Шведскi вопыт самакiравання прывабны для Беларусi
Валянцiна МЕНШЫКАВА
Сiстэма самакiравання Беларусi сёння знаходзiцца напярэдаднi рэформы. Прыняты яшчэ ў лютым 1991 года Закон «Аб мясцовым самакiраваннi i мясцовай гаспадарцы» ў многiм устарэў i не адпавядае сутнасцi самакiравання як самаарганiзацыi тэрытарыяльных таварыстваў. Сам жа па сабе тэрмiн «мясцовае кiраванне» ўпершыню быў нарматыўна замацаваны ў пятым раздзеле Канстытуцыi Беларусi, прынятай у 1994 годзе. Там сказана, што Саветы дэпутатаў, выканаўча-распарадчыя органы «вырашаюць пытаннi мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных iнтарэсаў i iнтарэсаў насельнiцтва».
Зразумела, што пабудова сучаснай сiстэмы самакiравання — працэс працяглы, i рэформа яго павiнна грунтавацца на нацыянальных традыцыях. Аднак пры гэтым не трэба адкiдваць i пазiтыўны вопыт суседнiх краiн. У гэтай сувязi вялiкая дэлегацыя кiраўнiкоў мясцовых Саветаў розных узроўняў i з розных рэгiёнаў Беларусi нядаўна пабывала ў Швецыi. Паездку гэтую арганiзавала грамадскае аб’яднанне «Фонд iмя Льва Сапегi» па запрашэнню шведскай Асацыяцыi мясцовых уладаў. Гэтая паўночная краiна па свайму дзяржаўнаму ладу — канстытуцыйная манархiя з аднапалатным парламентам (рыксдагам), якi прызначае прэм’ер-мiнiстра. Адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльны яе лад складаецца з трох узроўняў: дзяржаўнага, рэгiянальнага (лены) i мясцовага (камуны). Асноўнае адрозненне мунiцыпальнага кiравання ад дзяржаўнага заключаецца ў тым, што яно ажыццяўляецца не прафесiяналамi, а выбарнымi прадстаўнiкамi — палiтыкамi. Беларускiя госцi адзначылi, што развiццё грамадства Швецыi, якая разумна спалучае ў сабе рынкавую эканомiку з высокай сацыяльнай абароненасцю насельнiцтва, грунтуецца на замацаваных у Канстытуцыi прынцыпах мясцовага самакiравання. Акт аб форме кiравання ад 1974 года гаворыць, што шведскае народнае кiраванне будуецца на свабодным фармiраваннi поглядаў i на агульным i роўным выбарчым праве. А права прыняцця рашэнняў у камуне ажыццяўляецца сходам выбраных прадстаўнiкоў. Гэтае канстытуцыйнае палажэнне падрабязна рэгламентуецца законам аб мясцовым самакiраваннi ад 1991 года. Сёння Швецыя, тэрыторыя якой складае 450 тысяч квадратных кiламетраў з насельнiцтвам 8,9 мiльёна чалавек, падзелена на 288 камун. Адрозненнi памiж iмi як па плошчы, так i па колькасцi насельнiцтва могуць быць даволi значнымi. Напрыклад, плошча самай вялiкай камуны — Кiруны, што знаходзiцца на поўначы краiны, складае каля 20.000 квадратных кiламетраў. А найменшую плошчу, роўную 9 квадратным кiламетрам, мае камуна Сундбюберг, размешчаная ў наваколлi сталiцы каралеўства — Стакгольма. Дарэчы, менавiта Стакгольм, якi налiчвае каля 800 тысяч жыхароў, з’яўляецца самай вялiкай па колькасцi насельнiцтва камунай. Самай жа маленькай па колькасцi жыхароў, менш за 3 тысячы, лiчыцца камуна Б’юрхольм. Для беларускiх прадстаўнiкоў мясцовага кiравання было цiкава даведацца, што шведскiя камуны маюць як абавязковыя, так i добраахвотныя сферы дзейнасцi. Прыкладам абавязковых для камун задач можна назваць адукацыю, сацыяльную i выратавальную службы, планаванне i будаўнiцтва, а таксама ахову навакольнага асяроддзя. На ландстынгi — органы рэгiянальнага кiравання — ускладзены задачы аховы здароўя i транспартных зносiнаў. А ўсю астатнюю дзейнасць камуны вядуць добраахвотна. У прыватнасцi, гэта могуць быць некаторыя формы тэхнiчнага абслугоўвання насельнiцтва, напрыклад, энергазабеспячэнне цi культурная работа i арганiзацыя вольнага часу. Адказнасць за ўсю дзейнасць камуны цалкам кладзецца на выбарны прадстаўнiчы орган. Узяць, напрыклад, Стакгольм. Тут цэнтральнымi органамi ўлады з’яўляюцца мунiцыпальны савет i выканаўчы камiтэт. Першы — вышэйшы орган, якi прымае рашэннi. У сталiцы ён складаецца са 101 члена, якiя выбiраюцца грамадзянамi ў ходзе камунальных выбараў, якiя адбываюцца адначасова з выбарамi ў рыксдаг i ландстынг. Члены мунiцыпальнага савета збiраюцца двойчы на месяц. Тыя пытаннi, па якiх прымаюцца рашэннi, спачатку разглядаюцца ва ўпраўленнях i камiтэтах. Затым рашэннi ажыццяўляюцца супрацоўнiкамi гарадской адмiнiстрацыi. Выканкам жа рыхтуе рашэннi, а ў выпадку iх прыняцця нясе адказнасць за ўвасабленне гэтых рашэнняў у жыццё. У Стакгольме выканкам складаецца з 13 членаў i такой жа колькасцi iх намеснiкаў, якiя прадстаўляюць розныя партыi ў мунiцыпальным савеце. Тыя ж партыi, у якiх няма членаў у савеце, звычайна прадстаўлены намеснiкамi. Усе пасяджэннi мунiцыпальнага савета Стакгольма цi любой iншай камуны традыцыйна адкрытыя для грамадскасцi. Iх час паведамляецца ў мясцовых штодзённых газетах у панядзелак перад пачаткам пасяджэння. Асаблiва цiкавыя i важныя, а таму найбольш наведваемыя выбаршчыкамi дэбаты па бюджэту камун, што праводзяцца звычайна ў апошнiх чыслах лiстапада. Яны доўжацца на працягу трох дзён, i ўвесь гэты час дэбаты на пасяджэннях перадаюцца ў прамым эфiры па мясцоваму радыё. Акрамя таго са справадачай аб пасяджэннi мунiцыпальнага савета жадаючыя могуць азнаёмiцца i па Iнтэрнэту. У Стакгольме кiраўнiкi мясцовых Саветаў Беларусi правялi сустрэчу з членамi парламента Швецыi. Яны былi прыняты таксама ў мiнiстэрстве фiнансаў, выбарчай камiсii Стакгольма. У ходзе паездкi беларускiя госцi наведалi гарады Нартайле i Зiдэртайле. Там прайшлi важныя перагаворы з дэпутатамi камун, сустрэчы з мунiцыпальнымi служачымi. Беларускiя госцi наведалi шэраг прадпрыемстваў i сацыяльных аб’ектаў. На завяршальным этапе паездкi дэлегацыя была прынята ў пасольстве Беларусi ў Каралеўстве Швецыя. Адбылася шчырая сяброўская гутарка. Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Беларусi Алег Ермаловiч падкрэслiў, што нашы народы вельмi падобныя па сваёй ментальнасцi, добразычлiвыя, працавiтыя i талерантныя, а таму двухбаковыя сувязi нашых дзяржаў растуць i паспяхова развiваюцца. А перагаворы i сустрэчы, падобныя да тых, што правяла тут беларуская дэлегацыя, спрыяюць далейшаму ўмацаванню адносiнаў дзвюх краiн у розных сферах жыцця грамадства. Мiнск—Стакгольм—Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сiстэма самакiравання Беларусi сёння знаходзiцца напярэдаднi рэформы. Прыняты яшчэ ў лютым 1991 года Закон «Аб мясцовым самакiраваннi i мясцовай гаспа
|
|