Пра што раскажа «бедны Йорык»?
Iнга МIНДАЛЁВА
Чалавецтва пакрысе наблiжаецца да эстэтычнага эталона знешнасцi
У адным з папярэднiх нумароў мы расказвалi пра даследаваннi беларускiх навукоўцаў, скiраваныя на выяўленне антрапаметрычных асаблiвасцяў усходнiх славян увогуле i беларусаў — у прыватнасцi, прыводзiлi слоўны партрэт тыповага беларуса нашых дзён, адзначалi, чым яго знешнасць рознiцца ад знешнасцi продкаў, якiя пражывалi на тэрыторыi нашай краiны 700—800 гадоў таму. Працягваючы тэму, сёння мы пагаворым пра рэканструкцыю чалавечых твараў, дзякуючы якой мы атрымлiваем уяўленне аб тым, як выглядалi старажытныя жыхары Беларусi, даведваемся, што можа расказаць знойдзены пры раскопках чэрап пра свайго былога гаспадара. Дапаможа нам у гэтым чалавек, якi 25 гадоў займаецца рэканструкцыяй твараў i лiчыцца адным з лепшых беларускiх спецыялiстаў у гэтай галiне, — вядучы навуковы супрацоўнiк НДI мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору НАН РБ, этнолаг, антраполаг, доктар гiстарычных навук Iгар ЧАКВIН. Распрацоўкай методык па рэканструкцыi твараў вучоныя розных краiн пачалi займацца яшчэ з 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Найбольшых поспехаў тут дасягнулi нямецкiя, англiйскiя i французскiя антраполагi. У Савецкiм Саюзе актыўныя работы ў гэтым накiрунку пачалiся ў пасляваенны час. Самай дасканалай стала методыка Мiхаiла Герасiмава, аўтара знакамiтых рэканструкцый партрэтаў Яраслава Мудрага, Усевалада Вялiкае Гняздо, Улугбека, Гётэ i iнш. Герасiмаў вывеў узаемазалежнасць памiж касцямi чарапнога рэльефу i мяккiмi тканкамi твару, устанавiў, што ў розных народаў яна пэўным чынам вар’iруецца, вынайшаў палавыя i ўзроставыя асаблiвасцi, якiя таксама можна вызначыць па чэрапу. Антраполагi i гiсторыкi па сённяшнi дзень право-дзяць рэканструкцыi паводле методыкi М. Герасiмава, якая за апошнiя паўстагоддзя атрымала некаторыя ўдакладненнi з боку яго вучняў. Яе асновы ўзялi на ўзбраенне i крымiналiсты, якiя займаюцца iдэнтыфiкацыяй твару па чэрапу. — На косцi чэрапа немагчыма «надзець» чужы твар, — патлумачыў нашаму карэспандэнту Iгар Чаквiн, — не супадуць асноўныя анатамiчныя прыметы. Падобнае можа здарыцца ў адным выпадку з мiльёна, калi чэрап аднаго чалавека «падыдзе» да твару другога чалавека. На гэтым i грунтуецца метад параўнання цi, калi хочаце, «прымеркi» твару i чэрапа да фотаздымка прапаўшага без вестак, якi выкарыстоўваюць крымiналiсты. Сваю першую рэканструкцыю Iгар Чаквiн правёў яшчэ студэнтам гiстфака БДУ. Каб мець патрэбныя веды, паралельна з гiсторыяй вывучаў анатомiю i агульную бiялогiю i генетыку. Стажыраваўся ў Маскве ў самых прызнаных спецыялiстаў. Хутка пачалi з’яўляцца заказы — спачатку з боку калег-антраполагаў, потым яго распрацоўкамi зацiкавiлiся музеi. Сёння яго работы выстаўлены амаль у кожным абласным i многiх раённых музеях. Толькi ў Нацыянальным музеi гiсторыi i культуры Беларусi знаходзiцца больш як 10 рэканструяваных iм партрэтаў. Некалькi работ — у Полацкiм Сафiйскiм саборы. Усе заказы датычылiся старажытнага насельнiцтва Беларусi (крывiчоў, палачан, радзiмiчаў, дрыгавiчоў, а таксама iх нашчадкаў, якiя жылi пазней). Працуе Iгар Усеваладавiч у пары са скульптарам Леанiдам Яшэнкам — менавiта дзякуючы яго майстэрству рэканструяваны партрэт набывае больш эстэтычны, «жывы», рамантызаваны выгляд. «Звычайна разам з касцямi ў магiльнiках знаходзяць рэшткi адзення, упрыгажэннi, зброю, характэрныя для пэўнай этнаграфiчнай цi племянной культуры, — працягваў суразмоўца. — Усе гэтыя элементы мы ўводзiм у рэканструкцыю. Раiмся з гiсторыкамi i археолагамi наконт прычосак, распаўсюджаных у той час на азначанай тэрыторыi. Калi дзяўчынка — робiм касу, жанчыне валасы прыкрываем намiткай, мужчыны ў залежнасцi ад моды i статусу маглi быць i доўга- i кароткавалосымi». Адна з найбольш цiкавых сумесных работ Iгара Чаквiна i Леанiда Яшэнкi — аднаўленне партрэта «шахцёра» бронзавага веку, якi трапiў пад абвал 5000 гадоў таму на тэрыторыi Ваўкавыскага раёна. Чэрап прадстаўнiка найбольш старажытных насельнiкаў надзiва добра захаваўся, таму рэканструкцыю правесцi нiчога не замiнала. «Атрымаўся даволi сiмпатычны homo sapiens, — узгадваў рэканструктар, — з адметнай асаблiвасцю знешнасцi — прагнатнасцю (яго зубы разам са скiвiцай крыху выдавалiся ўперад). Адзначу, што гэта не вiдавая, а iндывiдуальная прымета. Падобныя знаходкi рэшткаў людзей, якiя датуюцца прыкладна тым жа перыядам i адносяцца да той жа (у этнiчным сэнсе) групы насельнiкаў (фiна-угры), былi зроблены ў iншых рэгiёнах Еўропы. I нiякай прагнатнасцi там не назiралася». Падчас рэстаўрацыйных работ Полацкай Сафii быў знойдзены склеп, а ў iм некалькi пахаванняў, мяркуючы па адзеннi i ўпрыгажэннях — князёў царквы. Адзiн з чарапоў, якi захаваўся лепш, перадалi Чаквiну для рэканструкцыi. Ёсць версiя, што ён належаў унiяцкаму епiскапiу Флавiяну Грабнiцкаму, якi кiраваў аднаўленнем храма пасля парахавога выбуху пры Пятры I у час Паўночнай вайны са Швецыяй. Запомнiўся Iгару Усеваладавiчу i чэрап дружыннiка канца Х—пачатку ХI стагоддзя, знойдзены падчас археалагiчных раскопак у Гарадоцкiм раёне. «У таго ваяра настолькi моцна выпiрала нiжняя скiвiца, што нам са скульптарам прыйшлося крыху задраць яго «валявы падбародак» i замаскiраваць барадой, — узгадваў рэканструктар, — iнакш гэтая iндывiдуальная асаблiвасць занадта б «рэзала вока». Мяркуючы па яскрава выражанай еўрапеоiднасцi, дружыннiк быў варагам-скандынавам». Большасць чарапоў, з якiмi давялося працаваць Iгару Чаквiну, датуецца ХI—ХIII стагоддзямi, калiсьцi яны належалi старажытным жыхарам Беларусi. Зараз спецыялiстам прапанавалi заказ на рэканструкцыю твараў невядомых загiнуўшых людзей нашага часу. ...Для таго каб можна было правесцi рэканструкцыю, лепш, натуральна, мець цэлы чэрап, аднак дастаткова будзе i яго палавiны (левай цi правай), зубоў дастаткова 4—5 «апорных», каб паставiць скiвiцу. Пры адсутнасцi нiжняй скiвiцы праводзiць рэканструкцыю куды цяжэй. Работа пачынаецца з устанаўлення «маячкоў таўстот» — вынайдзеных эмпiрычным шляхам сярэднеанатамiчных вiдавых значэнняў чалавека i яго расавых варыянтаў. Прасцей кажучы, абазначаецца вядомая сярэдняя таўшчыня мяккiх тканак на пэўных участках чэрапа. Некаторыя значэннi «таўстот» унiверсальныя — прыкладна аднолькавыя для ўсiх людзей, некаторыя вар’iруюцца ў залежнасцi ад расавай, палавой прыналежнасцi i ад узросту чалавека. Маячкi спалучаюцца «грабеньчыкамi» (падоўжна-папярочнымi лiнiямi), потым накладваюцца тлушчавы i скурны покрывы, мышцы. Робiцца адлiўка i танiраванне. Па чэрапу можна высветлiць узрост, пол, расу, схiльнасць да атлусцення. Напрыклад, аловак, пакладзены на пераноссе еўрапеоiда, будзе мець толькi адну кропку кантакту — пераноссе. У азiята такiх кропак будзе тры (дадаюцца знешнiя вуглы арбiт), тваравая частка чэрапа будзе больш плоскай у вертыкальнай праекцыi, чым у еўрапеоiда. У негроiдаў назiраецца пэўная прагнатнасць. Калi вызначаюць пол, звяртаюць увагу на тое, што мужчынскi чэрап мае больш рэльефную структуру ў параўнаннi з жаночым, мацнейшую нiжнюю скiвiцу, «квадратныя» арбiты i iнш. Жаночы чэрап мае мякчэйшыя абрысы (так званы грацыльны), з круглымi арбiтамi. Паталагiчная схiльнасць да атлусцення выяўляецца ў большай рыхласцi чарапных касцей. У людзей аскетычнага цела-складу чэрап глянцаваты. Аднак, падкрэслiваюць спецыялiсты, абавязкова трэба ўлiчваць, у якiх глебах залягалi астанкi. Калi ў пясчаных, то любы чэрап «разрыхлiцца», а ў глiне — набудзе глянцавасць. Паводле слоў Iгара Усеваладавiча, па адным iндывiдуальным чэрапе немагчыма адрознiць сучаснага беларуса ад сучаснага латыша, лiтоўца, украiнца, паляка цi рускага. Больш магчымасцяў з’яўляецца пры параўнаннi беларуса з iтальянцам, французам, яўрэем цi каўказцам (iх чэрапы ўжо будуць мець большыя адметнасцi). «Найбольш вiдавочныя змяненнi назiраюцца, калi разглядаць эпахальныя зрухi, — падкрэслiў Iгар Усеваладавiч. — Людзi, якiя жылi на тэрыторыi Цэнтральнай i Усходняй Еўропы 600—700 гадоў таму, мелi выцягнутыя чэрапы. Сённяшняе насельнiцтва ў большасцi сваёй круглагаловае. Гэта было абумоўлена шматлiкiмi гiсторыка-экалагiчнымi i сацыяльна-эканамiчнымi фактарамi. Чэрап сучасных мужчын i жанчын стаў больш грацыльным, чым у сярэднявечных. Акрамя таго, цяперашнiя пакаленнi «выраслi», раздалiся ў плячах». Увогуле, антрапалагiчны выгляд насельнiцтва Цэнтральнай i Усходняй Еўропы ХI—ХIII стагоддзяў паступова змяняўся, усё больш набываючы эстэтычны, грацыльны выгляд. Грубыя, «рэзкiя» твары сёння сустракаюцца ўсё радзей. У мангалоiдаў чэрап быў i застаўся круглым, аднак рысы твару таксама «памякчэлi». Такiм чынам, паступовае «прыгажэнне» можна лiчыць агульначалавечай тэндэнцыяй, асаблiва ў народаў, уцягнутых у сусветную iнтэграцыю.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чалавецтва пакрысе наблiжаецца да эстэтычнага эталона знешнасцi
|
|