«Разведка» ў Арэшкавiчах
Вольга КАМАРОЎСКАЯ, 11 клас Талькаўскай СШ
Мне пашанцавала: у лiпенi ў роднай вёсцы Арэшкавiчы былi зроблены археалагiчныя раскопкi. Чаму менавiта тут? Арэшкавiчы згадваюцца ў «Iнвентарным апiсаннi Свiслачы» 1560 г. (гэта першы iнвентар ВКЛ, што захаваўся да нашага часу). Тады вёска належала пану Мiкалаю Служку. У 1728 годзе гаспадаром Арэшкавiчаў стаў Юзэф Скiндэр, а ў 1844 годзе — блужская панi Тэафiлiя Завадская. Яшчэ вёска знакамiтая тым, што тут нарадзiўся вядомы беларускi музыка Iосiф Жыновiч. Няўжо ж мiнулыя стагоддзi не пакiнулi ў Арэшкавiчах рэчыўных слядоў?
Раскопкамi, што пачалiся 18 лiпеня, кiравалi Ала Iльюцiк, археолаг з Iнстытута гiсторыi Акадэмii навук Беларусi, i Наталля Iльiнiч, настаўнiца гiсторыi Талькаўскай СШ Пухавiцкага раёна. Вучнi з задавальненнем далучылiся да нялёгкай, але затое такой захапляльнай працы. Адразу прыгадалi прыказку пра iголку ў стозе сена, не кажучы ўжо пра тое, што з нас рагатала ўся вёска: «I што вы там шукаеце? Золата цi, можа, скарб якi?». Першы этап раскопак праходзiў на беразе Свiслачы, на селiшчы Х—ХIII стагоддзяў. Нiчога асаблiва не чакаючы, мы вельмi ўзрадавалiся першым знаходкам — рэшткам керамiкi. Далей — болей. Даўгалава Даша знайшла праселка — гэта глiняны грузiк, якi жанчына-папрадуха надзявала на верацяно, каб павялiчыць iнерцыю яго вярчальнага руху. Сацура Коля знайшоў старажытны тачыльны брусок, а Прахарэнка Марына знайшла шкляную пацерку, такiя насiлi нашы продкi — жанчыны ў Х—ХIII стст. Другiм этапам раскопвалi шляхецкую сядзiбу ХVI—ХIХ стагоддзяў. Раскоп залажылi проста на агародзе, балазе, гаспадар паставiўся да навуковай працы з разуменнем. I тут нас проста засыпала керамiкай. Яна была паўсюль: у раскопе, на паверхнi, у бульбе з буракамi на суседнiм полi. Яшчэ шмат было кафлi (гэта керамiчныя вырабы з глiны, якiмi абкладвалi печы альбо рабiлi iмянныя надпiсы: прозвiшчы i гербы роду). Сярод малюнкаў на кафлi найчасцей траплялiся рамонкi, валошкi, дубовыя лiсты з жалудамi. Былi i iндывiдуальныя знаходкi — гузiк i шкляная бутэлечка для лекаў... Але як усё добрае калiсьцi заканчваецца, так закончылiся i нашы археалагiчныя раскопкi. Шкада. Колькi яшчэ сакрэтаў i таямнiц хавае гэта старая вёска. Магчыма, некаторыя з iх мы адкрыем цi прыадкрыем у наступным годзе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мне пашанцавала: у лiпенi ў роднай вёсцы Арэшкавiчы былi зроблены археалагiчныя раскопкi. Чаму менавiта тут? Арэшкавiчы згадваюцца ў «Iнвентарным апiс
|
|