21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вячаслаў СЕМАКОЎ: «Як я быў Дзедам Марозам»

25.08.2009 21:22 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Першы беларускi казачны Дзед зараз пiша кнiжкi для дзяцей i дарослых




Усяго ў свеце ёсць пяць рэзiдэнцый Дзеда Мароза: у Фiнляндыi, на Алясцы, у Швецыi, у Расii i ў Беларусi. Наш казачны Дзед самы малады, ён жыве ў Белавежскай пушчы ўсяго два гады. Амаль увесь гэты час пасаду беларускага Дзеда Мароза займаў былы намеснiк па навуковай рабоце нацыянальнага парку Вячаслаў Семакоў. Зараз Вячаслаў Васiльевiч выйшаў на пенсiю i заняўся любiмай справай усяго жыцця — ён пiша кнiжкi.

— Як жа нарадзiлася iдэя пасялiць беларускага Дзеда Мароза ў пушчы, i хто яе аўтар?

— Мабыць, гэта iдэя ўзнiкла ў самiх нетрах пушчы. Векавы патрыярхальны лес заўсёды хаваў у сабе нейкую загадку на мяжы з казкай. А дзедмарозаўскiм рухам я цiкавiўся даўно. Яшчэ калi працаваў на Памiры, збiраў паштоўкi з выявай Дзеда Мароза i Снягуркi, зацiкавiўся гiсторыяй казачнага героя i яго прататыпа — святога Мiкалая, якi, паводле падання, адорваў перад святамi бедных людзей. I ўпершыню ваш пакорны слуга ў 1997 годзе выступiў адразу ў трох газетах — раённай, абласной i рэспублiканскай — з прапановай пасялiць Дзеда Мароза ў нас. Натуральна, што прайшоў нейкi час, пакуль iдэя выспела. I вось у 2003 годзе кiраўнiк краiны наведаў пушчу i даручыў узвесцi памесце. Даручэнне было выканана ў рэкордна кароткiя тэрмiны — за тры месяцы. Некаторыя не вераць, што так хутка можна пабудаваць такую прыгажосць. Над кожным аб’ектам шчыравалi сапраўдныя майстры. Рэзчык Аляксандр Лявонцьевiч Масла стварыў, я лiчу, шэдэўры драўлянага дойлiдства.

Ну а калi я нейкiм чынам стаяў ля вытокаў новай справы, то мне i прапанавалi стаць Дзедам Марозам. Амаль два гады ў касцюме, вырабленым лепшымi беларускiмi мадэльерамi, сустракаў я дзяцей i дарослых. Вынiкам гэтай работы стануць кнiжкi «Як я быў Дзедам Марозам» i «Пра зубрыка Васю». Апошняе — добрая казка для дзяцей. Менавiта на пасадзе казачнага Дзеда я заўважыў, што ў нашых дзяцей няма сваiх герояў — iх месца занялi пакемоны ды iншыя пачварныя вiртуальныя iстоты. Спрабую iм нешта процiпаставiць. У мяне з’явiўся час на кнiжкi, бо свае паўнамоцтвы я перадаў другому чалавеку. Думаю, пераемнiк будзе лепшым Дзедам, таму што ён — педагог па адукацыi i па роду дзейнасцi. Гэта таксама важна, большасць жа экскурсантаў — школьнiкi.

— А кнiжка «Як я быў Дзедам Марозам» пра школьнiкаў, пра нашых дзяцей?

— У асноўным так, але адрасавана яна найбольш дарослым. Хачу, каб найперш бацькi, настаўнiкi, выхавацелi звярнулi ўвагу на тое, як мяняюцца светапогляд, устаноўкi i iдэалы падрастаючага пакалення. Пiсьмы дзяцей Дзеду Марозу — гэта зрэз фiласофii грамадства, калi хочаце. I яна, на жаль, фармiруецца пад уплывам тэлебачання, якое настойлiва навязвае думку, што багацце i дабрабыт можна выйграць, знайсцi, выпрасiць без асаблiвых высiлкаў, без працы. Дзяўчаты-падлеткi адна перад адной просяць залатыя ўпрыгажэннi, дарагую вопратку, апошняй маркi мабiльныя тэлефоны. Школьнiкi просяць камп’ютары, мэблю, складаную бытавую тэхнiку. А пiсьмы часта носяць характар пагрозы-ультыматуму: калi ты не дасi гэта, я не буду ў цябе верыць.

Ёсць, вядома, у пошце белавежскага Дзеда лiсты i iншага кшталту. Iх мы называем сацыяльнымi. Пiшуць дзецi з бедных або такiх сем’яў, дзе бацькi п’юць, не працуюць. Тады хлопчыкi i дзяўчынкi просяць самае неабходнае. Такiя пiсьмы мы перадаём у адпаведныя арганiзацыi. Трапляюцца i вельмi добрыя, цёплыя пiсьмы, ад якiх душа радуецца, калi, скажам, дзецi з мнагадзетных сем’яў проста запрашаюць Дзеда Мароза ў госцi. Адзiн хлопчык нават напiсаў: падарункаў мне не трэба, у нас ўсё неабходнае ёсць, аддай iх тым, хто бедна жыве. Бываюць i смешныя пасланнi, калi, напрыклад, вучань просiць дапамагчы пазбавiцца ад ляноты i тым самым выправiць адзнакi.

Так што кнiга ў нейкай ступенi будзе i роздумам аб выхаваннi. У ёй знойдуць месца i абуральныя факты пра асобных юных членаў грамадства, якiя навучылiся толькi псаваць i разбураць усё на сваiм шляху. Аднойчы мы на паўгадзiны забылiся зачынiць домiк Снягуркi. I што вы думаеце? Нейкi вандал там усё разбурыў, паламаў. Выхоўваць трэба не толькi дзяцей, але i асобных дарослых. У гэтым я ўпэўнiўся яшчэ раз, калi летась здымалi навагоднюю праграму. Нашы некаторыя маладзенькiя ўзыходзячыя «зорачкi» эстрады таксама маюць прабелы ў выхаваннi.

— I што, у кнiжцы будуць прыклады з iмёнамi?

— Будуць. А таксама будзе аповяд пра цiкавыя i прыемныя сустрэчы з самымi разнастайнымi людзьмi. За першы год iснавання рэзiдэнцыi яе наведалi ўсе паслы замежных дзяржаў, акрэдытаваныя ў нашай краiне. Адзiн з iх, калi я сустрэў яго ў домiку Дзеда Мароза на троне, кiнуўся на каленi. Уявiце сабе маю разгубленасць. Аказалася, што ў iх краiне прынята абагаўляць казачнага героя. Адна з апошнiх памятных сустрэч у памесцi — гутарка з адмiралам Касатонавым, камандуючым Чарнаморскiм флотам. Шчыра кажучы, нават не чакаў ад вельмi сур’ёзнага дзяржаўнага чалавека пачуць такую ўзнёслую ацэнку нашай iдэi ажывiць казку.

— Адна з вашых будучых кнiжак, ведаю, называецца «Легенды i мiфы Белавежскай пушчы». Легенды, вiдаць, звязаны больш за ўсё з паляваннем саноўных асоб, з наведваннямi вядомых людзей?

— Так. Але не толькi. Пушчанскi край загадкавы, легенды да сябе ён, так бы мовiць, прыцягвае. Ну а паяўленне ў лесе гiстарычнай асобы часта абрастае чуткамi. Некаторыя з iх даводзiцца абвяргаць, iншыя ўдакладняць. Напрыклад, не многiя ведаюць, што ў нашым лесе нейкi час хаваўся паэт Андрэй Вазнясенскi, калi ён трапiў у нямiласць да Мiкiты Хрушчова. Усё гэта знойдуць чытачы «Мiфаў i легенд», калi выйдзе кнiга. Яшчэ я працую над манаграфiяй «Невядомая пушча», якая будзе выдавацца налета ў Германii на нямецкай мове, а таксама над кнiжкай «Ад Камчаткi да Белавежскай пушчы». Дзесяцiгоддзе майго жыцця прайшло на Камчатцы. Параўноўваю прыроду, асаблiвасцi, жыццёвы ўклад самага заходняга i самага ўсходняга рубяжа былога Савецкага Саюза.

— Нiколi раней не сустракала чалавека, якi б пiсаў пяць кнiжак адначасова...

— Так атрымалася. Адны з гэтых кнiг практычна гатовы, трэба толькi што-нiшто прывесцi ў сiстэму, iншыя на стадыi класiфiкацыi сабранага матэрыялу. Мне так цiкавей працаваць: надакучыла адно — звяртаешся да другога. Зараз заканчваю твор для дзяцей «Пра зубрыка Васю». Ну вельмi хочацца, каб нашы дзецi палюбiлi добрага пушчанскага волата, паверылi, што самыя лепшыя казкi захаваныя ў нашай роднай прыродзе.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

Фота Святланы КРАЎЧУК.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы беларускi казачны Дзед зараз пiша кнiжкi для дзяцей i дарослых
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика