21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Смерць нада мной пралятала — ды не зачапiла...»

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наталля КАРПЕНКА

(АФГАНСКIЯ БУДНI КОНТРРАЗВЕДЧЫКА)

Прызнаюся шчыра: рэдакцыйнае заданне — напiсаць пра славутага ваеннага контрразведчыка ў Афганiстане, легендарнага «опера» Васiля Стэльмаха — успрыняла з пэўнай доляй насцярожанасцi... Да гэтага часу ўяўленне аб «байцах нябачнага фронту», дзякуючы фiльмам накшталт «Семнаццацi iмгненняў вясны» i «Памылкi рэзiдэнта», складвалася даволi стэрэатыпнае: разведчыкi — людзi з крэменю i сталi, больш падобныя на жывыя манументы самiм сабе, з куленепрабiвальнымi нервамi i пiльным позiркам.

Але жыццё для таго i даецца, каб развенчваць пэўныя стэрэатыпы... Па-першае, палкоўнiк Стэльмах, начальнiк навукова-даследчага аддзела Iнстытута нацыянальнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь, кавалер двух ордэнаў Чырвонай Зоркi i афганскага ордэна Славы, аказаўся не «манументам», а жывым i надзiва адкрытым чалавекам. Па-другое, вельмi маладым для пачэснага звання «ветэран». (Хаця што тут дзiўнага? Многiм удзельнiкам вайны ў Афганiстане летась «стукнула» 33...) Мы дамовiлiся, што размова пра «афганскiя буднi разведчыка» будзе шчырай. Ва ўсялякiм разе настолькi, наколькi гэта магчыма...

НОЧ НА ЗБОРЫ

— У 80-м я быў оперупаўнаважаным асобага аддзела вучэбнай дывiзii Беларускай ваеннай акругi ў Печах пад Барысавам. Аднойчы пад вечар выклiкалi мяне да начальства. Паведамiлi, што ў Афганiстан накiроўваецца воiнская часць. Спыталi: «Паедзеш?». Гэта не было загадам, але адмовiцца я не мог — афiцэр павiнен служыць там, дзе ў дадзены момант патрэбен радзiме, дзяржаве. Для гэтага яна нас i рыхтавала.

У Барысаве мы жылi разам з жонкай. Канешне, яна разумела, куды мяне накiроўваюць. Мы абое ведалi, што гэтыя некалькi гадзiн, дадзеныя мне на зборы, могуць стаць апошнiмi ў нашым сумесным жыццi...

Ранiцай выехаў у Полацк, дзе фармiравалася воiнская часць для адпраўкi ў Афганiстан. Што я ведаў пра гэту краiну?.. Зусiм няшмат. Красавiцкая рэвалюцыя, якая павiнна была ўсталяваць у ДРА сацыялiстычны лад жыцця i дэмакратыю, на самай справе не была пазбаўленая перагiбаў, несла рэпрэсii i разбурэннi. Рэвалюцыянеры хацелi пабудаваць сацыялiзм у краiне, дзе доўгi час кiравала духавенства, дзе яшчэ захавалiся родаплемянныя адносiны. У вынiку ўзнiк апазiцыйны рух, якi на поўную моц супрацiўляўся ўсталяванню сацыялiзму. Урадавым войскам неабходна была дапамога... У гэту краiну я i прыехаў як ваенны контрразведчык.

ПА ТОЙ БОК МЯЖЫ

Лейтэнанта Васiля Стэльмаха прызначылi оперупаўнаважаным асобага аддзела мотастралковага палка, якi потым стаў 66-й брыгадай. У той час полк вызваляў ад душманаў паўночныя правiнцыi краiны. На момант уводу савецкiх войскаў бандфармiраваннямi мяцежнiкаў была занята большая частка тэрыторыi ДРА. Афганская рэвалюцыя знаходзiлася ў небяспецы i чакала дапамогi з боку СССР.

— Дарэчы, у той час вялося шмат спрэчак вакол правамернасцi ўводу ў Афганiстан нашых войскаў, не сцiхаюць яны i сёння. Ад сябе скажу, што гэты крок нельга ацэньваць адназначна. Асуджаць лёгка... Але тады нам неабходна было процiстаяць Злучаным Штатам Амерыкi i вытрымаць гэта процiстаянне... Дарэчы, менавiта ў 70—80-х на тэрыторыi Афганiстана Савецкая Армiя ўпершыню сутыкнулася з мiжнародным тэрарызмам. Далёка не ўсе так званыя «душманы» былi фанатыкамi, змагалiся «за iдэю» — многiя iшлi ў банды, спакусiўшыся магчымасцю лёгкай здабычы. Бандфармiраваннi ў Афганiстане з зайздроснай шчодрасцю фiнансавалiся спецслужбамi ЗША, Саудаўскай Аравii, Пакiстана i iншых краiн. Калi б не iх грошы, са сваёй апазiцыяй афганскiя ўлады справiлiся б самi.

Што ўваходзiла ў абавязкi контрразведчыка? Выяўляць дыверсантаў, шпiёнаў працiўнiка, здраднiкаў з лiку нашых грамадзян (спакушэнне немаленькай сумай у доларавым эквiваленце вытрымлiвалi, на жаль, не ўсе). Органы ваеннай контрразведкi не толькi прадухiлялi воiнскiя i агульнакрымiнальныя злачынствы, але i займалiся разведвальнай работай, шукалi i збiралi iнфармацыю аб бандфармiраваннях — iх месцазнаходжаннi, структуры, баявой падрыхтоўцы, складах са зброяй, планах па правядзенню баявых аперацый i тэрарыстычных актаў супраць нашай армii i мiрных жыхароў.

— Адносiны з апошнiмi складвалiся ў нас па-рознаму. Мясцовае насельнiцтва стамiлася ад грамадзянскай вайны, многiя спадзявалiся, што з уводам савецкiх войскаў яна нарэшце скончыцца... Памятаю, як аднойчы ў правiнцыi Кунар мы праводзiлi аперацыю супраць буйнога бандфармiравання. Знiшчыўшы яго, вярталiся назад. I ў кожным населеным пункце, ля кожнага дома нас вiталi мясцовыя жыхары ў святочным адзеннi. Яны спынялi салдатаў, браталiся з iмi, запрашалi ў госцi. Паўсюдна былi вывешаны чырвоныя сцягi... Праз нейкi час мы зноў трапiлi ў гэта паселiшча. Шмат дамоў было спалена. Сем’i — тыя, хто выказваў сiмпатыю савецкiм i ўрадавым афганскiм войскам, — расстраляныя... Чырвоныя сцягi я бачыў потым усё радзей. Людзi хоць i прыхiльна ставiлiся да нас, але баялiся за сваё жыццё.

У гарадку Кiшым, якi мы таксама занялi, душманы, збягаючы, згвалтавалi ўсiх дзяўчынак i жанчын, сказаўшы, што «прыйдуць няверныя — усё роўна вас згвалтуюць». Да нас потым падыходзiлi афганскiя мужчыны — плакалi ад бяссiлля i крыўды...

СЯМI СМЕРЦЯМ НЕ БЫВАЦЬ...

— Не верце тым, хто гаворыць, што ў Афгане не ведаў страху, — гэта проста бравада. Я, напрыклад, больш за ўсё баяўся цiшынi, напружанага чакання, ледзь чутнага шоргату за кустамi i каменнем... У баi ж усё было звычным i зразумелым. Або ты iх, або яны цябе... Памятаю, як падчас аднаго бою мы з маiм саслужыўцам, украiнцам Сашам Стоўбам (пазней яму прысвоiлi званне Героя Савецкага Саюза — пасмяротна) развярнулi БМП i з-за яе пачалi страляць па мяцежнiках... Я нахiлiўся, каб набiць ражок патронамi. Падымаюся i бачу: на жалезцы БМП, акурат на ўзроўнi маёй галавы — дзiрка ад кулi, якая, па ўсiм вiдаць, вылецела з-за спiны... Расстраляўшы патроны, зноў нахiлiўся да зямлi, набiў ражок... Узнiмаюся — побач з першай дзiркай бачу ўжо другую. Значыць, нехта дакладна страляе з другога боку. «Саша, — звяртаюся да Стоўбы, — нас ззаду б’юць!» А ў яго якраз шлемафон быў, дзякуючы якому можна было з экiпажам БМП перамаўляцца. Камандзiр даў нашаму аператару-наводчыку загад развярнуцца на 180 градусаў. I калi «дух» у чарговы раз пачаў страляць, прамой наводкай па iм i шандарахнулi...

Пасля гэтага бою зампалiт роты старшы лейтэнант Томчык (родам, дарэчы, са Слонiма) паказваў мне сваю каску: у яе папала куля, але зрыкашэцiла... Кажа, адчуванне было такое, быццам кувалдай па галаве лупанулi.

Смерць нада мной пралятала — але, дзякуй Богу, не зачапiла, застаўся жывы. Толькi некалькi разоў моцна хварэў — на тыф i гепатыт... Заразiцца там было — раз плюнуць. Харчавалiся ў 40-й армii ў пачатку 80-х тым, што было з сабой: кансервамi, макаронай, крупамi... Надакучвала гэта ўсё, асаблiва на гарачынi — жудасць. Падчас баявых аперацый iшоў у ход сухi паёк, але пры пераходзе цераз горы яго часта выкiдвалi — iмкнулiся лепш узяць болей патронаў... Напружанасць з вадой была пастаянная, не хапала яе катастрафiчна.

У гарах уначы холадна, а ўдзень — спякота. Не вытрымлiвалi — пiлi ваду з рэчкi. Нам давалi спецыяльныя абеззаражвальныя таблеткi, але яны мала дапамагалi. Кожную ранiцу верталёты, што прывозiлi гарачую ежу, забiралi з сабой, на «вялiкую зямлю», 10—15 хворых. Нашы шарэнгi паступова радзелi. Але гэта мала каго стрымлiвала ад жадання папiць хоць адкуль-небудзь. Бывала, прыпадзеш да вады, нап’ешся i iдзеш сабе далей. А праз некалькi метраў заўважаеш, што ў вадзе боўтаецца, зачапiўшыся за камень, труп жывёлiны цi душмана, — увесь распухлы ад вiльгацi i гарачынi...

НА ВАЙНЕ ЯК НА ВАЙНЕ

У пачатку 80-х душманы, як правiла, мелi буйныя бандфармiраваннi — i нам было прасцей. Можна было прымяняць супраць iх усю моц тэхнiкi, зброi, авiяцыi... Пазней яны зразумелi гэта i пачалi дзейнiчаць дробнымi групкамi — хавалiся ў каменнях, раслiнах, норах, перапаўзалi з гары на гару, як павукi... Колькi iх было? Цяжка сказаць. Бандфармiраваннi пастаянна падпiтвалiся з-за мяжы. Асноўныя спецшколы па падрыхтоўцы знаходзiлiся на тэрыторыi Пакiстана. У iх, як правiла, вербавалi афганскiх бежанцаў, абяцаючы залатыя горы. I сапраўды разлiчвалiся — амерыканскiмi доларамi — за падрыўную дзейнасць супраць савецкiх ваеннаслужачых.

— За што ў Афганiстане контрразведчыкам давалi ўзнагароды? За вынiковасць работы. Самым лепшым вынiкам лiчылася выратаванне чужых жыццяў шляхам прадухiлення аперацый працiўнiка. А для гэтага неабходна было своечасова выяўляць асоб, якiя кантактавалi з бандамi i замежнымi спецслужбамi.

Так атрымалася, што падчас баявых дзеянняў у Кунары загiнула шмат хлопцаў з нашага батальёна. Пачалi высвятляць: што i як, цi не было ўцечкi iнфармацыi? Бо той бой быў не зусiм звычайны. Раней мы заганялi «духаў» у горы, дзе яны распаўзалiся ў розныя бакi. А тут вырашылi, што дэсантуем зверху яшчэ адзiн батальён, якi закрые iм шлях да адступлення...

I вось — няўдача. Было зразумела, што душманы загадзя ведалi пра наш баявы план. Адкуль? У вынiку спецаперацыi мы знайшлi дакументы мяцежнiкаў, дзякуючы якiм стала вядома iмя здраднiка. Iм аказаўся начальнiк штаба афганскай дывiзii ў Кунары...

Калi «прадавалiся» нават штабныя камандзiры i чыноўнiкi высокага рангу, што было казаць пра простых смяротных — звычайных афганцаў, якiя ў пераважнай большасцi жылi бедна?

Размаўляю неяк з афганскiм салдатам, якi самым добрасумленным чынам служыць на баку ўрада. Але тэрмiн службы ў яго заканчваецца. Пытаюся: а што далей? Адказвае: у банду пайду. Мне жанiцца хочацца, а жонка дорага каштуе.

Значыць, трэба самому прадац-ца як мага даражэй...

ДАВАЙ ЗА IХ, ДАВАЙ ЗА НАС...

— Самыя добрыя ўспамiны, самыя цёплыя пачуццi звязаны ў мяне менавiта з пачаткам 80-х. Самы лепшы калектыў — гэта калектыў 3-га мотастралковага батальёна 66-й мотастралковай брыгады... Менавiта вайна мабiлiзоўвала людзей на праяўленне самых лепшых чалавечых якасцяў. Там жыццё кожнага залежала ад усiх астатнiх, i мы пра гэта памяталi заўсёды. Прыкладаў магу прывесцi колькi заўгодна. Вось iдзе бой, «прачосваем» цяснiну... А яна ўсё звужаецца. Зразумеўшы, што «духi» проста заманьваюць нас углыб, вырашаем спынiцца i вярнуцца назад. Адступаем, выходзiм з цяснiны i раптам бачым: няма кулямётнага ўзвода! Аказваецца, да яго не дайшла каманда адступаць, i хлопцы занялi баявую пазiцыю. Не доўга думаючы, батальён разварочваецца i бяжыць назад, у цяснiну — сваiх выручаць... А на паўдарогi сустракаем той узвод у поўным складзе, жывы i здаровы, ды яшчэ з трафейнай зброяй. Аказваецца, калi батальён пачаў адыходзiць, душманы кiнулiся яму наперарэз, не заўважыўшы нашых кулямётчыкаў. I тыя скасiлi «духаў» ледзь не ва ўпор.

...Як нi дзiўна, вярнуўшыся праз год, у 81-м, дадому, я адчуў нешта накшталт настальгii па вайне. Тут, на «вялiкай зямлi», гэта называлi «афганскiм сiндромам». Мне сапраўды чагосьцi не хапала... Ды i многiя iншыя «афганцы», не паспеўшы вярнуцца на радзiму, падавалi рапарты з просьбай аб адпраўцы назад — не маглi знайсцi сябе ў мiрным жыццi, не хацелi займацца руцiннай, папяровай работай... Напэўна таму, калi ў 1984-м мне зноў прапанавалi паехаць у ДРА — але ўжо ў якасцi саветнiка начальнiка контрразведкi пяхотнай дывiзii — згадзiўся не раздумваючы...

Сёння ў «афганцаў» часам пытаюцца, цi не саромеюцца яны той вайны. Маўляў, ваявалi нi за што, забiвалi людзей...

Так, забiвалi. Але не людзей, а ворагаў. Нас паслала Айчына абараняць дзяржаўныя iнтарэсы — i мы павiнны былi ваяваць, выконваць свой абавязак. Я ганаруся, што адслужыў дастойна, што па меры сваiх сiл iмкнуўся быць карысным нашым салдатам i афiцэрам, удзельнiчаў у баявых аперацыях супраць бандытаў i вырадкаў, якiх выкармiлi амерыканцы, абараняў мiрнае насельнiцтва — старых, жанчын, дзяцей. За што мне павiнна быць сорамна?

...15 лютага Васiль Iванавiч Стэльмах, як заўсёды, будзе ўдзельнiчаць разам з сынам ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных гадавiне вываду з Афганiстана савецкiх войскаў. Канешне ж, паднiме чарку — за жывых i за мёртвых, за тых, хто вярнуўся, i за тых, хто застаўся ў афганскiх гарах назаўсёды. За ўсiх, хто выканаў свой абавязак перад Радзiмай. За сапраўдных мужчын.

P.S. Падчас знаходжання нашых войскаў у Афганiстане на яго тэрыторыi пабывала каля 130 беларускiх ваенных контрразведчыкаў — супрацоўнiкаў асобага аддзела Беларускай ваеннай акругi. Трое з iх — Генадзь Сабельнiкаў, Яўген Свержаў i Уладзiмiр Коўтун — загiнулi.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(АФГАНСКIЯ БУДНI КОНТРРАЗВЕДЧЫКА)
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика