21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пенсiйная рэформа: сёлета пачнём з законаў?

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ.

Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны называе магчымыя варыянты пераўтварэнняў

Пенсiйная тэма, што заставалася ў цэнтры ўвагi на працягу ўсяго мiнулага дзесяцiгоддзя, сёння набыла яшчэ большую актуальнасць у сувязi з рэальнай пагрозай зрыву выплат пенсiянерам. Вынiкам стала чарговая хваля размоў аб неабходнасцi рэформаў. I ўсё ж у якiх накiрунках пойдуць пераўтварэннi ў нашай краiне? Днямi, падчас сустрэчы з журналiстамi, свае думкi на гэты конт упершыню выказалi спецыялiсты пенсiйнага ўпраўлення Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны.

Незадаволены ўсе. Будзе горш?

Па словах начальнiка пенсiйнага ўпраўлення Наталлi Шаўлоўскай, узровень пенсiй у любой краiне свету найперш вызначаецца двумя паказчыкамi — iх суадносiнамi з сярэдняй зарплатай i з бюджэтам пражытачнага мiнiмуму. Калi зыходзiць з гэтага, то знешне малюнак у Беларусi атрымлiваецца далёка не самы кепскi. Летась сярэдняя пенсiя склала 42,1 працэнта ад сярэдняга заробку, тады як у «дакрызiсным» 1990 годзе — толькi 39 працэнтаў. Працягваюць паляпшацца суадносiны сярэдняй пенсii з бюджэтам пражытачнага мiнiмуму пенсiянера — у 2001 годзе яны дасягнулi, здавалася б, зусiм прыстойнай адзнакi — 126,9 працэнта.

Разам з тым рэальная пакупная вартасць даходаў, да якiх у тым лiку адносяцца i пенсii, застаецца нiзкай. Зараз максiмальная пенсiя ў краiне адпавядае 128,8 тыс., сярэдняя — 82 тыс., а сярэдняя мiнiмальная пенсiя — 53,2 тыс. рублёў. Што можна набыць за такiя грошы — меркаваць можа кожны. Таму, шчыра прызнаюць у мiнiстэрстве, задаволеных сваiмi пенсiямi ў Беларусi практычна няма. Але цi не самае парадаксальнае: не ў меншай ступенi незадаволена пенсiйнай сiстэмай i працуючае насельнiцтва краiны.

Нагадаем цяперашнi парадак фiнансавання пенсiй, што заснаваны на дзяржаўным сацыяльным страхаваннi. Ланцужок тут такi. Большасць суб’ектаў гаспадарання штомесяц накiроўвае ў Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва па 35 працэнтаў ад зарплаты работнiкаў.

Сюды ж па аднаму працэнту ад свайго заробку адлiчвае i кожны працуючы грамадзянiн. Далей сабраныя сродкi размяркоўваюцца на розныя праграмы па падтрымцы сацыяльна неабароненага насельнiцтва. Прычым, як правiла, толькi 20 працэнтаў грошай сацыяльнага страхавання iдзе на аплату «бальнiчных» лiстоў, дапамогi па цяжарнасцi i нараджэнню дзiцяцi, дзiцячыя дапамогi, выплаты на аздараўленне i г.д. I, адпаведна, амаль 80 працэнтаў накiроўваецца непасрэдна на выплату пенсiй па ўзросту.

Такая сiстэма мае права на iснаванне — яна паспяхова дзейнiчае ў Беларусi, iншых краiнах шмат гадоў. Аднак нельга скiдваць з рахунку наступныя акалiчнасцi. Страхавы тарыф, што складае ў нас па сутнасцi 36 працэнтаў ад заробкаў працуючых, з’яўляецца даволi высокiм. Да таго ж ва ўмовах эканамiчных цяжкасцяў у айчынных суб’ектаў гаспадарання iснуюць значныя праблемы з яго выплатай. Як вынiк, змяншаецца «запас трываласцi» Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва. Красамоўныя лiчбы: калi па стану на 1 студзеня 2001 года гэты запас складаў 88,2 працэнта ад месячнай патрэбы на выплату пенсiй, то на 1 лютага сёлета — 33,8, а на 1 сакавiка — увогуле 14,9 працэнта.

