Перамагчы «ракавыя» абставiны
На пытаннi чытачоў адказвае галоўны ўрач Мiнскага гарадскога клiнiчнага анкалагiчнага дыспансэра, кандыдат медыцынскiх навук, дацэнт Зiгмунд Гедрэвiч
(Працяг. Пачатак у нумары за 10 студзеня.) Гэта Лiдзiя Фёдараўна з Пастаўскага раёна вас непакоiць. У 1981 годзе я трапiла ў аварыю, а год таму падчас ультрагукавога даследавання брушной поласцi ў мяне знайшлi ўтварэнне ў печанi памерамi 97х76 мм. Ляжала ў Вiцебскай абласной бальнiцы, дзе вызначылi, што гэта дабраякаснае сасудзiстае ўтварэнне. Скажыце, цi патрэбна мне нейкае спецыфiчнае лячэнне? I цi магу я ў сувязi з гэтым прымаць лекавыя прэпараты ад болю ў суставах, якi непакоiць мяне з мiнулага года? — Што датычыцца вашага ўтварэння... Жывiце звычайным жыццём, не трэба вам нiякага лячэння — яно не дапаможа рассмактаць пухлiну, якая, хутчэй за ўсё, з’яўляецца наступствам аварыi. Многiя людзi жывуць з такiмi ўтварэннямi шмат гадоў. — Значыць, iншыя лекавыя прэпараты таксама можна прымаць? — Прымайце, нiякiх абмежаванняў тут я не бачу. Добры дзень, тэлефануе Святлана з Бабруйска, 18 гадоў. У мяне ўтвараецца фiбраадэнома. Адну аперацыю па выдаленню ўжо зрабiлi. Цяпер чакаецца паўторная. Як пазбегнуць рэцыдыву ў далейшым? — Канешне, у першую чаргу вам трэба пагаварыць з анколагам, якi вас лечыць, бо тыя парады, якiя неабходна вам даць, зацягнуцца ў нас гадзiны на дзве. Фiбраадэнома — не такое складанае захворванне, але, на жаль, лечыцца яно толькi хiрургiчным шляхам. Бываюць выпадкi, калi фiбраадэнома рассмоктваецца сама, але чакаць гэтага рызыкоўна. Лепш выдаляць яе хiрургiчным шляхам. А вось аб прафiлактыцы вам павiнен расказаць анколаг. Можна параiцца i з гiнеколагам, бо ад стану генiталiй залежыць i стан малочных залоз. Магчыма, спатрэбiцца вызначыць гарманальны статус. Да таго ж, гiнеколаг вызначыць, цi няма ў вас праблем, якiя правакуюць узнiкненне пухлiн у малочнай залозе. — У мяне эрозiя шыйкi маткi... — Ну вось, бачыце, эрозiя ёсць. Лячэнне малочнай залозы пры наяўнасцi эрозii малаперспектыўнае. Таму вам неабходна ў першую чаргу вылечыць эрозiю шыйкi маткi, якая можа стымуляваць утварэнне падобных працэсаў у малочнай залозе. Гэта тэлефануе Алена Уладзiмiраўна са Смалявiч. У мяне тры палiпы на жоўцевым пузыры памерам менш за сантыметр. Цi трэба мне iх выдаляць? — Яны вас неяк непакояць? — Часам непакояць, але боль праходзiць... — Вам трэба пакуль што прытрымлiвацца дыеты. Аперыраваць палiпы ў жоўцевым пузыры — справа няўдзячная. Адзiны спосаб пазбавiцца ад iх — гэта выдалiць разам з жоўцевым пузыром. Але жоўцевы пузыр — орган патрэбны i без крайняй неабходнасцi выдаляць яго не рэкамендуецца. Таму раю вам проста назiрацца ў лечачага ўрача i хоць бы раз на год рабiць ультрагукавое даследаванне. Калi палiпы (а гэта дабраякасныя ўтварэннi) расцi не будуць, вы можаце пражыць з iмi шмат гадоў. — А ёсць прэпарат, якi папярэджвае гэты рост? — На жаль, такога лекавага прэпарата, якi б канкрэтна пасадзейнiчаў рассмоктванню палiпа ў жоўцевым пузыры, няма. Тэлефануе Леанiд Паўлавiч з Дзятлаўскага раёна. Мяне непакоiць стан маёй жонкi. У яе анкалагiчнае захворванне страўнiка з метастазамi ў 12-персную кiшку i яечнiкi. Яна прайшла адзiн курс хiмiятэрапii. Якiя яшчэ сродкi — народныя цi медыцынскiя — вы параiлi б? Яна прымае цiмалiн i вiтамiны, лечыцца бярозавай чагай, грыбам вясёлкай. А цi можна, напрыклад, выкарыстоўваць пры яе хваробе залаты вус? — А што рэкамендавалi вашы дактары? Яны будуць праводзiць другi курс хiмiятэрапii? — Так. — Значыць, i чага, i вiтамiны, i цiмалiн памiж курсамi — гэта нармальна. Што ж датычыцца вясёлкi i залатога вуса, то ў дадзены перыяд я не рэкамендаваў бы вам iх прымаць. Магчымы варыянт, што яны ўступяць у рэакцыю з тымi медыкаментознымi хiмiчнымi прэпаратамi, якiя прызначаць вашай жонцы, i акажуць таксiчнае ўздзеянне або на печань, або на ныркi. Таму абавязкова ўзгадняйце прыём лекавых сродкаў, тым больш так званых народных, з лечачым урачом, з урачом-хiмiятэрапеўтам. Нiякай самадзейнасцi — вы можаце нанесцi шкоду арганiзму або знiзiць эфектыўнасць лячэння. — Доктар, а як вы ставiцеся да выцяжкi з марскiх жывёл? — Цяпер iснуе шмат бiялагiчна актыўных дабавак. Яны ў некаторых сiтуацыях могуць быць карыснымi, а ў некаторых — шкоднымi, таму што будуць аказваць стымулюючае ўздзеянне на арганiзм, а ў вынiку i стымулюючае ўздзеянне на саму пухлiну. Таму трэба крайне асцярожна ставiцца да бiялагiчна актыўных дабавак. Жлобiнскi раён непакоiць, Святлана Мiхайлаўна. У 1996 годзе ў маёй дачкi выявiлi адэному шчытападобнай залозы. У 1997 яе прааперыравалi, выдалiлi правую долю. У 2003-м зноў знайшлi вузел, ужо ў левай долi. У апошнi час дачка, якой цяпер 10 гадоў, стала адчуваць сябе дрэнна, у яе з’явiлiся галавакружэннi. Цi звязана гэта з захворваннем шчытападобнай залозы? Цi патрэбна дачцэ аперацыя? — Цяпер ваша дачка прымае якiя-небудзь прэпараты? — Цiраксiн (раней у дазiроўцы 100, цяпер — 50), i ёдамарын. — Я параiў бы вам прыехаць да нас у клiнiку на кансультацыю, лепш за ўсё ў якi-небудзь чацвер, калi кансультуюць асiстэнты кафедры анкалогii. Што датычыцца аперацыi... Калi пункцыю рабiлi некалькi разоў i ўсе даныя гавораць за дабраякасны працэс, то з аперацыяй, напэўна, можна пачакаць. Яе мы паспеем зрабiць, калi ў гэтым з’явiцца вострая неабходнасць. А пакуль трэба працягваць кансерватыўнае лячэнне. — Але чаму ёй дрэнна робiцца? — Каб гэта вызначыць, i патрэбна кансультацыя, аб якой я вам гавару. Неабходна зрабiць аналiз на гармоны шчытападобнай залозы, параўнаць iх з ранейшымi. Галавакружэнне можа быць звязана з некалькiмi прычынамi, у тым лiку з залiшнiм паступленнем гармона, калi левая доля забяспечвае арганiзм гармонамi ў дастатковай ступенi, а мы яшчэ ўводзiм i цiраксiн. А магчыма, наадварот, гэтай дозы недастаткова, i арганiзм недаатрымлiвае гармон шчытападобнай залозы. — Дык цiраксiн нам прымаць? — Пакуль прымайце, раз доктар прызначыў. — А можа, ёй можна даць групу iнвалiднасцi? I чаму нам нiколi не прапаноўвалi нiякiх пуцёвак на аздараўленне? — Ну, гэта вы павiнны абмеркаваць са сваiмi ўрачамi. Але думаю, што пасля выдалення адной долi шчытападобнай залозы чалавек у большасцi выпадкаў застаецца абсалютна здаровым i здольным выконваць свае звычайныя абавязкi. Людзей з падобнай праблемай у нас вельмi шмат. «Прамую лiнiю» вялi Святлана БАРЫСЕНКА i Наталля КАРПЕНКА. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў адказвае галоўны ўрач Мiнскага гарадскога клiнiчнага анкалагiчнага дыспансэра, кандыдат медыцынскiх навук, дацэнт Зiгмунд Гедрэвiч
|
|