Слуханнi прайшлi — праблема засталася
Юрась ЛЯШКЕВIЧ
Парламенцкi дзённiк Абмеркаванне перспектывы адмены смяротнай кары ў Беларусi ўчора нарэшце перамясцiлася з газетных старонак у Авальную залу. Першую палову дня дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў i некаторыя члены Савета Рэспублiкi цалкам прысвяцiлi дыскусii на гэтую тэму, правёўшы спецыяльныя парламенцкiя слуханнi.Аднак вiдавочна, што нават такая форма дзейнасцi парламента пакуль не здольна змянiць iснуючай сiтуацыi. Ды, напэўна, i не для гэтага слуханнi рыхтавалiся. Намеснiк Старшынi палаты Уладзiмiр Канаплёў у сваёй прамове заявiў, што iх мэта — «вольная дыскусiя, абмен думкамi, пошук аптымальных падыходаў да вырашэння праблемы, а ў больш шырокiм плане — стварэнне падмурка, на якiм ў будучынi кiраўнiцтвам краiны будзе прынята ўзважанае рашэнне, якое ў найбольшай ступенi адпавядае iнтарэсам краiны i беларускага народа». Такiм чынам, з самага пачатку нiякiх кардынальных рашэнняў па вынiках слуханняў не чакалася. Прынамсi той, хто разлiчваў знайсцi ў праекце рэкамендацый парламента словы «прадоўжыць» або «забаранiць практыку прымянення смяротнай кары», iх у канчатковым дакуменце так i не ўбачыў. Пераважная большасць удзельнiкаў слуханняў, нягледзячы на тое, выказвалiся яны «за» цi «супраць» захавання смяротнай кары, прыйшлi да высновы, што беларускае грамадства сёння яшчэ не гатова адмовiцца ад яе. Як пераходны перыяд разглядаецца мараторый на выкананне смяротных прысудаў накшталт таго, якi iснуе ў Расii i некаторых iншых краiнах. Але i пра яго канкрэтнай размовы пакуль не вядзецца. У. Канаплёў, выступаючы на сесii з асноўным дакладам, пераважна гаварыў пра знешнепалiтычныя аспекты праблемы. Паводле яго слоў, патрабаванне адмены смяротнай кары для новых членаў пры ўступленнi iх у Савет Еўропы — хоць i не галоўны, але важны аргумент для нашай краiны. Таму яго нельга скiдваць з рахунку. Па словах вiцэ-спiкера, на сённяшнi дзень ад прымянення смяротнай кары адмовiлiся 111 дзяржаў, а застаецца яна ў 80 краiнах. Але яе адмена немагчымая толькi прыняццем палiтычнага рашэння. Для гэтага патрэбна як пераадоленне грамадствам маральна-этычнай праблемы, так i вырашэнне шэрагу эканамiчных, сацыяльных i палiтычных пытанняў. Беларусь, на думку У. Канаплёва, не здольная адразу вырашыць увесь комплекс гэтых праблем. Да таго ж нельга iгнараваць вынiкi рэферэндуму, на якiм у 1996 годзе больш за 80 працэнтаў удзельнiкаў плебiсцыту прагаласавалi супраць адмены смяротнай кары. Аднак рэферэндум быў кансультатыўным, таму вынiкi галасавання «не могуць выступаць прававым абмежаваннем адмены смяротнай кары цi ўвядзення мараторыя», дапускае У. Канаплёў. Ён заключыў, што змяненне крымiнагеннай сiтуацыi, павышэнне ступенi абароненасцi асобы, эфектыўнасцi дзейнасцi праваахоўных органаў могуць аказаць уплыў на грамадскую думку i даць палiтычныя падставы для прыняцця рашэння аб увядзеннi мараторыя на смяротную кару як першым кроку на шляху да яе поўнай адмены ў перспектыве. Тым больш што такi крок, на думку вiцэ-спiкера, адпавядае арт. 24 Канстытуцыi Беларусi, якi прадугледжвае магчымасць адмены смяротнай кары. Хаця трэба прызнаць, што першы крок дэпутаты ўжо зрабiлi ў 1999 годзе, калi прынялi новую рэдакцыю Крымiнальнага кодэкса, у якiм iстотна паменела «расстрэльных» артыкулаў. Як вынiк, у апошнiя гады зменшылася колькасць смяротных прысудаў: калi ў 1999 годзе да такой меры пакарання былi прыгавораны 47 асоб, то летась — толькi 7. Пункт гледжання на праблему Вярхоўнага Суда прадставiў яго старшыня Валянцiн Сукала, а пракуратуры — намеснiк Генеральнага пракурора Мiхаiл Снягiр. Апошнi падчас сваёй прамовы даў зразумець, што пракуратура лiчыць адмену смяротнай кары несвоечасовай i выступае за яе захаванне. А вось Валерый Лiпкiн, старшыня Камiсii па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i СМI, заўважыў, што права на жыццё — неад’емнае права чалавека, i заклiкаў прысутных яшчэ раз задумацца аб межах умяшання дзяржавы ў гэтае права. Рыгор Васiлевiч, старшыня Канстытуцыйнага суда, увогуле лiчыць, што адмена смяротнай кары ў Беларусi — пытанне прадвызначанае. Прычым прадвызначана яно жаданнем нашай дзяржавы далучыцца да Савета Еўропы i iншых мiжнародных арганiзацый. Праблема, па яго словах, толькi ў тым, колькi часу нашай краiне спатрэбiцца для таго, каб прыйсцi да такога рашэння. Акрамя таго, Р. Васiлевiч дапусцiў, што рашэнне аб адмене смяротнай кары ўлады краiны пры жаданнi могуць прыняць нават без улiку грамадскай думкi. Ён таксама заклiкаў дэпутатаў iмкнуцца змянiць пазiцыю грамадства ў лепшы бок. Дэпутаты, якiя ўступiлi ў дыскусiю пасля заканчэння асноўных дакладаў, выказвалi розныя думкi. Напрыклад, Генадзь Дылеўскi прынцыпова выступiў супраць таго, каб «дараваць жыццё забойцам i гвалтаўнiкам» ды прапанаваў дадаць яшчэ адзiн «расстрэльны» артыкул у Крымiнальны кодэкс — за арганiзаванае распаўсюджванне наркотыкаў. Але разам з гэтым ён таксама прапанаваў увесцi двухгадовую адтэрмiноўку выканання смяротных прысудаў, што, на яго думку, было б страхоўкай ад судовай памылкi. У сваю чаргу Уладзiмiр Ягораў таксама выказаўся за захаванне смяротнай кары. Але ён крытычна ўспрыняў iдэю шырокага абмеркавання гэтай праблемы ў грамадстве. Паводле яго слоў, людзi адмоўна ўспрымуць такую дыскусiю i абрынуцца на парламентарыяў, якiя яе iнiцыiруюць, з крытыкай. Такiм чынам, былы мiнiстр унутраных спраў перакананы, што беларускае грамадства не толькi не гатова да адмены смяротнай кары, але нават да абмеркавання такой магчымасцi. Вядома, у сённяшняй справаздачы нельга ахапiць усе бакi дыскусii, якая разгарнулася ўчора ў Авальнай зале. Таму нягледзячы на апасеннi У. Ягорава, мы прадоўжым гэтую тэму ў блiжэйшых нумарах, тым больш што неўзабаве дэпутаты павiнны будуць прыняць рэкамендацыi па вынiках слуханняў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абмеркаванне перспектывы адмены смяротнай кары ў Беларусi ўчора нарэшце перамясцiлася з газетных старонак у Авальную залу
|
|