Рэфармаваць трэба. З розумам
Барысаўскi дзяржаўны педагагiчны каледж (да 1994 года — педагагiчнае вучылiшча) — адна са старэйшых сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў Беларусi. З архiўных дакументаў вядома, што ў 1892 годзе было адкрыта Барысаўскае павятовае вучылiшча. Пасля гэтая ўстанова яшчэ двойчы мяняла назву: спачатку яна стала педагагiчным тэхнiкумам, а потым вучылiшчам. У розныя часы выхаванцамi барысаўскай педагагiчнай установы з’яўлялiся акадэмiк АН БССР, літаратуразнавец, доктар фiлалагiчных навук У. Барысенка, доктар педагагiчных навук, прафесар А. Сманцар, член-карэспандэнт АН БССР, прафесар Г. Старобiнец, паэты Васiль Зуёнак, Алесь Ставер.
Сёння Барысаўскi дзяржаўны педагагiчны каледж чуйна рэагуе на запатрабаваннi нацыянальнай сiстэмы адукацыi i рынку працы. Акрамя асноўнай, кожны яго выпускнiк атрымлiвае дадатковую квалiфiкацыю. З улiкам гэтага на школьным аддзяленнi адкрыты спецыялiзацыi «Творчая дзейнасць» i «Выхаваўчая работа ў групах падоўжанага дня», а таксама такiя спецыяльнасцi: «Беларуская мова i лiтаратура», «Замежная мова», «Пазашкольная i пазакласная выхаваўчая работа, педагогiка сацыяльная». На дашкольным аддзяленнi разам з асноўнай спецыяльнасцю («Дашкольная адукацыя») навучэнцы асвойваюць спецыялiзацыi «Творчая дзейнасць» i «Лагапедыя». Большасць выпускнiкоў каледжа працягваюць навучанне ў ВНУ: каля 40 працэнтаў залiчваюцца па вынiках субяседавання ў педунiверсiтэт iмя М. Танка. Па спецыяльнасцi «Замежная мова» выпускныя дзяржаўныя экзамены ў каледжы з’яўляюцца ўступнымi на II курс лiнгвiстычнага унiверсiтэта (для навучэнцаў, якiя займаюцца на «добра» i «выдатна»). — Сёння, як i ва ўсёй рэспублiцы, у нашым каледжы сур’ёзная ўвага ўдзяляецца iдэалагiчнай рабоце i iдэйна-маральнаму выхаванню моладзi, — гаворыць намеснiк дырэктара па выхаваўчай рабоце Людмiла Корцiкава. — Адна з формаў, якая спрыяе выхаванню грамадзянскасцi i патрыятызму — самакiраванне. Днi самакiравання, калi навучэнцы цалкам выконваюць функцыi адмiнiстрацыi i педагагiчнага калектыву, праводзяцца кожны семестр. Пасля дня самакiравання мы праводзiм анкетаванне навучэнцаў, якое паказвае, што для нашых будучых настаўнiкаў дзень самакiравання — гэта не гульня, не дадатковы выхадны, а рэальны спосаб падмацаваць тэорыю практыкай. — Упершыню ў рэспублiцы ў нашым каледжы пачалi функцыянаваць групы без куратараў, — працягвала Людмiла Сцяпанаўна. — Калi мы пайшлi на гэты эксперымент, мы, безумоўна, рызыкавалi, аднак гiсторыя паказала, што мы не памылiлiся. Па вынiках мiнулага навучальнага года першае месца ў конкурсе на лепшую акадэмiчную групу заняла група, якая знаходзiлася на самакiраваннi, без куратара. Мы заўважылi, што навучэнцы ў такiх групах становяцца больш з’яднанымi, адказнымi i самастойнымi. Сёлета ў нас пераведзены на самакiраванне адразу 4 групы. Барысаўскi дзяржаўны педагагiчны каледж, як i iншыя сярэднiя спецыяльныя педагагiчныя ўстановы рэспублiкi, сёння знаходзiцца ў полi тых змен, што адбываюцца ў сiстэме адукацыi. — Рыхтаваць спецыялiста 8-9 гадоў — недаравальная раскоша, гэта вялiкiя дзяржаўныя выдаткi, — гаворыць дырэктар каледжа магiстр педагагiчных навук Валерый Захараў. — Рэфармаванне, якое ажыццяўляецца сёння мiнiстэрствам адукацыi, неабходна, аднак я лiчу, што пры гэтым знiшчэнне сiстэмы сярэдняй спецыяльнай педагагiчнай падрыхтоўкi — недаравальнае. Яе трэба рэфармаваць. Сёння на першым плане стаiць пытанне захавання сiстэмы вышэйшай адукацыi. Безумоўна, з улiкам нашай дэмаграфiчнай сiтуацыi, педагагiчных кадраў у рэспублiцы зараз замнога, мабыць, мы павiнны стаць часткай ВНУ, але на якiх умовах? Будзем мы заставацца юрыдычнай асобай цi станем поўнасцю залежнымi ад ВНУ? Мне здаецца, сёння неабходна скарэкцiраваць навучальныя планы ВНУ i сярэднiх спецыяльных педагагiчных устаноў, каб з улiкам гэтага паменшыць тэрмiн падрыхтоўкi спецыялiста: 2-3 гады ў нас i яшчэ 2-3 гады ў ВНУ. Паўтаруся, захады да рэфармавання сiстэмы адукацыi эканамiчна абгрунтаваныя, але не трэба забывацца, што бурыць заўсёды лягчэй, чым будаваць. Калi-небудзь рэспублiка абавязкова вернецца да дэмаграфiчнага росту... Рэфармуючы сiстэму сярэдняй педагагiчнай адукацыi, трэба памятаць, па-першае, што за закрыццём ССНУ стаiць праблема страты iнтэлектуальнага патэнцыялу, i па-другое, што сярэднiя педагагiчныя ўстановы выпускаюць добра падрыхтаваныя метадычныя кадры, значная колькасць якiх сёння працуе на вёсцы. Я згодны з нашым прэзiдэнтам, якi падкрэслiў, што ў нашай сiстэме падрыхтоўкi неабходна вельмi ашчадна ставiцца да ўсяго таго, што было добрага выпрацавана сiстэмай адукацыi былога Саюза. Трэба навучыцца рыхтаваць спецыялiста за больш кароткi тэрмiн i больш якасна — на ўзроўнi замежных стандартаў. Прыйдзе час, калi людзi з першай цi вышэйшай катэгорыяй будуць незапатрабаваныя як выкладчыкi ў ССНУ. Там патрэбны будуць спецыялiсты, якiя маюць вучоныя ступенi, асобы, якiя скончылi магiстратуру. Вось гэта i будзе рэальнае рэфармаванне. Iнга МIНДАЛЁВА, Алена ДАЎЖАНОК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Барысаўскi дзяржаўны педагагiчны каледж (да 1994 года — педагагiчнае вучылiшча) — адна са старэйшых сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў Беларусi |
|