Перамагчы «ракавыя» абставiны
На пытаннi чытачоў адказвае галоўны ўрач Мiнскага гарадскога клiнiчнага анкалагiчнага дыспансэра, кандыдат медыцынскiх навук, дацэнт Зiгмунд ГЕДРЭВIЧ
(Працяг. Пачатак у нумарах за 10—13 студзеня.) — Галiна Iванаўна, горад Мазыр. Валляк 1-й ступенi, на шчытападобнай залозе — вузел 24 на 17 мiлiметраў. П’ю ёдамарын, эуцiрокс, раней прымала антыаксiкапс з селенам. Скажыце, як не дапусцiць злаякаснага новаўтварэння? — Неабходна назiрацца ў эндакрынолага, якi ведае, з якой частатой вам варта прымаць тыя цi iншыя прэпараты. — А я чытала, што сала можна прыкласцi да шчытавiдкi... — Нiчога прыкладваць да шчытападобнай залозы не трэба, паколькi любыя цеплавыя кампрэсы могуць стымуляваць рост яе вузлоў. — А наогул гэта невылечны выпадак? — Невылечны, аднак дробна вузлавы валляк можа iснаваць многiя гады i не ўплываць на якасць жыцця чалавека. — Ганна Станiславаўна, Маладзечанскi раён. Балела ў мяне правая рука. Звярнулася ў амбулаторыю. Урачу не спадабалася бародаўка на шыi, накiраваў да анколага. Той сказаў, што пакуль нiчога страшнага не бачыць, аднак калi яна пачырванее, трэба адразу прыйсцi на прыём. Я расказала i пра боль у перадплеччы. Зрабiлi здымак. Анколаг сказаў, што ператэлефануе, каб паведамiць вынiк, але прайшло ўжо тры месяцы, як я чакаю званка. Тым часам ад локця да кiсцi з’явiлася нейкае ўшчыльненне, цяпер гэта рука таўсцейшая за левую. Уласна, гэта мяне i непакоiць... — Паставiць дыягназ завочна немагчыма, як вы разумееце... Аднак паводле пачутага, хачу параiць вам тэрмiнова, неадкладна пайсцi на прыём да анколага. Не чакайце тэлефанавання. Неабходна абследавацца... — Нясвiж, Iрына Мiхайлаўна. Сястры ў маi паставiлi дыягназ — рак слiннай залозы. З 1996 года па сёння яе лячыла абласная стаматалогiя. Першы раз ёй зрабiлi аперацыю ў 96-м, калi вырашылi, што маюць справу з пухлiнай незразумелай этыялогii, якая пайшла ад зуба. Санiравалi, пралячылi. У 2002 годзе пухлiна вырасла зноў. Ёй проста ўскрылi гэтую пухлiну, а пасля прааперыравалi зноў. Сказалi, што пухлiна — дабраякасная. У 2004 годзе прааперыравалi трэцi раз, паколькi пухлiна вырасла да вялiкiх памераў. У 2005 далi накiрунак у iнстытут анкалогii, дзе i выставiлi рак слiннай залозы. Прайшла абпраменьванне. Выпiсалi дадому з тым, што больш яе накiроўваць у Iнстытут не варта, паколькi нiчым дапамагчы нельга. Цяпер ёй цяжка размаўляць, глытаць... Цi можна яшчэ чымсьцi дапамагчы? — Iнстытут анкалогii ў Бараўлянах з’яўляецца галаўной анкалагiчнай установай Беларусi. I калi там адмаўляюць у лячэннi, хутчэй за ўсё, спецыяльнае лячэнне немагчымае. Тым не менш вы ўсё ж такi маеце права яшчэ раз пракансультавацца. Калi не змогуць дапамагчы, значыць, дадуць рэкамендацыi па сiмптаматычнаму лячэнню. Пацыентка зможа перанесцi дарогу? — У цэлым яна адчувае сябе нармальна. Не ляжыць... — Значыць, можна пад’ехаць, паколькi ўсё роўна трэба вырашыць пытанне з харчаваннем. Тым больш, што раённы анколаг не змог даць вам падобную параду. «Прамую лiнiю» вялi Святлана БАРЫСЕНКА i Наталля КАРПЕНКА. (Працяг будзе).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў адказвае галоўны ўрач Мiнскага гарадскога клiнiчнага анкалагiчнага дыспансэра, кандыдат медыцынскiх навук, дацэнт Зiгмунд ГЕДРЭВIЧ
|
|