21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Бяроза вайны i жыцця

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

У Крычаве, непадалёк ад чыгуначнага вакзала, на цiхай вулiцы Пушкiнскай жыве пенсiянерка Людмiла Цiмафееўна Iванова. Прыгожая пафарбаваная хата, акуратны ўчастак, дагледжаны двор. I вялiкая белая бяроза, равеснiца Другой сусветнай вайны i дрэва жыцця сям’i жанчыны.

— Вайна прыйшла 22 чэрвеня, а 4 лiпеня нас бамбiлi, — узгадвае Людмiла Цiмафееўна. — Бомба ўпала непадалёк ад нашай хаты, i варонка была такая вялiкая, што ў ёй поўнасцю ўмесцiлася б хата. У варонцы бiлi крынiцы, i мы яе потым доўга засыпалi.

А пасля вызвалення, напрыканцы вайны, на краi варонкi Людмiла Цiмафееўна знайшла бярозку, кволую, маленькую — напэўна, меншую за паўметра. Здзiвiлася, якiм чынам яна тут вырасла. Дзяўчына агарадзiла дрэва, каб не зламалi i не затапталi, i стала «песцiць» сваю белую бярозу. З парастка атрымалася вялiкая прыгажуня.

* * *

Людзi часта цiкавяцца вялiкай бярозай, а Людмiла Цiмафееўна расказвае пра дрэва ваенных гадоў. Ёй быў 11-ы год, калi пачалася вайна.

— Я, лiчы, яшчэ ў лялькi гуляла, а тут такi жах! Мы шмат пацярпелi ад вайны, у мяне страшныя ўспамiны пра яе. Ой, балюча ўсё гэта ўзгадваць, — у вачах Людмiлы Цiмафееўны слёзы.

Яна памятае, як савецкiя салдаты ў 1941 годзе, калi адступалi, спынялiся ля хаты, параненыя i стомленыя. Як сядзелi ля агароджы, а мацi iм, галодным, выносiла ўсё, што было — параную бульбу i сала, хлеб i соль, агуркi i бярозавiк.

— Нашы адступаюць, а немец вось-вось падступае, — расказвае крычаўлянка. — Усе рухаюцца па дарозе на пераправу цераз Сож, i мы пайшлi, мацi i трое дзяцей: маўляў, вы адступаеце — i мы з вамi. Тады нейкi лейтэнант, добры чалавек, адвёў мацi ўбок i кажа: «Што ж вы робiце? Мы, салдаты, пад кулi iдзём. А вы? Вяртайцеся дадому i беражыце дзяцей!». Мацi паслухалася. А на наступную ранiцу прыйшлi немцы, i памятаю, што яны спачатку пачалi забiваць кароў i свiней ды шматаваць iх, есцi.

Сям’i Ларысы Iвановай было цяжка пад немцамi. Iх суседзi, Карпекiны, былi звязаны з партызанамi, i iм дапамагалi, як i чым маглi. Старэйшую сястру Людмiлы Цiмафееўны лавiлi, каб угнаць у Германiю, але некалькi разоў мацi ўдавалася адбiць дачку. Каб гэта не скончылася трагiчна, знаёмая перакладчыца ўладкавала дзяўчыну ў нямецкi лазарэт, дзе яна мыла посуд i прыбiрала пакоi. Аднак самая галоўная яе задача была — красцi бiнты, марлю i медыцынскiя iнструменты. Людмiла звычайна прыходзiла на працу да сястры за вядром з рэшткамi ежы, што дазвалялi забiраць немцы. На дно сёстры клалi тое, што ўдалося сцягнуць, наверх — бульбяныя ачысткi. Людмiла дома ўсё хутка разбiрала, хавала медыцынскiя iнструменты на градах у капусце, а потым суседзi адпраўлялi каштоўны груз для параненых партызанаў.

Сям’я чакала вяртання савецкiх войскаў i перамогi. I калi немцы сапраўды сталi адступаць, то сусед, якi да таго часу перабраўся да партызанаў, даслаў вестку. Паводле яго парады яны за два тыднi да вызвалення сышлi ў лес, у партызанскую зону. Аднак нехта паведамiў немцам, куды сышлi людзi, i хата Людмiлы Iвановай запалала першай. Сям’я вярнулiся на папялiшча.

— Аднак было мора слёз ад радасцi, што нашы прыйшлi, што нас вызвалiлi, — расказвае Людмiла Цiмафееўна. — I зноў стомленыя салдаты спынялiся ля нашай хаты, i мы зноў частавалi iх усiм, што мелi, радавалiся бязмежна i жадалi iм хуткай перамогi.

* * *

Першую пасляваенную зiму сям’я Iвановай перажыла на кватэры: у невялiкiм памяшканнi жылi тры сям’i, бо не было куды падзецца. Потым яны пабудавалi з таго, што было, невялiкую хацiнку. «Гэтую хацiнку мы пакiнулi на заднiм двары як наша гiстарычнае мiнулае, — смяецца Людмiла Цiмафееўна. — Няхай памятаюць дзецi i ўнукi, што калi мы пасля вайны засялiлiся ў яе, то адчувалi сябе на «сёмым небе» ад шчасця. Няхай ведаюць, як мы выжывалi».

I пасля вайны сям’i прыйшлося нялёгка: бацька Людмiлы Цiмафееўны памёр яшчэ да вайны, i мацi спраўлялася з гаспадаркай адна, каб пракармiць дзяцей. Жылi з аднаго агарода, i трэба было зарабляць грошы. Таму Людмiла закончыла 8 класаў i пайшла працаваць.

— Я ўвесь час шукала такое месца працы, дзе плацiлi б паболей грошай, — гаворыць Людмiла Цiмафееўна. — Разы тры даводзiлася звальняцца падманам, бо тады так проста не звальнялi з працы, а толькi адпускалi для вучобы ў навучальных установах. Вось я рабiла выгляд, што паступiла, а сама iшла працаваць, напрыклад, школьным рахункаводам. А потым знайшла добрую працу ў бiблiятэчным парткабiнеце на чыгуначнай станцыi.

Неўзабаве вызвалiлася месца ў бiлетнай касе на чыгунцы, i Людмiла Цiмафееўна адпрацавала там аж 36 гадоў. А потым стала начальнiкам чыгуначнага вакзала, i з гэтай адказнай пасады пайшла на пенсiю. Цяпер усе яе турботы звязаны з дзецьмi i ўнукамi.

Людмiла Цiмафееўна паказвае старыя сямейныя фотаздымкi — чорна-белыя, з жаўцiзной, вельмi прыгожыя. Вось тут маладая Людмiла сядзiць са сваiмi малымi дзецьмi ля бярозы — невялiкай i тоненькай. Вось дзецi выраслi — вырасла i бяроза. Дачка i сын Людмiлы Цiмафееўны ставяцца да дрэва як да сямейнага сiмвала.

— У нашай бярозы было чатыры ствалы, — гаворыць Людмiла Цiмафееўна. — Дык мы ўвесь час казалi, што гэта нiбыта наша мацi i мы, трое яе дзяцей, расцём, гадуемся. Цяпер, праўда, адзiн ствол спiлавалi. А мацi i брат пайшлi з жыцця...

Мацi Iвановай, Марыя, не давала спiлаваць бярозу пасля вайны.

— Яна была жанчынай, якая жыла дзеля нас, дзяцей, — успамiнае пра мацi Людмiла Цiмафееўна. — Яна рана засталася ўдавой, ёй без мужчыны даводзiлася адной араць i сеяць, але зноў замуж не пайшла. Мацi казала, што яе дзецi нiкому не патрэбныя, акрамя яе. Яна была вельмi добрая i энергiчная — царства ёй нябеснае...

Калi Марыя хварэла ў апошнiя гады жыцця i лячылася ў Мiнску, то ўсё прасiла дзяцей адвезцi яе дадому: маўляў, буду там па зямельцы роднай хадзiць i прытулюся да бярозы — буду здаравейшая.

* * *

Людмiла Iванова — карэнная крычаўлянка. Зямля, дзе стаiць яе дом i расце бяроза, заўсёды належала яе сям’i: ад прадзеда — дакладна.

Контуры даўняй варонкi ўсё яшчэ праглядаюцца, хоць яна i абсаджана малiнай i арэшнiкам. Каля бярозы, на ўзвышшы — сiняя лаўка, з якой зручна аглядаць наваколле. Побач з бярозай — калода i дровы для вогнiшча. Улетку тут, кажа Людмiла Цiмафееўна, добра прымаць гасцей i гатаваць шашлыкi.

Штогод дрэва дае шмат бярозавага соку, вельмi смачнага. Яго хапае не толькi на ўсю сям’ю Людмiлы Цiмафееўны, яна надзяляе сокам суседзяў i сяброў. Жанчына ставiць бярозавiк на зiму ў трохлiтровыя слоiкi з разынкамi. Фiрменны рэцэпт Iвановай — бярозавiк з калiнавым сокам, вельмi смачна.

Ствол бярозы тоўсты, iмшысты. А высока на дрэве — шпакоўня. Ёй адзначаны шлюб Людмiлы Цiмафееўны: шпакоўню зрабiў яе гаспадар. На бярозу заўсёды прылятаюць шпакi. А ў калiне па суседству вясной спяваюць салаўi. Сядзець пад бярозай i слухаць iх цудоўныя спевы — любiмы адпачынак Людмiлы Цiмафееўны.

— Ведаеце, бяроза — гэта для мяне ўсё, — прызнаецца жанчына. — Я, калi шчыра, нiкуды асаблiва не хаджу, кола маiх зносiнаў невялiкае, а бяроза — нiбы сапраўдная сяброўка. Яна навявае мне аптымiстычныя думкi i нiбыта лечыць мяне.

Людмiла Цiмафееўна скардзiцца, што, верагодна, хутка давядзецца ёй пакiнуць сваю бярозу. Сваякi просяць прадаць хату ў Крычаве i пераехаць да iх у Мiнск: гаспадынi будзе ўжо 75 гадоў, агарод больш за 20 сотак апрацоўваць няма сiл, а дзецям больш чым за 300 кiламетраў з Мiнска ў Крычаў ездзiць нязручна. «Сiл няма, трэба ехаць», — пакорлiва згаджаецца Людмiла Цiмафееўна, але чамусьцi ўсё не рашыцца з’ехаць. Усё не можа кiнуць магiлы бацькоў, ды i бярозу шкада, бо новыя гаспадары, напэўна, яе спiлуюць.

Справа ў тым, што мець такое вялiкае дрэва вельмi невыгадна з пункту гледжання земляробства. Вялiзная карнявая сiстэма не толькi не дае апрацаваць прыстойны кавалак зямлi, але i адцягвае на сябе «сокi» агарода.

— Так, бяроза не дае прыбытку, — гаворыць жанчына. — Але трэба i душы мець прыбытак. Я так разумею, што будзе душы спакойна — будзе ўсё нармальна ў жыццi.

Цяперашнiм жыццём Людмiла Цiмафееўна задаволеная: 250 тысяч рублёў пенсii i агарод забяспечваюць ёй прыстойны ўзровень жыцця.

— Ведаеце, у мяне багацця асаблiвага няма. Мы жывём сённяшнiм днём i спiм спакойна, — гаворыць крычаўлянка. — Гаспадарка ёсць. Дзецi дапамагаюць. Бяроза стаiць. Жыць добра!


г. Крычаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Крычаве, непадалёк ад чыгуначнага вакзала, на цiхай вулiцы Пушкiнскай жыве пенсiянерка Людмiла Цiмафееўна Iванова
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика