Тэсцiраванне — не экзамен. «Халявы» не будзе!Навацыi ў адукацыi Сёння мы працягваем тэму, якую закранулi ў мiнулым нумары — папярэдняе тэсцiраванне. Як i любое новаўвядзенне, тэсцiраванне знайшло як прыхiльнiкаў, так i крытыкаў. Настаўнiкi i дырэктары школ, якiя ўдзельнiчалi ў нашым апытаннi, звярталi ўвагу на памылкi, якiя траплялiся ў зборнiках тэстаў, гаварылi аб iх «неабкатанасцi», а таксама аб недахваце часу для грунтоўнай падрыхтоўкi 11-класнiка да тэсцiравання. Пры гэтым усе без выключэння настаўнiкi прызнавалi сiстэму тэсцiравання больш прагрэсiўнай формай ацэнкi ведаў, аднак у школе прапаноўвалi ўводзiць яе толькi па жаданнi вучня. А што думаюць наконт папярэдняга тэсцiравання самi выпускнiкi?Ганна ПЕТРАЧЭНКА, вучанiца СШ № 9 г. Брэста: — Я ўдзельнiчала ў папярэднiм тэсцiраваннi па англiйскай i рускай мовах на базе Брэсцкага полiтэхнiчнага унiверсiтэта. Што датычыцца рускай мовы, то мне не вельмi спадабалася стаўленне ацэначнай камiсii. Пасля iх праверкi я знайшла ў iх памылку, але яны нiяк на гэта не адрэагавалi, нават прабачэння не папрасiлi. Увогуле, папярэдняе тэсцiраванне вельмi карыснае для выпускнiкоў: яно паказвае, на што ты здольны, i адначасова дазваляе адаптавацца да новай нязвыклай сiтуацыi — другiм разам хваляванняў ужо будзе менш. Асабiста мне часу для адказу хапiла: па абедзвюх мовах я здала тэсты за 30 мiнут да канца адведзенага тэрмiну. I атрымала «васьмёркi». Папярэдняе тэсцiраванне паказала, на што мне яшчэ трэба звярнуць увагу ў падрыхтоўцы. Я лiчу, што пераклад цi дыктант, якi раней здавалi выпускнiкi, у адрозненне ад тэсцiравання, не даюць магчымасцi аб’ектыўна ацанiць веды. Адзiны цэнтралiзаваны дзяржаўны экзамен — гэта менш клопатаў i галаўнога болю. Максiм РАМАШКА, вучань лiцэя №1 г. Баранавiчы: — Тэсцiраванне я лiчу больш аб’ектыўным за экзамены. Папярэдняе тэсцiраванне па рускай мове я праходзiў ў Баранавiцкiм вышэйшым дзяржаўным педагагiчным каледжы. Застаўся незадаволены тым, што мала ўвагi там уддзялялi дысцыплiне: усе, хто хацеў, маглi падчас тэсцiравання спiсаць. Але не гэта галоўнае. Улiчваючы, што тэсцiраванне было папярэднiм, збольшага я застаўся задаволены свам вынiкам, хаця, безумоўна, «падцягнуць» сёе-тое трэба. Я вучуся ў каледжы, i ў нас не 1, а 2 гадзiны рускай мовы ў тыдзень. I гэтага ўсё роўна не хопiць. Для выпускнiка ў 11-м класе асноўная падрыхтоўка праходзiць не ў школе, а па-за яе сценамi, самастойна. Галоўнае — больш працаваць. Ларысна ДАРАШЭНКА, вучанiца СШ № 159 г. Мiнска: — На базе БНТУ я праходзiла папярэдняе тэсцiраванне па англiйскай i беларускай мовах. Заданнi па англiйскай мове былi лёгкiмi (думала, будзе цяжэй). Па беларускай — больш складаныя, ледзь хапiла часу ўсё выканаць. Шчыра кажучы, мне не вельмi падабаецца новая форма ацэнкi ведаў. Многiм тэсцiраванне ўскладнiла працэс паступлення. Тэсцiраванне можна было б увесьцi выбарачна. Напрыклад, па рускай i беларускай мовах для паступаючых на фiлфак. Для тых, хто паступае на фiзiка-матэматычны факультэт, мовы — не профiльныя дысцыплiны, але, каб атрымаць высокi прахадны бал, iм трэба добра напiсаць тэст па мове. А для гэтага трэба сур’ёзна яе ведаць. Антанiна СТАНКЕВIЧ, вучанiца СШ № 7 г. Мазыра: — Я паспрабавала свае сiлы ў папярэднiм тэсцiраваннi па англiйскай мове, якое праходзiла на базе Гомельскага дзяржаўнага полiтэхнiчнага унiверсiтэта iмя Сухога. Многiя скардзяцца на недахват часу для выканання тэстаў. Са свайго вопыту адзначу: калi адасобiцца ад навакольнага i засяродзiцца выключна на заданнях, часу хопiць. Яшчэ рана рабiць нейкiя сур’ёзныя высновы, лепш пачакаць абавязковага цэнтралiзаванага тэсцiравання. Не буду спрачацца, новая форма ацэнкi ведаў больш прагрэсiўная, але мне блiжэй класiчныя экзамены. Я лiчу, што ва ўсiх выпускнiкоў павiнна быць альтэрнатыва: аднаму падабаецца адказваць вусна, другому — пiсаць тэсты, трэцяму — пераклад. Не бачу нiчога дрэннага ў тым, калi кожны будзе выбiраць для сябе найбольш аптымальную форму. Антон ЛЮКОВIЧ, вучань СШ №151 г. Мiнска: — Я не ўдзельнiчаў у папярэднiм тэсцiраваннi, ледзь паспеў запiсацца на добраахвотнае цэнтралiзаванае тэсцiраванне па матэматыцы ў БДУ (яно адбудзецца 18 красавiка). Для гэтага давялося займаць чаргу ажно ў 4 гадзiны ранiцы! Каб паўдзельнiчаць у добраахвотным тэсцiраваннi, людзi прыязджаюць у сталiцу з усёй рэспублiкi. 7 ВНУ, якiя маюць права яго праводзiць, не ў стане ўмясцiць усiх жадаючых. На маю думку, сiстэма выпускных экзаменаў больш адаптаваная да школ, чым тэсцiраванне. Яго лепш уводзiць для ацэнкi ведаў абiтурыентаў пры паступленнi ў ВНУ. А школам пакiнуць экзамены. Запiсала Iнга МIНДАЛЁВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння мы працягваем тэму, якую закранулi ў мiнулым нумары — папярэдняе тэсцiраванне. Як i любое новаўвядзенне, тэсцiраванне знайшло як прыхiльнiкаў, т
|
|