21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

ЦЁЗКА

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ПРОТАС

«Звяздоўцы» ўбралi хлеб i павышаюць надоi

Калгас, прызнацца, выбраў загадзя. Не тое што «Звёзд» у краiне так шмат, як i над ёй, але выбар ёсць. Шукаў не перадавiкоў, хутчэй цiкавага серадняка-працаўнiка, якi ўпарта не хоча мiрыцца з эканамiчнай сiтуацыяй. Ды i артыкул быў патрэбны не зусiм «сельскагаспадарчы».

«И «Звезда» с «Звездою» говорит...»

«Звязда» з Уздзенскага раёна за нашу маладзейшая — летась адсвяткавала 70-годдзе. Пастаўлены за савецкiм часам манументальны ўказальнiк з назвай калгаса i вялiзнай выявай «пяцiканцовай», здалёк кiдаецца ў вочы. Гэта дарога i прыводзiць па цэнтральную сядзiбу гаспадаркi — у вёску Слабада. «Адмiнiстрацыйны будынак» — аднапавярховая кантора, — вiдаць, ужо ўступiла ў свой пенсiйны ўзрост. Вакол чыста i многа кветак. Назва гаспадаркi на чырвонай шыльдачцы напiсана па-беларуску.

Пра тое, што гаспадар на месцы, сведчыць «запаркаваны» старэнькi, увесь шэры ад пылу, старшынёўскi УАЗiк.

— Валерый Уладзiмiравiч Майсюк. Будзем знаёмыя, — старшыня пацiскае руку.

Аказалася, што момант для вiзiту ў «Звязду» выбраны ўдала — калгас жнiво завяршыў i збiраецца дапамагчы суседзям. Пакуль дамалочваюць людское.

— Сёлета з хлебам, — Майсюк не хавае сялянскай радасцi. — За здадзенае ўжо i грошы атрымалi — за чэрвень запазычанасць па зарплаце сёння-заўтра поўнасцю закрыем.

Ураджайнасць збожжавых у гаспадарцы невысокая — 20,8 цэнтнера з гектара. Зямля беднаватая. А з 29 баламi цягацца з калгасамi, дзе ўсе 40, цяжкавата. Мiж тым, на 7-е месца з 16 гаспадарак выйшлi. Па нарыхтоўцы кармоў на пачатак жнiўня ўвогуле лiдэрамi ў раёне сталi.

Папрацаваць давялося. Жнiво пачыналi 15 лiпеня, скончылi — 1 жнiўня. Парк камбайнаў даўно патрабуе калi не поўнага абнаўлення, то папаўнення — дакладна. Асноўную нагрузку на сябе ўзялi два «Доны» (аднаму 12 гадоў, другому — 5) i яшчэ гэдээраўскi Е-517 1988 года выпуску. Тры 15-гадовыя «Нiвы» былi на «падхваце». Людзi,бывала, працавалi па 18 гадзiн у суткi. Затое i вынiк ёсць. У матэрыяльным эквiваленце нават вельмi прыстойны. Камбайнеры-перадавiкi з памочнiкамi Аляксандр Бушыла, Уладзiмiр Дубовiк, Аляксей Санковiч, Мiкалай Мiхайлаў крыху больш як за два тыднi жнiва зарабiлi ад 600 тысяч да мiльёна рублёў з невялiкiм. Плюс за выкананне задання па тоне збожжа, 400 кг сена i столькi ж саломы кожнаму.

Працаўнiкоў у «Звяздзе» — 167 чалавек. Узрост паловы з iх — за 50. Але ёсць i моладзь. У сезон на працу бяруць заезджых у пошуках «жывой капейкi» дагаворнiкаў. Працуюць яны ў асноўным пастухамi, на збожжатоку, менш — механiзатарамi. Калi лынды не бiць — тысяч 150—200 зарабiць можна. Гультаi, наадварот, могуць яшчэ i завiнавацiцца калгасу за харчаванне.

