Жыццё з дыябетам — не цукар
Японцы, якiя аднойчы адставiлi падалей традыцыйную талерку з варанай агароднiнай i перайшлi на заходнi лад харчавання (сталi ўжываць тлустыя i вугляводзiстыя стравы) ужо сутыкнулiся з надзвычай распаўсюджанай хваробай чалавецтва — атлусценнем. Беларусы не адстаюць у гэтым сэнсе ад японцаў, але, на жаль, саступаюць амерыканцам, якiя прывучаюцца да адказнасцi за сваё абжорства: як вядома, таўстуны ў Злучаных Штатах не могуць займаць высокiя пасады. Пагадзiцеся, справядлiва. Калi ты ведаеш, што наядацца на ноч нельга, але ўпарта робiш гэта, дык будзь гатовы адказваць за сваю слабасць. Развiтайся з кар’ерай: набiрай вагу i... чакай хвароб.
Урачы не трымаюць у сакрэце той факт, што цукровы дыябет другога тыпу развiваецца на фоне залiшняй вагi цела. Сёння больш як 100 тысяч беларусаў жывуць менавiта з гэтай формай дыябету. Усяго на цукровы дыябет першага i другога тыпу ў Беларусi хварэюць каля 130 тысяч чалавек, а ўлiчваючы вялiкую колькасць скрытых формаў захворвання, гэту лiчбу можна павялічыць дзесьцi ў тры-чатыры разы. Наша чарговая медыцынская «прамая лiнiя» з удзелам загадчыка кафедры эндакрыналогii, доктара медыцынскiх навук, прафесара Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi Ларысай Iванаўнай ДАНIЛАВАЙ паказала, як часта хворыя на цукровы дыябет (а менавiта ад iх паступiла найбольшая колькасць званкоў) злуюцца на ўрачоў, але, па вялiкаму рахунку, мала што чулi пра сваю хваробу, сутнасць лячэння i не ведаюць нават, хто iм гэта лячэнне прадпiсаў. На думку прафесара Данiлавай, не ведаць прозвiшча свайго ўрача — проста некарэктна. Яна таксама адзначыла, што мы нiяк не жадаем несцi адказнасць за свае ўчынкi, за свой лад харчавання. Не хочам прыкладаць намаганнi, каб заставацца здаровымi (а з узростам, дарэчы, гэтых намаганняў патрабуецца ўсё больш), не хочам несцi адказнасць за паспяховасць барацьбы з наступствамi абжорства, не хочам мiрыцца з тым, што лячэнне можа быць платным. «На барацьбу з цукровым дыябетам iдзе больш за палову бюджэту мiнiстэрства аховы здароўя, — адзначыла доктар пасля завяршэння «прамой лiнii». — Устаноўка на бясплатныя прэпараты — гэта эгацэнтрызм, якi абурае, калi ўлiчыць, што ўрачы рэкамендуюць хвораму прыкласцi крыху намаганняў — есцi ўсё, але кантраляваць калараж, не перабiраць калорый, якiя не расходуюцца. А ў пацыентаў у адказ чамусьцi нараджаецца агрэсiя — маўляў, дайце таблетку для пахудзення!.. Неабходна прызнаць, што мы — лянiвыя i неарганiзаваныя, не жадаем i слухаць пра тое, што здароўе ў кожнай узроставай групе каштуе пэўных намаганняў». Прынамсi, прапануем чытачам пазнаёмiцца з зададзенымi пытаннямi i атрыманымi адказамi. I зрабiць пэўныя высновы. — Добры дзень, Ларыса Iванаўна. Звонiць Марыя Мiкалаеўна Варабей з Гомельскай вобласцi. У 2001 годзе маёй дачцэ выдалiлi шчытападобную залозу. У яе быў вельмi нiзкi цiск, доўга трымалася тэмпература, пагоршылася памяць. Але пасля аперацыi нас нi разу не выклiкалi на абследаванне, не сказалi, у каго мы павiнны назiрацца... — Усiмi пытаннямi, звязанымi з падобнымi аперацыямi i далейшым назiраннем за гэтай групай пацыентаў, займаецца Рэспублiканскi цэнтр паталогii шчытападобнай залозы ў Мiнску, а таксама абласныя эндакрыналагiчныя дыспансэры. Вы стаiце на ўлiку ў Гомельскiм абласным дыспансэры? — Справа ў тым, што дачка зараз вучыцца ў вiцебскiм вучылiшчы... — Значыць, яна мае права звярнуцца ў Вiцебскi абласны эндакрыналагiчны дыспансэр. Яе павiнен паглядзець урач на месцы. Ён пераправерыць некаторыя лабараторныя паказчыкi, i калi пасля гэтага ўсё роўна застануцца пытаннi, можна накiраваць вашу дзяўчынку на кансультацыю ў Мiнск, у тым лiку да мяне. Я кансультую ў Рэспублiканскiм кансультатыўным эндакрыналагiчным цэнтры два разы на месяц. Запiсацца на прыём можна па нумару 222-22-34. Пасля такой аперацыi дзяўчына павiнна назiрацца пастаянна, тым больш, калi яе самаадчуванне пагаршаецца. — Вера Васiльеўна з Мiнска турбуе. Ларыса Iванаўна, вы як эндакрынолаг як ставiцеся да гарманальных кантрацэптываў? — Зараз на беларускiм рынку вельмi многа прэпаратаў з мiнiмальнай колькасцю гармонаў, з удалымi iх спалучэннямi, што дазваляе звесцi да мiнiмуму непажаданыя пабочныя эфекты. Вельмi важна, каб аптымальны для вашага арганiзма кантрацэптыў падабраў урач-гiнеколаг. Таму што ёсць, напрыклад, прэпараты з дастаткова высокай канцэнтрацыяй эстрагенаў, i ў некаторых сiтуацыях iх прымяненне апраўданае. Але ж ёсць i выпадкi, калi колькасць эстрагенаў лепш абмежаваць. Усё залежыць ад зыходных асаблiвасцяў гарманальнага стану жанчыны, яе менструальнай функцыi. — А ў якiх выпадках увогуле нельга карыстацца гарманальнымi кантрацэптывамi? — У эндакрыналогii заўсёды спачатку ўдакладняецца прычына парушэння менструальнай функцыi. Часам гэтае парушэнне адбываецца на фоне дастаткова сур’ёзнай эндакрыннай паталогii. Толькi пасля вырашэння гэтай праблемы можна разбiрацца з гарманальнымi прэпаратамi. — Дзякуй. — Вам тэлефануе Алена з г. Лёзна Вiцебскай вобласцi. Я — дыябетык з 13-гадовым стажам. У вынiку чаго развiлася яшчэ i нейрапатыя... Цi параiлi б вы для яе лячэння такi прэпарат, як тэактацыд? Нашы ўрачы пра яго нiчога не ведаюць. — На самай справе 13 гадоў для цукровага дыябету — гэта не «фатальны» стаж. Проста вельмi важна, якой схемы цукрапанiжальнай тэрапii вы прытрымлiваецеся. Калi яна падабраная правiльна, то нейрапатыi быць не павiнна. Калi ж яна падабрана няўдала, то прагрэсiруюць ускладненнi дыябету, у тым лiку i дыябетычная нейрапатыя. У такiм выпадку i прымяняюцца прэпараты, якiя дазваляюць мiнiмiзаваць гэта ўскладненне. Але на першым месцы ўсё роўна застаецца карэкцыя вугляводнага абмену з дапамогай схемы цукровапанiжальнай тэрапii. Напрыклад, у заходнiх краiнах тэактацыд не ўваходзiць у схемы страхавой медыцыны. I тым не менш гэты прэпарат дапамагае хвораму — ён не спыняе нейрапатыю, але змяншае яе праяўленнi, таму можа выкарыстоўвацца. Увогуле, у вашай сiтуацыi я параiла б вам звярнуцца да галоўнага ўрача Вiцебскага абласнога эндакрыналагiчнага дыспансэра Галiны Барысаўны Антонычавай, якая б вызначыла ўрача, якi б з вамi папрацаваў. Калi праблема застанецца нявырашанай, я пракансультую вас сама... Колькi вам гадоў? — Трыццаць. — Вы зусiм маладая жанчына! Не трэба здавацца, а то па вашаму голасу мне падалося, быццам вы скарылiся перад хваробай. Гэта няправiльна. Для кожнага выпадку ёсць розныя схемы iнсулiнатэрапii, калi вы вызначаеце ўзровень глiкемii i вучыцеся падбiраць велiчыню падколвання iнсулiнам кароткага дзеяння. Праяўленнi ж нейрапатыi сведчаць аб тым, што схема лячэння вашага дыябету, на жаль, неiдэальная. — А колькi разоў на дзень можна калоць iнсулiн? — Можна i пяць, i шэсць разоў — перад кожным прыёмам ежы. Цi бывае ў вас гiпаглiкемiя — рэзкае панiжэнне ўзроўню цукру? — Так, бывае. — А стан кетаацыдозу? — Таксама. — Гэта дрэнна, паколькi стварае ўмовы для прагрэсiравання ўскладненняў дыябету. Я параiла б вам пачытаць спецыяльную лiтаратуру. Дарэчы, у хуткiм часе мы выдадзiм брашуру для хворых на цукровы дыябет. З яе дапамогай лягчэй будзе кантраляваць сваю хваробу. Патрэбна яшчэ, каб дома быў глюкометр, якасныя палоскi для кантролю глiкемii i каб вы ведалi асноўныя магчымыя схемы панiжэння цукру... Якiм iнсулiнам вы карыстаецеся? — Чалавечым. — Бачыце, у вас якасны iнсулiн, а ўскладненнi ўсё роўна ўзнiкаюць. Мiж тым, можна падабраць схему так, каб спынiць прагрэсiраванне цукровага дыябету. Увогуле, ёсць такое правiла: iдэальна адаптавацца да сваёй хваробы i зрабiць усё, каб пазбегнуць стварэння ўмоў для прагрэсiравання ўскладненняў. — А якi санаторый вы парэкамендавалi б? — Для хворых на цукровы дыябет важны здаровы лад жыцця. Таму падыдзе любы санаторый, дзе можна дазiравана займацца фiзкультурай, рухацца i г.д. Дыябет, вядома, вадой не лечаць, але працяканне гэтай хваробы залежыць ад iншых асаблiвасцяў арганiзма. Таму, калi ёсць дыскенезiя жоўцевыводзячых шляхоў, гэта таксама неабходна карэкцiраваць. — У майго мужа таксама праблемы — пакутуе на хваробу Грэйвса. Падкажыце, калi ласка, якi тут самы асноўны паказчык узроўню здароўя? — Увогуле, гэта хвароба часцей сустракаецца ў жанчын. Калi ж здараецца ў мужчын, то ў сувязi з асаблiвасцямi iх паводзiнаў, можа працякаць капрызна. Тут вельмi важна, цi не было перапынкаў у прыёме тырастатыкаў, цi правiльная схема лячэння выкарыстоўвалася. Паказчык цяжкасцi протаксiкозу — велiчыня свабодных фракцый тыроiдных гармонаў, антыцелаў да рэцэптара тыратропнага гармону тыраглабулiну, а само захворванне адносiцца да аўтаiмунных. Самы галоўны паказчык для хворага, якi прымае тырастатыкi, — узровень свабоднага тыракану, менавiта ў залежнасцi ад апошняга падбiраецца доза лекавага прэпарата. Калi ў вашага мужа бываюць рэцэдывы, я параiла б звярнуцца да спецыялiста. Бо ёсць яшчэ i хiрургiчны метад лячэння, а таксам метад лячэння радыеактыўным ёдам. — А тое, што ён два гады запар прымае таблеткi, не нашкодзiць? — Для такой катэгорыi хворых ёсць правiла: бесперапынная тэрапiя таблеткамi на працягу не менш чым двух гадоў. Калi ж паляпшэння не назiраецца, то вырашаецца пытанне аб прымяненнi iншых метадаў лячэння. — Цi можна для лячэння мужа выкарыстоўваць бiялагiчнаактыўныя дабаўкi? — Традыцыйная медыцына не ўзнiмае ажыятажу вакол БАДаў. Я нават сказала б, што мы ставiмся да iх вельмi спакойна, паколькi БАДы не з’яўляюцца лекамi. Больш за тое, у састаў некаторых БАДаў уваходзяць водарасцi з высокай канцэнтрацыяй ёду, што непажадана для хваробы Грэйвса. — Што вы кажаце!? А муж прымае «Сплат»... — Лiшак ёду можа стымуляваць прагрэсiраванне гэтай хваробы. Лепш выкарыстоўвайце як мага больш разнастайных прадуктаў харчавання — ешце тварог, лiмоны, сухафрукты, мяса, тлустыя сарты рыбы. — Дзякуй за парады. На «прамой лiнii» дзяжурылi Святлана БАРЫСЕНКА i Наталля КАРПЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Японцы, якiя аднойчы адставiлi падалей традыцыйную талерку з варанай агароднiнай i перайшлi на заходнi лад харчавання (сталi ўжываць тлустыя i вугляво
|
|