Зорка для «зорак»
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Ведай нашых! За больш як 30 гадоў жыцця ў музыцы ансамбль «Сябры» i яго кiраўнiк Анатоль Ярмоленка, безумоўна, заслужылi не адну ўзнагароду. I справа нават не ў высокiх тытулах ды званнях. Удзячнасць i любоў слухачоў — вось чым вымяраецца папулярнасць кожнага выканаўцы i калектыву. На зайздрасць многiм свае экзамены па прафесiйнаму майстэрству «Сябры» пастаянна вытрымлiваюць, па сённяшнiх мерках, на «дзесятку». Таму нiкога не здзiвiла, хоць, безумоўна, узрадавала навiна, што нашы «Сябры» атрымаюць персанальную зорку — на Плошчы зорак у Маскве.Памятны знак у гонар Анатоля Ярмоленкi i ансамбля «Сябры» будзе закладзены ля Дзяржаўнай цэнтральнай канцэртнай залы «Расiя» 19 студзеня. Дарэчы, гэта зорка стане ўжо чацвёртай па лiку для Беларусi — раней былi ўсталяваны памятныя знакi ў гонар Уладзiмiра Мулявiна i ансамбля «Песняры», Iгара Лучанка, Мiхаiла Фiнберга. Падтрымаць «Сяброў» збяруцца як шматлiкiя прыхільнiкi, так i беларускiя i расiйскiя выканаўцы — i прызнаныя майстры эстрады, i маладыя пераймальнiкi песенных традыцый. З нашага боку, у прыватнасцi, запланаваны выступленнi Пятра Ялфiмава i Ксенii Сiтнiк. «Гэта той патэнцыял, для якога закладка зоркi на ганаровай алеi яшчэ ў перспектыве», — цi то жартам, цi то ўсур’ёз сцвердзiў Анатоль Ярмоленка. Ён таксама расказаў нам, што адразу пасля ўстанаўлення зоркi ў Маскве «Сябры» задумалi вялiкую канцэртную прэзентацыю лепшых узораў сваёй песеннай спадчыны не толькi ў Мiнску, але i ў абласных цэнтрах — на буйнейшых канцэртных пляцоўках краiны. — Анатоль Iванавiч, як вы лiчыце, цi не прыйшоў час стварыць сваю «Плошчу зорак» i ў беларускай сталiцы? — У прынцыпе, я звяртаўся ў адпаведныя iнстанцыi з гэтай прапановай. Мне здаецца, у будучым у нас можа з’явiцца такая Алея цi Плошча зорак — напрыклад, ля Палаца Рэспублiкi. Прычым я прапанаваў бы не абмяжоўвацца толькi зоркамi эстрады, а глядзець шырэй, улiчваць i зорак спорту, i iншых людзей, якiя праславiлi Беларусь у свеце. — У такiм выпадку каму асабiста вы прапанавалi б паставiць зорку? — Усiм тым людзям, якiмi мы ганарымся яшчэ з савецкай эпохi! Скажам, Жарэсу Алфёраву... Вельмi баюся, што ўсiх проста не здолею прыгадаць, некага пакрыўджу. Адно бясспрэчна, у нас ёсць каму паставiць гэтыя зоркi — было яшчэ тады, пры савецкiм часе. Ёсць i цяпер.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За больш як 30 гадоў жыцця ў музыцы ансамбль «Сябры» i яго кiраўнiк Анатоль Ярмоленка, безумоўна, заслужылi не адну ўзнагароду |
|