Наталля САФРОННIКАВА: «Ажанiцца са спартсменкай? Для гэтага трэба быць яе трэнерам»
Алена АЎЧЫННIКАВА
Муж Лёня, ён жа па сумяшчальнiцтву трэнер «прынцэсы спрынта» (так цяпер прынята звяртацца да Наталлi Сафроннiкавай), бачыць сакрэт яе поспехаў у тым, што калiсьцi iм дапамаглi-такi пабудаваць кватэру. I не якую-небудзь аднапакаёвую дзесьцi на задворках, а трохпакаёвую, у цэнтры сталiцы. Кватэра з таго часу славiцца гасцiннасцю ў спартыўным асяроддзi, а яе гаспадыню перастала мучыць кватэрнае пытанне, i бегаць яна стала значна хутчэй. Што i казаць, нашы спрынтаркi на апошнiм чэмпiянаце свету заваявалi медалёў столькi, колькi iм i не планавалi, хаця Сафроннiкава зараз i сапраўды стабiльна выступае.
Яе гiсторыя паказальная для ўсiх, хто марыць пра вялiкi горад, не маючы тым часам нiякiх шанцаў на прапiску. Мiнск Наталля выбрала даўно i без ваганняў: адразу пасля школы сюды i прыехала з Ваўкавыска. Нягледзячы на тое, што ў iнстытут адразу не паступiла, дадому не вярнулася... Дзевяць з чатырнаццацi гадоў жыцця ў сталiцы правяла ў iнтэрнатах, i не раз, калi жыццё чарговы раз ставiла на месца, вяртаючыся з трэнiроўкi ў iнтэрнацкi пакой, была блiзкая да таго, каб усё кiнуць i вярнуцца дадому. Але на наступны дзень пачынала ўсё наноў — iшла ў манеж, дзе зноў пачыналася праца дзеля невядомага заўтра... Напэўна таму, што лёс не даваў шанцу расслабiцца, такой яна цяпер i стала — моцнай i здольнай, пераўзышоўшы самую сябе, здзiвiўшы астатнiх. — Наколькi важны для цябе медаль апошняга чэмпiянату свету? — Найперш ён проста радасны, як i любы iншы медаль. А важны ён тым, што заваяваны напярэдаднi Алiмпiяды. — Хто першым павiншаваў з медалём? — Дзяўчаты, якiя са мной беглi. А з блiзкiх я нават не ведаю. Перад ад’ездам на стадыён я забылася свой тэлефон у гасцiнiцы. Села ў аўтобус i ўспомнiла. Да адпраўлення было хвiлiн дзесяць, i я думала, вяртацца цi не. Вырашыла не вяртацца i на размiнцы была без тэлефона. Потым Аня Козак, з якой я жыла, прывезла. Пасля дыстанцыi адкрыла — там шмат званкоў, SMSак, цяжка сказаць, хто быў першым. — Калi ты ўбачыла сапернiц, як ацанiла свае шанцы на перамогу? — Яны былi слабейшымi, чым летась. У мiнулым годзе я прабегла 200 метраў за 22.92, была такая задаволеная, падыходжу да табло i не веру — я толькi шостая з такiм добрым для сябе часам. А тут 22.96 — i ў мяне другi час. Усе асноўныя сапернiцы рыхтуюцца зараз да Алiмпiяды. Тыя ж амерыканцы прывезлi на чэмпiянат другi цi трэцi састаў, таму i ў эстафеце нават у фiнал не выйшлi. — Як адзначыла свой медаль? — На банкет пасля чэмпiянату я пайшла толькi таму, што вельмi хацелася есцi — тры днi без ежы ўсё-такi. Выпiлi пару бакалаў пiва — так i адзначыла. Дзяўчаты, якiя эстафету беглi, увогуле туды не пайшлi. У Мiнску мне было вельмi прыемна, што мяне сустракала ўся група, з якой я трэнiруюся — усе прыехалi паасобку, i ў аэрапорце сабралiся разам. А 8 сакавiка мы да нас паехалi адзначаць медаль — усяго чалавек 10. Мама накрыла стол, яна ў мяне повар. Разышлiся дзесьцi пад ранiцу. — На чэмпiянат ты паехала без трэнера i мужа... — Юля Несцярэнка выйграла 60 метраў, таму ўзялi