаў спаўняецца 10 гадоў — узрост, якi дазваляе падвесцi вынiкi, падкарэкцiраваць планы, зрабiць высновы...Дапамагчы нам зарыентавацца ў структуры i дзейнасцi фондаў пагадзiлася вельмi кампетэнтная асоба. Знаёмцеся: Наталля Пятроўна АЎДЗЕЕВА, намеснiк старшынi Камiсii па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, член Парламенцкага Сходу Саюза Беларусi i Расii, старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi. — Толькi ў нашай краiне iснуюць такiя спецыяльныя фонды Кiраўнiка дзяржавы. Прычым гэта не папулiсцкая мера, а паслядоўная, мэтанакiраваная палiтыка. Фондаў тры (спецыяльны фонд Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы культуры i мастацтва, спецыяльны фонд Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў i студэнтаў, спецыяльны фонд Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi), i ўсе яны арыентаваныя на захаванне i развiццё духоўнасцi i iнтэлекту нацыi. Падкрэслю: фонды курыруе асабiста Прэзiдэнт, я ж, у адпаведнасцi з указам Кiраўнiка дзяржавы, узначальваю савет фонду па падтрымцы таленавiтай моладзi. У склад саветаў фондаў уваходзяць сапраўды зорныя, знакавыя асобы, якiм можна даверыцца. Гэта знакамiтыя творцы, кiраўнiкi вядучых устаноў сферы культуры i мастацтва, прадстаўнiкi мiнiстэрстваў культуры, адукацыi, апаратаў Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, Савета Мiнiстраў i г.д. «Дзеля аказання адраснай дапамогi маладым талентам нам трэба працаваць з пазiцыi прафесiяналiзму, на прынцыпах аб’ектыўнасцi, даступнасцi, дэмакратычнасцi. У фонд мае права звярнуцца кожны: не толькi ўстанова культуры цi адукацыi, не толькi дзяржаўны орган, але i кожны творчы калектыў i нават кожны малады чалавек», — расказвае Наталля Аўдзеева. Нагадаем, маладым чалавекам у нашай краiне, паводле заканадаўства па маладзёжнай палiтыцы, лiчыцца грамадзянiн ва ўзросце па 31 год уключна. Мiнiмальная ўзроставая планка для кандыдатаў на падтрымку спецыяльнага фонду не вызначана ўвогуле, бо некаторыя таленты часам праяўляюць сябе ў вельмi юным узросце. У чым пераважна заключаецца падтрымка спецыяльнага фонду ў апошнiя гады? З 2003 года пашыраны пералiк вiдаў заахвочванняў фонду. Напрыклад, уведзена такое паняцце, як Гранд-прэмiя — з прысваеннем звання «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзiдэнта РБ па падтрымцы таленавiтай моладзi» i ўручэннем аднайменнага знака. Сёлета, дарэчы, гэтыя прэмii ўпершыню былi ўручаны асабiста Кiраўнiком дзяржавы на традыцыйнай штогадовай яго сустрэчы са стыпендыятамi спецыяльных фондаў. Стыпендыя фонду з 2003 года стала насiць не разавы, а пастаянны характар — яна выплачваецца штомесяц на працягу года. Калi ж малады чалавек пацвярджае свой узровень пэўнымi дасягненнямi, стыпендыя выплачваецца яму i ў наступным годзе, i г.д. «Да прыкладу, — расказвае Наталля Пятроўна, — у нас ёсць цудоўны пiянiст Павел Нетук. Ён 6 разоў быў стыпендыятам фонду, сёлета нарэшце ўдастоены Гранд-прэмii. Гэта, я лiчу, каласальная падтрымка для маладых людзей — не толькi матэрыяльная, але i маральная». Паводле палажэння, заахвочваннi фонду падзяляюцца на Гранд-прэмii, прэмii, заахвочвальныя прэмii, стыпендыi, гранты, матэрыяльную дапамогу. Стыпендыi фонд выплачвае па трох узроставых групах: асобы да 16 гадоў атрымлiваюць 3 базавыя велiчынi, ад 16 да 20 гадоў — 4, ад 20 да 31 — 5. Выплачваюцца стыпендыi штомесяц на працягу года. Прэмii спецыяльнага фонду налiчваюцца вучням, студэнтам (30 базавых велiчынь), педагогам, маладым дзеячам культуры i мастацтва (35 б.