Спартыўны калейдаскоп года
Каго пакусае вогненны сабака ў 2006-м — невядома, затое сiнi певень паспеў-такi сёлета дзеўбануць шэраг прадстаўнiкоў айчыннага спорту. Абвiнавачваць iх не станем, бо даволi шмат фактараў паўплывала на выступленне. Спартыўных радасцяў у 2005-м таксама хапала. Паспрабуем ураўнаважыць i станоўчае, i адмоўнае i вызначыць герояў мiнулага года.
IГРОК ГОДА Улiчваючы, што футбол заўжды лiчыўся гульнёй № 1 ва ўсiм свеце, значыць i мацнейшага iграка-2005 будзем шукаць менавiта сярод яго прадстаўнiкоў. Гэта, зразумела, Аляксандр Глеб, якi трэцi год запар быў названы лепшым футбалiстам Беларусi. Сёлета паўабаронца лонданскага «Арсенала» вызначыўся ў судовай справе, звязанай з трапляннем у аварыю ў Мiнску, развiтаннем з нямецкай бундэслiгай i святкаваннем наваселля ў англiйскай прэм’ер-лiзе, двухмесячным перапынкам у гульнi, якi быў выклiканы траўмай. «АЛIМПIЕЦ» ГОДА Нягледзячы на той факт, што летнiя Алiмпiйскiя гульнi прайшлi ў мiнулым годзе, афiнскi сярэбраны медаль сёлета быў-такi ўручаны. З трэцяга на другое месца ўзняўся малатабоец Iван Цiхан, дзякуючы дысквалiфiкацыi венгерскага спартсмена. ЛIДАРЫ ГОДА Дзесяцiразовай чэмпiёнкай свету стала дзюдаiстка Таццяна Масквiна, шасцiразовай — велагоншчыца Наталля Цылiнская. «Золатам» першынства планеты пацвердзiў сваю сiлу лёгкаатлет Iван Цiхан. На сёлетнiм чэмпiянаце свету не сплыла ўзнагарода вышэйшай якасцi i ад веславальшчыцы Кацярыны Карстэн. Тэнiсiст Максiм Мiрны выйграў пяць парных турнiраў АТП, у тым лiку «Ралан Гарос», i дапамог беларусам застацца ў Сусветнай групе Кубка Дэвiса. Майстар малой ракеткi Уладзiмiр Самсонаў трэцi раз перамог на чэмпiянаце Еўропы па настольнаму тэнiсу, заваяваў «срэбра» ў парным разрадзе i аказаўся мацнейшым на адкрытых чэмпiянатах Харватыi, Расii i Германii. КАМАНДА ГОДА Вызначыць, каго лiчыць сапраўднай камандай, складана, таму пералiчым усiх прэтэндэнтаў, а вы вырашайце, цi гэта салiгорскi «Шахцёр», якi перамог у нацыянальным футбольным чэмпiянаце без дапамогi легiянераў i добрага стадыёна i ўступiў толькi ў адным матчы сезона; цi «залатая» байдарка-чацвёрка кантынентальнага першынства i сусветнага форуму на дыстанцыi 500 метраў (Вадзiм Махнёў, Дзям’ян Турчын, Аляксей Абалмасаў, Раман Петрушэнка); цi аўтары бронзавых перамог на чэмпiянатах свету па бiятлону i лёгкай атлетыцы — адпаведна жаночыя эстафеты 4x6 км (Кацярына Iванова, Вольга Назарава, Людмiла Ананька, Алена Зубрылава) i 4x100 м (Юлiя Несцярэнка, Наталля Салагуб, Алена Неўмяржыцкая, Аксана Драгун); цi беларуская жаночая баскетбольная зборная, якая не ўступiла нiводнаму сапернiку на працягу года. ТРЭНЕР ГОДА У чарговы раз свой прафесiяналiзм даказаў Юрый Пунтус: яго новыя падначаленыя са сталiчнага «МТЗ-РIПА» атрымалi Кубак краiны i сталi бронзавымi прызёрамi нацыянальнага першынства. Праўда, рэпутацыю трэнера падмачыла выступленне нашай «маладзёжкi», i ў вынiку на пасяджэннi выканкама асацыяцыi «БФФ» яму паднеслi навагоднi «сюрпрыз» — вызвалiлi ад пасады трэнера маладзёжнай зборнай. Аднак гэтыя абставiны нiяк не псуюць уражання ад трэнерскага таленту Пунтуса. ВЯРТАННЕ ГОДА У той час як лiдар нашай каманды ў плаваннi Алена Попчанка змянiла беларускае грамадзянства на французскае i не будзе прадстаўляць нашу краiну ў свеце, у спорт пасля двухгадовай дысквалiфiкацыi вярнулася Аляксандра Герасiменя. «Русалка» стартавала паспяхова: устанавiла новы рэкорд краiны на дыстанцыi 50 метраў на спiне i трапiла ў прызёры чэмпiянату Еўропы ў iтальянскiм Трыесце — узяла «бронзу». НЕЧАКАНАСЦЬ ГОДА Без нашых гiмнастаў Вiталя Шчэрбы i Iвана Iванкова, здавалася, на чэмпiянаце свету нам лавiць няма чаго. Аднак малады Дзянiс Савянкоў змог здабыць для беларусаў бронзавы медаль у мнагабор’i. СКАНДАЛ ГОДА Самым вялiкiм скандалам сёлета стала дысквалiфiкацыя канькабежкi Анжэлiкi Кацюгi, якая з’яўлялася адной з галоўных надзей на XX зiмовых Алiмпiйскiх гульнях-2006 у iтальянскiм Турыне на дыстанцыях 100 i 1000 метраў. Знойдзеныя ў аналiзах спартсменкi забароненыя рэчывы — тэстастэрон i норандрастэрон — разбурылi ўсе нашы спадзяваннi. Дысцыплiнарны камiтэт Мiжнароднага саюза канькабежцаў вырашыў адабраць у Кацюгi ўзнагароды, якiя яна заваявала 19 i 20 лютага i дысквалiфiкаваць на два гады. Замест таго, каб заваёўваць лiцэнзiю на выступленне ў Турыне, спартсменка разам з трэнерам i мужам Iгарам Пагарэлавым была вымушана марнаваць час на доказы сваёй невiнаватасцi. Апеляцыйны камiтэт ISU рэабiлiтаваў-такi беларускую канькабежку, бо, як выявiлася, проба «А» не адпавядае пробе «В», а значыць, допiнг-тэст нельга лiчыць сапраўдным. На жаль, у гэтай справе пакуль нельга паставiць кропку: Мiжнародны саюз канькабежцаў падаў iск у арбiтражны суд у Лазане. ФIЯСКА ГОДА Некалькi хвiлiн аддзялялi беларускiх хакеiстаў сёлета ад жаданай пуцёўкi на Алiмпiйскiя гульнi-2006. Дасюль не верыцца ў пройгрыш нашай нацыянальнай дружыны ў матчы з лiтоўскай зборнай на квалiфiкацыйным турнiры ў Рызе. Адзiнае, што можа крыху падсаладзiць гэту горкую пiлюлю, дык гэта выступленне маладзёжнай каманды на чэмпiянаце свету ў Мiнску, калi падначаленыя Эдуарда Занкаўца змаглi адолець лiдараў турнiру, казахстанцаў, а значыць, усе беларускiя зборныя сустракаюць Новы год у хакейнай элiце. СУМЛЕННЕ ГОДА Мiжнародны алiмпiйскi камiтэт узнагародзiў сёлета трэцюю ракетку свету Уладзiмiра Самсонава прызам «Fair Play». Такi падарунак тэнiсiст заслужыў сваiм учынкам: адмовiўся ад бала, якi суддзя аддаў яму памылкова, а пасля таго, як арбiтр не пагадзiўся змянiць рашэнне, згуляў не на сваю карысць. ВЯЗУНЧЫК ГОДА На чэмпiянат свету па грэка-рымскай барацьбе мазыранiн Алiм Селiмаў не паехаў бы, калi б не траўма алiмпiйскага прызёра Вячаслава Макаранкi (яму зрабiлi аперацыю на менiску). У вынiку Алiм здабыў «золата». АДСТАЎКА ГОДА Самым гучным назначэннем года стала змена мiнiстра спорту i турызму краiны: месца Юрыя Сiвакова заняў Аляксандр Грыгараў, якi, дарэчы, напрыканцы года, калi ў сталiчным футбольным манежы ўшаноўвалi лаўрэатаў мiнулага чэмпiянату краiны, вызначыўся выкананнем танца жывата ў кампанii з «дачкой Усходу» — спявачкай Гюнеш. Акрамя таго, сёлета алiмпiйская чэмпiёнка Юлiя Несцярэнка развiталася са сваiм трэнерам Вiктарам Ярашэвiчам, у адстаўку быў адпраўлены i настаўнiк сталiчнага «Дынама» Юрый Шуканаў, якi летась прывёў сваiх падначаленых да чэмпiёнства, пакiнуў пасаду галоўнага трэнера хакейнай зборнай Мiхаiл Захараў, ад футбольнай «маладзёжкi» адлучылi Юрыя Пунтуса, ад нацыянальнай каманды — Анатоля Байдачнага. «СЕМ’ЯНIН» ГОДА Менавiта так хочацца назваць заакiянскага спецыялiста, настаўнiка клуба НХЛ «Вашынгтон Кэпiталз» Глена Хэнлана, якi замянiў былога трэнера беларускай нацыянальнай зборнай Мiхаiла Захарава i за невялiкi тэрмiн да старту сусветнага першынства спрабаваў стварыць з беларускiх хакеiстаў не тое што сапраўдны калектыў, а адзiную сям’ю. Хэнлан па-бацькоўску частаваў iгракоў на трэнiроўках бутэрбродамi i дарыў сваю амерыканскую ўсмешку, якую мы, магчыма, яшчэ пабачым. БАЦЬКI ГОДА Лепшым бацькам года, безумоўна, стаў хакеiст Руслан Салей. Ён прамяняў гульню для сапраўдных мужчын на мужчынскi ўчынак: адмовiўся ад удзелу ў чэмпiянаце свету, бо яго каханая ў гэты час чакала дзiця. У Бэцi нарадзiлася дзяўчынка, якую назвалi Алексiс. А мацi года назавём штурхальнiцу ядра Янiну Карольчык: у час сваёй двухгадовай дысквалiфiкацыi спартсменка паспела ўзяць шлюб са спеваком Уладзiмiрам Правалiнскiм i нарадзiць дачку Насцю. ДЗЕЦI ГОДА У гэтай намiнацыi без канкурэнтаў лiдзiруюць дочкi-двайняткi, якiя нарадзiлiся ў сям’i галоўнага трэнера беларускай зборнай па бiятлону Аляксандра Папова. РЫМЕЙК ГОДА Музычную кар’еру экс-тэнiсiсткi Вольгi Барабаншчыкавай сёлета вырашыла паўтарыць былая гiмнастка Наталля Пальчэўская: «мастачка» ўзяла ў рукi мiкрафон i дэбютавала з песняй «Расстались». Абедзве спартсменкi сапраўды вельмi падобныя адна на адну як колерам сваiх валасоў, так i рэпертуарам. Праўда, Наталля, у адрозненне ад Вольгi, яшчэ не спрабавала здымацца ў амерыканскiм кiно i весцi спартыўную праграму на Беларускiм тэлебачаннi, затое наладзiла асабiстае жыццё: не так даўно адбылося яе вяселле з абаронцам нацыянальнай футбольнай каманды Сяргеем Штанюком. Спонсары НАК Беларусi: 1. Генеральныя спонсары — ЗП «Iнка-Фуд», АТ «Хемапраект»; 2. Афiцыйныя спонсары — РУП «Беларускiя латарэi», ЗАТ «БелСвiсБанк»; 3. Спонсары — СТАА «Гiперком»; 4. Партнёры — ЗАТ «АлтаЛан», ЗП «Кока-Кола Беўрыджыс Беларусiя», СП «Космас-ТБ», ЗП «Цэптэр», ЗП «Рэстараны МакДональдс», СП «НТТС», ТДА «Фiтлайн», ПТТАА «БСВ», ЗАТ «Консул», ЗТ «Лукойл-Беларусiя», ЗП «Дызайн-студыя СЭНС». Ірына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каго пакусае вогненны сабака ў 2006-м — невядома, затое сiнi певень паспеў-такi сёлета дзеўбануць шэраг прадстаўнiкоў айчыннага спорту
|
|