Атрымаць медаль — як у «дзесятку» трапiць...
Надзея НIКАЛАЕВА
Урадам нашай краiны зацверджана палажэнне, якое рэгулюе парадак узнагароджання выпускнiкоў агульнаадукацыйных сярэднiх навучальна-выхаваўчых устаноў залатымi i сярэбранымi медалямi i пахвальнымi лiстамi «За асаблiвыя поспехi ў вывучэннi асобных прадметаў».
Як патлумачыла карэспандэнту «Звязды» галоўны iнспектар Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыi Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь Наталля Гаравая, прыняцце дадзенага дакумента было абумоўлена неабходнасцю выканання артыкула 24 Закона «Аб адукацыi» i пераходам з новага навучальнага года ўстаноў агульнай сярэдняй i прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi на дзесяцiбальную сiстэму ацэнкi ведаў, пры гэтым крытэрыi, што прад’яўляюцца да прэтэндэнтаў на вышэйшую ўзнагароду, засталiся ранейшымi. Залатым медалём узнагароджваюцца выпускнiкi ўсiх тыпаў навучальных устаноў сiстэмы агульнай сярэдняй адукацыi, якiя маюць пасведчанне аб агульнай базавай адукацыi з адзнакай, прыкладныя паводзiны, гадавыя i экзаменацыйныя адзнакi за 10-ы i 11-ы класы 9 i 10 балаў (выдатна i вельмi выдатна) па ўсiх прадметах, акрамя фiзiчнай культуры, дапрызыўнай i медыцынскай падрыхтоўкi, па якiх дазваляецца мець адзнакi не нiжэй за 6 балаў (добра). Тыя ж з выпускнiкоў, якiя прэтэндавалi па вынiках вучобы на залаты медаль, але атрымалi на выпускных экзаменах па аднаму цi двух прадметах адзнакi не нiжэй за 6 балаў, змогуць атрымаць толькi сярэбраны медаль. На атрыманне сярэбранага медаля могуць разлiчваць таксама выпускнiкi, якiя маюць прыкладныя паводзiны, пасведчанне аб базавай адукацыi з адзнакай, адзнакi па фiзiчнай культуры, дапрызыўнай i медыцынскай падрыхтоўцы не нiжэй за 6 балаў i адзнакi не нiжэй за 6 балаў (гадавыя i экзаменацыйныя) яшчэ па аднаму-двух прадметах. У тых выпадках, калi выпускнiк па незалежных ад яго прычынах не вывучаў той цi iншы прадмет, быў вызвалены ад здачы выпускных экзаменаў, заняткаў па фiзiчнай культуры або мае па фiзiчнай культуры «залiчана», ён узнагароджваецца залатым i сярэбраным медалямi на агульных падставах. На агульных падставах узнагароджваюцца вышэйшай школьнай узнагародай i выпускнiкi навучальных устаноў з эстэтычным ухiлам, але ў палажэннi для iх прадугледжана яшчэ адна акалiчнасць: па прафiлiруючых прадметах iм дазваляецца мець гадавыя i экзаменацыйныя адзнакi не нiжэй за 6 балаў. Таксама на агульных падставах могуць узнагароджвацца медалямi выпускнiкi лiцэйскiх груп навучальных устаноў сiстэмы прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi. Для прэтэндэнтаў на ўзнагароджанне пахвальным лiстом «За асаблiвыя поспехi ў вывучэннi асобных прадметаў» прадугледжаны наступныя крытэрыi: на працягу апошнiх двух гадоў яны павiнны мець па гэтых прадметах гадавыя i экзаменацыйныя адзнакi 9 i 10 балаў, а па iншых прадметах — не нiжэй за 6 балаў. Улiчваючы тое, што дзесяцiбальная сiстэма пакуль што даволi цяжка прыжываецца ў нашай школе, можна меркаваць, што колькасць медалiстаў у 2003 годзе будзе яшчэ меншая, чым сёлета. Нагадаем, што шматлiкiя прэтэнзii да якасцi ведаў, якiя дэманстравалi медалiсты пры паступленнi ў ВНУ, прымусiлi Мiнiстэрства адукацыi зацвердзiць у 1999 годзе новыя, больш жорсткiя, патрабаваннi да выпускнiкоў, што прэтэндэндуюць на атрыманне вышэйшай школьнай узнагароды. Згодна з iмi цяпер пад увагу бяруцца вынiкi вучобы прэтэндэнтаў на медаль за апошнiя чатыры гады навучання. Першы выпуск школьнiкаў, на якiх распаўсюдзiлiся новыя патрабаваннi, адбыўся ў гэтым годзе, i вынiк не стаў нечаканасцю: калi ў папярэднiя гады колькасць медалiстаў пастаянна вагалася ў Беларусi ў межах 11—12 працэнтаў ад агульнай колькасцi выпускнiкоў, то сёлета да медаля здолелi «дацягнуць» толькi 6,8 працэнта выпускнiкоў. Няцяжка прадказаць, што ў сёлетнiм навучальным годзе кола прэтэндэнтаў на медаль можа яшчэ больш звузiцца, паколькi настаўнiкi пакуль элементарна баяцца ацэньваць веды сваiх навучэнцаў у 9 i тым больш у 10 балаў. У гэтым плане пашанцавала выпуснiкам школ, якiя ўдзельнiчалi ў эксперыменце па апрабаванню 10-бальнай сiстэмы ацэнкi ведаў: iм для атрымання медаля неабавязкова мець у атэстаце толькi «дзевяткi» i «дзесяткi» — дазваляецца таксама i прысутнасць «васьмёрак». Але гэта «льгота» распаўсюджваецца толькi на выпускнiкоў 2003 года. Дарэчы, найбольш крытычна да 10-бальнай ацэнкi ведаў падчас правядзення эксперыменту ставiлiся менавiта былыя выдатнiкi, паколькi iх ранейшыя «пяцёркi» далёка не заўсёды ператваралiся ў 9 цi 10 балаў. Цяпер колькасць працiўнiкаў 10-бальнай сiстэмы можа павялiчыцца, бо без вышэйшай школьнай узнагароды рызыкуюць застацца сотнi школьнiкаў, якiя мэтанакiравана iшлi да яе на працягу трох апошнiх гадоў. Хаця ў Мiнiстэрстве адукацыi нашага песiмiзму не падзяляюць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Урадам нашай краiны зацверджана палажэнне, якое рэгулюе парадак узнагароджання выпускнiкоў агульнаадукацыйных сярэднiх навучальна-выхаваўчых устаноў
|
|