в.), а таксама калектывам (40 б.в.) Для атрымання Гранд-прэмii i прысуджэння звання лаўрэата спецыяльнага фонду таленавiтаму маладому чалавеку альбо калектыву неабходна дэманстраваць выбiтныя дасягненнi на працягу двух гадоў. Памер Гранд-прэмii складае 50—70 базавых велiчынь. Заахвочвальная прэмiя — асаблiвы вiд матэрыяльнай дапамогi (складае 25—35 б.в.). Калi спрошчана, гэта тая ж стыпендыя фонду, але адразу ў гадавым памеры. Такiя прэмii атрымлiваюць толькi выпускнiкi навучальных устаноў. Такiм чынам, некаторыя вiды прэмiй выплачваюцца адзiн раз у год. На матэрыяльную дапамогу (10 б.в.) могуць разлiчваць перш за ўсё таленавiтыя навучэнцы i студэнты-сiроты, выхаванцы дзiцячых дамоў i школ-iнтэрнатаў, выхадцы з мнагадзетных i няпоўных сем’яў, з «чарнобыльскiх» раёнаў. Для пераможцаў розных культурных акцый прадугледжаны асобны прызавы фонд. З яго пры правядзеннi найбольш значных i вядомых конкурсаў i фестываляў выдзяляюцца грошы ў мэтах заахвочвання пераможцаў гэтых творчых акцый. Сёлета, напрыклад, пры падтрымцы спецыяльнага фонду аркестр Акадэмii музыкi «Маладая Беларусь» узяў удзел у Мiжнародным фестывалi маладзёжных сiмфанiчных аркестраў у Берлiне. Таксама спецыяльны фонд аплачвае маладым талентам стажыроўку — звычайна ў сваёй краiне, а пры неабходнасцi — i за яе межамi (у выпадках, калi ў Беларусi няма спецыялiстаў адпаведнага ўзроўню). Такiм чынам пара спартыўных танцораў з Палаца культуры прафсаюзаў трапiла на стажыроўку ў Вялiкабрытанiю, а малады сляпы музыкант, якi працуе зараз выкладчыкам у Гродзенскiм музвучылiшчы, ездзiў у Прагу асвойваць методыку выкладання музыкi сляпым i дзецям, якiя слаба бачаць. Апошнiя тры гады ўжо стала традыцыяй, што спецыяльны фонд аплачвае выпуск кампакт-дыскаў маладых музыкантаў i каталогаў мастацкiх выставак, вывозiць таленавiтых дзяцей на мiжнародныя Дэльфiйскiя гульнi, адкуль беларуская каманда заўжды вяртаецца са шматлiкiмi ўзнагародамi высокай вартасцi: залатымi, сярэбранымi, бронзавымi медалямi... Усялякiя заахвочваннi — гэта, канешне, добра. Але праз пэўны час таленавiты падлетак вырастае, заканчвае школу, ВНУ... I што — губляецца? Пэўны час фактычна так i было. Але на працягу апошнiх двух гадоў Кiраўнiк дзяржавы ўзмацнiў патрабаваннi да фондаў i адпаведных мiнiстэрстваў, каб былi створаны i сур’ёзна працавалi банкi даных таленавiтай i адоранай моладзi нашай краiны. Летась такiя банкi ўжо былi створаны, але збор даных у iх не спыняецца дагэтуль: кожнае змяненне ў жыццi маладога чалавека, няхай гэта будзе новае месца работы або ўвогуле яе страта, павiнна быць адлюстравана ў банку даных. Як гэта важна, паказала прайшоўшая ў чэрвенi гэтага года сустрэча Прэзiдэнта з былымi стыпендыятамi фондаў. Адбылася вельмi сур’ёзная размова наконт таго, наколькi эфектыўна працуюць i самi фонды, i ўсе зацiкаўленыя дзяржаўныя структуры над стварэннем неабходных умоў для максiмальнай рэалiзацыi здольнасцяў таленавiтай моладзi на карысць дзяржавы, а значыць, i на карысць самiх маладых людзей. Па вынiках гэтай сустрэчы Кiраўнiк дзяржавы даручыў падрыхтаваць для прыняцця Дзяржаўную праграму «Маладыя таленты Беларусi», якая прадугледзiць дадатковыя меры па вырашэнню сацыяльных пытанняў таленавiтай моладзi, удасканаленню ўмоў для яе прафесiйнага станаўлення i росту, дапрацоўцы банка даных, запатрабаванасцi творчага патэнцыялу маладых людзей i г.