Пахрыстосавацца з продкамi...
Алена ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКАЯ, навуковы супрацоўнiк Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору НАН Беларусi
КАРАНI З даўнiх часоў шанавалi беларусы сваiх продкаў. Уся наша абрадавая сiстэма — гэта арганiчна ўзаемазвязаны комплекс, якi базiруецца на веры людзей у цыклiчнасць жыцця ў адпаведнасцi са славутай трыядай «Жыццё— Смерць— Жыццё», веры ў адзiнства ўсяго жывога: чалавека, раслiннага i жывёльнага свету. Наш зямляк, што родам з-пад Навагрудка, вялiкi Адам Мiцкевiч адзначаў, што культ продкаў вядомы многiм народам, але нiдзе ён так не ўкаранiўся i не захаваўся ў такiм чыстым выглядзе як у нас.«Дзяды» — гэта свята памяцi продкаў, якое зарадзiлася ў далёкiя дахрысцiянскiя часы. Раней «Дзядамi» звалi ўсiх продкаў, потым пачалi называць днi iх памяцi. Беларусы ў залежнасцi ад рэгiёнаў «Дзяды» адзначаюць тры, чатыры цi пяць разоў у год: «Радунiцкiя», «Духаўскiя», «Змiтраўскiя», «Масленыя» (у некаторых месцах шануюць памяць продкаў яшчэ i перад Пакровамi). «Радунiцкiя Дзяды» (Радунiца, Радаўнiца) адзначаюцца ў аўторак тыдня, якi iдзе за Велiкодным, г. зн. на дзевяты дзень пасля Вялiкадня. Слова «Радаўнiца», магчыма, паходзiць ад агульнаславянскага «род», лiтоўскага «рада» (галашэнне), ведыйскага «раданх» (ахвярапрынашэнне). Адсюль iснуючыя ў многiх народаў мiфы, легенды i песнi аб цудоўных пераўтварэннях пасля смерцi ў кветкi, травы, птушак... Якiя цудоўныя мiфалагiчныя сюжэты ў беларускiх баладах: «пра дачку-птушку», пра сястру i брата, якiя сталi «браткамi», аб верным каханнi маладой пары, што ператварылася пасля смерцi ў бярозу i явар: На сыну вырас зялёны явар, на нявестачцы — белая бяроза. Раслi, раслi, пахiлiлiся. Цераз цэркаўку сашчапiлiся. З iх людзi падзiвiлiся, Што на тым свеце палюбiлiся. Такi зварот дзяўчыны, якая патанула, да сваiх сябровак: Не бярыце вадзiцы — то слёзкi мае. Не касiце травiцы — то коскi мае. Не рвiце красак — то вочкi мае. Не толькi раслiннасць, жывёльны свет, але i многiя iншыя праявы прыроды разглядаюцца ў народзе як знак сувязi людзей з прадстаўнiкамi iншага свету. На запрашэнне дзяўчыны-сiраты, якая звяртаецца да сваёй памёршай мацi (ёсць у беларусаў такая традыцыя), мацi адказвае просьбай: Адпусцi мяне, Божа, На зямлю да майго дзiцяцi. Ясным сонейкам у вакенца, дробным дожджыкам на травiцу, лёгкай хмаркай над сялом. У дажджы, вясёлцы, шолаху лiстоты бачыць народ знакi гэтай таямнiчай сувязi. Продкi прыходзяць у снах, перасцерагаючы аб небяспецы. Раней амаль кожны абавязаны быў ведаць свой радавод да сёмага калена. Радавод па дзвюх лiнiях: у нас род па мацярынскай лiнii называўся «род па кудзелi», па бацькоўскай — «род па мячу». У сялянскiх сем’ях, дзе былi пiсьменныя, у многiх мясцiнах Беларусi вялiся так званыя «хронiкi», дзе запiсвалася аб важных падзеях, аб усiх, хто нарадзiўся i памёр. Радаўнiца называецца яшчэ i «Вялiкаднем мёртвых». З ранiцы на Радаўнiцу гатуецца абрадавая ежа. Потым уся сям’я адпраўлялася ў царкву памiнаць продкаў. З сабой бралi льняны абрус цi ручнiк, свянцоныя чырвоныя яйкi, хлеб, соль, куццю, блiны, сала, каўбасы, бутэльку гарэлкi. Пасля абеднi ўсе расходзiлiся памiнаць продкаў да iх магiл. Часцей за ўсё магiлы прыводзiлi ў парадак загадзя, часам гэта рабiлi на Радаўнiцу. Абышоўшы ўсе магiлы, збiралiся на чыёй-небудзь адной. Засцiлалi абрус прама на магiльным узгорачку, ставiлi абрадавую ежу, запальвалi свечку. У час памiнак вялi цiхую гутарку (каб не патрывожыць), успамiналi, галасiлi. Цiкавым быў абрад «хрыстосавання» з продкамi: велiкоднае яйка качалi крыж-накрыж на магiле. Выпiўшы чарку гарэлкi, адлiвалi крыху на магiлу, перад адходам пакiдалi крыху куццi, яйкi, хлеб i iншую ежу продкам. Як правiла яна даставалася птушкам, а iх беларусы лiчылi своеасаблiвымi «сувязнымi» памiж тым i гэтым светам. У тых мясцiнах, дзе царква знаходзiлася побач з могiлкамi, яйкi клалi на магiлы, iдучы з усяночнай. Першае свянцонае яйка — продкам. Так рабiлi i на «Масленыя Дзяды», аддаючы першы блiн продкам, «каб доля загаўляла», атаясамлiваючы долю i продкаў. З Радаўнiцай звязаны цэлы шэраг розных назiранняў i прымет. Калi яе прыход супадаў з маладым Месяцам — чакалi добрага ўраджаю, калi ж Месяц быў на зыходзе, то прадказвалi цяжкi i неўраджайны год. На Радаўнiцу нельга было нiчога сеяць, высаджваць, чапаць зямлю. У кнiзе «Жыццё пасля смерцi», складзенай з фрагментаў работ французскiх, нямецкiх i амерыканскiх вучоных, сцвярджаецца, што на могiлках у днi памiнання продкаў пры наяўнасцi вялiкай колькасцi людзей, якiя прыйшлi наведаць магiлы, з дапамогай спецыяльнай, звышадчувальнай апаратуры запiсаны галасы i зроблены здымкi тых, хто ўжо даўно пакiнуў гэты свет. Даследаваннi праводзяцца не адно дзесяцiгоддзе i далi пэўныя вынiкi: для запiсу галасоў i здымкаў неабходна вялiкая колькасць людзей. Жывыя людзi, якiя прыйшлi ў днi памяцi, з’яўляюцца як бы своеасаблiвымi каталiзатарамi, «пасрэднiкамi»: менавiта праз iх душы памёршых «засылаюць» сябе ў наш свет на кароткi час, як бы правяраючы, цi так мы жывём, цi памятаем iх... Давайце берагчы традыцыi, шанаваць памяць продкаў. Часцей даставайце з палiц сямейныя фотаальбомы. Няхай вернуцца на сцены нашых кватэр «iканастасы» старых фатаграфiй. Якiя прыгожыя, адкрытыя твары адлюстраваныя на iх, маладыя нашы бабулi, зусiм юныя мамы ў пасляваенных сукенках з плечыкамi... Кажуць, што фатаграфii гэтыя выпраменьваюць асаблiвае бiяполе i тым самым дапамагаюць тым, хто жыве ў доме. Памяць — гэта тое, што аб’ядноўвае пакаленнi. Страшна ператварыцца ў звычайнае «перакацi-поле», не ведаючы сваiх каранёў. Жыццё чалавека знаходзiцца памiж двума таiнствамi: з’яўленнем на свет i пакiданнем яго. Нiводная з гэтах тайнаў не разгаданая...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З даўнiх часоў шанавалi беларусы сваiх продкаў. Уся наша абрадавая сiстэма — гэта арганiчна ўзаемазвязаны комплекс, якi базiруецца на веры людзей у цы
|
|