Будучыня пачынаецца сёння
Аграмеханiчны факультэт Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнiчнага унiверсiтэта робiць апраўданую стаўку на перспектыўнае развiццё
Без стварэння трывалага кадравага патэнцыялу аграпрамысловага комплексу нашай дзяржавы немагчыма разлiчваць на станоўчыя вынiкi працы прадпрыемстваў сельскагаспадарчай галiны. Менавiта таму пытаннi належнай падрыхтоўкi квалiфiкаваных спецыялiстаў, якiя здольныя эфектыўна вырашаць комплекс надзённых вытворчых пытанняў, не страчваюць сваёй актуальнасцi. Наадварот, увага да iх дзейснага вырашэння апошнiм часам павялiчваецца. Адпаведна, змяняюцца i патрабаваннi да кадраў. Прасачыць сучасныя тэндэнцыi падрыхтоўкi адказных высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў для аграпрамысловага комплексу мы вырашылi на прыкладзе Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнiчнага унiверсiтэта, каб у цыкле публiкацый удумлiва прааналiзаваць усю шматбаковую праблематыку. Спачатку гаворка пойдзе пра сённяшняе жыццё структурных падраздзяленняў знакамiтай вышэйшай навучальнай установы. Мы ўжо пабывалi на двух факультэтах — на аграэнергетычным i факультэце «Тэхнiчны сэрвiс у АПК» — i пазнаёмiлi чытачоў з усiмi iх адметнасцямi i дасягненнямi. Прадоўжым знаёмства з Беларускiм дзяржаўным аграрным тэхнiчным унiверсiтэтам i накiруемся на аграмеханiчны факультэт. Гэта самы старэйшы факультэт унiверсiтэта, пераемнiк традыцый факультэта механiзацыi сельскай гаспадаркi. Яго гiсторыя — гiсторыя станаўлення БДАТУ. Так, калi за 50 гадоў сваёй плённай працы на нiве адукацыi унiверсiтэтам было падрыхтавана каля 30 тысяч спецыялiстаў, то больш за 17 тысяч навучалiся на факультэце «Механiзацыя сельскай гаспадаркi» i атрымалi квалiфiкацыю «iнжынер-механiк сельскай гаспадаркi». Стварэнне ў Беларусi iнстытута механiзацыi сельскай гаспадаркi (сёння — БДАТУ) з’яўлялася задачай вялiкай дзяржаўнай важнасцi. Падчас Вялiкай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкiя захопнiкi разрабавалi i спустошылi 10,2 тысячы калгасаў i 92 саўгасы, 315 машынна-трактарных станцый. Беларусь была пазбаўленая амаль усiх спецыялiстаў аграпрамысловага профiлю. У пасляваенны час сельскаспадарчыя прадпрыемствы i МТС практычна не былi забяспечаныя кадрамi з вышэйшай адукацыяй. Пасады дырэктараў, галоўных iнжынераў машынна-трактарных станцый i загадчыкаў рамонтных майстэрняў займалi людзi, якiя не мелi спецыяльнай адукацыi. У 1951 годзе ў Беларусi на прадпрыемствах сельскагаспадарчай галiны працавалi толькi 135 iнжынераў-механiкаў з дыпломам ВНУ (у тым лiку на МТС — 17 чалавек). Як бачым, iснавала вострая патрэба ў падрыхтоўцы адпаведных спецыялiстаў. У 1951 годзе ў Беларускiм полiтэхнiчным iнстытуце быў адкрыты аўтатрактарны факультэт, дзе ўвялi спецыяльнасць «Механiзацыя сельскай гаспадаркi», на якую штогод прымалi 25—50 чалавек. Разам з тым, для аграпрамысловага комплексу такой колькасцi спецыялiстаў было яўна недастаткова. Таму 29 чэрвеня 1952 года кiраўнiцтвам Беларусi было прынята рашэнне аб арганiзацыi iнстытута механiзацыi сельскай гаспадаркi. На свой першы (1954/1955) навучальны год кантынгент прыёму быў устаноўлены ў памеры 200 чалавек, з iх па спецыяльнасцi «Механiзацыя працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасцi» — 150 студэнтаў. У наступным навучальным годзе асноўны факультэт ВНУ папоўнiўся 196 студэнтамi 3, 4 i 5 курсаў аналагiчнай спецыяльнасцi, якiх перавялi з БПI. Такiм чынам, агульная колькасць студэнтаў склала 510 чалавек. У 1956 годзе адбыўся першы выпуск маладых iнжынераў-механiкаў сельскай гаспадаркi. У гэты час былi створаны асноўныя прафiлюючыя кафедры факультэта, на чале якiх стаялi выдатныя навукоўцы. Адпаведна, студэнты атрымалi магчымасць слухаць лекцыi распрацоўшчыкаў сельскагаспадарчых машын, непасрэдных арганiзатараў аграпрамысловай вытворчасцi. У далейшым шэраг выпускнiкоў факультэта дасягнулi значных поспехаў у прафесiйнай дзейнасцi, многiя з iх займалi i займаюць адказныя дзяржаўныя пасады, сталi вядомымi навукоўцамi. Так што факультэт па праву можа ганарыцца сваiмi выпускнiкамi. Слаўная гiсторыя з’яўляецца своеасаблiвым «падмуркам» далейшага перспектыўнага развiцця. Сённяшнiя справы аграмеханiчнага факультэта ў гэтым пераконваюць. Зараз тут займаюцца каля 2 тысяч студэнтаў. Штогод выпускаецца прыкладна 300 маладых спецыялiстаў. У склад аграмеханiчнага факультэта зараз уваходзяць 12 кафедраў: q гiдраўлiкi i гiдраўлiчных машын; q асноў аграномii; q асноў навуковых даследаванняў i праектавання; q педагогiкi; q вытворчага навучання; q сельскагаспадарчых машын; q тэарэтычнай механiкi i тэорыi механiзмаў i машын; q тэхналогii i тэхнiчнага забеспячэння працэсаў перапрацоўкi; q трактароў i аўтамабiляў; q тэхналогii i механiзацыi жывёлагадоўлi; q фiласофii i гiсторыi; q эксплуатацыi машынна-трактарнага парку. Падрыхтоўка iнжынераў па вочнай i завочнай формам навучання, на бюджэтнай i камерцыйнай аснове, вядзецца па спецыяльнасцях: «Тэхнiчнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасцi» (спецыялiзацыя «Забеспячэнне эксплуатацыi сельскагаспадарчай тэхнiкi»); «Тэхнiчнае забеспячэнне працэсаў захоўвання i перапрацоўкi сельскагаспадарчай прадукцыi» (спецыялiзацыi: «Тэхнiчнае забеспячэнне працэсаў захоўвання i перапрацоўкi прадукцыi раслiнаводства» i «Тэхнiчнае забеспячэнне працэсаў захоўвання i перапрацоўкi прадукцыi жывёлагадоўлi»). Па спецыяльнасцi «Праектаванне i вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнiкi» (спецыялiзацыя «Праектаванне i вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнiкi для раслiнаводства») зараз навучанне вядзецца па вочнай форме. Цiкаўнасць да аграмеханiчнага факультэта з боку абiтурыентаў стабiльна высокая. Аб гэтым, дарэчы, сведчаць прыстойныя конкурсы — апошнiм часам на ўзроўнi 3 чалавек на месца. Для выпускнiкоў вясковых школ (i ўвогуле для жыхароў вёскi — хто жыве тут не менш чым два гады) праводзiцца асобны конкурс, таксама iснуе i мэтавая падрыхтоўка спецыялiстаў на дагаворнай аснове. — Важнейшымi элементамi навучання мы лiчым прынцып комплекснага падыходу да вывучэння студэнтамi дысцыплiн сацыяльна-гуманiтарнага, агульнаадукацыйнага i спецыяльнага прызначэння, — заўважае дэкан аграмеханiчнага факультэта Леанiд Уладзiмiравiч Мiсун. — У першую чаргу гэта дасягаецца праз укараненне ў навучальны працэс спецыялiзаваных iнавацыйных тэхналогiй, выкарыстанне сучаснай матэрыяльна-тэхнiчнай базы. На кафедрах факультэта студэнты атрымлiваюць тэарэтычныя веды, вывучаюць найноўшыя тэхналогii, якiя выкарыстоўваюцца ў раслiнаводстве i жывёлагадоўлi, канструкцыi сельскагаспадарчых машын i мабiльных энергетычных сродкаў. Напрыклад, на выпускаючай кафедры «Сельскагаспадарчыя машыны» разам з традыцыйнымi лабараторыямi па вывучэнню канструкцыi, устройства i рэгулiроўкi тэхнiчных сродкаў ёсць i лабараторыя, якая аснашчана найноўшай кормаўборачнай тэхнiкай, што выпускаецца ў нашай дзяржаве. Гэта кормаўборачны камбайн КПК-3000; касiлка КС-80; унiверсальны энергетычны сродак УЭС-250, якiя прызначаны для работы са збожжаўборачным камбайнам КЗР-10; буракаўборачны камбайн КСН-6; касiлка КПР-6 i шэраг iншых. Разам з вывучэннем канструкцый трактароў на разрэзах, плакатах, мадэлях, якiя працуюць, студэнты маюць магчымасць вывучаць найноўшыя мадэлi колавых энерганасычаных трактароў (напрыклад, «Беларус-1522»), што дазваляе паскорыць працэс адаптацыi выпускнiкоў на вытворчасцi. Кафедра «Тэхналогii i механiзацыя жывёлагадоўлi» падтрымлiвае кантакты з сусветна вядомымi фiрмамi, якiя выпускаюць спецыялiзаванае абсталяванне. Так, фiрма «Вестфалiя» бязвыплатна падарыла i зманцiравала ў 2003—2004 гг. фрагменты даiльных установак з танкам-ахаладжальнiкам малака. Урачыстая перадача абсталявання кафедры ажыццяўлялася кiраўнiком прадстаўнiцтва фiрмы «Вестфалiя» ў Рэспублiцы Беларусь спадаром Райнерам Шылерам. Нямецкая фiрма «Big Dutchman» праз свайго прадстаўнiка ў нашай краiне перадала абсталяванне для догляду за свiнаматкай i заключыла з кафедрай дамоўленасць аб далейшым супрацоўнiцтве. У працэсе навучання не застаюцца па-за ўвагай i экалагiчныя праблемы сучаснай сельскагаспадарчай вытворчасцi. Студэнты могуць выканаць спецыяльныя даследаваннi, заняцца навукова-даследчай работай, скарыстаўшы адпаведнае абсталяванне аналiтычнага цэнтра. У сённяшнiх умовах асаблiвую значнасць набывае камп’ютарызацыя навучальнага працэсу. Для належнага вырашэння гэтага актуальнага пытання шмат зроблена. Напрыклад, на кафедры «Трактары i аўтамабiлi» сумесна з Мiжнародным выставачным цэнтрам «Аквабел» створаны вучэбна-вылiчальны цэнтр, на базе якога будуць аб’ядноўвацца iнфармацыйныя патокi ў выглядзе электронных падручнiкаў i дапаможнiкаў, баз даных па параметрах найноўшых трактароў i аўтамабiляў, iх агрэгатаў i сiстэм, а таксама разлiковыя i iмiтацыйныя работы па асобных раздзелах тэорыi рухавiка ўнутранага згарання. У гэтым цэнтры канцэнтруюцца спецыялiзаваныя праграмы, пры дапамозе якiх з’яўляецца магчымасць наладзiць многаўзроўневы манiторынг ведаў студэнтаў. Без падтрымкi мецэнатаў паспяхова вырашаць задачы па стварэнню камп’ютарных класаў на адпаведных кафедрах аграмеханiчнага факультэта было б надзвычай складана. Таму, як тут адзначаюць, асаблiва прыемна, што падобныя праблемы не застаюцца па-за ўвагай кiраўнiкоў асобных прадпрыемстваў — напрыклад, старшынi праўлення ЗАТ «МВЦ АКВАБЕЛ» Пятра Мiкалаевiча Сiнкевiча, генеральнага дырэктара ААТ «Белпрамбудбанк» Галiны Пятроўны Кухарэнка. На факультэце спадзяюцца, што плённае супрацоўнiцтва прадоўжыцца i ў далейшым, а кола надзейных сяброў будзе толькi пашырацца. Што ў вынiку дазволiць палепшыць працэс навучання, вывесцi яго на новы ўзровень, зрабiць больш сучасным, а значыць, забяспечыць сельгаспрадпрыемствы па-сапраўднаму высакаякаснымi, прафесiянальнымi кадрамi. А выпускнiкi аграмеханiчнага факультэта на вёсцы надзвычай патрэбныя. Мяркуйце самi: аб’ектамi iх прафесiйнай дзейнасцi з’яўляюцца службы па эксплуатацыi сельскагаспадарчай тэхнiкi i абсталявання прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, прадпрыемствы па перапрацоўцы i захоўванню сельскагаспадарчай прадукцыi, праектна-канструктарскiя i навукова-даследчыя арганiзацыi, прадпрыемствы сельскагаспадарчага машынабудавання, тэхнiчныя цэнтры i машынавыпрабавальныя станцыi. Як бачым, спектр атрымлiваецца даволi прадстаўнiчы. Акрамя гэтага студэнты аграмеханiчнага факультэта маюць магчымасць атрымаць i шэраг рабочых прафесiй: трактарыста-машынiста па кiраванню трактарамi i самаходнымi сельскагаспадарчымi машынамi катэгорыi «А», вадзiцеля транспартных сродкаў катэгорый «В» i «С», слесара па рамонту сельскагаспадарчых машын i абсталявання. Тэарэтычныя веды i навыкi належным чынам замацоўваюцца на лабараторна-практычных занятках у вучэбных аўдыторыях кафедраў факультэта, а таксама на агратэхналагiчным палiгоне, якi размешчаны ў пасёлку Бараўляны. Вытворчую практыку студэнты праходзяць не толькi ў айчынных сельскагаспадарчых арганiзацыях, яны набiраюцца вопыту i на адпаведных замежных прадпрыемствах — у Германii, Галандыi, Славакii. Шырока выкарыстоўваецца матэрыяльна-тэхнiчная база шэрагу навукова-даследчых, праектна-тэхналагiчных i iншых арганiзацый нашай дзяржавы. Так што вучыцца на аграмеханiчным факультэце, як нам падалося, цiкава i карысна. З такiм багажом ведаў у жыццi не прападзеш. — У апошнiя гады ў нас яшчэ адзiн цiкавы накiрунак увасабляецца ў жыццё, — расказвае Леанiд Мiсун. — На факультэце арганiзавана падрыхтоўка студэнтаў для рэзерву на замяшчэнне кiруючых пасад у сельскагаспадарчых прадпрыемствах. На падставе правядзення спецыяльнага тэсцiравання фармiруецца адпаведная група са студэнтаў пятага курса. Праграма навучання для iх разлiчана на 220 аўдыторных гадзiн. Студэнты атрымлiваюць эканамiчную, юрыдычную i псiхалагiчную падрыхтоўку, праходзяць месячную вытворчую практыку ў ролi стажора кiраўнiка гаспадаркi. Падчас навучання гэтая група студэнтаў сустракаецца i з прадстаўнiкамi сельскагаспадарчых устаноў рознага ўзроўню. Так, летась адбылася зацiкаўленая размова як з кiраўнiцтвам Мiнскага аблсельгасхарча, так i непасрэдна са старшынёй Мiнскага аблвыканкама Мiкалаем Фёдаравiчам Дамашкевiчам. У 2003 годзе паспяхова прайшлi спецыяльнае навучанне 7 старшакурснiкаў нашага факультэта. Чацвёра з iх без выпрабавальнага тэрмiну былi прызначаны кiраўнiкамi сельгасарганiзацый у Лагойскiм раёне. Зразумела, што ўсе гэтыя дасягненнi наўрад цi былi б магчымымi без адпаведнага выкладчыцкага саставу. Ён на аграмеханiчным факультэце даволi моцны. Асноўнымi накiрункамi прафесiйнай дзейнасцi навукоўцаў з’яўляюцца: удасканаленне тэхналогiй апрацоўкi сельскагаспадарчых культур; абгрунтаванне тэхналагiчных рэжымаў работы i параметраў сельгасмашын; аптымальнае праектаванне рэсурсазберагальных i экалагiчна бяспечных тэхналогiй i вытворчых працэсаў; знiжэнне энергетычных затрат у сельскагаспадарчай вытворчасцi шляхам выкарыстання нетрадыцыйных крынiц энергii; фармiраванне высокай агульнай i прафесiйнай культуры аграiнжынераў. На факультэце працуюць шэраг навукова-даследчых лабараторый: дынамiкi i аўтаматызацыi мабiльных машын; энергазберагальных аўтаматызаваных тэхналогiй i машын; агароднiнаводства, паветраабменных працэсаў i вентыляцыi. Фiлiялы кафедраў ёсць на ВА «Мiнскi трактарны завод» i РУСВП «1-я Мiнская птушкафабрыка». Вялiкi ўклад у падрыхтоўку навуковых кадраў, iнтэграцыю навукi ў вытворчасць i развiццё навуковых школ уносяць акадэмiкi I.С.Нагорскi i I.М.Багдэвiч, прафесары М.I.Бохан, А.I.Баброўнiк, Л.А.Вяргейчык, Г.С.Горын, В.К.Грыб, С.I.Грыб, А.I.Ярашоў, В.М.Кадрацьеў, З.В.Лоўкiс, А.А.Машчэнскi, А.I.Нiкалаенкаў, В.I.Перадня, С.I.Пляшчэнка, В.I.Сапега, В.I.Хадасевiч, Л.А.Халадок, Ю.В.Чыгароў, I.М.