Есцi, каб жыць, — цi жыць, каб... есцi?
Працягваем друкаваць адказы галоўнага няштатнага гастраэнтэролага Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Наталлi Мiкалаеўны Сiлiвончык на пытаннi нашых чытачоў.
(Працяг. Пачатак у нумарах за 26, 27 і 28 лістапада). — Алена Лебедзева з Мiнска... Мне 24 гады. Я люблю салёнае i вострае. Вядома, што гэта шкодна, таму хачу даведацца пра тое, цi ёсць якiя-небудзь прадукты, здольныя нейтралiзаваць шкоднае дзеянне любiмых мной страў? — Тое, што вам хочацца ўсяго смачнага, што вы сябе нi ў чым не абмяжоўваеце i не скардзiцеся на праблемы са здароўем, можна зразумець. Канешне, салёнае, смажанае, вострае не з’яўляецца прыкладам здаровага харчавання. Страўнiку ўсё гэта не падабаецца. Вялiкая колькасць солi, скажам, — дрэнны саюзнiк для нармальнага артэрыяльнага цiску. Калi ж у будучым узнiкнуць якiя-небудзь праблемы са здароўем — неабавязкова, але раптам, — то доктар абавязкова запытае ў вас: а як вы харчавалiся? Я параiла б вам пакрыху абмяжоўваць тое, што не падабаецца страўнiку. Справа ў тым, што прадуктаў, якiя нейтралiзуюць дзеянне iншых прадуктаў, няма. I калi вы з’елi штосьцi вэнджанае, то ўсе рэчывы, якiя змяшчала гэта ежа, ужо трапiлi ў арганiзм. — Зразумела. I яшчэ адно пытанне дазвольце: наколькi патрэбная гiдратэрапiя, калi асаблiвых праблем, па сутнасцi, няма? — Калi праблем няма, то i не трэба iх прыдумваць. У такiх выпадках мы, гастраэнтэролагi, не вiтаем шырокае выкарыстанне такой працэдуры. — Мяне завуць Яўгенiя, я — бухгалтар. Работа, зразумела, сядзячая... I такое пытанне: якой можа быць дыета, меры прафiлактыкi пры метэарызме? — Вы назвалi вельмi актуальную праблему. Сядзячая работа правакуе яе. Вам неабходна паназiраць за сабой i адмовiцца ад некаторых прадуктаў, якiя выклiкаюць падобную рэакцыю. Наогул, да двух лiтраў газаў утвараюцца ў кiшэчнiку за суткi. Аднак iх можа ўтварацца больш, калi ў арганiзме адносна недастаткова ферментаў для таго, каб ператравiць той цi iншы прадукт або гэтых прадуктаў паступае зашмат. Акрамя таго, калi чалавек рухаецца, то газы раўнамерна размяркоўваюцца па кiшэчнiку i не выклiкаюць непрыемных адчуванняў. Паназiрайце за сабой. Звычайна тыповай у гэтым сэнсе можа быць малочная, тлустая i салодкая ежа. Магчыма, вам дастаткова будзе адмовiцца толькi ад марожанага, вяршкоў цi курагi — i ўсё наладзiцца. Тут непазбежна давядзецца ад нечага адмовiцца. Ёсць, праўда, i прэпараты, якiя дапамагаюць усмоктванню газаў. Дысфлацыл, метэаспазмiл, напрыклад. — Маёй дачцэ 43 гады. У яе гепатыт С. Калi яна паесць, то пад рэбрамi адчувае боль. Падкажыце, што рабiць? Як вiрус ставiцца да разгрузачных дзён, да галадоўкi? — Мяркую, што вiрусу гэта не спадабаецца. Але i печанi таксама. Таму мы i гаворым пра збалансаванае харчаванне — з бялкамi, вугляводамi, тлушчам. Прычым тлушчам i раслiнным, i жывёльным! — Але дачка сябе лепш адчувала, калi галадала... — Я не магу забаранiць вам рабiць тое цi iншае. Але раiць вам галаданне ў дадзеным выпадку не буду. Мне здаецца, не ўсё тое, пра што вы дзесьцi пачулi, неабходна выпрабоўваць на сабе. Я, напрыклад, неяк прачытала ў адным часопiсе, што пры цырозе печанi трэба пiць гарэлку з хрэнам, прычым доўга... Можна, канешне, эксперыментаваць, але навошта ў такiм разе звяртацца да ўрачоў? — Дзякуй, усё зразумела... — Тэлефаную з Мiнска. Я — Канстанцiн Дзмiтрыевiч... I з такiм вось пытаннем: гадоў дваццаць таму ў мяне быў гепатыт, хвароба Боткiна. I тады, i цяпер я крыху выпiваў. Зараз мне 55 гадоў. Ад выпiўкi не адмаўляюся, але, бывае, адчуваю ў правым падрабрыннi боль... Не хацелася б, каб справа дайшла да цырозу... Што вы падкажаце? — Выяўлены ў вас вiрус гепатыта А бясследна знiк. Зараз вам неабходна разабрацца з харчаваннем i захапленнем моцнаградуснымi напоямi. Колькi вы важыце? — 110 кiлаграмаў. — Раю вам знiжаць вагу. Але не рэзка — напрыклад, хаця б па 1 кг у месяц. Цяпер пра алкаголь. Альтэрнатывы