Масленiца — шчодрае свята
Старажытнае народнае свята Масленiца святкавалася за 45 дзён да Вялiкадня. Святкавалi Масленiцу на працягу тыдня шумна, разгульна, весела. Ушаноўвалi маладых, якiя пажанiлiся ў гэтым годзе, памiналi памёршых, абыходзiлi двары з масленiчнымi песнямi, у якiх жадалi гаспадарам шчодрага ўраджаю.
Першы дзень Масленiцы — сустрэча. Сталы народ пачынаў свята з наведвання родных. У гэты ж дзень наладжвалiся балаганы для скамарохаў, катанне на арэлях, на сталы ставiлiся салодкiя стравы. Другi дзень Масленiцы — заляцанне. У гэты дзень хлопцы з ранiцы запрашалi дзяўчат пакатацца на горках, паесцi блiноў. У некаторых мясцiнах свята адзначалi на агульнагарадскiх кiрмашах. У цэнтры кiрмашу ўстанаўлiвалi слiзкi слуп, на якi спрабавалi ўзабрацца смельчакi, каб дастаць з самай вярхушкi клетку з жывым пеўнем. Усё гэта суправаджалася дасцiпнымi жартамi i смехам. Трэцi дзень свята быў ласункавы. У гэты дзень цешчы запрашалi зяцёў паласавацца блiнамi, а каб зяцю было весялей i цiкавей, склiкалi ўсiх родных. Чацвёрты дзень — самы разгульны масленiчны дзень, калi наладжвалiся застоллi, дзе было шмат рознай ежы, асаблiва блiноў, разнастайнай выпечкi. Пяты дзень Масленiцы — цешчыны вячоркi. У гэты дзень ужо зяцi частавалi цешчаў блiнамi. Запрашэннi бывалi ганаровыя, з усёй раднёй, цi проста так, на адну вячэру. Шосты дзень быў залвiцыны вечарынкi. Маладая нявестка запрашала сваiх родных да сябе ў госцi. Сёмы дзень Масленiцы — Даравальная нядзеля. У гэты дзень ехалi адорваць кума з кумой. У Даравальную нядзелю сваякi, родзiчы просяць адзiн у аднаго дараваць якую-небудзь крыўду. Прасiць прабачэння прыходзiлi да старэйшага ў родзе. Развiтваючыся, звычайна гаварылi адзiн аднаму: «Даруй мне, калi ў нечым вiнаваты перад табой». Дараванне памiж дамашнiмi было пасля вячэры перад сном. У апошнi дзень свята адбывалася развiтанне з зiмой, калi спальвалi чучала-ляльку Масленiцы, што сiмвалiзавала провады, адмiранне зiмы i адраджэнне вясны, усяго жывога. Таму Масленiца свята з вясёлымi песнямi, жартамi, шчодрымi застоллямi, дзе асаблiва многа блiноў. Блiны — адзiн з самых старажытных кулiнарных вырабаў, вядомых яшчэ з язычнiцкiх часоў. Нашы далёкiя продкi лiчылi, што гладкi, румяны, круглы блiн увасабляе сонца. Калi блiны на стале — значыць, само свяцiла благаслаўляе любую справу. Называлася тады гэта страва «млiн» — ад слова малоць, гэта значыць выраб з намолатага зерня. Блiны — адна з эканомных страў: крыху мукi, многа малака цi вады ды дрожджы. Праўда, гэта толькi на першы погляд здаецца, што ўсё проста. Але, прачытаўшы пiсьмы нашых чытачак, прыходзiш да высновы, што выпяканне блiноў — гэта цэлае майстэрства. Каб яны былi мяккiя, рыхлыя, лёгкiя, наздраватыя, быццам з карункаў — усе ў дзiрачках i нiбы губка ўбiралi ў сябе масла цi смятану, якiя звычайна падаюцца да блiноў, трэба пастарацца