Беларускае пасольства ў Празе працягвае работу ў эвакуацыi
Сяргей ПРОТАС
НАДЗВЫЧАЙНАЕ СТАНОВIШЧА Учора ў Празе паводка трывала ўтрымлiвала свае пазiцыi. У найбольш пацярпеўшай частцы горада аказалася i беларускае пасольства.Усе тэлефоны нашага дыппрадстаўнiцтва трывожна маўчалi. Толькi ў другой палове дня «Звяздзе» ўдалося звязацца з другiм сакратаром пасольства Аленай Шнiтковай. Як высветлiлася, беларускую замежную ўстанову давялося эвакуiраваць. Часова пасольства размясцiлася ў рэзiдэнцыi пасла Беларусi ў Чэшскай Рэспублiцы. Вось што расказала Алена Вiтальеўна: — У першую чаргу вывезлi ў бяспечнае месца жаночую частку супрацоўнiкаў пасольства. Да апошняга заставалася ў затопленым да другога паверха будынку аператыўная група, у склад якой уваходзiлi мужчыны i адна жанчына — камендант. У 9 гадзiн 30 хвiлiн вечара 13 жнiўня абсалютна ўсе супрацоўнiкi пакiнулi будынак пасольства. Усю маёмасць дыппрадстаўнiцтва эвакуiраваць не ўдалося... На момант гутаркi нашага карэспандэнта з Аленай Шнiтковай аператыўная група на чале з Надзвычайным i Паўнамоцным Паслом Уладзiмiрам Бельскiм спрабавала прабiцца да будынка пасольства i па магчымасцi вынесцi неабходныя рэчы. Вада працягвала прыбываць, усе масты былi перакрыты. Учора ранiцай дыппрадстаўнiцтва Беларусi правяло экстранную нараду. Зваротаў грамадзян за гэты час не паступала, iнфармацыi пра магчымых пацярпеўшых сярод беларускiх турыстаў у пасольстве таксама няма. — Намагаемся працаваць у нармальным рэжыме, — адзначыла спадарыня Шнiткова, — нiякiх надзвычайных здарэнняў у нас не адбылося — усе жывыя i здаровыя. Паводле слоў супрацоўнiка беларускага дыппрадстаўнiцтва, дасягнута папярэдняя дамоўленасць, што консульская служба пасольства Беларусi ў Празе адновiць сваю работу ў будынку, якi, хутчэй за ўсё, прадаставiць консульская служба пасольства Расii.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў Празе паводка трывала ўтрымлiвала свае пазiцыi. У найбольш пацярпеўшай частцы горада аказалася i беларускае пасольства |
|