Змагар за беларускiя землi
Анатоль МЯСНIКОЎ, кандыдат гiстарычных навук
АСОБА: ЛЁС, СПРАВЫ, ЧАС У гiсторыi Вялiкага княства Лiтоўскага, у якой па-ранейшаму так многа «белых плям», князь Вiтаўт займае самае што нi ёсць ганаровае месца. Менавiта падчас яго княжання, якое доўжылася 38 гадоў (1392—1430), ВКЛ стала найбуйнейшай тагачаснай еўрапейскай дзяржавай.Хаця, уласна кажучы, умовы для гэтага былi не самыя спрыяльныя. Умовы як знешнiя, так i ўнутраныя. I перш за ўсё — з-за пастаяннай i моцнай нямецкай агрэсii. Ды i дыпламатычная экспансiя Польшчы з мэтай аб’яднання з Вялiкiм княствам у адну дзяржаву плюс зусiм неабгрунтаваныя прэтэнзii Маскоўскага вялiкага княства на спрадвечныя беларускiя землi давалi аб сабе знаць. На шляху да вялiкакняжацкага пасада Вiтаўт, народжаны ў 1350-м, доўгiя гады змагаўся са сваiм стрыечным братам Ягайлам, сынам Альгерда. Тым самым Ягайлам, якi ў 1382 годзе забiў бацьку Вiтаўта — Кейстута. Вiтаўт трапiў да Ягайлы ў палон, быў пасаджаны ў Крэўскi замак, аднак змог уцячы з-пад варты. I каб адпомсцiць стрыечнаму брату, ён iдзе на саюз з Ордэнам крыжаносцаў, прымае каталiцтва. Тут жа становiцца васалам Тэўтонскага ордэна, у 1384-м уступае яму Жамойцiю. Праўда, неўзабаве Вiтаўт зразумеў: у змаганнi з Ягайлам няма анiякай перспектывы. Тым больш, што ў 1385 годзе той становiцца польскiм каралём i яшчэ больш пашырае сваю ўладу. Вiтаўт iдзе на прымiрэнне. Атрымаўшы ад Ягайлы Берасце i Гародню, большасць насельнiцтва якога тады спавядала праваслаўе, у гэту веру пераходзiць i сам Вiтаўт. Але зноў жа ненадоўга: у тым жа 1385-м разам з Ягайлам i iншымi князямi валадар Гарадзенскi, Трокскi i Берасцейскi, так бы мовiць, вяртаецца ў каталiцтва. Здарылася гэта падчас заключэння Крэўскай унii. У 1388 годзе Вiтаўт, перакананы ў вялiкай небяспецы Крэўскай унii для Вялiкага княства Лiтоўскага, а найбольш, хутчэй за ўсё, незадаволены i пакрыўджаны прызначэннем Ягайлам сваiм намеснiкам у ВКЛ Скiргайлы, пачаў, а па сутнасцi i ўзначалiў, барацьбу феадалаў Вялiкага княства супраць Ягайлы. Ён вядзе перамовы, а потым i заключае саюз з вялiкiм князем маскоўскiм Васiлём I, што падмацоўвае выданнем за яго сваёй дачкi Соф’i. У 1392 годзе ён нарэшце дамагаецца свайго. Больш чым двухгадовая настойлiвая i жорсткая барацьба заканчваецца заключэннем Востраўскага пагаднення, у адпаведнасцi з якiм Вялiкае княства Лiтоўскае на прававой аснове аднавiла сваю самастойнасць, хаця падчас Крэўскай унii яна i не была страчана фактычна. Вiтаўт становiцца вялiкiм князем ВКЛ. Аднак змаганне за ўладу, за княжацкi трон не спыняецца нi на iмгненне. Лiтаральна адразу ж супраць Вiтаўта паўстаюць князi Дзмiтрый з Северска, Фёдар з Падолля i Свiдрыгайла з Вiцебска. Заклiкаўшы на падмогу палякаў, вялiкi князь ВКЛ атрымаў над iмi перамогу. Ён не толькi ўзяў iх у палон, адабраў iхнiя ўдзельныя гаспадараннi, але i паспрыяў тым самым умацаванню Вялiкага княства Лiтоўскага ў цэлым. Па прыкладу Альгерда Вiтаўт вёў палiтыку ВКЛ i дастасавальна да Смаленскай, Пскоўскай i Ноўгарадскай зямель. Так, скарыстаўшы мiжусобную барацьбу смаленскiх