як след. Вось некалькi рэцэптаў прыгатавання блiноў, дасланых на адрас рубрыкi нашымi чытачкамi — Г. Шлапаковай з Клiмавiцкага раёна i С. Друць з г. Добруша. Масленiчныя на апары У глыбокую керамiчную цi эмалiраваную каструлю ўлiваем 2 шклянкi цёплай вады, разводзiм у ёй дрожджы, сыплем 0,5 кг мукi, добра вымешваем, ставiм на гадзiну ў цёплае месца. Калi падыдзе апара, дабаўляем соль, цукар, яечныя жаўткi, растопленае масла альбо маргарын цi алей. Зноў добра размешваем цеста i паступова высыпаем астатнюю муку, добра вымешваем. Затым густое цеста разводзiм цёплым малаком, улiваючы яго паволi па адной шклянцы, кожны раз добра вымешваючы цеста. Накрываем сурвэткай цi ручнiком, ставiм у цёплае месца. Паднялося? Зноў размешваем, каб асела, зноў ставiм у цяпло, даём яшчэ раз падняцца i яшчэ раз «апускаем», дабавiўшы ўзбiтыя ў пену яечныя бялкi. Пачынаем пячы адразу, як толькi цеста падымецца. Блiны павiнны атрымацца пышныя, «ажурныя». На кiлаграм пшанiчнай мукi: 4-5 шклянак малака, 3 сталовыя лыжкi масла, 2 яйкi, 2 сталовыя лыжкi цукру, паўтары чайнай лыжкi солi, 40 г дражджэй. Скараспелыя Яйкi расцiраем з трыма шклянкамi цёплай вады, дабаўляем соль, цукар i соду, сыплем муку i размешваем, каб у цесце не было камякоў. Разводзiм асобна ў шклянцы вады лiмонную кiслату, улiваем у падрыхтаванае цеста i адразу ж пачынаем пячы блiны. Калi лiмоннай кiслаты няма пад рукой, то можна зрабiць так: муку, яйкi, цукар, соль размяшаць не з вадой, а з кiслым малаком, соду развесцi ў шклянцы вады, улiць цеста перад самай выпечкай i добра размяшаць. На 0,5 кг мукi — 3 шклянкi вады, 2-3 яйкi, поўная сталовая лыжка цукру, па палавiне чайнай лыжкi солi, соды, лiмоннай кiслаты. Грэцкiя на малацэ Дзве трэцi неабходнай колькасцi малака, дрожджы, грэцкую муку, масла, жаўткi вымешваем, даём падысцi. Дабаўляем соль, цукар, заварваем астатнiм гарачым малаком, узбiваем, акуратна ўводзiм узбiтыя бялкi, яшчэ раз даём падысцi i адразу ж пачынаем пячы. На 4 шклянкi грэцкай мукi: 4,5-5 шклянак малака, 25 г дражджэй, 2 яйкi, 25 г масла, па чайнай лыжцы солi i цукру, паўшклянкi алею для выпякання. Паколькi на Масленiцу на сталы падаецца многа разнастайных страў, то прапануем яшчэ некалькi рэцэптаў, якiя даслаў наш чытач з в. Гуркi Шаркаўшчынскага раёна Радзiвон Шпец. Сыр з тварагу i масла 400 г свежага сухога тварагу старанна змяшаць з 200 г масла, пасалiць па смаку, скачаць у тоўстыя каўбаскi i падаць на стол. Суп з пiва 0,6 л пiва змяшаць з 0,6 л малака, закiпяцiць, дабавiць 100 г разынак, цэдру ад палавiны лiмона, крыху карыцы i закiпяцiць яшчэ раз. Зняць з агню, заправiць двума сырымi жаўткамi i падаць з сухарамi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старажытнае народнае свята Масленiца святкавалася за 45 дзён да Вялiкадня. Святкавалi Масленiцу на працягу тыдня шумна, разгульна, весела. Ушаноўвалi |
|