«Усё, што можа атрымаць альтэрнатыўны кандыдат — 15-20 працэнтаў»
Сяргей ПЯТРОЎ
Погляд На пытаннi «Звязды» адказвае намеснiк старшынi Камiсii па мiжнародных справах i сувязях з СНД Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi Сяргей КАСЦЯН.— Апазiцыя, як i на мiнулых прэзiдэнцкiх выбарах, актыўна шукае адзiнага кандыдата ў прэзiдэнты. Што, на ваш погляд, у iх можа атрымацца на гэты раз? — Па-першае, сёння ўся краiна — практычна 90 працэнтаў насельнiцтва — падтрымлiвае Аляксандра Лукашэнку. Па-другое, што б нi казалi, але цяпер самай аўтарытэтнай i ўплывовай палiтычнай сiлай у грамадстве з’яўляецца Камунiстычная партыя Беларусi, якая прапагандуе сярод насельнiцтва падтрымку менавiта цяперашняга кiраўнiка дзяржавы. Ёсць iншая моцная i, галоўнае, арганiзаваная сiла — грамадскае аб’яднанне Беларускi славянскi камiтэт, якi таксама працуе ў гэтым накiрунку. Таксама можна назваць Саюз афiцэраў, Таварыства ветэранаў... Усе яны працуюць у адным накiрунку, i насельнiцтва iм давярае. Таму ўсе намаганнi апазiцыi нi ў якiм разе не прывядуць да розных «ружовых» цi «аранжавых» рэвалюцый. Грамадства цэнiць прэзiдэнта за яго справы. Прывяду дакладны прыклад па сваёй акрузе. Глушкевiцкi шчэбневы завод быў на мяжы закрыцця. Я звярнуўся да прэзiдэнта, расказаў аб усiм. Сёння завод — адно з лепшых прадпрыемстваў у Еўропе, на якiм працуе 600 рабочых, хоць раней iх было ўсяго 70. У Нараўлянскiм раёне захавалася сядзiба памешчыка Горлата ХVII стагоддзя — помнiк архiтэктуры. На яго рэстаўрацыю выдзелены дзяржаўныя сродкi, пазней там будзе створаны музей. Цяпер прапрацоўваецца праект трамвайнай лiнii ад Нароўлi да Мазыра на 15 кiламетраў. Людзi бачаць станоўчыя змены i, адпаведна, не могуць на iх не рэагаваць. — Як вы ацэньваеце асобы вылучаемых прэтэндэнтаў? — Iх вельмi шмат. Называлiся Казулiн, Вайтовiч, Калякiн, Лябедзька, iншыя — больш як 10 чалавек. Але наўрад цi ў iх нешта атрымаецца i на гэты раз, бо здольнасць асобы кiраваць на вышэйшым узроўнi народ ацэньвае менавiта па яго канкрэтных справах, а не па гучных палiтычных заявах. Зразумела, не ўсё ў Беларусi iдэальна. Так, растуць цэны, але ж разам з гэтым павышаюцца i заробкi i г.д. Галоўнае ж, у нас захаваны мiр i стабiльнасць. Такi кансерватызм у палiтычным i эканамiчным жыццi краiны адпавядае менталiтэту беларусаў. З iншага боку, нiчога дрэннага ў iснаваннi падобных прэтэндэнтаў няма. Калi не будзе апазiцыi, кiраўнiцтва краiны можа заспакоiцца. Таму няхай яны «тусуюцца», працуюць сваiмi метадамi. Мы ж будзем працаваць на перамогу А. Лукашэнкi. I я ўпэўнены ў яго перамозе на 100 працэнтаў. — Асобныя апазiцыйныя прэтэндэнты яшчэ нядаўна былi ва ўладных структурах... — З аднаго боку, нiчога незвычайнага ў гэтым няма. З iншага боку, чаму яны раней былi побач з прэзiдэнтам, а потым адразу сталi крытыкаваць яго? На выбарах людзi iм неаднаразова будуць задаваць адпаведныя пытаннi. Таму няхай яны працуюць, але нiякай перавагi такi «перабежчык» перад iншымi прэтэндэнтамi, а тым больш перад прэзiдэнтам не атрымае. Усё, што можа атрымаць альтэрнатыўны кандыдат — гэта 15—20 працэнтаў. Гэта заканамерная з’ява. Незадаволеныя былi заўсёды. I прэзiдэнт будзе разумець, што ў нас яшчэ недзе ёсць недахопы, над якiмi трэба працаваць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi «Звязды» адказвае намеснiк старшынi Камiсii па мiжнародных справах i сувязях з СНД Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi Сяргей
|
|