Мiкалай МАЗАКОЎ, намеснiк генеральнага дырэктара рэпублiканскага унiтарнага вытворчага прадпрыемства
Гутарыў Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ
«Думаю, што куплю тэлевiзара «Вiцязь» нам удалося ператварыць у гульню цi нават шоу»
Нядаўна праведзены на РУВП «Вiцязь» розыгрыш аднапакаёвай кватэры ў Мiнску, напэўна, толькi прыбавiў прадпрыемству ачкоў сярод сваiх пакупнiкоў. Як-нiяк, у чалавека, якi набываў тэлевiзар з аднайменнай назвай, з’яўляўся выдатны шанц калi не выйграць сталiчную жылплошчу, дык стаць прэтэндэнтам на адзiн са шматлiкiх прызоў, якiя былi разыграны ў перыяд правядзення акцыi «Купi тэлевiзар «Вiцязь» — атрымай кватэру ў Мiнску». Пра вынiкi кватэрнага праекта i пра сённяшнi дзень завода карэспандэнт «Звязды» гутарыць з намеснiкам генеральнага дырэктара РУВП «Вiцязь» Мiкалаем МАЗАКОВЫМ. — Мiкалай Мiкiтавiч, цi апраўдалiся чаканнi ад правядзення акцыi, якая, лiчыце, на працягу ўсяго мiнулага года «цiснула» на слых тысяч пакупiкоў вiцязеўскай тэлевiзiйнай тэхнiкi? — Безумоўна. Гэта якраз той выпадак, калi мэта апраўдвае сродкi. Мяркуйце самi: на розыгрыш кватэры прыйшло амаль 57 тысяч пiсьмаў, з якiх роўна 55 тысяч «выйшлi» ў фiнал. Больш таго, сярод нашых пакупнiкоў была разыграна 1000 самых разнастайных прызоў, пачынаючы ад фiрменнай майкi i заканчваючы надзiманай лодкай. Канешне, усiм фартуна ўсмiхнуцца не магла, але ж, на мой погляд, многiх яна ашчаслiвiла каштоўнымi прызамi, якiя абавязкова спатрэбяцца ў гаспадарцы. — Пачатак, як гаворыцца, пакладзены. Якiм будзе працяг? — Кiраўнiцтва прадпрыемства прыняло рашэнне аб’явiць новую акцыю па розыгрышу ў пачатку будучага года новай кватэры ў Мiнску. Больш таго, у якасцi дадатковых «прэмiяльных» абавязкова будзе аўтамабiль. Магчыма, што ў спiсе прызоў з’явiцца турыстычнае падарожжа. — Мiкалай Мiкiтавiч, такi смелы выхад на новыя формы работы з пакупнiком не можа не стасавацца з высокай якасцю тэлевiзараў «Вiцязь». Бо на кон, прабачце, можна паставiць хоць палёт на Марс, але ж калi тавар акажацца нiкуды не вартым, то ўсе намаганнi арганiзатараў у дасягненннi «касмiчных» продажаў застануцца марнымi. — Вы маеце рацыю. Сапраўды, зараз, калi паняцце дэфiцыту чаго-небудзь практычна не iснуе, нiкога не заманiш блiскучым цукерачным фанцiкам, унутры якога пустата. Я пра гандлёвую марку прадукцыi i пра яе станоўчыя паказчыкi. У эпоху жорсткай канкурэнцыi, у нашым выпадку — на рынку тэлевiзiйнай тэхнiкi — толькi якасныя тэлевiзары з мноствам неабходных спажывецкiх характарыстык, сучасным дызайнам i даступнай цаной здольны заваёўваць усё новых пакупнiкоў, прычым не толькi ў Беларусi. Не прымiце за пахвальбу, але «блакiтныя экраны» «Вiцязь» зараз ў абсалютнай большасцi сваёй адпавядаюць усiм патрабаванням еўрапейскай «моды». А яшчэ мне хацелася б дадаць, што, аб’яўляючы акцыю па розыгрышу кватэры ў Мiнску i мноства прызоў, мы хацелi простую аперацыю — куплю тэлевiзара — ператварыць у гульню цi нават шоу. Думаю, што нам гэта ўдалося. — Пры ўсёй разнастайнасцi выбару якiя, на ваш погляд, мадэлi тэлевiзараў «Вiцязь» сёлета будуць «рабiць пагоду» на спажывецкiм рынку. — Нават прыблiзна аб гэтым не скажаш, бо ў кожнага пакупнiка свой густ. Магу толькi меркаваць, што наўрад цi каго пакiнуць раўнадушнымi распрацоўкi ўзораў 2002 года. Гэта мадэлi «Фаварыт» з дыяганаллю кiнескопа 51 i 54 см i «Еўропа» (63 i 72 см), а таксама тэлевiзар з абсалютна плоскiм экранам «Планета» з 54-й дыяганаллю кiнескопа. У канцы мiнулага года на вытворчасць пастаўлены дзве мадэлi «Галакс». Акрамя таго, другую маладосць атрымалi два ўзоры «Мобiлвiжн-М» i «Унiтар», новая назва якога — «Амега». Так што, як бачыце, выбiраць ёсць з чаго. Цяпер справа за пакупнiкамi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiкалай МАЗАКОЎ, намеснiк генеральнага дырэктара рэпублiканскага унiтарнага вытворчага прадпрыемства «Думаю, што куплю тэлевiзара «Вiцязь» нам удалося ператварыць у гульню цi нават шоу» |
|