Навошта складана, калi можна прасцей?Нерухомасць На апошняй сустрэчы старшынi Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па рэгiянальнай палiтыцы i мясцоваму самакiраванню Анатоля МАЛАФЕЕВА з кiраўнiкамi сельскiх i пасялковых саветаў дэпутатаў рэфрэнам прагучала тэма ўзаемаадносiнаў улады i простага чалавека. «Майце на ўвазе, гэтыя адносiны пачынаюцца з вас, — падкрэслiў, звяртаючыся да прысутных, Анатоль Аляксандравiч. — Iм надавалася i надаецца вялiкае значэнне. Увага да праблем чалавека, актывiзацыя работы са зваротамi грамадзян — гэта не часовая, як некаму здаецца, кампанiя, а адзiн з галоўных накiрункаў у палiтыцы дзяржавы. Не чалавек служыць уладзе, а ўлада служыць чалавеку».ПАЦВЯРДЖЭННЕ таму — шэраг прынятых апошнiм часам нарматыўных дакументаў, накiраваных на аптымiзацыю жыццядзейнасцi грамадзян на месцах, барацьбу з бюракратызмам, паляпшэнне работы з заўвагамi i зваротамi, спрашчэнне афармлення правапацвярджальных дакументаў. — Ужо два месяцы дзейнiчае Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 368 «Аб некаторых пытаннях адчужэння жылых дамоў у сельскiх населеных пунктах», якi замацаваў яшчэ больш спрошчаную працэдуру адчужэння жылых дамоў, размешчаных у сельскiх населеных пунктах. Фактычна гэты дакумент дазволiў перадаваць жылыя дамы без iх дзяржаўнай рэгiстрацыi. I ўсклаў абавязкi па дзяржаўнай рэгiстрацыi, па афармленню правапацвярджальных дакументаў (на дамы i зямельныя ўчасткi) на пакупнiкоў. Але трэба разумець, што гэты ўказ пашырае сваё дзеянне не на ўсе аб’екты нерухомай маёмасцi, не на ўсе жылыя дамы, — падкрэслiў падчас свайго выступлення на сустрэчы са старшынямi сельскiх i пасялковых саветаў дэпутатаў начальнiк юрыдычнага аддзела Камiтэта па зямельных рэсурсах, геадэзii i картаграфii пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Андрэй ГАЕЎ. Указ дзейнiчае пры захаваннi наступных умоў. Па-першае, жылыя будынкi павiнны быць размешчаны на тэрыторыi сельскiх населеных пунктаў. Па-другое, гэтыя дамы не павiнны быць зарэгiстраваныя ў арганiзацыях па дзяржаўнай рэгiстрацыi, але яны павiнны быць унесеныя ў пагаспадарчую кнiгу сельскага выканаўчага камiтэта па стану на 19 сакавiка 1985 года. Па-трэцяе, з гэтага моманту дамы не павiнны прадавацца альбо абменьвацца. Калi жылы будынак адпавядае ўсiм вышэйпералiчаным умовам, то на яго пашыраецца дзеянне ўказа № 368. Неабходна, падкрэслiў Андрэй Анатольевiч, звярнуць увагу i на наступны пункт. Дамы з 19.03.1985 г. не павiнны былi прадавацца цi абменьвацца, але ж калi жылы будынак пасля 1985 года перайшоў у спадчыну блiзкiм сваякам (цi бацькi падарылi яго каму-небудзь), гэта значыць, што ён усё роўна падпадае пад дзеянне ўказа. (Але, зноў жа, пры ўмове, што дом не быў зарэгiстраваны ў адпаведных арганiзацыях па рэгiстрацыi.) Калi дзеянне ўказа пашыраецца на пэўны жылы дом, то ўласнiку гэтага дома застаецца толькi знайсцi на яго пакупнiка. У гэтым выпадку ўласнiк i патэнцыяльны пакупнiк могуць заключыць дагавор куплi-продажу (дарэння, мены) гэтага жылога дома. Дадзены дагавор неабходна зарэгiстраваць у сельскiм выканаўчым камiтэце (звяртацца ў арганiзацыi па дзяржаўнай рэгiстрацыi для гэтага не трэба). Рэгiстрацыя ў сельвыканкаме ажыццяўляецца бясплатна. Для таго, каб зарэгiстраваць такi дагавор (рэгiстрацыя павiнна адбыцца ў месячны тэрмiн, пры выкананнi вялiкага аб’ёму работ ён можа быць падоўжаны яшчэ на 1 месяц), сельвыканкам павiнен зрабiць запыт у арганiзацыi па дзяржаўнай рэгiстрацыi i падатковыя органы: цi не быў зарэгiстраваны дадзены жылы дом раней, цi пералiчыў уласнiк дома ўсе неабходныя плацяжы ў бюджэт (звязаныя са знаходжаннем будынка ва ўласнасцi). Акрамя таго, сам выканкам павiнен праверыць, цi адпавядаюць звесткi, указаныя ў пагаспадарчай кнiзе, фактычнаму стану спраў. I пры неабходнасцi ўнесцi (яшчэ да рэгiстрацыi дагавора) змяненнi ў пагаспадарчую кнiгу. (Напрыклад, у пагаспадарчай кнiзе будзе ўказана, што на ўчастку жылога дома грамадзянiна знаходзяцца 3 гаспадарчыя пабудовы, а на самай справе iх акажацца 4.) Але нават пасля рэгiстрацыi дагавора куплi-продажу ў сельвыканкаме пакупнiк дома яшчэ не набывае права ўласнасцi на яго. А што ж ён набывае? З моманту рэгiстрацыi пакупнiк мае права прапiсаць у гэтым доме сябе i членаў сваёй сям’i, ён адказвае за рызыку выпадковай гiбелi гэтага дома, бярэ на сябе абавязак па аплаце падаткаў i iншых плацяжоў у бюджэт. Права ж уласнасцi ў пакупнiка ўзнiкае толькi з моманту дзяржаўнай рэгiстрацыi права на дом у арганiзацыi па рэгiстрацыi. I ўказ № 368 устанавiў тэрмiн — 6 месяцаў з моманту рэгiстрацыi дагавора ў сельвыканкаме, на працягу якога новы гаспадар павiнен звярнуцца ў арганiзацыю па рэгiстрацыi, каб зарэгiстраваць i сам дом, i зямельны ўчастак, на якiм ён размешчаны. Сельвыканкам павiнен штомесяц прадстаўляць iнфармацыю ў землеўпарадкавальную службу аб фактычна зарэгiстраваных за мiнулы месяц дагаворах. Гэта служба павiнна будзе кантраляваць тэрмiны звароту пакупнiка за дзяржрэгiстрацыяй. У выпадку iгнаравання iм абавязковага 6-месячнага тэрмiну ўказам прадугледжана адказнасць. Фiзiчная асоба павiнна будзе выплацiць штраф у памеры 5—10 базавых велiчынь, а юрыдычная — ад 50 да 100 базавых велiчынь. Такiм чынам, указ дазволiў жыхарам сельскiх населеных пунктаў дарыць, прадаваць належныя iм жылыя дамы, не звяртаючыся за рэгiстрацыяй правоў на гэту маёмасць i афармленнем адпаведных дакументаў на яе. Указ фактычна ўстанавiў права выбару. Бо нiхто ж не забараняе ўласнiку пайсцi i iншым шляхам — спачатку зарэгiстраваць свой дом, а пасля гэтага ажыццявiць нейкую здзелку з iм. Новыя (спрошчаныя) правiлы будуць дзейнiчаць да 31 снежня 2010 года — гэта дата прывязана да тэрмiну дзеяння Дзяржаўнай праграмы адраджэння i развiцця вёскi. Але пры неабходнасцi тэрмiн дзеяння дакумента можа быць падоўжаны. *** Завяршылася сустрэча адказамi на пытаннi залы, найбольш актуальныя з якiх прыведзены нiжэй. — Бацька падарыў дачцэ дом. Цяпер яна яго прадае. Дом незарэгiстраваны. Але ён за час свайго iснавання быў цалкам