Прыёмная кампанiя: абагульненнi — не да месцаПрашу слова У газеце «Звязда» за 3 снежня 2005 года прачыталi артыкул Надзеi Нiкалаевай «Абiтурыентам пакiнуць адзiн шанц?» Аўтарка нiбыта чытае думкi мае i маёй дачкi. Гатовы падпiсацца лiтаральна пад кожным словам. Ужо амаль тыдзень мы знаходзiмся ў стане глыбокага стрэсу ў сувязi з тым, што правiлы прыёму ў ВНУ збiраюцца так радыкальна змянiць, i змянiць, на наш погляд, зусiм не ў лепшы бок.Нiхто не спрачаецца з тым, што аўтарытэт школы трэба ўмацоўваць, толькi пачынаць рабiць гэта лепш з пачатковай школы, а не ў сярэдзiне адзiнаццатага класа. Вучнi i без таго зараз знаходзяцца ў вялiкiм нервовым напружаннi, i гэткая змена можа падарваць iх псiхалагiчны стан i здароўе. Лепш за ўсё вярнуць адукацыю ў школе на ранейшы ўзровень, каб абiтурыенты не залежалi ад рэпетытараў. Бо намнога прасцей бацькам знайсцi ў кашальку 20 тысяч рублёў на цэнтралiзаванае тэсцiраванне i атрымаць сертыфiкат, чым плацiць па дваццаць долараў за адзiн урок з рэпетытарам. Што датычыцца сярэдняга бала школьнага атэстата, то я лiчу, што нельга параўноваць «дзесятку» па матэматыцы, атрыманую выпускнiком спецыялiзаванага класа, i «дзесятку», атрыманую ў звычайнай школе, «дзесятку» па англiйскай мове, атрыманую ў лiнгвiстычным класе i ў звычайнай школе. Незразумела, як увогуле можна выводзiць сярэднi бал такiм прымiтыўным i несумленным чынам? Цi не лепш выводзiць сярэднi бал у залежнасцi ад таго, куды збiраецца абiтурыент паступаць: на фiлалагiчныя спецыяльнасцi цi на фiзiка-матэматычныя — гэта значыць падыходзiць да кожнага абiтурыента iндывiдуальна. Таксама нельга пераводзiць балы, атрыманыя на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi па 100-бальнай тэставай шкале, у дзесяцiбальную сiстэму ацэнкi ведаў. Патлумачу на канкрэтным прыкладзе. Мая дачка здавала платнае ЦТ па чатырох прадметах. Буду вельмi ўдзячная, калi хто-небудзь растлумачыць мне логiку, па якой налiчваюцца балы: руская мова — 53 балы («пяцёрка»), беларуская мова — 58 балаў («шасцёрка»), гiсторыя Беларусi — 41 бал (зноў «пяцёрка»), англiйская мова — 67 балаў («пяцёрка»). А цi не лепей было скласцi тры лiчбы: 58+41+67=166? Трэба ўлiчваць таксама i праблемы дзяцей з так званымi сезоннымi захворваннямi, той жа бранхiяльнай астмай, якая не паддаецца кантролю, а найбольш небяспечны перыяд, калi хвароба ў любы момант можа абвастрыцца, прыпадае якраз на красавiк—кастрычнiк. Што рабiць тым дзецям, якiя вымушаны будуць змагацца з прыступам астмы падчас правядзення ў краiне абавязковага цэнтралiзаванага тэсцiравання? Паспрабуйце здаваць iспыты, калi вам цяжка дыхаць. Хоць бы з гэтай нагоды трэба прадугледзець мiнiмум адзiн, а магчыма, i два рэзервовыя днi для здачы абавязковага тэсцiравання, каб дзецi па прычыне сваёй хваробы не прапускалi адну прыёмную кампанiю за другой... Рэктары БДУ i Беларускага дзяржаўнага медыцынскага унiверсiтэта сцвярджаюць, што адзнакi, якiя атрымлiваюць абiтурыенты на платным i бюджэтным цэнтралiзаваным тэсцiраваннi, пераважна аднолькавыя. Не ведаю, як у большасцi абiтурыентаў, але, напрыклад, дачка маёй сяброўкi менавiта дзякуючы дзвюм спробам здачы цэнтралiзаванага тэсцiравання здолела паступiць у Мiнскi дзяржаўны лiнгвiстычны унiверсiтэт. На платным цэнтралiзаваным тэсцiраваннi па беларускай мове яна атрымала 8 балаў, а на бюджэтным — 9 балаў, бо выправiла свае ранейшыя прабелы i памылкi. У яе была магчымасць з двух сертыфiкатаў выбраць лепшы для сябе, i гэта ў вынiку i вырашыла яе лёс пры паступленнi. З павагай i надзеяй на разуменне тых людзей, ад якiх залежыць лёс будучых абiтурыентаў. Прабачце за, мабыць, залiшнюю эмацыянальнасць, але для мяне як для мацi гэта вельмi балючае пытанне. Аляксандра, (alexandra04@mail.by).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У газеце «Звязда» за 3 снежня 2005 года прачыталi артыкул Надзеi Нiкалаевай «Абiтурыентам пакiнуць адзiн шанц?» Аўтарка нiбыта чытае думкi мае i маёй |
|