21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Птушка на нашым падвор’i

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рубрыку вядзе Мікалай ЧАХОЎСКІ.

Кожны селянiн i многiя дачнiкi разводзяць на сваiх сядзiбах птушку — курэй, качак, iндычак, гусей. Гэта вельмi выгадная справа, бо прыносiць гаспадаркам дадатковы прыбытак у выглядзе яек, мяса, пер’я.

Для невялiкага статка (5—15 асобiн) не абавязкова будаваць дарагiя хлеўчукi. Птушку можна трымаць усё лета i восень пад навесам, у звычайных збудаваннях, дзе захоўваюцца садова-агародныя прылады, проста пад нейкiмi часовымi ўкрыццямi. Аддача заўжды высокая. Скажам, статак з 10 курэй прынясе за год больш як 2000 яек i яшчэ амаль 30 кг дыетычнага мяса, цэлы «воз» пуху i пер’я. Заўважым, што сярэдняя вага аднагадовай курыцы ў межах 2,8—3 кг, пеўнi важаць да 5 кг, а гадавая яйканоскасць на адну нясушку — да 240 штук.

Для адкорму i для атрымання яек падыходзяць такiя пароды курэй, як плiмутрок, звычайная беларуская. Яйкi ў iх важкiя. Вага куранят ва ўзросце 2,5 месяца даходзiць амаль да двух кiлаграмаў. Хто хоча мець больш яек, разводзiць легорнаў i белых рускiх. Яны якраз i ставяць гадавыя рэкорды — 240 яек!

Часта ля сялянскiх хат i дач знаходзяцца «нiчыйныя» ўчасткi — пусткi, кустоўе, дзярнiна, выпасы. Тут жа размешчаны невялiкiя сажалкi цi працякаюць ручаi. Гэта выдатныя ўмовы для развядзення гусей i качак. Нават у выпадку, калi землi не вельмi багатыя на травастоi, гусь i качка знойдуць патрэбнае. Не на берагах, дык у вадаёмах. Сабекошт утрымання рэзка памяншаецца. Птушку можна кармiць адзiн раз — увечары. Увесь астатнi светлавы дзень яна на траўцы цi на вадзе. Маладняк у двухмесячным узросце (вядома, за месяц да гэтага яму двойчы давалi мешанкi, а яшчэ зерне i камбiкорм) часам дасягаў 2,5 кг!

Пароды гусей самыя розныя — халмагорскiя, буйныя шэрыя (часта iх называюць кiтайскiмi), арзамаскiя, роменскiя, шмат якiя iншыя. У качыным статку пераважае пекiнская парода.

Пачынаючы з красавiка гаспадары праяўляюць неспакой: куры заквакталi, гусi i качкi не хочуць пакiдаць седалы, вышчыпваюць пух на грудзях, рассцiлаюць яго па сухой саломе. Значыць настаў час, калi найбольш смелыя (iм больш за два гады) хочуць стаць «мамамi», мець свой «дзiцячы» садок.

Кожны ўладальнiк гурта час ад часу назiрае за статкам. Ён ведае, якая курыца цi качка знесла патрэбнае яйка. Яшчэ прыкмецiць, цi «дружыць» з асобай мужчынскага полу. Сам пятух цi гусак, вядома ж, абменены з далёкiм суродзiчам. «Сямейнасць», цi радавод, у справе селекцыi адыгрывае важнейшую ролю. Ён павiнен быць як мага больш далёкi, «чужы». Бо пятух цi той жа гусак са свайго статка будзе (нязменна!) з хiбамi.

Другая акалiчнасць — памер i якасць яйка. Яно абавязкова сярэдняе па велiчынi. Велiкiя i малыя бракаваць адразу. Далей глядзець на форму. Круглыя i выцягнутыя зноў не падыходзяць. Носiк павiнен быць вастрэйшы за процiлеглы канец. Нi адно яйка не мае расколаў i iншых пашкоджанняў (напрыклад, насечак, бугаркоў, ямак). Усе адабраныя для наседжвання экземпляры — тыднёвай цi 10-дзённай даўнасцi. Калi бруднаватыя, то памыць.

Апошняя стадыя — праверка на святле (сонцы, пад электралямпачкай). Пад электралямпачкай, безумоўна, лепш. У любую кардонную каробку (з-пад торта, напрыклад) устаўляем патрон з лямпачкай. Зверху выразаем адтулiну, меншую за сярэдняе яйка. Уключаем святло, кладзём на адтулiну яйка i абследуем. Калi жаўток (а менавiта з яго выходзiць кураня) пасярэдзiне — усё добра. На гэтым жаўтку няма плямаў крывi цi нейкiх iншых «малюнкаў».

Праз нейкi час наседжвання (скажам, два тыднi) яйкi праверыць на святле яшчэ раз. Цяпер ужо вiдаць не жаўток, а жывы арганiзм — эмбрыён. Гэта будучае наша шчасце. У яго вiдаць нават асобныя органы. Яны «рухаюцца»! Значыць, наседжванне нармальнае. Цёмны клубок у цэнтры ўказвае на тое, што ў нас, на вялiкi жаль, баўтун.

Пра iншыя аспекты выходжвання маладняку (стан самой квактухi, як яе прымусiць сесцi на гняздо, кармiць-даглядаць, што трэба ведаць пра «характар» будучай выхавальнiцы i гэтак далей) у наступным выпуску.

Прышчэпiм... кавун

Аказваецца, гэта магчыма. Новая раслiна мае здольнасць развiваць каранi ў неспрыяльных халодных умовах (дзеянне падвоя) i фармiраваць плады з сакавiтай i салодкай мякаццю (прывой).

У якасцi асновы для будучага «гiбрыда» высяваем на расаду звычайны гарбуз цi кабачок. Праз тыдзень цi 10 дзён тое ж робiм i з кавуном.

Вядома, усё прарошчана, усё гатова да развiцця.

Першым дае ўсходы гарбуз. Яго падкормiм праз тыдзень двойчы. Ва ўзросце 20 дзён гэта ўжо даволi моцная асобiна, яна фармiруе два-тры сапраўдныя лiсты i сцябло. Сцябло якраз i паказальнiк таго, што можна рабiць прышчэпку. Да гэтага часу «падрос» i кавун. У яго таксама ёсць сцябло.

Чыстым нажом, абясшкоджаным ў 0,1-працэнтным растворы марганцоўкi, знiмаем на гарбузах цi кабачках усё лiсце i адразаем сцябло на адлегласцi 50 см ад зямлi. Тое ж самае робiм i з кавуном. Цяпер расшчапляем камель гарбуза, а на зрэзаным парастку кавуна робiм клiн. Гэты клiн устаўляем у расшчэп гарбуза. З невялiкiм нацiскам закрываем рану iзаляцыйнай стужкай цi скотчам (лiпкай стужкай). Адкрытыя часткi замазваем растопленым i ахалоджаным садовым варам. Раслiну на тыдзень ставiм на рассеянае святло (не на сонца!). Звычайна за гэты перыяд кавун «паказвае» намер да росту. Раслiну можна паставiць на лепшае святло i крыху падкармiць.

Няўдачы здараюцца даволi часта. У асноўным таму, што заносiм бактэрыi (на руках, нажом, стужкай, нечым яшчэ). Значыць, гiгiена — аснова.

Найлепшы эфект дае прышчэпка — так званая палепшаная з язычком цi ўпрыклад. Увогуле, папацець давядзецца, калi хочам пакаштаваць паўднёвы плод.

Расада агуркоў і да iх падобных культур

Вядома ж, гэта яшчэ гарбузы, кабачкi, нават кавуны. Так, у нашай рэспублiцы можна (i трэба!) вырошчваць i гэты экзатычны прадукт.

Узрост расады ўсiх гэтых культур — не больш як 35 дзён. Значыць, i клопатаў менш? Я не сказаў бы. Уся чацвёрка патрабуе цяпла. А першы i апошнi — асаблiвага, у межах 25—30 градусаў. Значыць, без цёплага збудавання цi акна гарадской кватэры не абысцiся.

