Чаму за малако разлiчваюцца не грашыма, а таварам?
Сяргей РАСОЛЬКА
«ГАРАЧЫ» ТЭЛЕФОН «ЗВЯЗДЫ» 268-27-41 Наша даўняя падпiсчыца з вёскi Шо Глыбоцкага раёна Яўгенiя Дыро звярнулася ў рэдакцыю з праблемай, якая хвалюе зараз многiх у iх мясцовасцi. Справа датычыць разлiкаў за здадзенае малако.«Раней хаця i дрэнна, але нейкiя грошы плацiлi. Зараз жа, не параiўшыся з насельнiцтвам, па ўсяму раёну выплату сродкаў перавялi на магазiны i аўталаўкi. Але там i асартымент не вельмi багаты, i цэны большыя, чым на рынку. А ў гаспадарцы патрэбна i «жывая капейчына», асаблiва тым, у каго, скажам, у сям’i студэнты. Чаму ж мы павiнны браць тавар замест грошай? Як доўга гэта будзе працягвацца? Асабiста я трымаю дзве каровы, зарплата ўсяго 60 тысяч рублёў. Як жыць?» — абуралася наша заяўнiца. Паводле слоў галоўнага дзяржаўнага iнспектара па закупках i якасцi сельскагаспадарчай прадукцыi ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Глыбоцкага райвыканкама Уладзiмiра Хмялеўскага, абурэнне людзей цалкам справядлiвае. Але гэта не прыхамаць мясцовай улады. Аблвыканкам яшчэ ў канцы лiпеня прыняў рашэнне аб арганiзацыi закупу малака ў насельнiцтва праз сiстэму спажывецкiх тавараў вобласцi. Маўляў, малочна-кансервавы камбiнат несвоечасова разлiчваўся ў сувязi са складанай фiнансавай сiтуацыяй, былi нараканнi на затрымку грошай, дык лепш перадаць закупку малака спажыўкааперацыi. Таму зараз насельнiцтва абавязана здаваць малако менавiта такiм чынам, а на заробленыя сумы браць тавары. Атрымаць «жывыя грошы» можна толькi ў выключных выпадках (чытай — у сувязi са смерцю некага з родных малаказдатчыкаў). Паводле слоў Уладзiмiра Хмялеўскага, насельнiцтва (асаблiва ў каго дзве i больш каровы — як у нашай заяўнiцы) сустрэла гэтае новаўвядзенне рэзка адмоўна. I мясцовыя ўлады падтрымлiваюць пазiцыю вяскоўцаў — у аблвыканкам ужо накiравана адпаведнае пiсьмо. Як лiчаць у райвыканкаме, такая сiстэма разлiкаў паставiць крыж на здачы насельнiцтвам малака, якое нядаўна лiтаральна ўгаворвалi здаваць яго. Ды i прапанаваная сiстэма створана толькi на паперы, на справе ж з-за шматлiкiх узгадненняў i складання папер яна яшчэ не працуе (калi ўвогуле гэтую справу можна назваць звыклай для спажывецкай кааперацыi). Таму пакуль застаецца чакаць адказу — магчыма, у аблвыканкаме ўсё ж прыслухаюцца да меркаванняў насельнiцтва i мясцовай улады.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша даўняя падпiсчыца з вёскi Шо Глыбоцкага раёна Яўгенiя Дыро звярнулася ў рэдакцыю з праблемай, якая хвалюе зараз многiх у iх мясцовасцi. Справа да |
|