Лепшыя прызы — улюбёным у газетуРЭПАРТАЖ З КОЛАЎ У герояў кiнафiльма «Iронiя лёсу, альбо З лёгкай парай!» iснавала добрая традыцыя: штогод 31 снежня хадзiць у лазню. У нас у «Звяздзе» таксама iснуе добрая традыцыя: кожны квартал (а гэта ў чатыры разы часцей!), падводзячы вынiкi падпiскi, разыгрываць прыемныя прызы. I суперпрызы: каляровы i чорна-белы тэлевiзары «Вiцязь». Каму яны выпадуць, вырашаюць не супрацоўнiкi рэдакцыi, а лёгкая рука чалавека незацiкаўленага (кагосьцi з чытачоў, з прадстаўнiкоў разнастайных прадпрыемстваў) i... лёс. Хаця апошнi, варта адзначыць, рэдка памыляецца. Колькi выязджаў наш невялiчкi «звяздоўскi» дэсант — дастаўляць тыя самыя прызы, — кожны раз мы пераконвалiся, што падарункi атрымлiваюць не проста цяперашнiя падпiсчыкi «Звязды», а даўнiя, захопленыя, верныя, калi хочаце, нават улюбёныя ў газету чытачы. Аднак давайце пра ўсё па парадку.Гэтым разам абодва тэлевiзары «пакацiлiся» разам з намi на Гомельшчыну: адзiн (каляровы) у Жлобiн, другi (чорна-белы) непасрэдна ў Гомель. I зноў трапiлi, як кажуць, «у яблычак». ДЗЕНЬ ПЕРШЫ, ЖЛОБIН ...Жлобiнскi раён з насельнiцтвам 107 тысяч чалавек — другi ў вобласцi, пасля Калiнкавiч, па падпiсцы. Але справа нават не ў падпiсных паказчыках, а ў стаўленнi тутэйшых чытачоў i паштавiкоў да газеты. Складвалася такое ўражанне, што на раённым аддзяленнi сувязi нас чакалi з самага ранку, а то i з вечара, каб пабачыць на свае вочы, хто прыедзе i што скажа. Пакуль мужчынская частка «звяздоўцаў» у аўральным тэмпе ўпрыгожвала ўтульнае памяшканне пошты фiрменнымi шарыкамi-каляндарыкамi (свята ж, павiнен быць адпаведны выгляд!), прысутныя — збольшага жанчыны i дзяўчаты — зацiкаўлена пыталiся: «Скажыце, а хто з журналiстаў прыехаў? Ой, а мы ж так вас любiм, так чытаем!». У чарговы раз просячы прабачэння, што дэсант наш невялiчкi, бо нельга дзесятку людзей адразу выпадаць з рэдакцыйнага жыцця, расказвалi, як выглядаюць калегi, як з iмi можна непасрэдна звязацца i пагутарыць (паверце, нам вельмi важна чуць i пахвалу, i крытыку не толькi ад начальства, але i ад чытачоў, якiя ведаюць стан спраў «на месцах» i часта падказваюць злабадзённыя дый проста цiкавыя тэмы)... — Я да iнтэрв’ю не рыхтаваўся, — разгубiўся падчас уручэння «Вiцязя» Канстанцiн Канстанцiнавiч Давыдоўскi, — што казаць, нават не ведаю... Канешне, падпiсчык я даўнi («больш як 15 гадоў выпiсваем», — падказала жонка), але выйгрыш лiчу цалкам справай выпадку. Удачу я звычайна адчуваю, iнтуiтыўна ведаю, будзе добра цi дрэнна. Але ў гэты раз — манiць не буду — проста была траўмiравана нага, я сядзеў дома, i жонка параiла запоўнiць ды выслаць купон. А там ужо, бач, студэнтка Юлечка выцягнула са стоса прэтэндэнтаў мой канверт... Прыемна, што i казаць. (Па сакрэту Канстанцiн Канстанцiнавiч, дарэчы, прызнаўся нам, што ў студзенi адзначыў 65-годдзе. Так што «Вiцязь», хоць i з некаторым спазненнем, можна лiчыць юбiлейным падарункам.) Без падарункаў насамрэч не застаўся на той сустрэчы нiводны з прысутных. I адным з сюрпрызаў стала выступленне калектыву мастацкай самадзейнасцi Жлобiнскага раённага вузла сувязi. Iснуе група надзвычай галасiстых спявачак, створаная па iнiцыятыве прафкама i адмiнiстрацыi, ужо больш як 5 гадоў. «Акрамя ўласна калектыву, якiм кiруе старшыня прафкама Нiна Ражкова, у нас ёсць яшчэ падшэфная школа №1 — i адтуль мы перыядычна запрашаем таленавiтых дзяцей, на 8 Сакавiка i Сусветны дзень пошты ладзiм канцэрты, — расказвае начальнiк аддзялення сувязi Аляксандр Пiлiпенка. — Па дагавору запрашаем з музычнай школы гарманiста, з якiм нашы дзяўчаты вельмi добра спелiся. Калектыў нават меў гонар прадстаўляць галаўное прадпрыемства, аблпошту, на рэспублiканскiх спаборнiцтвах у Мiнску. Ды i ўвогуле супрацоўнiцы нашы — людзi таленавiтыя i працавiтыя. От каб вы прыехалi да нас на конкурс прафесiйнага майстэрства, дзе яны спаборнiчаюць у намiнацыях «Вырашчаны на градах цуд», «Арыгiнальныя вырабы з газет», то пераканалiся б, што i выдумка, i залатыя рукi ў нашых дзяўчат!». Ад iмя выязнога журналiсцкага дэсанту яшчэ дадам: i галасы ва ўдзельнiц самадзейнасцi залатыя — куды там Баскаву! Калi яшчэ болей стануць спяваць па-беларуску, то мы назаўжды станем прыхiльнiкамi жлобiнскага калектыву... Пытаннi невялiчкай вiктарыны, задуманай для розыгрышу разнастайных дробных прызоў, жлобiнскiя падпiсчыкi шчоўкалi, як семкi. А чаму iм не даваць правiльныя адказы, калi са «Звяздой» лiтаральна кожны другi знаёмы больш як 10 гадоў! Таму i не сумняваюцца нiколi, што лепш: цi выпiсаць газету, цi зэканомiць. Наша пастаянная чытачка i аўтарка адной з рубрык Наталля Андрэеўна Барановiч такiя цёплыя ўхвальныя словы знайшла, што, каб не ведалi прысутныя па ўласнаму вопыту шчырасць гэтых слоў, можна б было палiчыць прамову «падстаўной» i загадзя вывучанай: «Праз вашу газету, перакананы мой муж, даходзяць да людзей звесткi пра гiсторыю роднай краiны. А мне асабiста падабаецца ўсё: i разнастайна, i цiкава, i нават красворды ў «Звяздзе» нашмат разумнейшыя, чым у многiх iншых газетах!». Самога сябе хвалiць — справа няўдзячная. А вось слухаць — не камплiменты, а праўду — бясконца прыемна... ДЗЕНЬ ДРУГI, ГОМЕЛЬ Гомельская падпiсчыца — уладальнiца другога «Вiцязя» — Лiлiя Яўгенаўна Новiкава працуе ў беларускай славянскай гiмназii iмя Мележа, дзе педагогi i вучнi ўжо добры дзесятак гадоў гавораць выключна па-беларуску. Так што нашу газету яна выбрала не выпадкова, скажам так, з пункту гледжання прафесiянала. Зараз Лiлiя Яўгенаўна ў дэкрэтным водпуску (старэйшаму сыну ўжо 16, а меншаму толькi годзiк, — яго i даводзiцца пiльна даглядаць). На людзi, кажа, даўно не выходзiла, так што гэты вiзiт на пошту быў своеасаблiвай нагодай на людзей паглядзець ды сябе паказаць. Ну, i сказаць колькi слоў тым, хто сумняваецца, што «Звязда» прыносiць удачу. — Даведалiся мы пра выйгрыш пад Новы год, так што падарунак быў удвая прыемнай навiной. «Звязда» ўвогуле нашу сям’ю — яшчэ i свёкар мой яе выпiсвае — заўсёды прыемна радуе. Там многа рубрык, якiя дапамагаюць мне ў працы: «Анталогiя беларускай песнi», «Радзiннае», «Коладзённiк» — нiдзе больш нiчога падобнага не сустракала! Першая паласа ваша надзвычай падабаецца, бо i каляровая, i iнфармацыйна насычаная, i заўжды карысная. Я, можа, хвалююся, не ўспомню адразу ўсе цiкавыя рубрыкi, але адно хачу на заканчэнне сказаць: зараз паўсюль iдзе рэклама «Купляйце беларускае!». Вось i я раю: падпiсвайцеся — на наша, беларускае! «Праграму» ў Гомелi таксама падтрымлiваў калектыў мастацкай самадзейнасцi — на гэты раз з УП «Гомельаблпошта». Што прыемна ўразiла, спявалi шчыра i па-беларуску — i тым самым найлепшым чынам адпавядалi настрою прысутных. Падпiсчык з дзесяцiгадовым стажам Леанiд Назаравiч Мацкевiч пазычыў нам доўгага жыцця, крышку пакрытыкаваў за сёе-тое, збольшага пахвалiў. Выкладчык Гомельскага дзяржунiверсiтэта iмя Ф.Скарыны Уладзiмiр Яўгенавiч Пашук, якi жыве з уласнай «Звяздой» ужо 30 гадоў, прыгадаў, што i з нашай газетай, i з самастойнай яшчэ «Чырвонай зменай» некалi супрацоўнiчаў — тут упершыню апублiкаваў на рэспублiканскiм узроўнi свае вершы. Раiса Сцяпанаўна Васiльева напiсала ў адказ на вершаванае запрашэнне, якое паштальёны разаслалi ўсiм без выключэння падпiсчыкам, свой адказ: Сёння мы прыйшлi на пошту — i не пытайцеся, навошта. Бо з цiкаваю газетай люба нам спатканне гэта. Дзякуй вам, што запрасiлi, з намi раiцца рашылi. Усе мы — вашы чытачы, i рады вам дапамагчы! Я да чаго ўсё гэта пераказваю: не для таго, каб ускосна сцвердзiць, якiя мы цудоўныя i надзвычайныя, як нас паўсюдна любяць. Не. Проста вельмi радуе, калi ў людзей са «Звяздой» звязаны самыя лепшыя, прыемныя, светлыя моманты жыцця. Гэта значыць мы не дарэмна працуем. Значыць, не раз i не два, калi выпадзе нагода, завiтаем i ў Жлобiн, i ў Гомель, i паўсюль, дзе жывуць нашы — падпiсчыкi, чытачы, сябры... Mожа, заўтра «звяздоўскi» дэсант прыедзе i ў ваш горад! Вiкторыя ЦЕЛЯШУК, Валянцiна ДОЎНАР, Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У герояў кiнафiльма «Iронiя лёсу, альбо З лёгкай парай!» iснавала добрая традыцыя: штогод 31 снежня хадзiць у лазню. У нас у «Звяздзе» таксама iснуе д |
|