Мяккасць i агрэсiўнасць Рок-лялькiШык-шок Мужчынскiя i жаночыя прычоскi ўражваюць чысцiнёй лiнiй i насычанымi, але не дзiкiмi, колерамiГэта засведчыла выстава «Свет прыгажосцi-2005», якая адбылася яшчэ ў вераснi ў Маскве. На сусветных подыумах i ў модных часопiсах, якiя фiксавалi свежыя iдэi прычосак на сезон восень-зiма, можна ўбачыць спакуслiвасць i вытанчанасць вячэрнiх укладак, элегантнасць стрыжак сярэдняй даўжынi i дынамiчнасць кароткiх стрыжак. Актуальнымi застаюцца рознаўзроўневыя доўгiя валасы. Скажам, спераду яны могуць быць прыблiзна напалову даўжэй, чым ззаду. Даўжыня можа падкрэслiвацца кароткай, бездакорна прамой лiнiяй грыўкi на палове лба. Больш кароткiм валасам звычайна пасуе «скошаная» грыўка, якая загадкава прыкрывае адно вока. У асобнай прычосцы цудоўна ўжываюцца прамыя i хвалiстыя, нiбы пацiсканыя ў руцэ, пасмы. Начос такi бязлiтасны, што валасы ператвараюцца... у цукровую вату або нейкае жартоўнае воблака. Стрыжкi — карпатлiвая работа майстра — выглядаюць так, быццам над валасамi здзекаваўся непрафесiянал, i цяпер любое дыханне ветрыка здольна абнавiць цi падкарэкцiраваць вобраз. Асаблiвая ўвага ўдзяляецца кончыкам, iрваным, але здаровым, якiя больш схiльныя «глядзець» не на гаспадыню, а на навакольных — ад твару. Макушка нi ў якiм разе не прылiзаная, нават наадварот, часцяком яна пакiнутая сама на сябе i, нягледзячы на iншыя лiнii прычоскi, самастойна «глядзiць» у неба. Сёння фарбаванне валасоў — не банальнае рашэнне ўзроставых праблем з сiвiзной, а спосаб выглядаць стыльна i модна. Валасы пачынаюць фарбаваць у самым юным узросце. На цёмных, шакаладных валасах — асноўным колеры прычоскi — могуць сустрэцца жоўты з рыжым, белы з бэзавым, алiўкавы з насычаным фiялетавым, а на белых — малiнавы, сунiчны i блакiтны. Пасмы фарбуюцца не па ўсёй галаве i не сiметрычна, а неяк фрагментарна. У цэлым крыклiвыя колеры сышлi ў нябыт, а сучасныя наблiжаюцца да натуральных. Яшчэ зусiм нядаўна ў фаворы былi прамыя валасы, але аднастайнасць надакучвае, i вось ужо можна назiраць прыкладна роўную колькасць прычосак з прамых i хвалiстых валасоў. Гэта, канешне, не тая кучаравасць, што была ў 60-я. Актуальныя пенныя, неяскрава акрэсленыя локаны, якiя нагадваюць жаваную тканiну. Менавiта гэта прадэманстравалi мадэлi Жана Поля Гацье i Джона Гальяна на апошнiх паказах высокай моды. Цырульнiцкае майстэрства развiваецца не проста вельмi хутка, а iмклiва. Сапраўдныя «профi» ў гэтай галiне ловяць нюансы моды прычосак, каб штораз задавальняць сваiх клiентаў, а гэта значыць, яны не маюць права быць аднастайнымi, сумнымi, не здольнымi разледзець i падкрэслiць iндывiдуальнасць апошнiх. Аб неабходнасцi пастаяннага самаўдасканалення прафесiйнага майстэрства, творчай «рухомасцi» сказаў у сваiм апошнiм iнтэрв’ю часопiсу «Далорэс» французскi стылiст i творчы партнёр L’Oreal Professionnel Жан Марк Жубэр. Ён таксама зазначыў: «Моднай я магу назваць толькi тую прычоску, якая пасуе канкрэтнай жанчыне. Быць модным — значыць падкрэслiваць iндывiдуальнасць. Мода эфемерная, i па сутнасцi яна з’яўляецца выражэннем iдэй вялiкiх дызайнераў. Адзiны спосаб ненадоўга ўтрымаць гэту жар-птушку ў руках — прапусцiць праз сябе найбольш цiкавыя iдэi, убачаныя падчас паказаў, i прапанаваць iх уласную iнтэрпрэтацыю... Адным з яркiх модных вобразаў апошняй калекцыi L’Oreal Professionnel з’яўляецца рок-лялька... Гэты вобраз прываблiвае мяне сваёй супярэчлiвасцю, спалучэннем мяккасцi i агрэсiўнасцi. У нас у Францыi, як, напэўна, i ў большасцi iншых краiн, лялька выклiкае асацыяцыi з любоўю, чысцiнёй i ў той жа час спакуслiвасцю. А рок — гэта штосьцi жорсткае, дзёрзкае. Калi сумясцiць гэтыя паняццi, можна стварыць унiкальны, блiзкi менавiта вам вобраз лялькi. У iм будуць закладзены i вашы дзiцячыя ўспамiны, i вашы сённяшнiя ўяўленнi пра моду. Па свайму жаданню вы выбераце пэўную даўжыню валасоў, больш жорсткiя цi больш мяккiя лiнii...». Застаецца дадаць два словы i пра зiмовую калекцыю макiяжу. Асноўная гама, прапанаваная знакамiтым французскiм Домам Iў Сен Ларана, — гэта прыродныя адценнi карычневага, бэжавага i чорнага колераў. Для эфектнасцi дабаўлены iскры слiвовага, iзумрудна-зялёнага, медна-ружовага. Галоўныя акцэнты каляднага макiяжу ад Дзiор ставяцца на вочы i вусны. Вусны — быццам лакiраваныя, пакрытыя залатымi i сярэбранымi блiскаўкамi. Падрыхтавала Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мужчынскiя i жаночыя прычоскi ўражваюць чысцiнёй лiнiй i насычанымi, але не дзiкiмi, колерамi
|
|