У чаканнi цудаў
Iлона IВАНОВА
Акцыі Магiлёўскае дабрачыннае аб’яднанне «Благо» пачало пераднавагоднюю акцыю, якая называецца «Запаветнае жаданне». Яе мэта — каб самыя няшчасныя дзецi ў Новы год усмiхнулiся i паверылi ў цуд.— Iдэя ўзнiкла з сямейнай гiсторыi асобы з каралеўскай сям’i Аўстрыi, — расказвае дырэктар аб’яднання Дзмiтрый Канцавенка. — У прынца была дачка, якая цяжка хварэла. Дзяўчынка прасiла свайго бацьку аб сустрэчы са знакамiтым артыстам, аднак за важнымi справамi яе мара так i не здзейснiлася — дзяўчынка памерла. З таго часу ў Аўстрыi i Германii пачаўся рух, якi называецца «Апошняе жаданне». На наш погляд, гучыць не вельмi аптымiстычна, таму сваю акцыю мы назвалi «Запаветнае жаданне». Аб’яднанне «Благо» прапануе дзецям з Магiлёўскай вобласцi пiсаць iм лiсты пра сваю запаветную мару. Размова iдзе менавiта пра тых дзяцей, якiм у жыццi не пашанцавала. Маюцца на ўвазе цяжка хворыя дзецi, сiроты, iнвалiды, з мнагадзетных i малазабяспечаных сем’яў — увогуле дзецi, якiя па волi лёсу апынулiся ў крытычнай сiтуацыi. — Мы гатовы выканаць iх запаветныя мары, але, зразумела, яны павiнны быць рэальныя, — удакладняе Дзмiтрый Канцавенка. — Мы не можам дапамагчы пабачыць Алу Пугачову альбо злятаць на Луну. Але калi дзiця марыць пра рэальную рэч, мы прыкладзём усе сiлы, каб мару здзейснiць. Арганiзатары акцыi разлiчваюць атрымаць як мiнiмум тысячу лiстоў. Дабрачыннiкаў чакае шмат працы: прачытаць лiсты, наведаць сем’i дзяцей i ўпэўнiцца, што iм сапраўды патрэбна дапамога, а потым выконваць запаветныя жаданнi. У арганiзацыi для гэтага ёсць свае грашовыя сродкi, а калi iх не хопiць, то ў аб’яднаннi «Благо» разлiчваюць на дапамогу камерцыйных структур з упэненасцю, што свет не без добрых людзей. Акрамя гэтага, на завяршэнне акцыi, 3 студзеня 2006 года, прыязджаюць партнёры з Германii — дэлегацыi з «Саюза дапамогi дзецям горада Магiлёва» i арганiзацыi «Стэфанус». Яны прывязуць з сабой больш за тысячу калядных падарункаў для дзяцей. Дабрачыннiкi запрашаюць да супрацоўнiцтва ў пераднавагодняй акцыi валанцёраў i спонсараў. А лiсты трэба дасылаць на адрас: 212026 г. Магiлёў, ул. Бялынiцкага-Бiрулi, 7. Акцыя «Запаветнае жаданне».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магiлёўскае дабрачыннае аб’яднанне «Благо» пачало пераднавагоднюю акцыю, якая называецца «Запаветнае жаданне» |
|