князёў, ён у 1395 годзе заняў Смаленск, падпарадкаваў яго Вялiкаму княству, пакiнуўшы там свайго намеснiка. Яшчэ праз тры гады — у 1398-м — Вiтаўт убачыў i адчуў, што ёсць магчымасць займець уладу i над Ноўгарадам: папалохаўшы яго вайсковым уварваннем, ён дабiўся прызнання тамтэйшымi князямi ягонай вярхоўнай улады. Ды не ўсё было так светла i бясхмарна на гарызонце ўладання князя Вiтаўта. У перадапошнiм годзе ХIII стагоддзя — 1399-м — ён выступiў саюзнiкам беглага татарскага князя Тахтамыша ў мiжусобнай вайне i пацярпеў нечаканае паражэнне ў вядомай бiтве на Ворскле. Смаленск i Ноўгарад не маглi не скарыстаць гэту няўдачу нязванага гаспадара i ўзнялi бунт супраць вялiкага князя ВКЛ. Аднак палякi, бачачы i выдатна разумеючы непавагу большасцi насельнiцтва Вялiкага княства Лiтоўскага да Крэўскай унii, перайшлi тады да тактыкi павольнай дыпламатычнай экспансii. Пад iх прымусам у 1401 годзе заключаецца Вiленска-Радамская унiя, паводле якой ВКЛ i Польшча абавязваюцца разам дзейнiчаць супраць знешнiх ворагаў. Больш за тое, у адпаведнасцi з унiяй польскiя феадалы абавязвалiся ў выпадку смерцi Ягайлы не выбiраць караля без згоды феадалаў Вялiкага княства Лiтоўскага, пацвярджалася i права вялiкага князя Вiтаўта на самастойнае кiраванне ВКЛ. Праўда, прызнавалiся i спадчынныя правы Ягайлы, якi ў акце унii названы «найвышэйшым князем лiтоўскiм». Вiленска-Радамскай унiяй быў юрыдычна замацаваны саюз раўнапраўных дзяржаў — ВКЛ i Польшчы — падчас барацьбы з нямецкай агрэсiяй. А яшчэ раней — у 1404-м — Вiтаўт з дапамогай палякаў уцiхамiрыў Смаленск. Ноўгарад жа, падтрыманы Маскоўскiм княствам, наадварот пазбавiўся ягонай улады. У барацьбе за гэту ўплывовую зямлю ён тройчы хадзiў на Маскву. Падчас апошняга паходу, у 1408 годзе, войскi Вiтаўта i маскоўскага князя Васiля I сышлiся на рацэ Угры, аднак, не пачынаючы паядынку, князi заключылi мiрнае пагадненне i вызначылi мяжу памiж сваiмi ўладаннямi па гэтай рацэ. Жадаючы вярнуць пад сваю ўладу Жамойцiю i перамагчы Тэўтонскi ордэн, Вiтаўт у цесным супрацоўнiцтве з Ягайлам настойлiва рыхтаваў паход аб’яднаных войскаў Вялiкага княства Лiтоўскага i Польскага каралеўства супраць крыжаносцаў. У вынiку перамогi ў Грунвальдскай бiтве 1410 года i заключэння Тарунскага мiру ў наступным, 1411 годзе Жамойцiя была вернута ў склад ВКЛ. Арыентуючыся на Польшчу, князь Вiтаўт не супраць быў мець i самастойнасць, незалежнасць ад каго-небудзь... Двойчы — у 1429 i 1430 гадах — ён спрабаваў атрымаць ад папы рымскага каралеўскую карону i тытул караля, аднак польскiя ўладары, натуральна ж, рабiлi ўсё, каб не дапусцiць гэтага. I, тым не менш, як справядлiва зазначаў вядомы даследчык нашай даўнiны Мiкалай Iванавiч Ермаловiч, «як i ў ранейшыя часы, так i пры Вiтаўце, федэратыўнае Вялiкае княства Лiтоўскае найперш вызначалася як беларуская дзяржава». Памёр князь ВКЛ Вiтаўт у 1430-м, у 80-гадовым узросце.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гiсторыi Вялiкага княства Лiтоўскага, у якой па-ранейшаму так многа «белых плям», князь Вiтаўт займае самае што нi ёсць ганаровае месца. Менавiта па |
|