Падводныя камянi цэнтралiзаванага тэсцiравання...
Надзея НIКАЛАЕВА
... на думку расiйскiх спецыялiстаў, больш-менш аб’ектыўны тэст па матэматыцы павiнен уключаць 180 заданняў
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 27 снежня.) Прыцягальнай падаецца сiстэма знешняга стандартызаванага тэсцiравання i нашым суседзям з Украiны. У ходзе праведзенага сярод насельнiцтва сацыялагiчнага апытання 53 працэнты рэспандэнтаў паведамiлi, што не лiчаць цяперашнюю сiстэму ўступных-выпускных экзаменаў справядлiвай. Затое 76,7 працэнта рэспандэнтаў далi станоўчы адказ на пытанне, цi лiчаць яны працэдуру знешняга тэсцiравання больш сумленнай i адкрытай у параўнаннi з традыцыйнымi экзаменамi. Такiм чынам, грамадская думка да ўкаранення цэнтралiзаванага тэсцiравання як iнструмента знешняй ацэнкi ўжо падрыхтаваная. Але паколькi ва ўкраiнцаў маецца негатыўны вопыт укаранення тэсцiравання ў 1992—1995 гадах, сёння тут не iмкнуцца фарсiраваць падзеi i робяць асцярожныя i вельмi ўзважаныя захады. У 2006 годзе ва Украiне збiраюцца апрабаваць мадэль правядзення знешняга агульнанацыянальнага незалежнага тэсцiравання на прыкладзе Чарнiгаўскай i Хмяльнiцкай абласцей. Там маецца вельмi шмат аддаленых адна ад адной сельскiх школ, таму, калi мадэль спрацуе ў гэтых абласцях, можна будзе «замахнуцца» i на ўсю краiну. Сёння стаiць задача па стварэнню Нацыянальнага цэнтра ацэнкi якасцi ведаў i адкрыццю 10 аналагiчных цэнтраў у рэгiёнах. Працягваюцца ва Украiне дэбаты i наконт таго, якой форме правядзення тэсцiравання аддаць перавагу: тэсцiраванню на папяровых носьбiтах цi камп’ютарнаму тэсцiраванню. Вельмi многiя жадаюць атрымаць ацэнку сваiх ведаў адразу пасля праходжання тэсцiравання, але гэта магчыма толькi пры ўмове камп’ютарнага тэсцiравання, для правядзення якога трэба будзе стварыць 860 цэнтраў па 20 камп’ютараў кожны. Дарэчы, у Польшчы i Лiтве на праверку тэставых работ па масавых дысцыплiнах затрачваецца каля месяца, i нiкога гэта не абурае. Турбуе ўкраiнцаў таксама i праблема iнфармацыйнай бяспекi. Некаторыя лiчаць, што пры выкарыстаннi папяровых носьбiтаў iснуе рызыка ўцечкi iнфармацыi. З iншага боку, нiхто не можа даць гарантыю, што не знойдзецца «майстроў-вынаходнiкаў», якiя не ўзламаюць камп’ютарную базу. Беларусь мае ўжо даволi багаты вопыт, якiм можа падзялiцца са сваiмi суседзямi, у тым лiку i ў плане захавання канфiдэнцыяльнасцi iнфармацыi. Аднак восенню на вынiковым пасяджэннi Дзяржаўнай камiсii па кантролю за ходам уступных iспытаў прагучала нечаканая прапанова — стварыць у краiне рэзервовы Цэнтр тэсцiравання. Пазней гэта ж iдэя была агучана i на калегii Мiнiстэрства адукацыi, дзе падводзiлiся вынiкi прыёмнай кампанii. Дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай Фяськоў прытрымлiваецца iншага меркавання: «Я не магу пагадзiцца з тым, што для таго, каб захаваць канфiдэнцыяльнасць, трэба лiквiдаваць манапалiзм. Калi не будзе манаполii на распрацоўку тэставых матэрыялаў, арганiзацыю i правядзенне цэнтралiзаванага тэсцiравання, то не будзе манаполii i на адказнасць». Ёсць прапанова зрабiць банк тэставых заданняў адкрытым i даступным для ўсiх. Але ў гэтым выпадку можна пераўтварыць навучальны працэс i падрыхтоўку да экзаменаў у нашпiгоўванне па тэстах, — лiчаць арганiзатары тэсцiравання. А з улiкам нашых рэалiй можна не сумнявацца, што следам за адкрыццём банка тэставых заданняў тут жа з’явяцца ў продажы зборнiкi-шпаргалкi з рашэннямi i адказамi. Пэўны час таму Савет па ўступных экзаменах у каледжы ЗША выказаў занепакоенасць павелiчэннем колькасцi камерцыйных падрыхтоўчых курсаў, якiя рыхтуюць абiтурыентаў да тэсцiравання (зусiм як у нас. — Н.Н.). Педагагiчныя эксперыменты дазволiлi даказаць, што iнтэнсiўнае нашпiгоўванне па выкананнi заданняў, падобных на заданнi Тэстаў акадэмiчнага ацэньвання (SAT), не прыводзiць да значнага павелiчэння тэставых паказчыкаў. Асаблiва калi параўноўваць iх з вынiкамi паўторнага тэсцiравання пасля года рэгулярнага i сiстэматычнага навучання. Як сведчыць практыка, для падрыхтоўкi тэста i яго апрабавання патрэбна ў сярэднiм каля двух гадоў, але Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў вельмi часта вымушаны працаваць у аўральным рэжыме. Кожны год пералiк вучэбных дысцыплiн, па якiх у Беларусi праводзiцца цэнтралiзаванае тэсцiраванне, працягвае павялiчвацца. У наступным годзе яго дапоўнiць геаграфiя, сусветная гiсторыя навейшага часу i дысцыплiна «Чалавек. Грамадства. Дзяржава». — Выпускнiкi, якiя атрымлiваюць на тэсцiраваннi адзнакi нiжэй за школьныя, абвiнавачваюць тэсты ў празмернай складанасцi, але нiхто яшчэ не змог даказаць, што тэст змяшчаў заданнi, якiя не адпавядаюць патрабаванням школьнай праграмы, — сцвярджае Мiкалай Фяськоў. — I нельга праводзiць паралелi памiж ацэнкамi, атрыманымi на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi, i школьнымi ацэнкамi: «пяцёркi», «шасцёркi», «сямёркi» i «васьмёркi», выстаўленыя ў сертыфiкат, «важаць» значна больш, чым тыя ж адзнакi ў школьным атэстаце. Праблема заключаецца ў тым, што школа сама рыхтуе, сама экзаменуе i сама выдае свайму вучню атэстат. У школе абсалютна ўсе ўдзельнiкi працэсу зацiкаўленыя ў высокiм вынiку (вучань, яго бацькi, настаўнiк, дырэктар навучальнай установы), таму адзнака ў атэстаце можа не адпавядаць рэальнаму ўзроўню ведаў выпускнiка. Наша задача — не пацвердзiць школьную адзнаку, а правесцi якасны адбор сярод прэтэндэнтаў на студэнцкае месца. Тым больш што жадаючых навучацца на сённяшнi дзень у тры разы больш, чым можа прыняць вышэйшая школа. Улiчваючы, што ў тэсце максiмальна адлюстраваны змест прадмета, у яго ўключаны заданнi пяцi ўзроўняў складанасцi, а таксама дзейнiчаюць абмежаваннi ў часе на яго выкананне, якiя патрабуюць ад удзельнiка тэсцiравання не толькi хуткасцi, але i ўмення лёгка пераключацца з аднаго задання на iншае, далёка не ўсе ўдзельнiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання з аднолькавым поспехам спраўляюцца з усiмi заданнямi. I толькi лепшыя з лепшых выконваюць большасць цi ўсе заданнi тэстаў. З улiкам сусветнай практыкi, тэст лiчыцца паспяховым, калi за адведзены час яго поўнасцю выконваюць не больш чым 5 працэнтаў удзельнiкаў тэсцiравання. Iснуе своеасаблiвая крывая размеркавання вынiкаў, згодна з якой пераважная большасць удзельнiкаў тэсцiравання знаходзяцца ў сярэдзiне графiка i атрымлiваюць сярэднiя адзнакi, што тлумачыцца асаблiвасцямi тэставых тэхналогiй. Больш дакладна ранжыраваць абiтурыентаў дазваляе стобальная тэставая шкала, затое пры пераводзе тэставых балаў у дзесяцiбальную сiстэму ацэнкi ведаў аб’ектыўнасць вынiку тэсцiравання прыкметна знiжаецца. Асаблiва церпяць тыя, хто знаходзiцца на парогавых значэннях. Для прыкладу, на тэсцiраваннi па замежных мовах у «пяцёрку» пераводзiлiся сёлета i 51, i 68 тэставых балаў. На тэсцiраваннi па хiмii для «дзевяткi» трэба было набраць ад 80 да 95 тэставых балаў i гэтак далей. У адрозненне ад нашых суседзяў-расiян, у Беларусi пакуль не плануецца ўводзiць у тэсты заданнi вобласцi С. Па-першае, гэта вельмi дарагое задавальненне, паколькi ў дадзеным выпадку для праверкi тэставых работ прыйдзецца задзейнiчаць педагогаў-экспертаў, а па-другое, так званы «чалавечы фактар» аўтаматычна павялiчыць долю суб’ектывiзму пры выстаўленнi адзнакi. Сёння ў Рэспублiканскiм iнстытуце кантролю ведаў рыхтуецца да выдання зборнiк з аналiзам найбольш тыповых памылак, якiя былi дапушчаны ўдзельнiкамi апошняга цэнтралiзаванага тэсцiравання. Магчыма, гэта праца дапаможа настаўнiкам убачыць пралiкi ў навучальным працэсе i адначасова дапаможа будучым удзельнiкам тэсцiравання ў падрыхтоўцы да тэст-экзамена. Мiкалая Фяськова вельмi хвалюе тая акалiчнасць, што вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання могуць не зусiм прафесiянальна выкарыстоўвацца кiруючымi органамi адукацыi. Звярнуў увагу на гэта i першы намеснiк мiнiстра адукацыi Аляксандр Жук: «Цэнтралiзаванае тэсцiраванне — вельмi эфектыўны iнструмент ажыццяўлення манiторынгу ўзроўню ведаў навучэнцаў i якасцi сiстэмы адукацыi. Але абсалютызаваць яго не варта, паколькi ў першую чаргу цэнтралiзаванае тэсцiраванне зарыентаванае на ўступныя iспыты — там ёсць творчыя заданнi, заданнi павышанай складанасцi, якiя не ўсе могуць выканаць. Адпаведна, i вынiкi атрымлiваюцца горшыя, чым у школе. Разам з тым пэўную цiкавасць для нас уяўляюць адносныя паказчыкi: як выглядаюць рэгiёны ў параўнаннi адзiн з адным, як змяняюцца iх паказчыкi з году ў год, цi ёсць станоўчая дынамiка. Усё гэта дазваляе ўстановам адукацыi i органам кiравання ўносiць пэўныя карэкцiроўкi ў працэс навучання...».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
... на думку расiйскiх спецыялiстаў, больш-менш аб’ектыўны тэст па матэматыцы павiнен уключаць 180 заданняў
|
|