Шыла. Па вынiках навукова-даследчай дзейнасцi за мiнулы год прафесарска-выкладчыцкiм саставам факультэта апублiкаваны 134 навуковыя працы, атрымана 5 патэнтаў на вынаходнiцтвы, выдадзена 14 вучэбна-метадычных дапаможнiкаў. Больш за 200 студэнтаў выступiлi з дакладамi на факультэцкай навукова-тэхнiчнай канферэнцыi. Пяцёра з iх сталi дыпламантамi рэспублiканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў па вынiках мiнулага года. Асаблiвая ўвага на факультэце ўдзяляецца працэсу належнага фармiравання асобы маладога спецыялiста, праяўлення ягоных здольнасцяў, стварэнню спрыяльнага маральна-псiхалагiчнага клiмату сярод студэнтаў, арганiзацыi эфектыўнага студэнцкага самакiравання i яго ўзаемадзеяння з выхаваўчымi структурамi факультэта. Вядучая роля ў вырашэннi гэтых надзённых задач адводзiцца сацыяльна-гуманiтарным кафедрам — фiласофii i гiсторыi, педагогiкi. Вельмi шмат залежыць ад асобы выкладчыка, яго прафесiйнага майстэрства, педагагiчных здольнасцяў, жадання бачыць у сваiх вучнях будучых калег — iнтэлiгентных i адукаваных людзей. На факультэце зараз пачалася работа па арганiзацыi i правядзенню ў пазавучэбны час на сацыяльна-гуманiтарных кафедрах спецыяльных семiнараў для студэнтаў-першакурснiкаў. Iх мэта — дапамагчы ў пераадоленнi цяжкасцяў, належным чынам правесцi адаптацыю былых абiтурыентаў да вучобы ў ВНУ. Праводзiцца вялiкая работа па ўдасканаленню формаў i метадаў iнфармацыйна-тлумачальнай дзейнасцi. Створаны спецыяльныя лектарскiя групы, падрыхтавана тэматыка дзён iнфармавання. На базе бiблiятэкi арганiзаваны iнфармацыйны цэнтр. Значная роля ў навукова-метадычным забеспячэннi вучэбна-выхаваўчага працэсу адводзiцца службе псiхалагiчнага суправаджэння. Новы штуршок у сваiм развiццi на аграмеханiчным факультэце атрымала i такая форма рэалiзацыi студэнцкай iнiцыятывы, як рамонтна-будаўнiчыя брыгады. Яшчэ адзiн цiкавы момант паўсядзённага жыцця — заняткi фiзкультурай i спортам. Моладзь факультэта заўсёды праяўляла да гэтага павышаную цiкавасць. Трое выпускнiкоў аграмеханiчнага сталi майстрамi спорту мiжнароднага класа, 47 — майстрамi спорту. Шмат тут было пераможцаў мiжнародных, усесаюзных i рэспублiканскiх спаборнiцтваў. Цяперашняе пакаленне працягвае традыцыю — на унiверсiядзе-2003 факультэт заняў першае месца. Больш як 450 студэнтаў узялi ўдзел ў 16 спартыўных спаборнiцтвах рознага ўзроўню. — Апошнiм часам у Беларусi робяцца адпаведныя крокi па мадэрнiзацыi вышэйшай адукацыi, — заўважае Леанiд Мiсун. — У вынiку гэтага павiнна сфармiравацца масавая першая ступень вышэйшай прафесiйнай адукацыi i другая — для падрыхтоўкi даследчыкаў, выкладчыкаў вышэйшай школы, спецыялiстаў з навыкамi самастойнага крытычнага мыслення, кiравання складанымi сiстэмамi. Усё гэта, зразумела, адпаведным чынам адаб’ецца i на рабоце факультэта — патрэбна пэўнае рэфармаванне нашай дзейнасцi, стварэнне фiлiялаў у каледжах, перагляд крытэрыяў планавання навучальнага працэсу, укараненне новых адукацыйных тэхналогiй. Як бачым, на факультэце цвёрда ўпэўненыя, што будучыня ствараецца ўжо сёння. Тут робяць усё магчымае, каб сельскагаспадарчая вытворчасць была забяспечана спецыялiстамi самага высокага ўзроўню. Такiя адносiны да справы нельга не паважаць. Адно слова — прафесiяналы... Захар БУРАК, Алена ДАЎЖАНОК, Яўген ПЯСЕЦКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аграмеханiчны факультэт Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнiчнага унiверсiтэта робiць апраўданую стаўку на перспектыўнае развiццё
|
|