ў вас няма — давядзецца адмовiцца. Нават ад пiва, паколькi 1,5 лiтра пiва — гэта 75 грамаў абсалютнага алкаголю. I нiякiх выключэнняў, накшталт «толькi па святах», быць не можа. Печань не застрахаваная ад дрэннага ўздзеяння нават падчас святаў. — Але калi здараюцца болi, я магу выпiць бутэльку «Кадаркi» — i становiцца лягчэй... — Ну, тое, што становiцца лягчэй, — зразумела. Таму алкаголь i ўжываюць. Аднак толькi калi вы развiтаецеся з дрэннай звычкай, вашы справы адназначна палепшацца. Зараз мы, медыкi, схiляемся да таго, што нават невялiкiя дозы алкаголю небяспечныя для печанi. Захворваннi печанi ўзнiкаюць не ў кожнага, хто ўжывае моцнаградусныя напоi. Але ў схiльных да такiх хвароб выбару няма: пiць iм нельга нiколi. — Любоў Эдуардаўна звонiць. З Вiлейкi... Тры гады таму дачцэ выдалiлi жоўцевы пузыр. I пасля аперацыi ў яе пачалi моцна балець ногi, з’явiўся гастрыт. Дакладней, балiць у правым падрабрыннi, але так, што аддае ў правую нагу. — Гаворка iдзе пра частую з’яву. Звязаны боль з тым, што жоўцевыя шляхi прыстасоўваюцца да адсутнасцi рэзервуара для жоўцi — яны пачынаюць спазмiраваць. Ёсць прэпараты, здольныя зняць гэтыя спазмы: адэстон, но-шпа, дзюспаталiн, напрыклад. Харчавацца неабходна нармальна, не выключаць мяса, рыбу, агароднiну. Есцi невялiкiмi порцыямi, а перад ядой можна прымаць лекавы прэпарат. Аднак, калi вы недастаткова даследаваны, то лепш удакладнiць сiтуацыю з болем у назе. Гэта не вельмi тыпова для жоўцевыводзячых пратокаў. — Гэта Анатоль Фёдаравiч з Мiнска. Мне 58 гадоў. Адчуваю дыскамфорт цi то ў страўнiку, цi то ў кiшэчнiку. Многа газаў. Нешта бурлiць, шумiць. А пятнаццаць гадоў таму я лячыў страўнiк i пiў шмат антыбiётыкаў. Урачы сказалi, што быццам бы цяпер у мяне эрозiя страўнiка i дысбактэрыёз кiшэчнiка... — Вы даследавалi ўвесь кiшэчнiк?.. — Толькi 15 сантыметраў... — Што да антыбiётыкаў, то з таго часу флора аднавiлася, i тут няма нiякiх праблем. Зараз даследуйце ўвесь кiшэчнiк. I калi будзеце рабiць гастрафiбраскапiю, зрабiце яе з бiяпсiяй — каб высветлiць, цi няма бактэрый у кiшэчнiку. Абавязкова рухайцеся i сачыце за прадуктамi, якiя ўжываеце. Верагодна, ад нечага давядзецца адмовiцца. — Алена, Гродзенская вобласць... Патрэбна парада. Летась у мяне выявiлi павялiчаную падстраўнiкавую залозу. Цяпер паставiлi дыягназ: гепатыт. Я не здавала аналiзы на маркёры. У нас, у Смаргонi, з гэтым усiм цяжка. — Вы нават не ведаеце, вiрусны ў вас гепатыт цi не? У Мiнску мноства ўстаноў, дзе можна разабрацца з маркёрамi. Паспрабуйце ўсё ж такi высветлiць, дзе гэта можна зрабiць у вашым горадзе, папрасiце накiраванне. Наогул мне цяжка што-небудзь вам параiць цi падказаць, паколькi вельмi мала канкрэтных даных. Трэба мець бiяхiмiчны аналiз крывi, ультрагукавое даследаванне, з маркёрамi разабрацца, каб сказаць, што адбываецца ў вашай печанi. — Рагозенка Зiнаiда Пятроўна з Ельска, Гомельская вобласць. У печанi знайшлi два новаўтварэннi: 33,6 i 25,6 мiлiметраў. Гэта метастазы цi якое-небудзь захворванне? — Напэўна, гаворка iдзе пра гемангiёму — гэта такiя ўтварэннi, як бываюць на скуры ў выглядзе невялiкiх чырвоных плям. Такiя ж i ў печанi. Калi не было ультрагукавога даследавання, мы iх нават не маглi выявiць. Усё гэта зусiм не страшна, гэта бяспечны стан. — А яшчэ кожную ранiцу я адчуваю горыч у роце... — Верагодна, ёсць нейкая паталогiя жоўцевага пузыра... А як вы харчуецеся? — У мяне дыябет... — Вам неабходна рэгуляваць скарачальнасць пратокаў жоўцi з дапамогай лекавых прэпаратаў — но-шпы, бускапана цi iншых. А наогул эндакрынолагi пiльна сочаць за вамi, за такой катэгорыяй пацыентаў. Вам няма чаго хвалявацца. (Працяг будзе.) На «прамой лiнii» дзяжурылi Святлана БАРЫСЕНКА i Наталля КАРПЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працягваем друкаваць адказы галоўнага няштатнага гастраэнтэролага Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Наталлi Мiкалаеўны Сiлiвончык на пыта |
|