яе трэнера. Лёня застаўся дома, я яму пастаянна тэлефанавала. Ён кажа, што 60 метраў — вельмi кароткая для мяне дыстанцыя, я не паспяваю сабрацца. Мне лягчэй выступаць на 200 метраў. — Восьмы вынiк на 60 метрах раззлаваў цябе? — Выступаць на 200 м было лягчэй пасля 60 — я адчула дарожку, атмасферу. Таму i на 200 м выйшла ў фiнал з другiм часам. Разлiчвала, што ў фiнале мяне паставяць або на 5-ю цi 6-ю дарожку, або на 4-ю. I тут мне прыносяць пратакол — я на 3-й дарожцы. Калi не ўлiчваць 1-ю i 2-ю, якiя былi тады нерабочымi, гэта — самая горшая. Я пазванiла Лёню, сказала, што ў мяне 3-я дарожка, але па яго голасу нiчога не адчула: усё нармальна будзе, сказаў ён. Я яшчэ здзiвiлася, чаму ён такi спакойны. А потым мне мама расказала, якi быў выбух эмоцый, калi ён паклаў трубку. Ён адразу сказаў, што першага месца не будзе. Я i сама ведала, што па трэцяй дарожцы Капачынскую мне не дагнаць... — Лёня строгi трэнер? — Строгi. I настырны. Праўда, ён лiчыць, што рознагалоссi лепш пакiдаць на трэнiроўках. А я так не магу. Калi пасварылiся на трэнiроўцы, мяне тады яшчэ i дома «калбасiць». А ён там усё пакiдае. Хаця за мяне i мае выступленнi перажывае куды больш, чым я сама. — Чаму спартсменкi выходзяць замуж за трэнераў? — Калi я выходзiла замуж, ён быў яшчэ спартсменам. Таксама бегаў 60, 200 метраў спрынтам. Быў перспектыўным, проста не шанцавала — былi траўмы пастаянна. А замуж выходзяць таму, што кола знаёмых такое — у iнстытуце фiзкультуры вучышся — там спартсмены, трэнiруешся — таксама яны. — Затое па каханнi. — Так, толькi потым i жылi ў iнтэрнаце разам з каханнем. У кватэру мы пераехалi толькi ў 1999 годзе, а дагэтуль з 1990-га — па iнтэрнатах. Праўда, у 1997 нам далi ў Гродне кватэру аднапакаёвую, але мы працягвалi жыць у Мiнску. Бывалi ў мяне такiя моманты: стомiшся на трэнiроўцы, прыходзiш у iнтэрнат, там ложкi панцырныя, усё вакол завалена рэчамi, бо ў пакоi памяшчалася толькi адна невялiкая шафа, плiтка тут жа стаiць, побач халадзiльнiк... У мяне пачыналася iстэрыка: усё кiдаем i едзем у Гродна. Потым памянялi ў Гродна кватэру i з дапамогай Саюза спартсменаў пабудавалi ў Мiнску. — Чаму цябе так цягнула ў Мiнск? — Мяне заўсёды сюды цягнула. Пасля школы я паступала ў наргас (эканамiчны унiверсiтэт. — Аўт.) — не паступiла. Толькi праз год прайшла ў iнстытут фiзкультуры — усё ж з 3 класа займалася лёгкай атлетыкай, спачатку так, як i ўсе дзецi — прыйсцi i ў футбол пагуляць, а потым з 7-га класа сур’ёзна ўзялася. Гэты першы год у Мiнску быў самы складаны — нi сяброў, нi знаёмых. — Ты такая камунiкабельная? — Зараз не зусiм. Лепш за ўсё пасядзець дома, хаця можна да сяброў схадзiць цi да сябе запрасiць. Я проста хатнi чалавек. Раней любiла гатаваць, зараз, калi дзве трэнiроўкi ў дзень, раблю тое, што хутчэй. Любiмая страва — макарона з тушанай пячонкай i падлiвай. Рэцэпт спартыўнага сняданку? Вельмi просты — аўсяная каша. З цукрам, на малацэ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Муж Лёня, ён жа па сумяшчальнiцтву трэнер «прынцэсы спрынта» (так цяпер прынята звяртацца да Наталлi Сафроннiкавай), бачыць сакрэт яе поспехаў у тым,
|
|