Каб у новым годзе на Зямлi было гэтак жа спакойна, як у Чачэвiчах!
Iрына сустрэла сваё сапраўднае каханне на навагодняй вечарыне ў сельскiм клубе. Гэта быў Дзед Мароз. Твар мужчыны схавала недарэчная барада, а вось у блакiтных вачах незнаёмца яна проста патанула, ды на ўсё жыццё. Гэта быў пярэдадзень 1988 года. Iрына i Iгар пазнаёмiлiся, ажанiлiся i цяпер у сям’i Чачко сямёра дзяцей!
ДОМ на вулiцы Школьнай у вёсцы Чачэвiчы ўпрыгожаны для сустрэчы Новага года i Ражства. На зялёных варотах — калядны вянок, паштовая скрынка зроблена ў актуальным для наступнага года выглядзе сабакi ў каўпаку Санта-Клауса. У двары стаiць вясёленькi пенапластавы снегавiк. Шыбы ў хаце размаляваныя белымi сняжынкамi. Навагоднiя святы — адны з самых любiмых у сям’i Чачко. У агульным пакоi стаiць упрыгожаная ёлка, вакол вiсяць навагоднiя плакаты i пажаданнi з цацкамi. 11-гадовая Каця i 9-гадовая Надзя пад наглядам старэйшых сясцёр робяць арыгiнальную навагоднюю гiрлянду. Дзяўчынкi радасна паведамiлi, што трэба для таго, каб яе зрабiць: есцi паболей цукерак i не выкiдваць у сметнiк абгорткi. Блiскучыя фанцiкi нанiзаюцца iголкай на нiтку i атрымлiваецца рознакаляровая «каўбаска», святочнае ўпрыгажэнне. Старэйшы з сямi дзяцей Чачко Юра служыць цяпер у армii. З вайсковай часцi, якая месцiцца ў Бабруйску, за паўсотнi кiламетраў ад родных Чачэвiчаў, ён прыедзе ў водпуск пасля Новага года. Таму сям’я рыхтуе яму вясёлыя тэлефонныя вiншаваннi. А 7-гадовы Лёшка ў адсутнасць старэйшага брата прыглядвае за сёстрамi. Iх у яго — пяць: старэйшай Машы — ужо 16 гадоў, а самай малодшай Ленцы — толькi тры. Лёшка — маленькi гаспадар у хаце: самастойна пачысцiў ад снегу сцежку перад домам, нават прасiць не давялося. Але i сёстры ад яго не адстаюць: самi гатуюць, прыбiраюць у хаце, мыюць посуд. Такая традыцыя ў сям’i Чачко — працаваць, дапамагаць бацькам. «Новы год мы сустракаем весела!» — запэўнiваюць усе Чачко разам. Першае правiла: абавязкова ўсе разам дома. Гэту сямейную традыцыю Чачко нiколi не парушаюць. Правiла другое: пачаць падрыхтоўку да Новага года як мага раней, каб расцягнуць у часе радаснае адчуванне свята. Малодшыя дзецi звычайна рыхтуюць невялiкi канцэрт — вершы, танцы i песнi. Могуць нават цэлае прадстаўленне разыграць: сям’я з 9 чалавек — гэта ж цэлы тэатр! У дарослых — свая падрыхтоўка да свята. Звычайна перад Новым годам Iрына i Iгар едуць у Маскву «на закупы», таму што набываць трэба шмат — адзенне, ласункi i падарункi на ўсiх, а там усё ж танней. Гэта звычка — ездзiць у расiйскую сталiцу — з’явiлася ў сям’i Чачко ў пачатку 90-х гадоў, калi жылося вельмi цяжка i месячнага заробку хапала толькi на два тыднi. Iрына ўзгадвае, што тады ў сям’i было трое дзяцей, яна сама — цяжарная, а грошай на батон з маслам не заўсёды хапала. Знайшлi выйсце — шоп-тур у Маскву, i гэта стала звычкай. — Я вельмi хачу, каб нашы дзецi не адчувалi сябе горш за iншых, — тлумачыць Iрына. — Часам мяркуюць, што калi сям’я мнагадзетная, то дзецям не хапае добрай ежы, моднага адзення, любовi i ласкi. Дык вось няпраўда! Мы ўсе як адзiн усiх любiм i нiкога нам не адарваць ад сям’i. А цукеркi набываем скрынкамi — каб усiм хапiла. Дзецi самi ўсё падзеляць па справядлiвасцi. Галоўнае пад Новы год — выканаць жаданнi. Усе дзецi, незалежна ад таго, вераць яны ў Дзеда Мароза альбо ў бацькоўскiя клопаты, пiшуць лiсты з пажаданнямi, i ўсе яны (вось цуд!) абавязкова выконваюцца ў навагоднюю ноч. — Можа быць i дорага выконваць, але мы грошай на дзяцей не шкадуем, — панiжае голас Iгар, каб малыя не пачулi пра сапраўднае паходжанне падарункаў. — Ды i жаданнi нашых дзяцей не выходзяць за межы магчымага. Яны звычайна сцiпла хочуць касету з мульфiльмам, цацку i цукеркi. Над святочным сталом Чачко не «замарочваюцца». Гатуюць з таго, што маюць у халадзiльнiку. Мацi робiць гарачую страву з мяса, Даша — спецыялiстка па салатах, печыва дзяўчаты робяць разам. I паболей садавiны! Калi ў бацькi ёсць час i настрой, ён частуе сям’ю якой-небудзь стравай з кiтайскай кухнi. Ён, аказваецца, служыў у Казахстане, зносiўся з кiтайцамi i таму iх кухню ведае. Напрыклад, кiтайскiя пельменi. Яны павiнны быць вялiкага памеру, як манты. Але галоўнае — гэта фарш з соевым соусам. Яго трэба рабiць з розных вiдаў мяса, грыбоў i багата заправiць соевым соусам. Важна таксама зрабiць пельмень так, каб ён не пашкодзiўся пры гатаваннi, бо самы «цымус» — надкусiць i выпiць сок. Iгар сцвярджае, што вельмi смачна. Але лянота рабiць, бо, маўляў, вакол яго цяпер хапае добрых гаспадынь i кулiнарак! У навагоднюю ноч не спяць нават самыя малыя. Праўда, доўга не вытрымлiваюць, але гадзiну — абавязкова, каб дачакацца прыходу сямейнага Дзеда Мароза. Калi падарункi атрыманы і ў малых вочы канчаткова злiпаюцца, старэйшыя накiроўваюцца да сяброў у клуб, а мацi i бацька застаюцца ў хаце глядзець навагоднiя тэлевiзiйныя перадачы. Калi Новы год абыходзiцца без дажджу i адлiгi, Чачко ў навагоднюю ноч абавязкова выходзяць на прагулку. У Чачэвiчах — цудоўная прырода, гэта курортная зона Магiлёўскай вобласцi: Чыгiрынскае вадасховiшча i багатыя лясы. Тут ёсць i турбазы, i лецiшчы магiлёўцаў, i Новы год у вёсцы адзначаюць феерверкамi. Карацей — не сумна! — А ў першы дзень новага года мы абавязкова iдзём на рыбалку, — Iгар Чачко паказвае на вынiк падрыхтоўчай працы — маленькiх акунёў у вядры, i тлумачыць далей: — Гэта для жыўца, мы на iх ловiм шчупакоў. Дзецi ходзяць разам са мной на рыбалку, i аднойчы мы ў гонар Новага года злавiлi трох вялiкiх шчупакоў. А пакуль трохi акунёў перападае хатнiм любiмцам — катам Максу i Мурзiку, якiя пасля абеду са свежай рыбы ну проста карцiнна спяць на канапах i шафах. За катамi пiльна сочыць сабака Тайка, яшчэ адна хатняя любiмiца. Як сiмвал новага года, яе «цiскаюць» проста бясконца, але яна, падаецца, не крыўдуе. Увогуле завуць сабаку Тайга, гэта паляўнiчы сабака, тэр’ер, i ён павiнен быць злы. Але як можна быць злым у кампанii шасцярых дзяцей? Гены адступiлi перад дабрынёй, цяпер Тайка палюе толькi на цукеркi — гэта яе слабасць. Чачко кажа, што мiнулы год быў удалы для iх сям’i. Самае галоўнае — дзецi не хварэлi, усе жывыя i здаровыя. I да таго ж бацькi Чачко атрымалi крэдыт на рэканструкцыю i рамонт iх дома. Так здарылася, што вялiкi дом, у якiм раней жыла сям’я, згарэў. Чачко выкупiлi невялiкi стары дом непадалёк, але вялiкай сям’i ў iм цесна, ды i рамонт патрабуецца зусiм не касметычны, а сапраўдны, i таму дарагi. Больш за год доўжылася эпапея з крэдытам, i якраз у 2005 годзе Чачко зрабiлi праект i атрымалi пад яго грошы. Пачаць вырашылi з прыбiральнi, ванны, кухнi i сталоўкi, каб мець сапраўдныя зручнасцi i, у рэшце, мець магчымасць усiм разам сесцi за адзiн стол. «А ўвогуле гэта будзе вялiкi дом для вялiкай сям’i!» — свецiцца ад шчасця Iрына. Ды i ўдача iм усмiхнулася. 16-гадовая Маша напiсала лiст у тэлепраграму «Ваша лато», калi там праводзiлi дабрачынную акцыю. У iм дзяўчынка расказала пра вясковую школу i яе вучняў, якiм вельмi не хапае камп’ютарнага класа. Праўда, потым высветлiлася, што грашовы прыз павiнна атрымаць установа для сiрот i няшчасных дзяцей. Так што тры мiльёны рублёў праз лiст Машы Чачко атрымаў сацыяльны прытулак з горада Быхава. А старэйшыя дзецi з сям’i Чачко таксама бралi ўдзел у праграме «Ваша лато», выцягнулi шчаслiвую лiчбу i атрымалi DVD i пыласос. Пасля паездкi ў Мiнск i здымак 15-гадовая прыгажуня Даша прызналася, што лiтаральна «захварэла» тэлебачаннем i таму адно з яе навагоднiх пажаданняў — звязаць з iм сваё жыццё. Разам з тым дзяўчына любiць родныя Чачэвiчы. I як цяпер аб’яднаць два такiя iнтарэсы — задача. Можа, стварыць у Чачэвiчах сельскi тэлеканал?.. — А ў нас усе дзецi — патрыёты вёскi, — усмiхаецца Iрына. — Калiсьцi мой муж, карэнны магiляўчанiн з iнтэлігентнай сям’i, кiнуў горад i з’ехаў у Чачэвiчы. Трэба быць сапраўдным аптымiстам, каб застацца жыць у вёсцы. Ды мы ўсе тут непапраўныя аптымiсты! Нездарма сям’я Чачко атрымлiвала ўзнагароды ад фондаў i арганiзацый за аптымiзм, за вялiкае каханне, пяшчоту i павагу адзiн да аднаго, выдатнае выхаванне дзяцей i падрыхтоўку iх да самастойнага жыцця працавiтымi i сумленнымi. Самi яны гэткую афiцыйную фармулёўку перакладаюць на нармальную мову: «Няхай сцены драныя, але людзi — шчаслiвыя!». Iрына Чачко гаворыць, што людзi ў свеце маюць розныя прызначэннi — вучыць, будаваць, лячыць i гэтак далей, а асабiста яе прызначэнне — быць мацi, раджаць i гадаваць дзяцей. I яна лiчыць, што сямёра дзяцей — гэта не так ужо i шмат: маўляў, хацелася б яшчэ аднаго. Калi б’юць куранты, дзецi i дарослыя Чачко падымаюць келiхi з шампанскiм (хто — з сапраўдным, а большасць — з дзiцячым) i загадваюць жаданнi на новы год. 16-гадовая Маша, выпускнiца, хоча паступiць у Магiлёўскi дзяржаўны унiверсiтэт. Яна хоча быць педагогам, прадоўжыць сямейную дынастыю. Iгар — завуч Чачэвiцкай школы, яго дзед, бабуля, бацька, сястра — усе педагогi. Таксама хоча быць настаўнiцай i Каця, яна плануе вучыць самых маленькiх, лiчыць гэта нескладанай прафесiяй i цэлымi днямi практыкуецца — гуляе «ў школу». Аднак пакуль Кацi яшчэ толькi 11 гадоў, яна вырашыла папрасiць шчасця сваёй сям’i i каб матчына мара спраўдзiлася i ў Кацi з’явiлася яшчэ адна сястрычка альбо брацiк. Калi дзяўчынка пра гэта сказала ўслых, бацька аб’явiў, што ён ужо мае намер чакаць унукаў! Ленка, якой толькi тры гады, надзiва самастойнае дзiця — сама апранаецца, есць i пра свае жаданнi аб’яўляе разумна i вельмi дакладна: тры «Кiндэр-сюрпрызы», касету з фiльмам пра Чырвоную Шапачку, цукеркi i каб у бацькi была больш грашавiтая праца, каб гэтыя цукеркi набываць. «Цукеркi дзiцячаму арганiзму нiколi не пашкодзяць!» — сцвярджае з веданнем справы Лёша. У дадатак да ласункаў хлопчык вырашыў таксама папрасiць сабе тамагочы. Ад японскай цацкi таксама не адмовiлася б i 9-гадовая Надзя, але яна прасiла Дзеда Мароза, каб ён прынёс бацьку мабiльны тэлефон, а сёстрам у будучым даў добрых жанiхоў. Сама ж яна атрымлiвае вялiкую асалоду ад свята, таму што дома стаiць ёлка з цацкамi i ўсё блiшчыць. Дзяўчынка добра малюе, таксама i пра Новы год. А вось яе старэйшая сястра Каця больш за ўсё любiць зiмовы лес i снег, i пра гэта напiсала апавяданне — сапраўднае, як пiсьменнiца! Даша гаворыць, што ў Новы год жыве ў чаканнi цуда, i калi да гэтага дадасца яшчэ i доўгачаканая кнiга пра бiсер — яна вельмi ўзрадуецца. Аказваецца, моднае ўпрыгажэнне з бiсеру на шыi ў дзяўчыны зроблена сваiмi рукамi, яна — сапраўдная майстрыха. Сёлета выйшла на працу ў Чачэвiцкую школу пасля дэкрэтнага водпуску Iрына. Яна стала кiраўнiцай гуртка кветкаводства. Цяпер каля вясковай школы робяць клумбы паводле прынцыпаў ландшафтнага дызайну, i паглядзець на вынiкi працы вучняў i настаўнiкаў ходзяць цэлыя экскурсii. А Iрына кажа, што займаецца любiмай справай i абсалютна шчаслiвая i са сваёй працай, i са сваёй сям’ёй. — Так, мы жывём дружна i весела, — гаворыць Iрына. — Мне падаецца, што гэта ад бацькоў iдзе: нам з Iгарам удваiх добра, таму дзецям з намi таксама добра. Калi пойдзе адлiк 12 удараў гадзiннiка, Iрына загадае, каб усе былi здаровыя i каб год прайшоў без катаклiзмаў. Штогод яна загадвае адно i тое ж: не трэба грошай, толькi здароўя, i ўсе разам Чачко будуць шчаслiвыя. Iгар хоча, каб жыццё яму, жонцы i дзецям прыносiла сапраўднае задавальненне. I хоць чагосьцi, як заўсёды, не будзе хапаць, але няхай жыццё проста падабаецца. — А мне хочацца, каб людзi рабiлi адзiн аднаму дабро, — кажа КАЦЯ. — Каб усе былi здаровыя i быў мiр, — падхоплiвае ДАША. — Каб людзi не хварэлi, бо цяпер шмат страшных хвароб, — гаворыць НАДЗЯ. — Я хачу, каб нiхто не памiраў, каб людзi жылi дружна, а дзецi добра вучылiся, — жадае ЛЁША. — Я хачу сваёй сям’i i людзям шчасця, — не засталася ўбаку i ЛЕНКА. — Каб у нас на Зямлi было ўсё добра, — падсумоўвае МАША. — Цяпер так неспакойна: усё нейкiя катаклiзмы ды войны. А ў нас у Чачэвiчах заўсёды спакойна! З Новым годам!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Iрына сустрэла сваё сапраўднае каханне на навагодняй вечарыне ў сельскiм клубе. Гэта быў Дзед Мароз. Твар мужчыны схавала недарэчная барада, а вось |
|