Вялiкая Айчынная: iмгненнi i вечнасцьРубрыку вядзе Анатоль МЯСНIКОЎ Летапiс вяла «Звязда»10 лiпеня 1943 года З заметкi Петруся М. «Гiтлераўцы спалiлi царкву сумесна з людзьмi»: Толькi за чэрвень у Лоеўскiм раёне фашысты знiшчылi 20 вёсак. У вёсцы Бурыцкае забойцы загналi насельнiцтва ў царкву, чатыры днi марылi iх там голадам, збiвалi шампаламi i бiзунамi, а потым спалiлi царкву i ў ёй больш 130 чалавек... х х х 28 жнiўня 1943 года: «Усе лепшыя землi, сенажацi i выганы, уся жывёла i грамадскiя будынкi, а таксама сяляне акаляючых вёсак Вiсейскага калгаса Слуцкага раёна перададзены нямецкаму памешчыку. Сяляне ва ўзросце ад 15 да 75 гадоў, якiя пражываюць паблiзу маёнтка, лiчацца сталымi рабочымi i абавязаны штодзённа з’яўляцца на работу к 6 гадзiнам ранiцы, маючы пры сабе ўласны абед... Сумесна з гестапаўцамi i палiцыяй памешчык перыядычна праводзiў чыстку маёнтка ад ненадзейных людзей. За 1943 год 27 сялян былi арыштаваны, i лёс iх нiкому не вядомы. Не лепшае становiшча i тых сялян, паблiзу якiх няма маёнткаў. Для iх устаноўлены нормы здачы акупантам: больш 300 кiлаграмаў хлеба, 400—500 кiлаграмаў бульбы з кожнага засеянага гектара, па 400 лiтраў малака з каровы, вялiкiя грашовыя падаткi...» «Людаеды i каты па загаду з Берлiна паганяць нашу зямлю, залiваюць нашу Беларусь крывёю, адзначаюць свой шлях спаленымi вёскамi, i ўсё гэта называецца «новым парадкам». Гэтыя злачынствы нямецка-фашысцкiх захопнiкаў — прамое выкананне гiтлераўскага плана па знiшчэнню беларускага народа. Дык капайце ж магiлы фашысцкiм пражэрам!.. Выходзьце дружна на свяшчэнную помсту праклятым людаедам — знiшчайце «карычневую чуму» ўсiм, чым толькi можна. Бязлiтасна помсцiце гiтлераўскiм разбойнiкам за iх крывавы разбой на нашай роднай зямлi, за катаваннi i здзекi, за кроў i слёзы, за спаленыя гарады i вёскi, усе, як адзiн, узнiмайцеся на вызваленне нашай Радзiмы ад гiтлераўцаў...» х х х 14 красавiка 1943 года: «...Ранiцой гiтлераўскiя бандыты, як зграя дзiкiх звяроў, наляцелi на вёску Заполле (тагачаснага Капаткевiцкага раёна. — Заўв. А. М.). З нажамi ў руках урывалiся яны ў хаты i выразалi адну сям’ю за другой. Нi малым, нi старым, нi хворым не было лiтасцi... Потым нямецкiя душагубы запалiлi вёску, а тых, хто застаўся ў жывых, кiдалi жывымi ў агонь. У цяжкiх пакутах загiнула Наста Курашова са сваiмi малымi. Згарэлi жывымi зачыненыя немцамi ў хаце Мiкалай Давыдаў, Каця Шашлава, Мiкалай Ермалiнскi, Пятрусь Стэшка, Параска Мiрановiч i дзесяткi iншых жыхароў. У вёсках Камаровiчы, Боркi, Фаставiчы гiтлераўцы спалiлi каля шасцiсот двароў, забiлi i кiнулi ў агонь больш 700 жанчын, старых i дзяцей. Працаздольных жа вывезлi ў Германiю. Помсцячы за свае няўдачы на фронце, немцы паляць нашы вёскi, забiваюць старых, жанчын, дзяцей, але яны не спалiлi i не спаляць нашай упэўненасцi ў перамозе Чырвонай Армii, якая хутка нас вызвалiць з няволi. Мы вымушаны жыць у лясах, нам не лёгка. Але мы нiколi не пакарымся чужынцам i не станем на каленi перад ворагам, не будзем прасiць лiтасцi»... Дакументы вайны З загада № 227 народнага камiсара абароны Саюза ССР. 28 лiпеня 1942 г.: «...Вораг кiдае на фронт усё новыя сiлы i, не лiчачыся з вялiкiмi для яго стратамi, лезе наперад, iрвецца ў глыбiню Савецкага Саюза, захоплiвае новыя раёны, спусташае i разбурае нашы гарады i сёлы, гвалцiць, рабуе i забiвае савецкае насельнiцтва... Кожны камандзiр, чырвонаармеец i палiтработнiк павiнен зразумець, што нашы сродкi не бязмежныя. Тэрыторыя Савецкага Саюза — гэта не пустыня, а людзi — рабочыя, сяляне, iнтэлiгенцыя, нашы бацькi, мацi, жонкi, браты, дзецi. Тэрыторыя СССР, якую захапiў i iмкнецца захапiць вораг, — гэта хлеб i iншыя прадукты для армii i тылу, метал i палiва для прамысловасцi, фабрыкi i заводы, якiя забяспечваюць армiю ўзбраеннем i боепрыпасамi, чыгункi... Мы страцiлi звыш 70 млн. насельнiцтва, звыш 800 млн. пудоў хлеба ў год i звыш 10 млн. тон металу ў год. У нас няма ўжо зараз перавагi над немцамi нi ў людскiх рэзервах, нi ў запасах хлеба. Адступаць далей — значыць загубiць сябе i загубiць разам з тым нашу Радзiму... Нi кроку назад! Такiм зараз павiнен быць наш галоўны заклiк. Трэба настойлiва, да апошняй кроплi крывi абараняць... кожны кавалачак савецкай зямлi i адстойваць яго да апошняй магчымасцi...» Радавыя перамогi Жыццё працягваецца... Ён просты калгаснiк — Максiм Сасноўскi. У бацькоў, акрамя яго, былi яшчэ тры сыны i тры дачкi. Двое старэйшых з iх загiнулi падчас грамадзянскай вайны, трэцi — савецка-фiнляндскай. Засталiся, такiм чынам, Максiм i тры яго сястрычкi... Ён i стаў на чале сям’i. Ажанiўся, пачалi нараджацца дзецi. Iх у Максiма нарадзiлася восем. Дружная, працалюбiвая сям’я была. Але неўзабаве пачалася Вялiкая Айчынная вайна... На фронт Максiм Сасноўскi трапiў у 1944-м. Беларусь была неўзабаве вызвалена, а Чырвоная Армiя з вызваленчай мiсiяй пайшла далей — на Захад. Нядоўга ваяваў Максiм Сцяпанавiч: на пачатку жнiўня 1944-га быў паранены i неўзабаве памёр у шпiталi. У даведцы, атрыманай сям’ёй, значыцца, што радавы Максiм Сасноўскi праявiў гераiзм i мужнасць, верны воiнскай прысязе, памёр ад ран, i прозвiшча яго ўнесена ў iмянны паказальнiк вайсковых могiлак салдат Савецкай Армii ў Кшывулцэ, каля Сувалак у Польшчы, магiла № 11. Ён быў апошнiм з чатырох братоў, склаўшых галовы на войнах за Айчыну. Мары i памкненнi загiнуўшага салдата здзейснiлi i здзяйсняюць дочкi i ўнукi Максiма Сцяпанавiча. Дачка Лiдзiя — iнжынер, Соф’я — прафсаюзны работнiк. Унучка Ала загадвае адной з лабараторый у Мiнскiм аэрапорце. Алена КАЛIНIНА, кандыдат медыцынскiх навук. Удзельнiк двух гiстарычных парадаў 7 лiстапада 1941-га i 24 чэрвеня 1945 года ў Маскве адбылiся два ваенныя парады. Няўмольны час забраў з жыцця многiх удзельнiкаў гэтых гiстарычных падзей. Адным з тых нямногiх, хто прымаў удзел у абодвух парадах, з’яўляецца 76-гадовы ўраджэнец Магiлёўшчыны, палкоўнiк у адстаўцы Мiкалай Самсонавiч Караўка. На першым са згаданых парадаў ён быў камандзiрам танка Т-60, на другiм — камандзiрам танкавага батальёна. Ён сустрэў Вялiкую Айчынную ў горадзе Броды Львоўскай вобласцi. Ужо на досвiтку 22 чэрвеня 1941-га танк М. Караўкi згарэў у няроўным баi з фашыстамi. Аднак экiпажу ўдалося выратавацца. Вырвалiся яны i з акружэння... Кожны наступны бой прыносiў незваротныя страты сяброў i баявых паплечнiкаў. Але Мiкалай Караўка з гонарам выходзiў з iх пераможцам. Дарэчы, за гады вайны яму давялося змянiць восем (!) танкаў. Гарэлi баявыя машыны, а танкiст, нягледзячы на раненнi i кантузii, працягваў ваяваць з акупантамi... Былi баi за Маскву i Тулу, былi Курская i Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыi, былi паядынкi ў Польшчы, Германii i Чэхаславакii. Камандзiр танкавага ўзвода, роты i батальёна — такiя вехi яго баявога шляху. Восем баявых ордэнаў, сярод якiх — ордэны Ленiна, Чырвонага Сцяга i Суворава III ступенi, чэхаславацкi ордэн «За храбрасць» — упрыгожваюць грудзi мужнага воiна-танкiста. Дарэчы, тады, у сярэдзiне 1945-га, падчас удзелу ў Парадзе Перамогi, Мiкалаю Самсонавiчу было ўсяго толькi 23 гады! Барыс ДАЛГАТОВIЧ, падпалкоўнiк у адстаўцы, прафесар Беларускага нацыянальнага тэхнiчнага унiверсiтэта.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Толькi за чэрвень у Лоеўскiм раёне фашысты знiшчылi 20 вёсак. У вёсцы Бурыцкае забойцы загналi насельнiцтва ў царкву, чатыры днi марылi iх там голадам
|
|