д. Як стаць стыпендыятам? Аформленыя пэўным чынам заяўкi (iх узоры павiнны быць у кожным мясцовым упраўленнi культуры) паступаюць у савет фонду, якi размяшчаецца ў будынку Мiнiстэрства культуры: Мiнск, праспект Пераможцаў, 11. Пасля дакументы вывучае экспертна-мастацкая камiсiя фонду, якая пры неабходнасцi нават камандзiруецца на месцы, каб дадаткова паслухаць, паглядзець, ацанiць творчасць таленавiтага маладога чалавека. (У экспертную камiсiю, дарэчы, уваходзяць прадстаўнiкi самых розных вiдаў i жанраў мастацтва — ад «народнiкаў» да цыркавых мэтраў.) А потым камiсiя рэкамендуе (падкрэслiм: рэкамендуе, а не вырашае!) савету фонду прызначаць або не прызначаць пэўны вiд фiнансавай дапамогi канкрэтнаму чалавеку, калектыву цi ўстанове. Але канчатковае рашэнне, на падставе прапаноў савета фонду, — за Прэзiдэнтам. — Я разумею, што мастацтва — з’ява практычна неабсяжная, але цi можна вызначыць, у якой галiне беларуская моладзь больш таленавiтая: у музыцы, жывапiсе, лiтаратуры?.. — Дакладна сказаць цяжка. Аднак калi ўзяць менавiта людзей, якiх мы заахвочваем, сярод iх больш прадстаўнiкоў музычных жанраў. Тут назiраецца вялiкая разнастайнасць i сярод iндывiдуальных выканаўцаў на iнструментах, i сярод вакалiстаў, i сярод калектываў (ад дуэтаў да аркестраў). У немалой колькасцi таксама прадстаўлены таленты з мастацкай галiны, сталi з’яўляцца «зорачкi» кiно, тэатра, мастацкай лiтаратуры, але пакуль што сцiпла. Спадзяёмся, што з актывiзацыяй дзейнасцi па гэтых накiрунках, якая ўжо стала вiдавочнай, стыпендыятаў i лаўрэатаў фонду з лiку маладых таленавiтых акцёраў, пiсьменнiкаў, прадстаўнiкоў iншых вiдаў i жанраў мастацтва будзе ўсё больш i больш. — Ёсць меркаваннi, што ў фондзе iснуюць пэўныя рэгiянальныя квоты... — Нi ў якiм разе! Не. Крытэрый адбору толькi адзiн: ступень таленту. Фонд падтрымлiвае лепшых, дае магчымасць рухацца i развiвацца сапраўдным талентам. Аснова ўзрастання гэтых талентаў у нас добра наладжана. У дзяржаве склалася цэласная сiстэма эстэтычнай адукацыi i выхавання моладзi. I гэта датычыцца кожнага кутка Беларусi, незалежна ад яго аддаленасцi ад сталiцы. У кожным рэгiёне краiны ёсць школы мастацтваў, пры агульнаадукацыйных школах, цэнтрах эстэтычнага выхавання моладзi працуюць разнастайныя гурткi i калектывы. Пасля заканчэння школы — калi ласка, паступайце ў вучылiшчы мастацтваў, Акадэмiю мастацтваў, Акадэмiю музыкi (фiлiялы ёсць ва ўсiх абласных цэнтрах), унiверсiтэт культуры i мастацтваў. У якой краiне вы яшчэ такое сустрэнеце?! — усклiквае Наталля Пятроўна. Мiж iншым, сённяшняя старшыня савета фонду не выпадкова так радуецца за дзяцей. Яе ўласны лёс, магчыма, склаўся б зусiм iнакш, калi б у часы дзяцiнства Наталлi Аўдзеевай у Магiлёве быў падобны фiлiял Акадэмii музыкi... Дзяўчынка з залатым медалём, лаўрэатка рэспублiканскiх конкурсаў вакалiстаў, якая спявала ў Астанкiне, на Беларускiм радыё i тэлебачаннi, не мела магчымасцi ў Магiлёве 70-х гадоў пайсцi вучыцца ў кансерваторыю цi працаваць у фiлармонiю: гэтых устаноў у горадзе тады проста не было. Таму стала студэнткай фiлфака iнстытута, што ёй было блiжэй па духу. Наталля Пятроўна спявае i дагэтуль, мае каларатурнае сапрана, але час, лiчыць, ужо даўно прыйшоў для маладзейшых. I цяпер яна ўсёй душой перажывае за iншых хлопцаў i дзяўчат, каб тыя «не закапалi свой талент у зямлю». — Якi мiнiмальны ўзровень дасягненняў павiнен прадэманстраваць чалавек, каб прэтэндаваць на стыпендыю спецыяльнага фонду? — Стыпендыят — чалавек, якi дасягнуў перамогi (1—3 месцы) як мiнiмум на рэспублiканскiм конкурсе. У залежнасцi ад вынiкаў могуць выплачвацца цi Гранд-прэмiя, цi стыпендыя, цi iншыя вiды прэмiй. — Але, каб працягваць атрымлiваць стыпендыю, трэба час ад часу пацвярджаць свой узровень? — Так. Напрыклад, па вынiках 2003 года ўзнагароды былi ўручаны ў 2004 годзе, па вынiках 2004-га i першага паўгоддзя 2005-га — сёлета. Паколькi ў другой палове гэтага года прайшлi рэспублiканскiя i мiжнародныя конкурсы, дзе некаторыя нашы стыпендыяты зноў паказалi выдатныя вынiкi, мы будзем хадайнiчаць аб тым, каб iх адзначылi адпаведнымi высокiмi заахвочваннямi. Сярод стыпендыятаў фонду няма выпадковых людзей. Тут моладзь усё больш вядомая. У свой час стыпендыятамi былi такiя цудоўныя музыканты, як Арцём Шышкоў i Канстанцiн Краснiцкi, любiмыя спевакi Палiна Смолава, Ганна Мушак, Пётр Ялфiмаў, акцёры Пётр Юрчанкоў i Вера Палякова. У 2005 годзе заахвочваннi прысуджаны юным зорачкам «Славянскага базару ў Вiцебску» Мiхаiлу Лiле i Ксенii Сiтнiк, дыпламанту Мiжнароднай выставы юных мастакоў у Фiнляндыi Кацярыне Невяроўскай, лаўрэату Мiжнароднага фестывалю лядовай скульптуры «Паўночная фантазiя» дызайнеру Максiму Петрулю, узорнаму ансамблю народнай музыкi «Аношкаўскiя музыкi» з Нясвiжскага раёна, залатой медалiстцы II маладзёжных Дэльфiйскiх гульняў краiн — удзельнiц СНД Уладзе Беражной — i яшчэ дзесяткам асобных таленавiтых людзей i калектываў. Усяго ж на розныя выплаты, гранты, мерапрыемствы спецыяльны фонд выдаткаваў сёлета больш як 490 млн. рублёў. ...А калi ёсць у каго жаданне прасачыць за творчым лёсам маладых талентаў — запрашаем на штогадовыя справаздачныя канцэрты i выставы стыпендыятаў фонду, якiя традыцыйна праходзяць у кожнай вобласцi рэспублiкi i завяршаюцца рэспублiканскiмi канцэртамi i выставамi на самых лепшых сцэнах i ў самых лепшых выставачных залах краiны: Палацы Рэспублiкi, тэатры оперы i балета, Белдзяржфiлармонii. У залежнасцi ад асноўных падзей для грамадства кожны год фонд вызначае асноўныя тэмы для маладых талентаў. Напрыклад, у 2005 годзе творчыя акцыi былi перш за ўсё прысвечаны 60-годдзю Перамогi савецкага народа ў Вялiкай Айчыннай вайне, а таксама 10-годдзю стварэння Спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi. Дарэчы, справаздачная мастацкая выстава i рэспублiканскi канцэрт стыпендыятаў фонду ў хуткiм часе адбудуцца (18 лiстапада i 14 снежня адпаведна) — нiбыта падарункi да юбiлею. Рыхтуецца таксама спецыяльны вiдэафiльм, iдзе цыкл перадач па Першым нацыянальным канале радыё. «Гэта важна як папулярызацыя дзяржаўнай культурнай i маладзёжнай палiтыкi, дасягненняў моладзi, як стымул для тых, хто пажадае развiць свае здольнасцi на прыкладзе нашых юных «зорачак», — перакананая Наталля Аўдзеева. — Трэба, што называецца, разбудзiць жаданне ў iншых падцягнуцца да гэткага ж высокага мастацкага ўзроўню. А моладзь у нас сапраўды вельмi таленавiтая, i я проста яе абажаю!». Што ж датычыцца высноў наконт таго, наколькi эфектыўна працуе фонд, — вось вам iнфармацыя для разваг. Калi ў 90-х гадах, у першыя гады дзейнасцi фонду, назiраўся пэўны адток моладзi за мяжу, то за апошнiя тры гады нiводны стыпендыят не памяняў грамадзянства, i толькi трое вучацца за межамi Беларусi. I гэта пры тым, што за 1996—2004 гады фонд «ахапiў» фiнансавай падтрымкай 1517 чалавек. Яшчэ адзiн прыемны паказчык: у СССР маладыя грамадзяне Беларусi нiколi не мелi перамог, напрыклад, на мiжнародных конкурсах пiянiстаў iмя С. Рахманiнава i П. Чайкоўскага, а зараз — перамагаюць, ды як бліскуча! I гэта толькi пачатак...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра iснаванне спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi чулi практычна ўсе. Некаторыя нават ведаюць, што такi |
|