I горш таго. Надзей на тое, што сумная тэндэнцыя можа змянiцца, няма. Таму, адзначаюць у Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны, калi пакiнуць цяперашнюю пенсiйную сiстэму без змен, рана цi позна ёй наканаваны калапс.

Няпростыя пытаннi

Як вырашыць пенсiйную праблему з найменш адчувальнымi сацыяльнымi наступствамi? Перш чым адказаць на гэта пытанне, зазначае Наталля Шаўлоўская, трэба паставiць дакладны дыягназ «хваробы».

Безумоўна, можна спаслацца на эканамiчныя цяжкасцi i невысокi ўзровень заробкаў, ад якiх у рэшце рэшт i залежыць памер пенсiй. Будзе слушнай i спасылка на дэмаграфiчны крызiс — чаканы зусiм хутка значны рост колькасцi пенсiянераў пры адначасовым скарачэннi колькасцi працуючых. Але, калi браць пад увагу выключна «знешнiя» прычыны, то атрымлiваецца, што выйсце... у павышэннi тарыфу на сацыяльнае страхаванне. А гэта падаецца непрымальным не толькi з-за яго значнага памеру сёння. Апроч таго, павышэнне тарыфу аўтаматычна прывядзе да росту сабекошту прадукцыi i цэн, што рыкашэтам ударыць найперш па тых жа пенсiянерах.

Таму аптымальным падаецца iншы шлях — змены ўнутры самой пенсiйнай сiстэмы. У мiнiстэрстве кажуць, што, каб атрымаць дадатковыя сродкi на пенсiянiраванне, ёсць сэнс «вызвалiць» гэту сiстэму ад усiх «нерацыянальных элементаў i напрамую не звязаных з сацыяльным страхаваннем iльгот». Такiм чынам, у блiжэйшы час трэба вырашыць некалькi прынцыповых пытанняў. Да прыкладу, што ўключаць у стаж для прызначэння пенсiй? Хто павiнен аплачваць вызначаныя заканадаўствам павышэннi да пенсiй? Як зменшыць выдаткi на датэрмiновыя пенсii? Цi правiльна, што пенсii атрымлiваюць працуючыя пенсiянеры? Нарэшце, што рабiць з пенсiйным узростам?

Спынiмся на кожным з гэтых пытанняў больш падрабязна.

Патрабуецца... падзел

Асноўны прынцып сацыяльнага страхавання гучыць даволi проста: колькi я аддаў, калi працаваў, столькi я мушу атрымаць на пенсii. Аднак сёння гэты прынцып парушаны, бо пенсiйная сiстэма абцяжараная шэрагам нестрахавых выплат. Скажам, у стаж уключаюцца некаторыя вiды дзейнасцi, за якiя ў Фонд сацыяльнай абароны чалавек не плацiў узносы — маецца на ўвазе служба ў армii, навучанне ў ВНУ, сярэднiх i сярэднiх спецыяльных установах, час догляду за дзiцем, iнвалiдам I групы, асобай, што дасягнула 80-гадовага ўзросту. У цэлым, па падлiках мiнiстэрства, на перыяд нестрахавой дзейнасцi прыпадае 9 працэнтаў стажу «сярэднестатыстычнага» грамадзянiна краiны. Другой не менш адчувальнай нестрахавой нагрузкай на Фонд сацыяльнай абароны называюцца выплаты так званых павышэнняў да пенсiй. Правам на такiя павышэннi валодаюць каля 600 тыс. чалавек — iнвалiды i ўдзельнiкi вайны, пацярпеўшыя ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС, вязнi канцлагераў, блакаднiкi Ленiнграда, iнвалiды з дзяцiнства.

Як падкрэслiвае Наталля Шаўлоўская, гаворка ў дадзеным выпадку iдзе не аб тым, каб выкраслiць са стажу «непрацоўныя» перыяды або скасаваць павышэннi да пенсiй. Пытанне ў iншым: чаму гэтыя выплаты робяцца менавiта за кошт страхавых сродкаў, у вынiку чаго iх частка фактычна адымаецца ў iншых пенсiянераў? Вось чаму мiнiстэрства мае намер iнiцыiраваць дакладны падзел памiж страхавымi i нестрахавымi выплатамi. Або «вывад» апошнiх за межы Фонду сацыяльнай абароны i пошук для iх альтэрнатыўных крынiц фiнансавання. Скажам, такой крынiцай можа стаць рэспублiканскi бюджэт.

Датэрмiновыя пенсii: каму плацiць?

Колькi слоў асобна варта сказаць пра так званыя датэрмiновыя пенсii за неспрыяльныя ўмовы працы. Зараз датэрмiнова (на 5 цi на 10 гадоў раней за агульнаўстаноўлены ўзрост) на пенсiю выходзiць практычна кожны пяты работнiк. Аднак нi ён асабiста, нi наймальнiк амаль не нясуць нейкiх дадатковых выдаткаў на выплату такiх пенсiй — за выключэннем хiба што невялiкай кампенсацыi па Спiсу №2. Атрымлiваецца, што выплаты зноў-такi iдуць за кошт агульных страхавых сродкаў.

Хутчэй за ўсё, у дадзеным выпадку мiнiстэрствам будзе прапанаваны такi варыянт выйсця. Грамадзян, што працуюць па Спiсу №1, пакiнуць у рамках дзяржаўнай пенсiйнай сiстэмы, аднак для суб’ектаў гаспадарання, дзе iснуюць асаблiва шкодныя ўмовы, вызначаць больш высокi тарыф адлiчэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва. У той жа час для асоб, занятых па спецыяльнасцях са Спiса №2, паступова мяркуецца стварыць асобныя прафесiйныя пенсiйныя фонды — з iх стануць выплачвацца пенсii да дасягнення агульнага пенсiйнага ўзросту. Адлiчэннi ў прафесiйныя фонды для «шкодных» прадпрыемстваў будуць абавязковымi.

Два бакi медаля

Цi трэба плацiць пенсii працуючым пенсiянерам? Пытанне неадназначнае. Як нагадваюць у мiнiстэрстве, любая пенсiя па сваёй сутнасцi з’яўляецца кампенсацыяй страчанага заробку. I калi зыходзiць з гэтага, то адначасовае атрыманне пенсii i зарплаты сапраўды не стасуецца. Больш таго, зараз адмова ад выплат пенсiй працуючым пенсiянерам дазволiла б «зэканомiць» у Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва каля 18 працэнтаў пенсiйных сродкаў — адпаведна на столькi ж могуць узрасцi памеры «чыстых» пенсiй. Але ў кожнага медаля ёсць i «адваротны бок». Так, не сакрэт, што працягваць працу пенсiянераў падштурхоўвае малы памер пенсiй. Да таго ж у шэрагу галiн пенсiянеры займаюць такiя месцы, на якiя чалавек працаздольнага ўзросту проста не пойдзе з-за нiзкага заробку.

Зыходзячы з гэтага мiнiстэрства вывучае «кампрамiсныя» прапановы. Цалкам скасоўваць пенсii для працуючых пенсiянераў сёння нiхто не збiраецца. Але, магчыма, працуючым будзе прадугледжана выплата толькi часткi пенсii. Магчыма, поўная пенсiя будзе выплачвацца толькi пры занятасцi ў асобных «непрэстыжных» галiнах. Словам, варыянтаў тут некалькi. I, па словах Наталлi Шаўлоўскай, кожны з гэтых праектаў мае свае перавагi i недахопы.

Узрост павысiцца. Альтэрнатывы няма?

Праблема пенсiйнага ўзросту лiчыцца адной з найбольш вострых. Даводзiцца канстатаваць, што Беларусь стала адной з апошнiх краiн у СНД i Усходняй Еўропе, якая не пайшла на яго павышэнне. Дакладней — пакуль не пайшла. Бо такi крок мы будзем вымушаны зрабiць ужо ў блiжэйшы час.

Гэтага вымагае неспрыяльная дэмаграфiчная сiтуацыя. Ужо зараз на 170 працуючых Беларусь мае 100 пенсiянераў. Неўзабаве ж такая «раскладка» павiнна рэзка пагоршыцца — на пенсiю пачынаюць масава выходзiць асобы, што нарадзiлiся ў перыяд пасляваеннага «бэбi-буму», тады як у сувязi са спадам нараджальнасцi ў другой палове 1980-х i ў 1990-я гады на рынак працы стане прыходзiць усё менш моладзi. Чакаецца, што недзе да 2050 года цяперашнi пенсiйны ўзрост у краiне пераадолеюць 3,5 млн. чалавек.

Наступствы спрагназiраваць нецяжка. Мы або натуральна станем сведкамi значнага знiжэння памераў пенсiй, або будзем вымушаны павышаць страхавыя тарыфы, або прымаць рашэнне аб новым пенсiйным узросце. Аднак першы варыянт не вытрымаюць самi пенсiянеры. Другi — эканомiка. Словам, застаецца толькi трэцi.

Якой павiнна стаць пенсiйная «планка»? У мiнiстэрстве кажуць, што пакуль гэта пытанне патрабуе ўдакладненняў. Вядома толькi, што само павышэнне пенсiйнага ўзросту будзе расцягнутым у часе. Паводле аднаго меркавання, ён мусiць расцi на 3 месяцы ў год. Паводле другога, у год пенсiйны ўзрост мужчын мусiць павышацца на 3, а жанчын — на 6 месяцаў. Кажучы iнакш, узрост выхаду на пенсiю ў мужчын i жанчын павiнен «падраўняцца». I гэтага патрабуе не столькi «правiла» гендэрнай роўнасцi. Усё больш празаiчна: статыстыка сведчыць, што «сярэдняя» жанчына атрымлiвае пенсiю 23 гады, а мужчына — усяго 14.

Умовы гульнi — сёлета

4 сакавiка Урад Беларусi зацвердзiў праграму рэфармавання пенсiйнага заканадаўства. Згодна з праграмай гэта адбудзецца ў два этапы. Так, у 2002 годзе плануецца распрацаваць праекты законаў, што датычацца дзяржаўнага пенсiйнага страхавання (праз Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва) i дзяржаўнага пенсiйнага забеспячэння некаторых грамадзян (ваеннаслужачых, дзяржслужачых, дзяцей-iнвалiдаў, асоб, што не працавалi i не рабiлi адлiчэннi на сацыяльнае страхаванне) з рэспублiканскага бюджэту. Мэта другога этапа на працягу 2003—2004 гадоў — стварэнне законаў аб дадатковым пенсiйным страхаваннi, у тым лiку аб прафесiйных фондах для прадпрыемстваў са шкоднымi ўмовамi працы.

Такiм чынам, новыя правiлы гульнi могуць стаць вядомымi ўжо сёлета. Прынамсi, да восенi Мiнiстэрству працы i сацыяльнай абароны трэба выканаць асноўную задачу — вызначыцца з прапановамi наконт стажу, узросту, фiнансавання нестрахавых пенсiйных выплат, памераў страхавых тарыфаў. Зрэшты, гэтыя прапановы могуць аказацца яшчэ не канчатковымi. Апошняе слова застанецца за парламентам.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пенсiйная тэма, што заставалася ў цэнтры ўвагi на працягу ўсяго мiнулага дзесяцiгоддзя, сёння набыла яшчэ большую актуальнасць у сувязi з рэальнай паг
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика