«Галаўны боль» вясковых камунальнiкаў
Святлана ЯСКЕВIЧ
Усё для кліента На радзiме Казiмiра Лышчынскага створана самае вялiкае ў Брэсцкай вобласцi сельскае камунальнае прадпрыемстваУ кабiнеце старшынi Лышчыцкага сельсавета Брэсцкага раёна Вiталя Жукевiча на вiдным месцы прымацаваны вымпел «Пераможцы рэспублiканскага агляду санiтарнага стану i добраўпарадкавання населеных пунктаў». Такой узнагароды орган мясцовай улады быў удастоены па вынiках 2004 года. У тым, што намаганнi сельсавета атрымалi высокую ацэнку, паводле слоў Вiталя Iванавiча, ёсць немалая заслуга iх уласнай арганiзацыi «Лышчыцкае ЖКГ». Менавiта падтрыманне належнага санiтарнага стану з’яўляецца адной з задач камунальнага унiтарнага рамонтна-эксплуатацыйнага прадпрыемства. У аўтапарку арганiзацыi ёсць дзве смеццезборныя машыны. I чатыры днi ў тыдзень з цэнтральных i навакольных вёсак вывозяцца бытавыя адходы. Лышчыцкi сельсавет — адзiн з самых вялiкiх у раёне, ён утварыўся ад аб’яднання чатырох сельсаветаў, працягласць яго зараз складае 40 кiламетраў, у склад уваходзяць 17 населеных пунктаў. Калi пачаўся працэс рэарганiзацыi сельгаспрадпрыемстваў i калгасы адзiн за адным сталi «скiдваць» на сельвыканкам жыллё, камунальныя аб’екты, камунiкацыi, прыспела неабходнасць ствараць нейкую структуру па абслугоўванню кацельных, водаправодаў, каналiзацыйных сетак, догляду жылля. I такое прадпрыемства было зарэгiстравана ў 1997 годзе. Зараз у «Лышчыцкiм ЖКГ» занята каля 80 чалавек. Аўтамабiльны i трактарны парк складаюць 13 адзiнак. Прадпрыемства мае чатыры вытворчыя ўчасткi. Зiмой, вядома, адзiн з галоўных клопатаў сельскiх камунальнiкаў — забяспечыць цяплом жыллё, школы, садкi, медыцынскiя ўстановы. На адным з нядаўнiх пасяджэнняў сесii сельскага Савета нiякiх нараканняў на ацяпленне кiраўнiкi названых устаноў, старасты вёсак не выказалi. «Лышчыцкае ЖКГ» абслугоўвае сем кацельных. Чатыры з iх працуюць на цвёрдым палiве. Зараз гэта дровы. Як расказаў галоўны iнжынер прадпрыемства Аляксандр Паднюк, у зону iх абслугоўвання ўваходзiць каля трох кiламетраў цеплатрасы, 52 кiламетры водаправода, 23 кiламетры каналiзацыйных сетак. Летам падраздзяленне па догляду гэтай гаспадаркi праводзiць рамонт i прафiлактыку трубаправодаў, зiмой забяспечвае iх бесперабойнае функцыянаванне. Не вельмi, праўда, задаволены спажыўцы якасцю вады, бо ўтрымлiвае яна вялiкi працэнт жалеза. Начальнiк «Лышчыцкага ЖКГ» Валерый Германовiч кажа, што гэта сапраўдны галаўны боль вясковых камунальнiкаў. Патрэбна станцыя абезжалезвання вады. Падобны аб’ект ён спецыяльна ездзiў глядзець у вёску Жытча Пiнскага раёна. Там пабудавалi станцыю, i жыхары цяпер п’юць чыстую ваду. Паводле слоў Валерыя Мiкалаевiча, калi ўдасца знайсцi фiнансаванне (тым больш што налета ў Астрамечаве запланавана здача аграгарадка), то ўзвядзенне станцыi абезжалезвання ў гэтай вёсцы пачнецца ў наступным квартале. Яшчэ ў Астрамечаве патрэбны дзве новыя свiдравiны для ўстойлiвага забеспячэння вадой. Даводзiцца займацца i бягучым рамонтам самых розных аб’ектаў, i не толькi ў дамах вяскоўцаў. Цэлая праблема — кантэйнеры для смецця, якiя хутка выходзяць са строю. Адходы жыццядзейнасцi ва ўсiх вёсках збiраюць у металiчныя кантэйнеры, якiя, як ужо гаварылася, рэгулярна ачышчаюцца спецыяльным транспартам. Хоць i нявыгадная гэта справа, у некаторыя вёскi транспарт даводзiцца ганяць за 15—16 кiламетраў, але ж смеццем не будзеш зарастаць, i машыны прыходзяць дакладна па графiку. Але далёка не ўсе жыхары дэманструюць грамадзянскую свядомасць. Хоць i гаварылася не раз на сельскiх сходах, што нельга выкiдаць у скрынi гарачы шлак або попел, такiя «iнцыдэнты» раз-пораз здараюцца. Даводзiцца кантэйнеры ўвесь час рамантаваць. Нядаўна рамонт i абнаўленне перажыла i лазня, размешчаная на тэрыторыi былога лазнева-пральнага комплексу ў Астрамечаве. Дарэчы, усяго «Лышчыцкае ЖКГ» мае на сваiм балансе ў розных населеных пунктах чатыры лазнi. А ў Астрамечаве, акрамя названай, ёсць яшчэ тры падобныя аб’екты iншых уласнiкаў. Таму даводзiцца iснаваць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыi. Мусiць, толькi дзякуючы камунiкабельнасцi ды абаяльнасцi яе работнiцы Антанiны Андраюк лазнi ўдаецца захаваць усiх сваiх клiентаў. Кожнага з iх Антанiна Паўлаўна ведае, хораша прывячае ўсiх. Расказвае, што для жанчын тут найлепшае месца падзялiцца рэцэптамi, нейкiмi набыткамi хатняй гаспадаркi, выхавання дзяцей. Ёсць адна заўсёднiца-пенсiянерка, якая з задавальненнем вучыць маладзейшых, як правiльна парыцца, якiя венiкi выкарыстоўваць. Ну а для мужчын лазня — таксама месца прыемнага баўлення часу. Бывае, наведвальнiкi грукаюць сушанай рыбай так, што, здаецца, сцены трасуцца. Але ж даводзiцца паблажлiва адносiцца да гэтай забавы, бо клiенту зараз трэба дагаджаць. I наведвальнiкi Антанiны Паўлаўны — людзi вельмi актыўныя. Пра гэта сведчыць Кнiга заўваг i прапаноў. Большасць запiсаў у ёй складаюць падзякi, але ёсць i заўвагi. Так, напрыклад, жанчына паскардзiлася, што прыступкi на ўваходзе вельмi слiзкiя. Зараз на прыступках, на ганку ляжаць спецыяльна зробленыя драўляныя рашоткi. Ёсць у лазнi i памяшканне для цырульнi, дзе пастаянна працуе майстар. Раней цырульнiца была ў штаце «Лышчыцкага ЖКГ», зараз яна зарэгiстравалася як прадпрымальнiк i арандуе плошчу. Пра гэта мы гутарым з галоўным бухгалтарам прадпрыемства Iрынай Клейман. Iрына Генадзьеўна таксама расказала, якiя паслугi насельнiцтву аказвае ЖКГ. Па-першае, тут на 50 гектарах вырошчваюць збожжа. Сёлета яго сабралi больш за 120 тон. Сваiм работнiкам выдзелiлi дзесьцi па тоне, па 300—500 кiлаграмаў прадавалi насельнiцтву, пенсiянерам, работнiкам сацыяльнай сферы. Аказвае паслугi прадпрыемства вяскоўцам i па апрацоўцы прысядзiбных участкаў. Каля сотнi людзей, пенсiянераў i работнiкаў культуры, адукацыi, аховы здароўя, i тыя, чый род дзейнасцi не быў звязаны з мясцовай гаспадаркай, звяртаюцца ў ЖКГ, каб дапамаглi iм пасадзiць-выкапаць бульбу. Не ўсе бываюць задаволены якасцю палявых работ, тым больш што ёсць з чым параўноўваць. Побач знаходзяцца асабiстыя ўчасткi, якiя апрацоўвае СВК «Астрамечава». У штаце «Лышчыцкага ЖКГ» няма агранома. Ды i магчымасцi ў справе захавання тэхналогii абмежаваныя. Тэхнiка прадпрыемства пакiдае жадаць лепшага. Адзiн толькi трактар новы. Астатнiя, так бы мовiць, кандыдаты на спiсанне. Адной з галоўных праблем сваёй арганiзацыi назваў Валерый Германовiч стан тэхнiчнага парку. А другi клопат — прывядзенне ў парадак базы захавання трактароў i машын. Размяшчаюцца яны ў памяшканнi, якое належала былой вайсковай часцi. Каб там усё як след адрамантаваць, патрэбны немалыя сродкi. Як сказаў карэспандэнту «Звязды» старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Леанiд Лемяшэўскi, ужо ў сакавiку на пасяджэннi аблвыканкама выканаўчая i прадстаўнiчая ўлады вобласцi будуць раiцца i прымаць рашэнне, як дапамагчы сельскiм гаспадарча-разлiковым камунальным прадпрыемствам. Леанiд Антонавiч адзначыў, што Лышчыцкае прадпрыемства — самае буйное i самае лепшае ў вобласцi. Паводле яго слоў, ёсць неблагiя прыклады работы такога кшталту ў Лунiнецкiм, Пiнскiм раёнах, дзе ўчасткi створаны ў самай палескай глыбiнцы практычна на роўным месцы. Такiя прадпрыемствы ёсць у кожным раёне вобласцi, i ўсе яны маюць патрэбу ў абнаўленнi i папаўненнi тэхнiчнага парку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На радзiме Казiмiра Лышчынскага створана самае вялiкае ў Брэсцкай вобласцi сельскае камунальнае прадпрыемства |
|