Пагаварыў з людзьмi. Распытваў, як працуецца, як жывецца. Задаў пытанне i пра старшыню. Адзывалiся па-рознаму. Маўляў, працаваць за Уладзiмiравiчам больш сталi, ды i лепш. Паказчыкi, зноў-такi, растуць, а жыць лягчэй не становiцца. Такi парадокс разумеюць i тлумачаць даволi проста, па-сялянску мудра: сельгаспрадукцыя, калi ў доларах, з году ў год усё таннее, а запчасткi, салярка, бензiн — цяжэюць. Вось i «змагайся» як хочаш.

— Калi мяне ў 1996-м у «Звязду» накiроўвалi «на павышэнне», вялiкай радасцi не было, — узгадвае Валерый Майсюк. — Шчыра сказаць, слабая гаспадарка была. Ад каровы за год ледзь 1100 лiтраў малака надойвалi. Сёлета, для параўнання, на пачатак жнiўня — 1827 лiтраў. Лiчыў, што намеснiкам старшынi суседняга «Iнтэрнацыянала» лепш заставацца, спакайней.

Усё ж раённае начальства вырашыла на «вузкi ўчастак» кiнуць менавiта Майсюка. Калi агульны сход калгаснiкаў праводзiлi, нехта з вяскоўцаў да кандыдата ў старшынi з пытаннем звярнуўся: далажыце, дарагi таварыш, вашу праграму.

— Можа думалi, што долары пачну абяцаць у зарплату, хуткi росквiт калгаса, — усмiхаецца Валерый Уладзiмiравiч.— А якая праграма, калi я яшчэ гаспадарку не ацанiў?

Па першым часе калгаснiкi пачалi наракаць: новы старшыня гайкi «закруцiў», прымушае больш працаваць, вучыць адказнасцi. Не iнакш ордэн зарабляе, цi выслужваецца, каб у райвыканкам узялi... Калi пачаў будаўнiцтва трох катэджаў, хiтра ўсмiхалiся: адзiн дакладна для сябе. А калi «свой» аддаў сям’i механiзатара — многiя здзiвiлiся. Аднак i адносiны да кiраўнiка змянiлiся. Запаважалi. Прынялi.

Меркаванне iншых Майсюк заўсёды паважаў. Таму i рашэннi прымае з аглядкай: а як яно на людзях адаб’ецца, што яны скажуць?

— Начальства даўно ўжо загадвае новую машыну купiць, — расказвае старшыня. — Для кiраўнiка калгаса аўтамабiль, лiчы, сродак вытворчасцi. А як я куплю, калi людзям яшчэ зарплату не выплацiў? Няёмка. Вось грошы за збожжа атрымаем, можа, на новы УАЗiк што i застанецца. Ды тут яшчэ раён абяцаў новы камбайн у лiзiнг выдзелiць...

Каранi

Пра гiсторыю стварэння калгаса «Звязда» нiчога больш-менш выразна не змаглi распавесцi нават у раённым краязнаўчым музеi. Заставаўся яшчэ адзiн правераны спосаб атрымання iнфармацыi — распытаць старажылаў.

Iван Бернiк разменьвае дзевяты дзесятак. У гады Айчыннай бiў фашыстаў у складзе брыгады Варашылава. Пасля вайны скончыў фiзмат БДУ. Працаваў на радзiме настаўнiкам. Потым узначальваў мясцовую васьмiгодку. Як выйшаў на пенсiю, уладкаваўся кладаўшчыком у калгасе. Працаваў па 2002 год. 17 гадочкаў... Па сённяшнi дзень узначальвае калгасную арганiзацыю ветэранаў вайны i працы. Надзiва прама трымаецца... Памяць так моцна i дакладна захавала розныя замалёўкi з жыцця, што часам пачынаеш нават зайздросцiць.

— У 1929 годзе масавая калектывiзацыя дакацiлася i да нашых краёў, — успамiнае Iван Пiлiпавiч. — Сяго-таго раскулачылi, саслалi. У абвешчаны калгас з нашай вёскi ўсе пайшлi. А потым як гром з яснага неба — артыкул Сталiна «Галавакружэнне ад поспехаў». Кожны сваё забраў з калгаса — i разышлiся.

Сур’ёна пытанне пра арганiзацыю калектыўнай гаспадаркi зноў паўстала толькi ў 1931 годзе. Уступiлi 10 чалавек. Старшынёй якраз майго бацьку абралi. Лiчыць добра ён умеў, а вось граматы не ведаў. Крыжыкамi распiсваўся. Праўда, не доўга ён кiраваў — з горада хутка прыслалi «палiтычна падкаванага». Сiлком тады ў калгас не заганялi. Выгадна было. З аднаасобнiкаў харчпадатак збiралi такi, што не пазайздросцiш. У калгаснiкаў уласны хлеб не чапалi. Яшчэ за працаднi разлiк належаў: два кiлаграмы збожжа, 8—10 кiлаграмаў бульбы i 10 капеек за адзiн дзень. Калгас быў невялiкi: 20 свiней, больш за сто авечак, 20 кароў. Асноўны сродак механiзацыi — конь. Праз колькi гадоў пасля ўзнiкнення аб’ядналi адразу некалькi маленькiх гаспадарак. Так i ўзнiкла «Звязда» ў сваiх сённяшнiх межах. Памятаю яшчэ, як у 1935 годзе акты на вечнае карыстанне зямлёй уручалi.

Калi развiталiся з Iванам Пiлiпавiчам, запытаўся ў старшынi пра дзяцей ветэрана. Ёсць сын. На зямлi не застаўся — у навуку пайшоў. Вiдаць, ад бацькi здольнасць да матэматыкi перадалася. Зараз ён у Акадэмii навук працуе, прафесар Васiль Iванавiч Бернiк.

Добры знак

Як вызначыць, аджывае сваё гаспадарка цi працягвае развiвацца? Няма нiчога прасцей: зайдзiце ў дзiцячы садок (калi такi ёсць) i ў аддзел кадраў.

Што датычыцца першага, то ён у Слабадзе колькi гадоў таму быў «рэанiмiраваны» ў тэрмiновым парадку. У свой час па прычыне адсутнасцi дзяцей у старым будынку садка зрабiлi тры кватэры. Прыйшлося для адноўленага шукаць месца. Вырашылi далучыць да школы: i памяшканне прыстасаванае, i сталоўка ёсць, i персанал. Каля дзесятка самых юных «звяздоўцаў» цяпер рэгулярна напаўняюць школьны двор сваiм вясёлым гоманам i смехам.

Са «свежых» паступленняў спецыялiстаў — два маладыя эканамiсты, леташнiя выпускнiкi Горацкай сельгасакадэмii. Муж i жонка. Прычым разам з сабой прывезлi i перспектыўнае папаўненне для садка — дачку Дар’ю. Дарэчы, другi з пабудаваных катэджаў занялi менавiта яны.

Увогуле, з iх з’яўленнем у «Звяздзе» амаль дэтэктыўная гiсторыя звязана. Нi Сяргей Мацука, нi яго жонка каранёў у Уздзенскiм раёне не маюць. Так размеркавалi ў акадэмii. Прычым размеркавалi не ў саму «Звязду» — у раён. Такiя спецыялiсты многiм калгасам былi патрэбныя. Але можа i ў тым, каб нос па ветры трымаць, заключаецца майстэрства кiраўнiка. Пакуль у раёне вырашалi, куды сям’ю спецыялiстаў накiраваць, Майсюк даведаўся, дзе жыве цешча Сяргея, i на «перамовы» адправiў свайго намеснiка. У вынiку ў гаспадарцы з’явiўся не толькi галоўны эканамiст — сямейны падрад!

— Уласнае жыллё для маладой сям’i — самае галоўнае, — мяркуе Сяргей Мацука. — Зарплата, праўда, у мяне невялiкая — тысяч 170 за месяц выходзiць, а жонка пакуль у дэкрэтным водпуску. На жнiве крыху больш зарабiлi. А жыць на вёсцы можна. Будзем працаваць разам — усё будзе.

— Падтрымлiваем моладзь як можам, заахвочваем, — тлумачыць Валерый Уладзiмiравiч. — Вось у планах ёсць пабудаваць яшчэ тры такiя катэджы. Сваiх спецыялiстаў вывучым, ды i добрым людзям, калi хто ў нас працаваць жадае, заўсёды рады. Вы не думайце, жыве вёска, жыве i наша «Звязда». I вам, цёзкi, таго ж жадаем. З юбiлеем вас!

Уздзенскi раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Звяздоўцы» ўбралi хлеб i павышаюць надоi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика