21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Глыбокая плынь Вялiкай Перамогi

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таццяна ПАДАЛЯК

Напярэдаднi юбiлейнага Дня Перамогi на Нацыянальнай кiнастудыi «Беларусьфiльм» завершана работа над мастацкiм фiльмам «Глыбокая плынь». Стужка знятая па творах класiка нацыянальнай лiтаратуры, народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Шамякiна — па раманах «Снежныя зiмы» i «Глыбокая плынь».

Пра новую кiнаработу карэспандэнт «Звязды» гутарыць з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Маргарытай КАСЫМАВАЙ, на творчым рахунку якой такiя стужкi, як «Бальная сукенка», «Маленькi баец», «Зорка Венера», iншыя.

— Маргарыта Наiмаўна, завершана работа над фiльмам «Глыбокая плынь», першыя водгукi добрыя...

— Трэба дачакацца рэцэнзiй у газетах, а самае галоўнае — тых ацэнак, якiя дадуць фiльму ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны. У пачатку мая адбудзецца афiцыйная прэм’ера карцiны, на яе будуць запрошаны людзi, якiя заваявалi Перамогу. Менавiта iм прысвечаны фiльм. Лёсы многiх з iх ляглi ў аснову раманаў Iвана Пятровiча Шамякiна i, адпаведна, нашага фiльма... Якiя б камплiменты адзiн аднаму мы нi гаварылi, галоўныя суддзi — яны, адстаяўшыя Радзiму, свабоду i само жыццё...

Мне, рэжысёру, досыць складана гаварыць пра толькi што завершаную работу. Ёсць дзiцячая песенька: «Если долго мучиться, что-нибудь получится». Але — нам не хацелася, каб было «што-небудзь». Мой бацька ваяваў, вызваляў Вiцебск. Камiсар батальёна, гвардыi маёр Наiм Касымаў (у таджыкаў не прынята называць iмя па бацьку). Быў кантужаны, два гады не гаварыў i не чуў — было вельмi цяжка... Перад памяццю майго бацькi, перад памяццю ўсiх iншых бацькоў, дзядоў i прадзедаў мы не маем права здымаць пра вайну дрэнныя карцiны. I пакуль яны жывыя, менавiта яны — нашы галоўныя суддзi.

Зараз пераглядаецца ваенная гiсторыя, у тым лiку i значэнне партызанскага руху... Але выбачайце, калi ласка: у ваш дом урываецца чалавек са зброяй у руках i гаворыць: «Цяпер гэта мой дом!». Хiба вы сустрэнеце яго хлебам-соллю? Дык пра што размова?!

У Аляксандра Неўскага ёсць вельмi добрыя словы: «Iдзiце i скажыце ўсiм у чужых краях, што Русь жывая. Хай без страху iдуць да нас у госцi. Але хто з мячом да нас прыйдзе, ад мяча i загiне. На гэтым стаяла i будзе стаяць славянская зямля». Вось i адказ на сённяшнiя «гiстарычныя вынаходнiцтвы» адносна партызанскага руху.

...Амерыканцы ў сваiх карцiнах апошняга часу робяць акцэнт на тым, што менавiта яны перамаглi ў вайне. Узгадайма: «Пiянiст», «Спiс Шындлера», «Салдат Рэйн»... Але давайце скажам, хто першы прыняў удар. Беларуская зямля. Да гэтага немцы амаль бесперашкодна iшлi па Еўропе — моцнага, магутнага супрацiўлення амаль не было. А тут — пачынаючы ўжо з Брэста. Як абаранялi яго нашы хлопцы, нашы салдацiкi, камандзiры, простыя звычайныя людзi. Гаварыць можна i трэба i аб колькасцi загiнуўшых, аб спаленых вёсках, дзецях, жанчынах, старых... Гаварыць i аб тым, хто дайшоў да Берлiна — у найцяжэйшых умовах... Маладыя людзi выходзiлi са шпiталяў — i зноў рвалiся на фронт. Гэта нашы людзi... Амерыканцы, канешне, дапамаглi — але перамаглi ўсё-такi мы.

«Глыбокая плынь» — карцiна пра тое, як з сямi чалавек, звычайных цывiльных людзей, вырастае вялiкая рака партызанскага руху. Глыбокая плынь барацьбы...

Вельмi ўдзячная ўсiм, хто працаваў у складзе здымачнай групы: аператару Таццяне Логiнавай, мастаку Леанiду Пруднiкаву, мастаку па касцюмах Але Грыбавай, мастаку па грыму Аляксандры Журбе, Вiктару Капыцько, якi дапамог зрабiць кампiляцыю музыкi... Удзячная дырэкцыi кiнастудыi, мiнiстэрству культуры — усе дапамагалi, хто мог. У тым лiку i простыя сяляне, калгаснiкi: яны ўдзельнiчалi ў масавых сцэнах, дапамагалi i коньмi, калёсамi... Фiльм здымаўся ў Смалявiцкiм раёне.

— Колькi доўжылася работа над карцiнай?

— Ой, i не пытайцеся!..

— Вы так цяжка ўздыхнулi...

— Таму што былi надзвычай кароткiя, сцiслыя тэрмiны, пра якiя нават гаварыць няёмка. Як мы гэта ўсё вытрымалi — зараз i самi з цяжкасцю ўяўляем. На карцiну патрэбна было мiнiмум 15 месяцаў — мы яе зрабiлi за 10.

— Над фiльмам «Глыбокая плынь» працавалi два рэжысёры — Маргарыта Касымава i Iван Паўлаў...

— Рабiць карцiну прапанавалi мне. Але ў мяне ўжо традыцыя: працаваць разам з маладымi калегамi. На «Бальную сукенку» запрасiла маладога рэжысёра Iрыну Волах (яна зараз здымае ў Санкт-Пецярбургу), а на «Глыбокую плынь» — Iвана Паўлава. Ён вучыўся на курсе, якi вялi мы з Вiктарам Цiмафеевiчам Туравым.

— Ваш вучань?

— Так, колiшнi мой студэнт. Вельмi таленавiты i вельмi працавiты чалавек. Яго ўжо ведаюць гледачы па фiльму «Свежына з салютам» — гэта быў яго рэжысёрскi дэбют. Думаю, наш фiльм яму дапаможа яшчэ больш годна ўвайсцi ў вялiкае кiно... Разумееце, маё пакаленне — гэта ўжо, як гаворыцца, «людзi з кiрмашу», творчая моладзь павiнна выходзiць наперад. Такая практыка, калi маладыя рэжысёры працуюць побач з вопытнымi, на мой погляд, вельмi плённая. Што i казаць, у мяне карона з галавы не ўпадзе, а для моладзi гэта многае значыць...

— Маргарыта Наiмаўна, не сакрэт, што людзi творчыя часам раўнiва адносяцца да моладзi, нярэдка дзейнiчае прынцып «Не пушчаць!»...

— Ведаеце, а гэта ж так прыемна — калi маладыя гавораць: вопытныя майстры далi магчымасць папрацаваць, я ўдзячны сваiм настаўнiкам... Дзеля гэтага варта жыць. I самае галоўнае: практыка, калi побач з вопытнымi рэжысёрамi працуюць маладыя, — яна ўзаемакарысная. Для моладзi гэта школа, для нас — вялiкая дапамога: яны ж не стаяць статыстамi! Напрыклад, Iван Паўлаў зняў адзiн з лепшых эпiзодаў карцiны — налёт на склад. Вельмi рада за яго... Увогуле дыялектыка жыцця сведчыць, што маладосць — «хвароба», якая, на жаль, вельмi хутка праходзiць. Нiколi не трэба пра гэта забываць.

— У фiльме здымалiся беларускiя артысты?

— Так. I я нiзка кланяюся беларускiм акцёрам. Асабiста для мяне сталi сапраўдным адкрыццём надзвычай таленавiтыя акцёры Аляксандр Ждановiч i Вольга Няфёдава. Шмат зрабiў Аляксандр Бяспалы — гэта вопытны акцёр, вялiкi акцёр. Вельмi цiкавая работа ў Аляксандра Ткачонка. Варта адзначыць i маладую актрысу, мiнчанку, якая зараз вучыцца ў Шчукiнскiм вучылiшчы, Марыну Каняшкiну. У фiльме занята ўсяго некалькi расiйскiх акцёраў: Ганна Мелiкава, народная артыстка Расii Кацярына Васiльева i народная артыстка СССР Зiнаiда Кiрыенка. Галоўную ролю ў фiльме выконвае Яраслаў Iваноў. У нас здымалася шмат моладзi — студэнты Беларускай акадэмii мастацтваў. У Беларусi выдатная акцёрская школа, шмат цудоўных артыстаў — iх трэба здымаць, неабходна рабiць iм рэкламу.

Думаю, гледачы звернуць увагу i на блiскучую, проста фантастычную работу мастака па касцюмах Алы Грыбавай. Яна выдатна ведае i гiсторыю Беларусi, i гiсторыю касцюма. Iдзе па вёсках, збiрае нейкiя рэчы, хай сабе невялiчкi кавалачак карункаў — i па iм аднаўляе ўсё...

— Фiльм па раманах Iвана Шамякiна — здаецца, не такая ўжо i даўняя гiсторыя: вядомая вопратка часоў вайны...

— Каштоўнасць касцюма ў тым, што кожны акцёр павiнен быць iндывiдуалiзаваны. Канешне, усiх можна апрануць у старыя целагрэйкi, «керзуху», фуражкi таго часу — i ўсё. Але ж кожны акцёр нясе ў сабе iндывiдуальнасць — у тым лiку i касцюмную. Кожны апранаецца па-свойму. Вось я апранаю гэтае скураное палiто... «гестапаўскае» ў сэнсе фасону.

— Намёк на тое, што рэжысёр — гэта ў пэўнай ступенi таталiтарыст?

— Можа быць!.. (Усмiхаецца.) А вы, як чалавек iншага складу, апранаеце лёгкую куртачку. Усё залежыць ад iндывiдуальнасцi.

— Па вопратцы сустракаюць — у тым лiку i кiнагероя?

— Безумоўна. I касцюм дапамагае акцёру знайсцi вобразнае рашэнне ролi — а гэта вельмi важна. Калi Аляксандр Бяспалы iграе чыгуначнiка, то абавязкова — чыгуначная фуражка. Адразу зразумела: гэта чыгуначнiк. А калi б надзелi на яго проста шапку — дык невядома, хто гэта... Маленькая дэталь, а якая значная!..

— Iван Пятровiч Шамякiн пайшоў з жыцця восенню мiнулага года — ён ведаў, што пачалася экранiзацыя яго раманаў «Снежныя зiмы» i «Глыбокая плынь»?

— Так, безумоўна. Але, на жаль, не дажыў да прэм’еры... Ён блаславiў студыю на стварэнне фiльма.

— Маргарыта Наiмаўна, вы напалову таджычка, напалову руская, апошнiм часам жывяце i працуеце ў Беларусi — а кiм вы сябе больш адчуваеце?

— Мне хацелася б перш за ўсё адчуваць сябе добрым рэжысёрам... У складаны час, калi вымушана была пакiнуць радзiму майго бацькi, Беларусь падставiла плячо ў асобе Вiктара Цiмафеевiча Турава. Гэта мой сакурснiк, мой брат. Магутны беларускi рэжысёр. Думаю, пройдзе час — i зразумеюць па-сапраўднаму, хто такi Тураў. Спявак зямлi беларускай. «Праз могiлкi», «Мы родам з дзяцiнства»... А яго «Людзi на балоце» чаго вартыя!.. Беларусь — «намоленая» зямля. Тут глыбокая жыццёвая плынь...


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдаднi юбiлейнага Дня Перамогi на Нацыянальнай кiнастудыi «Беларусьфiльм» завершана работа над мастацкiм фiльмам «Глыбокая плынь». Стужка знятая
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика