Банкетаванне абярнулася бядой
Вольга ШАЎКО
Паляўнiчы сезон, якi пачаўся, як заўсёды, у кастрычнiку, «збiрае» свае першыя ахвяры. Як нам расказаў загадчык аддзялення эпiднагляду за паразiтарнымi хваробамi i медыцынскай энтамалогii Рэспублiканскага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Андрэй Ведзянькоў, ужо зарэгiстравана групавая ўспышка трыхiнiлёзу. Дзевяць чалавек апынулiся на бальнiчным ложку, паспытаўшы мяса дзiка, заражанага гельмiнтам трыхiнелы. Жывёлiна была адстрэлена ў Салiгорскiм раёне. А прысмакi з яе ўжывалi не толькi салiгорцы, але i iх сваякi з Пухавiцкага раёна. Бяды можна было б пазбегнуць, каб была праведзена паслязабойная экспертыза мяса. У дадзеным выпадку яе не зрабiлi.
Эпiдэмiёлагi папярэджваюць, што небяспека ўспышак хваробы захоўваецца да канца красавiка, тым больш што вось-вось пачнецца масавы забой свiней у прыватным сектары. Таму варта прытрымлiвацца пэўных рэкамендацый. Нельга набываць мясапрадукты ў невядомых асоб, па-за дзяржаўнымi пунктамi гандлю. Купляючы ж мяса ў камерцыйных ларках i палатках, патрабуйце даведку аб ветэрынарным даследаваннi прадуктаў. Неабходна таксама клапацiцца аб захаваннi здароўя скацiны на ўласным падворку. Памяшканнi, у якiх утрымлiваецца свойская жывёла, павiнны быць абаронены ад пранiкнення грызуноў. Нельга скормлiваць свiнням трупы загiнуўшых дзiкiх жывёл, а адходы паляўнiчага промыслу можна выкарыстоўваць толькi пасля папярэдняй ветэрынарнай экспертызы. Яшчэ адна мера прафiлактыкi. Абавязкова трэба праводзiць паслязабойную ветэрынарную экспертызу туш свойскiх свiней i дзiкоў — i толькi пасля таго ўжываць iх мяса ў ежу. Прычым для правядзення такой экспертызы не трэба везцi ў ветэрынарную ўстанову ўсю тушу — дастаткова ўзяць пробу мышачнай тканкi (з ножак, дыяфрагмы, мiжрэберных, шыйных, жавальных або iкраножных мышцаў) вагой не больш як 50 грамаў. Варта ведаць калi медслужбамi ў пробах мяса выяўлены трыхiнiлёз, то паводле дзеючага ветэрынарнага заканадаўства такая туша канфiскуецца i знiшчаецца, грошы за яе не вяртаюцца, даецца толькi даведка, што тавар канфiскаваны. «Таму, — гаворыць А. Ведзянькоў, — мы раiм людзям, якiя бяруць на адкорм свiней, страхаваць жывёлу. Гэта будзе гарантыяй таго, што ў падобных сiтуацыях магчыма вярнуць хоць бы частку грошай». I яшчэ: даследаваць мяса не позна i праз тыдзень пасля ўжывання ў ежу свежыны. Калi знойдуцца лiчынкi трыхiнел, захворванне можна будзе прадухiлiць. Сiмптомы захворвання звычайна з’яўляюцца праз 2—4 тыднi з моманту заражэння. З’яўляецца высокая тэмпература (да 39 °С i вышэй), адчуваюцца мышачныя болi iкраножнай вобласцi i ацёкi павек, твару. Часам да гэтага далучаюцца скурныя высыпкi i кiшэчныя расстройствы. Лячэнню трыхiнiлёз паддаецца добра, але толькi iмпартнымi прэпаратамi, якiя дорага каштуюць. Таму своечасова звярнуўшыся ў медыцынскую ўстанову па месцы жыхарства i атрымаўшы прафiлактычнае лячэнне пры падазрэннi на заражанасць, можна пазбегнуць i бальнiчнага ложка, i лiшнiх трат.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паляўнiчы сезон, якi пачаўся, як заўсёды, у кастрычнiку, «збiрае» свае першыя ахвяры |
|