21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Памiж Гавязной i Вiшняўцом

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алена ЛЯЎКОВIЧ

IГУМЕНСКI ТРАКТ

(Адлегласць, якую не пераадолець?)

Каюся, грэшная: задумалася я пра тое, каб назву нашай рубрыкi, якой акурат у гэтыя днi тры гады спаўняецца, змянiць. Таму што назва гэта, здалося на нейкi момант, перастала адпавядаць канцэпцыi самой рубрыкi. Яно раней як гучала: «неiснуючая вулiца ў накiрунку неiснуючага горада». I адразу кожнаму станавiлася зразумела, пра што пiсацца будзе, — пра страчаныя назвы... А цяпер вулiца Iгуменскi тракт iснуе ў Мiнску. Дакладней, вярнулася ў Мiнск, бо яна ж калiсьцi тут была. Праўда, не на ранейшае месца дакладна — вулiца Маякоўскага так у гонар хай сабе i вялiкага, але не беларускага паэта i працягвае называцца. Але ў новай забудове мiкрараёна Лошыца Iгуменскi тракт з’явiўся. Зусiм недалёка ад «гiстарычнай радзiмы», амаль у тым жа напрамку. Не ведаю, цi ёсць у тым, што найменне вярнулi на карту горада, хоць маленечкая заслуга нашай газеты, бо звесткi ж пра гэту назву былi зусiм не сакрэтныя, але гонар i радасць ад гэтай навiны ўсё роўна прысутнiчаюць. Калi не за сябе, дык за тых, хто да гэтага вяртання меў непасрэднае дачыненне.

Дык вось, задумалася я пра тое, што назва рубрыкi ўжо «састарэла», трэба нешта новае прыдумаць. Тым больш, новых варыянтаў на нашай зямлi — колькi заўгодна. Да прыкладу — «Койданаўскi тракт»... А потым, падумаўшы, рашыла, што рубрыка «Iгуменскi тракт» у цяперашнiм яе гучаннi найбольш адпавядае таму, пра што мяркую пiсаць i далей. Бо вернутая назва — таксама прымета нашага часу. На жаль, пакуль хутчэй выключэнне, чым правiла. I да таго, каб гэта стала правiлам, нам яшчэ ой як доўга iсцi трэба. Бо нават тое нешматлiкае, што вяртаецца, вяртаецца не так лёгка, як здавалася.

Адкуль такая не вельмi аптымiстычная выснова? Мне нядаўна пашчасцiла папрысутнiчаць на «круглым стале», дзе мясцовыя жыхары разам з мясцовай жа ўладай спрабавалi лёс адной назвы вырашыць. Слоў было сказана нямала, яшчэ больш засталося «за кадрам», бо ў кожнага з прысутных былi свае думкi i высновы. За астатнiх адказваць не магу, а вось што датычыць маiх уласных... Зрэшты, аб усiм па парадку.

***

Калi вы раптам будзеце чытаць польскага класiка беларускага паходжання Уладзiслава Сыракомлю i сярод апiсанняў нашага краю, якiмi ён, класiк, вельмi захапляўся, знойдзеце гэтыя радкi: «Сярод ураджайных раўнiнных палёў ляжыць мястэчка Гавязна з прыгожай мураванай царквой», — не спяшайцеся брацца за сучасную карту, хай сабе i самую падрабязную, нашай краiны цi нават асобна Стаўбцоўскага раёна — такога паселiшча вы на ёй не знойдзеце, хаця, бадай, кожны жыхар наваколля цi райцэнтра скажа, што яно ёсць. I нiякай iнтрыгi тут няма: у 64-м разам са сваiмi «таварышамi па няшчасцю» (а iх было амаль чатырыста) мястэчка Гавязна ўказам Прэзiдыума Вярхоўнага Савета БССР было перайменавана ў вёску Вiшнявец. Такi ж лёс напаткаў i «цёзку» мястэчка — вёску Гавязна — яна стала звацца Навапольцамi.

З рашэння тагачаснага беларускага парламента прайшло амаль сорак гадоў — час, за якi паспела вырасцi два пакаленнi, для якiх тая змененая назва — усяго толькi слова, прычым, як некаторым здаецца, не вельмi мiлагучнае. З таго часу прайшло ўсяго сорак гадоў — пылiнка ў параўнаннi з тымi чатырма сотнямi гадоў, што мястэчка насiла сваю спрадвечную назву, i не два, а дваццаць пакаленняў вымаўлялi «Гавязна» як найлепшае, наймiлагучнейшае, бо гэта была — радзiма. I апошнiя з тых дваццацi жывуць яшчэ i сёння i не могуць нi пагадзiцца, нi змiрыцца з тым, што гэту радзiму ў iх забралi. I хочуць вярнуць тое, гвалтоўна забранае, на сваё месца. I маюць на тое, лiчу, калi не законнае, дык маральнае права. У той час як тыя, хто нарадзiўся ў Вiшняўцы, не вельмi да гэтага iмкнуцца, бо лiчаць, што тады абкрадзенымi будуць яны...

Справа з вяртаннем Вiшняўцу былой назвы доўжыцца ўжо больш за дзесяць гадоў. Тады, на пачатку 90-х, на хвалi агульнага адраджэння, вядомы журналiст Валерый Дранчук, якi родам з гэтых мясцiн, паспрабаваў абудзiць грамадскую свядомасць. У Тапанiмiчную камiсiю пры Вярхоўным Савеце было накiравана некалькi калектыўных пiсьмаў ад iмя жыхароў паселiшча з просьбай вярнуць назву Гавязна. Лiсты праз аблвыканкам вярнулiся «на месца» з даручэннем правесцi падрабязнае апытанне насельнiцтва. Аб тым, што былой назвай можна ганарыцца i варта яе вярнуць, сведчыў i лiст з другой тапанiмiчнай камiсii — Акадэмii навук, якая не мела права нешта вырашаць, але выступала (дый сёння выступае) у якасцi самага паважанага эксперта. Старшыня камiсii Валянцiна Лемцюгова паведамляла пра тое, што «з пункту гледжання лiнгвiстычнага, Гавязна — вельмi старажытная, своеасаблiвая i адзiнкавая на тэрыторыi Беларусi назва. Для мясцовых жыхароў, для беларусаў гэта яшчэ i знак малой радзiмы, з яе зямлёй, продкамi i нашчадкамi, рэдкi каштоўны гiсторыка-культурны помнiк, частка нашых духоўных набыткаў»... Мясцовыя жыхары «рэдкi гiсторыка-культурны помнiк» не ацанiлi i пры пiсьмовым апытаннi, якое праводзiў сельсавет, большасць выказалiся супраць перайменавання Вiшняўца ў Гавязну. На тым усё тады i скончылася.

Зараз Валерый Дранчук, якi ў Гавязне бывае не госцем (ён вядзе ў мясцовай школе краязнаўча-экалагiчны гурток «Святаяннiк» i выпускае разам з вучнямi аднайменную школьную газету) зноў паспрабаваў вярнуцца да гэтай тэмы. Ужо складзены лiст, падпiсаны старэйшымi насельнiкамi мястэчка, у якiм зварот да ўлады: «Калi хтосьцi ўчынiў гвалт, дык папраўце, вярнiце нам тое, што забралi!». На «круглым стале» гаварылi пра тое самае. Людзi (а прыйшлi ў асноўным пенсiянеры, якiя падпiсалiся пад тым пiсьмом, i настаўнiкi мясцовай школы) успамiналi пра тое, як вёсцы мянялi назву ў 64-м. Сабралi так званы сход iнтэлiгенцыi, расказалi пра тое, што вёска цяпер будзе звацца Вiшнявец i прапанавалi прагаласаваць «за». Ужо ўсё было вырашана да сходу, проста патрэбен быў пратакол як сведчанне самай дэмакратычнай савецкай дэмакратыi. Каб потым адным дакументам — Указам Прэзiдыума Вярхоўнага Савета ад 30 лiпеня 1964 года, сцерцi з картаў i адну, i другую Гавязну, i Сыроватку на маёй Койданаўшчыне, i Каты дзесьцi пад Бабруйскам, i Хахулькi каля Мiёраў, i Пузiкi паблiзу Горак... I дзесяткi, дзесяткi iншых беларускiх назваў, з якiх вярнулiся да жыцця толькi адзiнкi...

Гаварылi многа. Пра дзядоў i прадзедаў, якiя тут, у Гавязне, нараджалi дзяцей i будавалi дамы. Пра тое, як з гонарам звалi сваю радзiму — мястэчка Гавязна. Цытавалi словы тагачаснага — 60—70-х гадоў, старшынi райвыканкама Iвана Плахатнюка, якi ў сваёй кнiзе потым каяўся: «Прызнаюся, мы шмат на сябе ўзялi, калi сталi мяняць немiлагучныя назвы некаторых вёсак. Умешвацца ў гэты гiстарычны пласт было недаравальнай дурнотай. Самi награшылi, а цяпер плачам аб мiнулых часах»... Гаварылi пра тое, што назва, хутчэй за ўсё, паходзiць ад слова «гавець» (гавець — значыць верыць, гэта асаблiвы стан душы). Што гавязняне заўсёды апраўдвалi гэту назву: нават у часы цемрашальства, калi спрабавалi разбурыць мясцовую Прадцечанскую царкву ХVI стагоддзя, людзi леглi пад бульдозер i не далi зруйнаваць храм. Пра тое, што толькi чужынец можа ўбачыць у гэтай назве штосьцi немiлагучнае, што трэба пачынаць шукаць паходжанне слова ад годнасцi, а не наадварот... Гаварылi настаўнiкi. Аб тым, што не маюць маральнага права не падтрымаць вяртанне старой назвы. Аб тым, што разам з назвай у мястэчка можна вярнуць старыя традыцыi — Гавязнянскi кiрмаш грымеў калiсьцi на ўсё наваколле.

Гаварыла i ўлада. Загадчык раённага аддзела культуры Анатоль Грэкаў казаў пра тое, што Стаўбцоўшчына не вельмi багатая на дакументальныя гiстарычныя матэрыялы, што Гавязна — адна з нямногiх, якiя ў дакументах значацца, што ў раённым краязнаўчым музеi, якi рыхтуецца да адкрыцця, яна зойме пачэснае месца. Што мясцовая народная агiтбрыгада, якая хутка стане звацца народным тэатрам, ужо носiць iмя «Гавязнянка», i нiхто не бачыць у тым найменнi нiчога нi брыдкага, нi абразлiвага... Марыя Станкевiч, загадчык аддзела iнфармавання, узняла яшчэ адну праблему: перш чым вяртаць назву, трэба паклапацiцца аб вяртаннi статусу мястэчка. Бо калi Вiшнявец стане вёскай Гавязна, што ж рабiць тады Навапольцам, якiя былi вёскай Гавязна спрадвеку? (Дарэчы, пра адраджэнне мястэчка як адмiнiстрацыйнай адзiнкi нашай краiны гаворыцца шмат i на розных узроўнях, але пакуль, на жаль, безвынiкова. Хоць i Гальшаны, i Ракаў, i Новы Свержань дагэтуль iнакш як мястэчкамi не называюць)...

Гаварылi доўга, хораша i пераканаўча. Толькi вось... Каго было пераконваць? Настаўнiка фiзiкi, якi заўзяты прыхiльнiк новай назвы? Загадчыцу Дома культуры, якая прыехала жыць у Вiшнявец, таму з былой назвай яе не звязвае нiчога? Старшыню сельсавета, якая прыйшла сказаць, што яна асабiста i многiя iншыя супраць? Дзяўчатак са «Святаяннiка», якiя, як нi дзiўна, усе за Вiшнявец? З больш чым шасцiсот жыхароў вёскi на «круглы стол» з’явiлiся пераважна тыя, каму балiць, хто хоча вярнуць страчаную назву. I пераконвалi ў неабходнасцi зрабiць гэта фактычна самiх сябе, бо тыя «многiя iншыя», ад iмя якiх старшыня сельсавета гаварыла, проста не прыйшлi, хоць аб’ява на першай старонцы «раёнкi» была надрукаваная за некалькi дзён, i аб сходзе, як звычайна бывае ў вёсцы, хай сабе нават i ў былым мястэчку, ведалi, несумненна, калi не ўсе, дык большасць.

Можна сказаць, што быў будны дзень i людзi былi занятыя. Толькi вось мне здаецца (i прашу прабачэння ў жыхароў Вiшняўца, калi я памыляюся), што не занятасць тут прычынай, а абыякавасць. «Як ёсць, так i добра» — ад гэтай нашай пакорлiвай памяркоўнасцi часам хочацца завыць. Уся бяда ў тым, што, калi, як таго патрабуе закон, па Вiшняўцу зноў пойдзе апытанне, тыя, што не з’явiлiся, аднагалосна падпiшуцца супраць вяртання назвы. Не таму, што прынцыпова iм не падабаецца Гавязна. Многiя зробяць гэта, каб не ствараць сабе клопатаў: штамп у пашпарце мяняць i г.д. Вiшань у Вiшняўцы многа? Многа. От хай i будзе Вiшнявец. Харошая назва. I галоўнае — нiхто нiчога не падумае i нiякага брыдкага слова не прыпляце. А Гавязна — гэта ўжо мiнулае. Можна, калi ўжо старыя надта хочуць, камень якi на плошчы паставiць i напiсаць на iм, што калiсьцi тут мястэчка было. З такой-та назвай. Хопiць i гэтага...

Можна, канешне, спаслаўшыся на людскую недасведчанасць i рэлiктавасць назвы, вярнуць яе загадным шляхам. I ўсё было б да ладу: паабуралiся б i прывыклi, пад бульдозер бы, як за тую царкву, класцiся за Вiшнявец не сталi. Толькi чым мы будзем лепшыя за тых, хто мяняў Гавязну на Вiшнявец у 64-м? Рашэнне павiнны прымаць самi жыхары. А большасць з iх да гэтага, як нi круцi, яшчэ не гатовыя.

Здараецца, калi лесарубы сякуць дрэвы i знаходзяць на iх гнёзды з маленькiмi птушанятамi, шкадуючы малых, яны пераносяць тыя гнёзды на дрэвы, што не пойдуць пад сякеру. А птушаняты ўсё адно гiнуць — бацькi iх не знаходзяць на ранейшым месцы, а на iншым не пазнаюць. Гвалтоўна змянiўшы назву, цi не застаюцца людзi, як тыя птушаняты без бацькоў, без апекi сваiх продкаў, якiя проста не пазнаюць iх у паселiшчы з iншым iмем? Гэтыя словы дырэктара мясцовай школы Iвана Нарановiча многiя з тых, хто не прыйшоў, палiчылi б за сентыментальнае глупства. Але можна толькi радавацца за дзяцей, якiя ад свайго настаўнiка чуюць такiя словы. «Калi не мы, дык яны»,— пераканана гаворыць Iван Фелiксавiч. I, вы ведаеце, я яму веру.

Я калiсьцi ведала адну дзяўчынку, якая ў няпоўныя шаснаццаць у канцы 80-х напiсала поўныя гневу i жалю радкi:

О, Беларусь,

я прашу прабачэння

За ўвесь народ мой —

цёмны, гаротны.

Можа, калi-небудзь

мы зразумеем,

Усё зразумеем,

ды ўжо будзе позна....

Прайшло амаль пятнаццаць гадоў, i ўжо iншая дзяўчынка з вёскi Вiшнявец напiсала нешта падобнае:

Кажуць, мовы сваёй не трэба.

Без яе, маўляў, будзем жыць.

Толькi б мяса паболей i хлеба,

Ды грашыма кiшэнi набiць...

Прайшло пятнаццаць гадоў — i нiчога не змянiлася? Амаль нiчога. Але нараджаюцца на гэтай зямлi дзяўчынкi, якiя пiшуць такiя вершы. Значыць, не ўсё яшчэ страчана. I для мястэчка са старажытнай назвай Гавязна — таксама.

***

А «Iгуменскi тракт» — гэта якраз дарэчы. Горад Iгумен па-ранейшаму Чэрвенем застаецца. Цi стане калi Iгуменам зноў? Пытанне дазволю пакiнуць адкрытым. I, падазраю, надоўга.

Стаўбцоўскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каюся, грэшная: задумалася я пра тое, каб назву нашай рубрыкi, якой акурат у гэтыя днi тры гады спаўняецца, змянiць. Таму што назва гэта, здалося на н
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика