Беларускi вiнаград — на прамысловую аснову
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Паставiць вiнаградарства на прамысловую аснову ў Беларусi ўжо спрабавалi. Напрыклад, у калгасе «Клецкi» былi закладзены плантацыi вiнаграду, але з гэтага нiчога не атрымалася — мясцовы вiнзавод ураджаю не дачакаўся. Вiнаграду, як i любой раслiне, патрэбен догляд, а калi няўдала выбраць сорт, то з iм адзiн клопат.
Тым не менш Пiнскi вiнаробны завод ужо трэцi год адпускае пад вiнаград новыя гектары. А самае цiкавае, што тут не сталi мудрыць з сортам i высадзiлi Альфу — самы распаўсюджаны ў нас вiнаград, праўда, яго часта называюць яшчэ i Iзабэлай, але пра гэта крыху нiжэй. — Якiм бы вiнаград нi быў, але з яго вiно заўсёды будзе лепшым, чым пладова-ягаднае. Для завода мець сваю сыравiну выгадна, асаблiва вiнаград, — сказаў начальнiк сельгасучастка завода Чэслаў Жураўлевiч. — У нас пад вiнаградам ужо 8 гектараў. Хоць вiнаградарствам займаемся толькi трэцi год, але сёлета сабралi ўжо паўтары тоны вiнаграду. На iм i спрабуем адпрацаваць тэхналогiю вырабу вiнаграднага вiна. Неабходна крыху глядзець наперад. А чаму менавiта Альфа? Галоўнае, што гэты сорт вельмi марозаўстойлiвы i не баiцца розных хвароб, а гэты момант вельмi важны пры прамысловым вырошчваннi вiнаграду. Акрамя таго, i ўраджай у Альфы стабiльны — родзiць штогод. Тры гады для вiнаграду — узрост дзiцячы. Толькi пасля дзесяцi гадоў вiнаградны куст набiрае сiлу, а ўвогуле чым вiнаграднiк старэйшы, тым вiно з яго лепшае. Хоць многае тут залежыць ад догляду. Калi лазу пакiнуць на волю лёсу, то ягады настолькi здрабнеюць, што ўжо i гронкi не будзе. Вось на маёй дачы трыццацiгадовая лаза Альфы, у залежнасцi ад года, дае больш за 200 кiлаграмаў ягад. Найбольшая вага гронкi ў самы спрыяльны сезон дасягала 480 грамаў (для Альфы вага неверагодная), а праз хату жыве нямоглы стары, i гронкi на яго вiнаградзе — некалькi дробных ягадак. Лаза зарасла кустоўем, неабрэзаная i непадкормленая на працягу многiх гадоў змарнела. Сорт адзiн i той жа, а ўраджай параўнаць нельга. Я ўпэўнены, што прамысловая вытворчасць вiнаграду ў Беларусi мае перспектыву. Толькi не трэба пасадачны матэрыял завозiць з поўдня. А зараз разбяромся, чым жа Альфа адрознiваецца ад Iзабэлы, хоць гэтыя гатункi знешне маюць шмат агульнага. I тут лепш за ўсё абаперцiся на веды вядомага беларускага вiнаградара Вiктара Скачко з Нясвiжчыны. Найперш трэба адзначыць, што Альфа i Iзабэла — сарты марозаўстойлiвыя (Альфа на некалькi градусаў больш трывалая, i бывалi выпадкi, калi вытрымлiвала 40 градусаў) i ўстойлiвыя супраць грыбковых захворванняў. Далей, гронкi ў Альфы цылiндрычныя, цылiндрычна-канiчныя цi з невялiкiм крылом i даволi шчыльныя. Ягады сярэднiя, акруглыя, чорныя з чырвона-бурым цi фiялетавым адценнем i пакрытыя шызым налётам. Мякаць лёгка адстае ад скуркi i мае кiсла-салодкi сунiчны прысмак. Найбольшая маса гронкi — 220 грамаў, а найменшая — 120. Цукру ў ягадах да 18 працэнтаў, а кiслотнасць 7—11 г/л. Ураджайнасць дасягае 180 цэнтнераў з гектара. Выспяваюць ягады ў канцы верасня—пачатку кастрычнiка. Але тут многае залежыць ад надвор’я. Ва ўсякiм разе, Альфе патрэбна 140—145 дзён ад распускання пупышак. Што датычыцца Iзабэлы, то гронка ў яе прыкладна 150 грамаў, а ўраджайнасць удвая меншая, чым у Альфы (60—70 ц/г), ды i выспявае Iзабэла пазней (160—180 дзён). Знешне, ды i па смаку, Iзабэла ад Альфы моцна не адрознiваецца. Ягады больш цёмныя (фiялетава-чорныя цi чорныя з моцным васкавым налётам). Калi ягады пакаштаваць, то адчуем той жа сунiчны водар, хоць кiслотнасць у Iзабэлы больш нiзкая (7—8 г/л). Як бачым, Iзабэла паспявае на месяц пазней, чым Альфа (апошняя лiчыцца познiм вiнаградам), таму ў нашых умовах вырошчваць Iзабэлу немэтазгодна. Гэты вiнаград больш прыстасаваны для паўднёвых рэгiёнаў (Малдовы, Закарпацця). Безумоўна, Альфа не можа канкурыраваць па смаку з некаторымi iншымi сартамi вiнаграду, але ў яе ёсць i якасцi, якiх няма ў iншых. А што датычыцца вiна, то i з Альфы можна атрымаць выдатнае вiно, асаблiва калi даць яму выстаяцца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паставiць вiнаградарства на прамысловую аснову ў Беларусi ўжо спрабавалi. Напрыклад, у калгасе «Клецкi» былi закладзены плантацыi вiнаграду, але з гэт |
|