Хата для ветэрана
Iлона IВАНОВА
ЗВЫЧАЙНЫ КЛОПАТ Ветэрану Вялiкай Айчыннай вайны Уладзiмiру Iванавiчу Мурачову з вёскi Шэперава Чавускага раёна адрамантавалi хату.Уладзiмiр Iванавiч ваяваў на Другiм Беларускiм фронце, быў паранены. Старому цяпер споўнiлася 82 гады, i ён мае патрэбу ў дапамозе. Тым больш, што нядаўна пайшоў... у прымакi i ажанiўся з 75-гадовай Марыяй Андрэеўнай. Цяпер муж i жонка ўладкавалi сваё жыццё i за гэта дзякуюць Антонаўскаму сельскаму Савету i раённым уладам. Хата Мурачова зараз стаiць прыгожая, пафарбаваная ў вясёлыя жоўты i зялёны колеры. Тут перакрылi дах i рэйкай аббiлi сцены звонку. Паўмiльёна рублёў выдаткавала ўлада на набыццё будаўнiчых матэрыялаў i 1,2 мiльёна каштавалi рамонтныя работы. Унутры хаты таксама адрамантавана: свежымi шпалерамi абклеены столi i сцены. У хаце вельмi чыста. «Я хоць i старая, але не магу, калi неахайна», — усмiхаецца Марыя Андрэеўна. Навагодняя ёлка ззяе святочнымi агеньчыкамi, водблескi кладуцца на старыя фотаздымкi на сценах, дзе гаспадары яшчэ маладыя. Але яны сцвярджаюць, што i сёння шчаслiвыя — сядзяць побач на цёплай печы i радуюцца жыццю. Хацелася б толькi паболей здароўя, гавораць старыя. Але яны трымаюцца, i аднавяскоўцы паважаюць iх за любоў да працы i аптымiзм. — Я вельмi задаволены, што нам дапамаглi з рамонтам, — гаворыць Уладзiмiр Iванавiч. — Я звярнуўся ў сельсавет, там адгукнулiся. Дай Бог здароўя людзям, якiя нас зразумелi. Нават са школы дзецi прыходзяць, каб дапамагчы нам. Усiм вялiкi дзякуй! Старшыня Антонаўскага сельскага Савета Таццяна Палеонак гаворыць, што ўдзельнiкаў вайны ў iх ледзь не на руках носяць. — Мы рамантуем дамы ветэранам за кошт бюджэту, — гаворыць Таццяна Мiкалаеўна. — Людзi яны добрыя i iм многа не трэба. Тым больш што i iх, на жаль, засталося няшмат. Калi я 19 гадоў таму прыйшла на працу ў наш сельсавет, ветэранаў тут было 93 чалавекi, а цяпер засталося толькi 14. Так што будзем iм дапамагаць, чым толькi можам. Вялiкая ўвага, паводле слоў старшынi Антонаўскага сельскага Савета, надаецца ўсёй льготнай катэгорыi — гэта не толькi ветэраны, але i iнвалiды, былыя вязнi, сем’i загiнуўшых, мнагадзетныя. Iм летась i печкi рамантавалi, i электраправодку мянялi, i агароджы ставiлi. Шмат зроблена па стварэнню спрыяльных умоў для жыцця i працы людзей у двух аграгарадках, якiя былi адкрыты на тэрыторыi гэтага сельсавета. — У нас, у Чавускiм раёне, старшынi сельсаветаў ставяцца з душой да сваёй працы, — сцвярджае Палеонак. — Нас выбраў народ i мы павiнны працаваць для яго. Так мы i робiм. Сама Таццяна Мiкалаеўна пасля шматгадовай працы ведае ў 19 вёсках свайго сельсавета ледзь не кожнага жыхара — i iмя, i iмя па бацьку, i гiсторыю кожнай сям’i. I калi чалавек прыходзiць да яе з просьбай, яна ўжо напэўна ведае, што ён будзе прасiць i чым яму можна дапамагчы. Задачу, якая стаiць перад мясцовымi сельсаветамi, — дайсцi да кожнага чалавека — старшыня Антонаўскага сельсавета лiчыць вельмi важнай i гаворыць, што будзе iмкнуцца яе ажыццявiць. Аднак разам з тым мяркуе, што для яе паспяховага выканання мясцовым Саветам патрэбны сродкi. — Так, нам не хапае грошай, — прызнае Таццяна Мiкалаеўна. — А яны нам цяпер асаблiва патрэбныя для таго, каб вырашыць дзве найбольш актуальныя для сельскай мясцовасцi праблемы. Нам трэба зрабiць агароджы на грамадзянскiх могiлках — там i жывёла ходзiць, i пад’езды да могiлак пакiдаюць жадаць лепшага. А таксама трэба чысцiць калодзежы. На чыстку аднаго калодзежа патрэбна як мiнiмум 150 тысяч рублёў, а ўсяго калодзежаў на тэрыторыi нашага сельсавета — 139. У такой сiтуацыi ў Чавускiм раёне сталi карыстацца сiстэмай добраахвотных ахвяраванняў. Паводле слоў старшынi райсавета Аляксандра Чыканава, гэта цалкам адпавядае прынцыпу мясцовага самакiравання. — Калi ў вёсцы трэба добраўпарадкаваць калодзеж, а ў сельсавета грошай на гэта не хапае, то мы прапануем сабраць па некалькi тысяч рублёў з двара i вырашыць праблему агульнымi намаганнямi, — тлумачыць Аляксандр Васiльевiч. — Гэта таксама дапаможа нам справiцца з так званым сацыяльным утрыманствам. Бо не сакрэт, што часам людзi патрабуюць ад уладаў зрабiць для iх (але без iх удзелу) усё i адразу. Старшыня райсавета ўзгадаў выпадак, калi ён пераконваў здаровага мужыка паправiць агароджу каля хаты, а той адказваў, што агароджа — гэта справа сельсавета: маўляў, няхай ён i займаецца. — Калi людзi даюць грошы на агульную справу, то яны ў калодзежы альбо ў агароджы бачаць свой рубель, i паступова выпрацоўваецца ў свядомасцi, што гэта — не чужое, не «сельсаветаўскае», а наша, маё, — упэўнены Аляксандр Чыканаў. Самае галоўнае, лiчыць кiраўнiк Савета дэпутатаў Чавускага раёна, бачыць у чалавеку не наведвальнiка i не скаржнiка, а менавiта... чалавека, якому трэба дапамагчы. Сёння, паводле слоў Чыканава, фiнансавыя i арганiзацыйныя магчымасцi Савета дазваляюць задаволiць прыкладна 80—90 працэнтаў просьбаў людзей i вырашыць шмат iх праблем. Дайсцi да кожнага чалавека, якi мае патрэбу ў дапамозе Саветаў, сёння дапамагае эфектыўная сiстэма прадстаўнiкоў альбо старастаў вёсак. Цяпер сельскiя Саветы Чавускага раёна распрацоўваюць праграмы, якiя датычацца развiцця кожнай вёскi: што будзе рабiцца ў водазабеспячэннi, добраўпарадкаваннi, падтрыманнi санiтарнага стану, як будзе весцiся праца з састарэлымi i адзiнокiмi людзьмi, якую дапамогу трэба аказаць ветэранам. У студзенi на сесiях сельскiх Саветаў гэтыя праграмы будуць зацверджаны. Чавускi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ветэрану Вялiкай Айчыннай вайны Уладзiмiру Iванавiчу Мурачову з вёскi Шэперава Чавускага раёна адрамантавалi хату |
|