рашэнне канстытуцыйнага суда рэспублікі беларусь
Аб выплаце дзяржаўнай пошлiны асобамi, якiя абскарджваюць у судовым парадку адмову ў рэгiстрацыi хадайнiцтва аб прызнаннi бежанцамi i адмову ў прызнаннi бежанцамi
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот па пытанню аб тым, што замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiм было адмоўлена ў рэгiстрацыi хадайнiцтва аб прызнаннi iх бежанцамi i адмоўлена ў прызнаннi бежанцамi, не могуць рэалiзаваць сваё права на судовую абарону, паколькi дзеючая стаўка дзяржаўнай пошлiны з’яўляецца празмерным цяжарам для большасцi асоб, якiя звяртаюцца са скаргамi ў суд. Аналiз адпаведных палажэнняў Канстытуцыi, законаў i iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, мiжнародных прававых актаў паказвае наступнае. Артыкул 8 Канстытуцыi прадугледжвае, што Рэспублiка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства. Згодна з артыкулам 12 Канстытуцыi Рэспублiка Беларусь можа надаваць права прытулку асобам, якiя церпяць пераслед у iншых дзяржавах за палiтычныя, рэлiгiйныя перакананнi або нацыянальную прыналежнасць. На падставе Закона ад 4 мая 2001 г. Рэспублiка Беларусь далучылася да Канвенцыi аб статусе бежанцаў i Пратакола, якi датычыцца статусу бежанцаў, прынятых у адпаведнасцi з рэзалюцыямi Генеральнай Асамблеi ААН. У артыкуле 16 названай Канвенцыi вызначана, што кожны бежанец мае права свабоднага звароту ў суды на тэрыторыi ўсiх Дагаворных Дзяржаў (пункт 1); на тэрыторыi Дагаворнай Дзяржавы, у якой знаходзiцца яго звычайнае месцапражыванне, кожны бежанец будзе карыстацца ў адносiнах да права звароту ў суд тым жа становiшчам, што i грамадзяне, у прыватнасцi ў пытаннях юрыдычнай дапамогi i вызвалення ад забеспячэння выплаты судовых расходаў (пункт 2). У пункце 1 артыкула 29 дадзенай Канвенцыi вызначана, што Дагаворныя Дзяржавы не будуць абкладаць бежанцаў нiякiмi пошлiнамi, зборамi або падаткамi, акрамя або вышэй тых, якiя пры аналагiчных умовах збiраюцца або могуць збiрацца з уласных грамадзян. Замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства на тэрыторыi Беларусi карыстаюцца правамi i свабодамi i выконваюць абавязкi нароўнi з грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь, калi iншае не вызначана Канстытуцыяй, законамi i мiжнароднымi дагаворамi (артыкул 11 Канстытуцыi). У Рэспублiцы Беларусь дзейнiчае Закон «Аб бежанцах», у адпаведнасцi з часткай трэцяй артыкула 15 якога рашэннi i дзеяннi (бяздзейнасць) органаў дзяржаўнага кiравання i службовых асоб, звязаныя з выкананнем названага Закона, могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячы орган i (або) суд. Дадзеная норма адпавядае артыкулу 60 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, згодна з якой кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны, а таксама артыкулу 8 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека, якая абвяшчае, што кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымi нацыянальнымi судамi ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам. Згодна з пунктам 1 артыкула 2 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб дзяржаўнай пошлiне» дзяржаўная пошлiна збiраецца з iскавых заяў, заяў i скаргаў, падаваемых у суды, з касацыйных i наглядных скаргаў на судовыя пастановы, а таксама за выдачу судамi копiй дакументаў. Пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 26 лютага 1993 г. № 105 «Аб стаўках дзяржаўнай пошлiны», з наступнымi змяненнямi i дапаўненнямi, у прыватнасцi, устаноўлена, што дзяржаўная пошлiна са скаргаў, падаваемых у суд, на дзеяннi (бяздзейнасць) дзяржаўных органаў i iншых юрыдычных асоб, а таксама арганiзацый, якiя не з’яўляюцца юрыдычнымi асобамi, i службовых асоб, што ўшчамляюць правы грамадзян, збiраецца ў памеры пяцi мiнiмальных заработных плат. Са зместу артыкула 4 Закона «Аб дзяржаўнай пошлiне», што ўстанаўлiвае льготы па дзяржаўнай пошлiне для асобных катэгорый асоб, вынiкае, што асобы, якiм адмоўлена ў рэгiстрацыi хадайнiцтва аб прызнаннi iх бежанцамi i адмоўлена ў прызнаннi бежанцамi, не вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошлiны пры абскарджаннi рашэнняў органаў дзяржаўнага кiравання i дзеянняў (бяздзейнасцi) службовых асоб у суд. Такiм чынам, асобы пры падачы скаргi ў суд на рашэннi i дзеяннi (бяздзейнасць) органаў дзяржаўнага кiравання i службовых асоб, звязаныя з выкананнем Закона «Аб бежанцах», павiнны выплацiць дзяржаўную пошлiну ў памеры пяцi мiнiмальных заработных плат. Аналагiчны абавязак па выплаце дзяржаўнай пошлiны нясуць грамадзяне Рэспублiкi Беларусь пры звароце ў суд са скаргай на дзеяннi (бяздзейнасць) дзяржаўных органаў i службовых асоб, якiя ўшчамляюць правы грамадзян. Разам з тым неабходна адзначыць, што маёмаснае становiшча бежанцаў не заўсёды дазваляе iм выканаць ускладзены на iх заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь абавязак па выплаце дзяржаўнай пошлiны. Пастановай Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 20 чэрвеня 1995 г. № 314 «Аб фiнансаваннi затрат на аказанне дапамогi бежанцам», з наступнымi змяненнямi i дапаўненнямi, устаноўлены наступныя вiды i памеры грашовай дапамогi iншаземцам, якiя падалi хадайнiцтвы аб прызнаннi iх бежанцамi, а таксама бежанцам: аднаразовая дапамога пасля рэгiстрацыi хадайнiцтва аб прызнаннi бежанцам у памеры адной мiнiмальнай заработнай платы; дадатковая дапамога тым, хто мае вострую патрэбу ў перыяд разгляду хадайнiцтва аб прызнаннi бежанцамi: на харчаванне — у памеры адной мiнiмальнай заработнай платы на другi i трэцi месяцы мiграцыi, але не болей дзвюх мiнiмальных заработных плат за перыяд разгляду хадайнiцтва; на набыццё адзення — у памеры, якi не перавышае чатырох мiнiмальных заработных плат; на аплату пражывання ў арандаваных пунктах часовага пасялення — у памеры, якi не перавышае фактычны кошт аднаго ложка-месца па стаўцы мiнiмальнага тарыфу ў гасцiнiчнай гаспадарцы горада (раёна); аднаразовая дапамога пасля выдачы пасведчання бежанца ў памеры адной мiнiмальнай заработнай платы. Усе вiды грашовай дапамогi на дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, якiя з’яўляюцца членамi сямей iншаземцаў, што падалi хадайнiцтвы аб прызнаннi iх бежанцамi, а таксама бежанцаў, выплачваюцца аднаму з бацькоў або апекуну па iх заяве ў памерах, устаноўленых для асоб, што падалi хадайнiцтвы аб прызнаннi iх бежанцамi, i для бежанцаў (пункт 1). Са зместу прыведзенай нормы пастановы Кабiнета Мiнiстраў ад 20 чэрвеня 1995 г. № 314 вынiкае, што грашовая дапамога, выдаваемая iншаземцам, якiя падалi хадайнiцтвы аб прызнаннi iх бежанцамi, а таксама бежанцам, носiць, як правiла, разавы характар i яе памер значна нiжэй памеру дзяржаўнай пошлiны, якую неабходна выплацiць iншаземцу, асобе