Пазнай сябе
Ала МАЧАЛАВА
У Беларусi ўпершыню ў свеце пройдзе адкрыты чэмпiянат па хуткаму чытанню
Арганiзатарам выступае мiнскi Цэнтр хуткага чытання. Конкурс пройдзе ў 3 этапы. «Папярэднi заплыў» (лiстапад — люты): у iм можаце паўдзельнiчаць i вы. Варта толькi зайсцi на сайт цэнтра www. belfastread.com у Iнтэрнэце i прайсцi он-лайн тэст. На сённяшнi дзень зафiксавана каля 400 прэтэндэнтаў. «Проба пяра»: вызначэнне 50 лепшых чытачоў. «Залатая прыстань» (канец лютага): вочны тур, якi выявiць чэмпiёна. Арганiзатары мяркуюць правесцi спаборнiцтва ў аўдыторыi адной з ВНУ Беларусi. Мабыць, у судзейскай камiсii будуць выкладчыкi ВНУ, прадстаўнiкi мiнiстэрстваў адукацыi i iнфармацыi. Удзельнiкi атрымаюць навукова-папулярныя брашуры. Наколькi хутка яны здолеюць iх прачытаць, будзе разлiчана па формуле: колькасць знакаў час, затрачаны на чытанне (у хвіл.) Каб не быць галаслоўнай, я вырашыла пратэсцiравацца сама. Мой «папярэднi заплыў» саставiў 1237 знакаў за хвiлiну: давялося прачытаць тэкст на 3370 знакаў пра архiпелаг Тувалу з велiзарнай колькасцю лiчбаў i тэрмiнаў. Затрацiўшы на гэта 147 секунд, я правiльна адказала на 9 пытанняў (дарэчы, тэст быў з варыянтамi адказу, чаго не будзе на заключным этапе чэмпiянату). Выпрабаваўшы на сабе, цiкаўлюся пра ўсё ў прадстаўнiкоў Цэнтра. Прынамсi, павысiць хуткасць чытання можна яшчэ ў некалькiх мiнскiх клубах, якiя вядуць навучанне па той жа методыцы, але толькi Цэнтр хуткага чытання з’яўляецца афiцыйным прадстаўнiком маскоўскай школы. Расказвае адзiны пакуль што выкладчык Цэнтра Андрэй Небылiцын, якому хапае 10 хвiлiн на тое, каб прачытаць газету. — Мiнскi Цэнтр хуткага чытання — фiлiял маскоўскага Цэнтра iнтэлектуальнага i духоўнага развiцця школы акадэмiка Алега Андрэева, якая нядаўна святкавала сваё 35-годдзе, —iснуе каля 3 месяцаў. Але ўпершыню ў свеце чэмпiянат такога кшталту пройдзе менавiта ў нас. Расiйскi бок цiкавяць у асноўным метадычныя распрацоўкi, а мы хочам развiваць саму справу, каб як мага больш людзей авалодалi гэтым навыкам. Мы спадзяёмся, што традыцыя правядзення чэмпiянату, якая ўзнiкла ў Беларусi, стане сусветнай. — У чым прызначэнне вашай дзейнасцi? — пытаюся я. — Мы вучым вучыцца. Вызначаем хуткасць чытання, фактары, якiя перашкаджаюць чытаць хутчэй, i робiм практыкаваннi, якiя дапамагаюць пазбавiцца ад перашкод. Пачатковая хуткасць чытання ў большасцi нашых навучэнцаў, — кажа Андрэй Аляксандравiч, — недзе 200—600 знакаў за хвiлiну. Пасля 8 занят-каў па паўтары-дзве гадзiны ў групах з 20 чалавек хуткасць чытання павялiчваецца прыкладна ў 7 разоў. Але не ўсе з першага разу засвойваюць праграму, гэта найперш датычыцца дзяцей: з iмi трэба працаваць iнакш. Для гэтага мы мяркуем у студзенi запрасiць яшчэ аднаго выкладчыка. Навучыцца хутка чытаць можна i ў завочнай форме, атрымаўшы метадычныя распрацоўкi акадэмiка Андрэева: спецыяльныя кнiгi i дыскi, а ў лютым можна будзе прайсцi курс он-лайн навучання (у Iнтэрнэце). За 3 месяцы iснавання мiнскага Цэнтра хутчэй чытаць сталi 280 чалавек. Зараз заняткi наведваюць 9 груп, а гэта значыць, што ў студзенi дыпломы атрымаюць яшчэ 180 чалавек. Паводле слоў Андрэя Небылiцына, хуткаму чытанню вучаць на тэкстах перыядычных выданняў аб’ёмам 2,5 — 12 тысяч знакаў. Асноўны кантынгент — 25—30-гадовыя людзi, якiя пасля заканчэння ВНУ пачынаюць працаваць i адчуваюць няхватку часу, сутыкаючыся з празмернай колькасцю iнфармацыi, якой трэба авалодаць. — Апошнiм часам сярод нашых навучэнцаў расце колькасць студэнтаў, — адзначае Андрэй Аляксандравiч, — тым больш што любая праграма каштуе да 100 тысяч. Самому выкладчыку хуткачытання гэты навык дазваляе не толькi зэканомiць час, але i атрымаць задавальненне, бо, на яго думку, чалавек, якi чытае марудна, стамляецца i губляе цiкаўнасць. — Цi трэба зрабiць хуткачытанне абавязковым прадметам у школе? — цiкаўлюся я. — Спрэчнае пытанне. Па-першае, гэта не ўсiм патрэбна. Па-другое, калi зрабiць яго абавязковым, яно будзе выклiкаць такую ж нездаволенасць дзяцей, як i традыцыйныя прадметы. Толькi пры ўмове добраахвотнасцi хуткачытанне будзе ў радасць i на карысць. А карысць хуткага чытання вiдавочная. Як вядома, хто валодае iнфармацыяй, той валодае светам. Хуткачытанне дазваляе авалодаць большай колькасцю iнфармацыi за самыя кароткiя тэрмiны. Паспрабуйце свае сiлы i станьце ўдзельнiкамi Першага адкрытага чэмпiянату РБ па хуткаму чытанню. 5 ПРЫЧЫН МАРУДНАГА ЧЫТАННЯ: 1-я, i самая галоўная — адсутнасць гiбкай праграмы чытання. Справа ў тым, што прыблiзна 75 працэнтаў кожнага тэксту — лiшняя, непатрэбная iнфармацыя. Важна ўмець яе сартаваць. 2-я — адсутнасць увагi. На занятках у Цэнтры хуткага чытання вас навучаць засяроджвацца. 3-я — рэгрэсiя, зваротныя рухi вачэй. Высветлена, што, самi таго не заўважаючы, мы чытаем кожны тэкст двойчы за адзiн раз (!). 4-я — вузкае поле зроку. Дарэчы, у жанчын яно крыху больш (!). Пашырыць яго дапамогуць таблiцы Шультэ. 5-я, i апошняя — артыкуляцыя: мы маем звычку прамаўляць услых тое, што чытаем, або проста iнстынктыўна прагаворваем тэкст у думках.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусi ўпершыню ў свеце пройдзе адкрыты чэмпiянат па хуткаму чытанню |
|