перабудаваны. А ў пагаспадарчай кнiзе не ўказваецца, колькi там было ўзведзена пабудоў-прыбудоў, толькi год будаўнiцтва дома i яго плошча. Якое права мае старшыня сельсавета ўносiць змяненнi ў пагаспадарчую кнiгу, калi iнструкцыя гэта забараняе? — Указ прэзiдэнта вышэй, чым усе падзаконныя iнструкцыi, якiя рэгулююць дадзеныя адносiны. Таму ўказ дае вам права ўносiць неабходныя змяненнi i нават абавязвае гэта рабiць. Канешне, уносiць такiя змяненнi неабходна толькi ў тым выпадку, калi вы ўпэўненыя, што ўладальнiк зрабiў прыбудовы не самавольна i не ў разрэз з генпланам населенага пункта, а на сваiм зямельным участку. Калi ж наконт гэтага ў вас маюцца сумненнi, то нi аб якiм унясеннi звестак у пагаспадарчую кнiгу гаворкi быць не можа. Тут пытанне трэба выносiць на выканкам, якi i вырашыць лёс дадзенай пабудовы: пакiнуць яе цi знесцi. У любым выпадку, лепш вырашыць пытанне так, каб не ствараць канфлiктную сiтуацыю. — На балансе нашага пассавета знаходзiцца стары адмiнiстрацыйны будынак, ацэнены некалi ў дзесяць тысяч долараў. Ёсць чалавек, якi хоча яго набыць i зрабiць там майстэрню. Але вартасць гэтага будынка не адпавядае ўмовам нашай мясцовасцi, яна вiдавочна завышаная. Як можна яе зменшыць, каб нам потым не прад’явiлi якiх-небудзь санкцый? — Неабходна напiсаць пiсьмо з адпаведнай просьбай на адрас старшынi райвыканкама, пасля чаго будзе створана ацэначная камiсiя на чале з архiтэктарам раёна. У залежнасцi ад яе ацэнкi вы i будзеце дзейнiчаць далей. — Цi будуць унесены змяненнi ў заканадаўства па спрашчэнню зносу старых дамоў у сельскiх населеных пунктах? — На сённяшнi дзень распрацаваны праект указа, якi знаходзiцца на разглядзе ў Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта. Гэты ўказ прадугледжвае спрошчаную працэдуру пастаноўкi на ўлiк безгаспадарных дамоў i вызначэння iх далейшага лёсу. Новы ўказ павiнен устанавiць абавязак (а не права, як раней) выканкамаў праводзiць работу па выяўленню пустуючых дамоў. Пры райвыканкамах абавязкова будуць створаны камiсii па выяўленню гэтых аб’ектаў: туды павiнны ўвайсцi архiтэктар, землеўпарадчык, супрацоўнiкi арганiзацыi па рэгiстрацыi, прадстаўнiкi прыродаахоўных органаў i г.д. У праекце закладзены наступны механiзм: калi ёсць падстава меркаваць, што на працягу 3 гадоў гэтым аб’ектам нiхто не карыстаўся i ўладальнiкi яго невядомыя, то выканкам адразу можа звярнуцца ў суд, i суд павiнен прызнаць права камунальнай уласнасцi на гэты аб’ект. — У пагаспадарчай кнiзе не прадугледжана «графа» для ўнясення звестак аб прыбудовах. Нам у БТI параiлi ўносiць усе новыя пабудовы ў графу «прымячаннi», але толькi пасля выезду з камiсiяй на месца i на падставе акта абследавання. Гэта правiльна? — Канешне, у графу «заўвагi» гэтыя звесткi можна ўносiць. Наталля УЛАДЗIМIРАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На апошняй сустрэчы старшынi Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па рэгiянальнай палiтыцы i мясцоваму самакiраванню Анатоля МАЛАФЕЕВА з кiраўнiкамi |
|