без грамадзянства пры падачы скаргi ў суд. Згодна з часткай трэцяй артыкула 5 Закона «Аб дзяржаўнай пошлiне» суд або суддзя мае права ўстанаўлiваць дадатковыя льготы ў частцы выплаты дзяржаўнай пошлiны па судовых справах для асобных грамадзян зыходзячы з iх маёмаснага становiшча. Аналагiчнае права змяшчаецца ў артыкуле 130 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь. У звароце ўказваецца, што суды Рэспублiкi Беларусь у рэдкiх выпадках вызваляюць асоб, якiя шукаюць прыстанiшча, ад выплаты дзяржаўнай пошлiны зыходзячы з iх матэрыяльнага становiшча. Паводле даных Дэпартамента па мiграцыi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь, па стану на 1 студзеня 2002 г. у Рэспублiцы Беларусь афiцыйна прызнаны бежанцамi 599 iншаземцаў; зарэгiстравана заяў — 900; адмоўлена ў прызнаннi бежанцамi — 120; разгляд спраў спынены — 97; заявы, якiя знаходзяцца ў працэсе разгляду, — 84. Усяго з 1998 г. з заявамi аб прызнаннi бежанцамi звярнулiся 2404 iншаземцы. У адпаведнасцi з часткай першай артыкула 5 Закона «Аб дзяржаўнай пошлiне» Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь мае права ўстанаўлiваць дадатковыя льготы па дзяржаўнай пошлiне. Памер дзяржаўнай пошлiны, якая збiраецца са скаргаў, падаваемых у суд, на дзеяннi (бяздзейнасць) дзяржаўных органаў i службовых асоб, што ўшчамляюць правы грамадзян, да 3 верасня 1999 г. складаў адну мiнiмальную заработную плату i ўсяго 20 працэнтаў мiнiмальнай заработнай платы да 18 лiпеня 1998 г. Пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 25 жнiўня 1999 г. № 1330 «Аб унясеннi змяненняў у стаўкi дзяржаўнай пошлiны» памер дзяржаўнай пошлiны па дадзенай катэгорыi спраў быў павялiчаны да пяцi мiнiмальных заработных плат. Нягледзячы на iснаваўшую неабходнасць павелiчэння памераў ставак дзяржаўнай пошлiны, што i было рэалiзавана пастановай Савета Мiнiстраў ад 25 жнiўня 1999 г. № 1330, у асобных выпадках могуць быць устаноўлены дадатковыя гарантыi i льготы ў адносiнах да вызначанай катэгорыi грамадзян, у прыватнасцi замежных грамадзян i асоб без грамадзянства, якiя абскарджваюць у судовым парадку адмову ў рэгiстрацыi хадайнiцтва аб прызнаннi iх бежанцамi i адмову ў прызнаннi бежанцамi, у мэтах забеспячэння гэтым асобам даступнасцi да правасуддзя. Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў адпаведнасцi з часткай першай артыкула 3 Закона «Аб дзяржаўнай пошлiне» ўстанаўленне ставак дзяржаўнай пошлiны знаходзiцца ў кампетэнцыi Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь. З улiкам выкладзенага i на падставе артыкула 7 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь», якi прадастаўляе права Канстытуцыйнаму Суду на ўнясенне прапаноў у дзяржаўныя органы, Канстытуцыйны Суд В Ы Р А Ш Ы Ў: 1. Прапанаваць Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь разгледзець пытанне аб знiжэннi памеру стаўкi дзяржаўнай пошлiны цi аб прадастаўленнi льготы па выплаце дзяржаўнай пошлiны асобам, якiя абскарджваюць у судовым парадку адмову ў рэгiстрацыi хадайнiцтва аб прызнаннi iх бежанцамi i адмову ў прызнаннi бежанцамi. 2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця. 3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам. Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь Р.А.Васiлевiч 15 студзеня 2002 г., г. Мiнск № Р-136/2002
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., с |
|