Пры гэтым важна, каб даволi высокая тэмпература была i ля каранёў (вышэй за 20 градусаў), а само паветра ўтрымлiвала да 85—95 працэнтаў вiльгацi. Апошнi кампанент падтрымлiваецца шляхам распылу цёплай вады па акне, падаконнiку, лiсцях.

Лiст можна «палiваць» двойчы за светлавы дзень — ранiцай i ўвечары. Памятаць, што кроплi вады, якiя знаходзяцца на лiсцях, могуць утварыць эфект павелiчальнага шкла (лiст... прагарыць).

Насенне адбiраць у вадзе (агуркi, кавуны) i на... вока (гарбузы i кабачкi). Асобныя можна разрэзаць нажом. Глядзець, у якiм стане мясiстая частка. Калi яна светлая, даволi аб’ёмная, то хвалявацца няма прычын. Шэры i iншы колер указваюць на псаванне зародка. Такое насенне загадзя праверыць. Калi ўзойдуць адно цi два з дзесяцi — бракуйце.

Вядома, выкiнем усе «худыя», паламаныя, з плямамi на баках, увогуле падазроныя. Мець справу толькi з надзейнымi. Iх апрацаваць у марганцоўцы (адзiн грам на лiтр вады). Купаць 15—20 хвiлiн. Выняць i прамыць у чыстай вадзе. Далей трымаць у растворы мiкраэлементаў. Для гэтага ў лiтры цёплай снегавой вады растварыць лыжку з верхам прасеянага попелу, настойваць двое сутак, злiць з асадку. Далей гэту вадкасць падагрэць да 40 цi 50 градусаў i ўсыпаць па аднаму граму бураксу i меднага купарвасу, развесцi. Раствор гатовы. Насенне трымаць у iм суткi, пасля выняць i пакiнуць на сподачку ў мокрай анучцы да наклёўвання. Як толькi ўбачылi белы карэньчык — сеяць.

Усе гарбузовыя патрабуюць аб’ёмных камякоў зямлi. Цэлафанавы пакет з-пад малака разрэжце на дзве роўныя часткi. У iх няма дна. Стаўце ў засцеленую цэлафанам скрыначку, насыпайце нашай расаднай зямлi на дзве трэцi аб’ёму. Ушчыльнiце. Кладзiце насенне з карэньчыкам, прысыпайце той жа зямлёю i яшчэ раз прыцiснiце. Гэта для таго, каб было дружнае прарастанне. Палiце зямлю. Стаўце ў цёплае месца i чакайце ўсходаў.

На першых этапах развiцця гарбузовыя (як i iншыя культуры) не патрабуюць высокiх дозаў угнаенняў. Кожная асобiнка ў стане выiнуць два семядольныя лiсцiкi, сфармiраваць кволую сцяблiну i пук каранёў. Далей павiнна быць усмоктванне элементаў сiлкавання з воднага раствору. Значыць, абавязковыя палiвы.

Каб добра разрасталiся каранi, неабходны форфар. Навукай даказана, што якраз форфар у найбольшай ступенi фармiруе будучага «воiна». Плады будуць большыя, ураджай — вышэйшы. Але не забываць пра iншыя — азот, магнiй, кальцый, калiй, буракс.

У сялянскiх дамах усё можа замянiць каравяк — 100 г на 3—5 лiтраў снегавой i цёплай вады з дабаўленнем 2-3 г суперфасфату. Астудзiць, злiць з асадку i падкармiць перад палiвам. Расходаваць на адну раслiну 5—10 мiлiграмаў (лiтр на 10—15 раслiн). Праз дзесяць дзён падкормку паўтарыць гэтым жа саставам (каравяком), але выкарыстаць 20 мiлiграмаў (удвая больш).


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны селянiн i многiя дачнiкi разводзяць на сваiх сядзiбах птушку — курэй, качак, iндычак, гусей. Гэта вельмi выгадная справа, бо прыносiць гаспадарк
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика