СПОРТ-ТАЙМ
Прынцыповы матч з «Каўнасам»
Сёння ў Маскве, на 14-м футбольным мiжнародным турнiры «Кубак чэмпiёнаў Садружнасцi», вырашыцца, цi пройдзе ў чвэрцьфiнал турнiру пераможца леташняга нацыянальнага першынства салiгорскi «Шахцёр». Дзеля гэтага неабходна выйграваць з рознiцай у два мячы. Усе каманды групы «D», дзе выступаюць беларусы, маюць па тры ачкi. Гарнякi змаглi расправiцца толькi з юнiёрскай зборнай Расii, якая выступае па-за конкурсам, — 3:0, уступiлi ж армянскаму «Пюнiку» — 0:2. Засталося згуляць толькi з лiтоўскiм «Каўнасам». Гэты матч будзе вельмi прынцыповым: клуб-сапернiк узначальвае былы трэнер нашай нацыянальнай зборнай Эдуард Малафееў. Выхад у плэй-оф ужо дакладна забяспечылi сабе маскоўскi ЦСКА i ташкентскi «Пахтакор» (група «А»), а таксама бакiнскi «Нефтчы» (група «В»). Дакладны «стрэл» Глеба Паўабаронца нацыянальнай футбольнай зборнай Аляксандр Глеб забiў свой першы гол у англiйскай прэм’ер-лiзе. «Арсенал» разграмiў «Мiдлсбор» — 7:0, Глеб выйшаў на замену за пятнаццаць хвiлiн да заканчэння сустрэчы i дакладна «стрэлiў» у «рамку» на 84-й хвiлiне. Зараз «кананiры» знаходзяцца на пятым месцы, а лiдзiруе «Чэлсi». Падстава для перамог На этапе Кубка свету ў Амерыцы ў акрабатычных скачках на лыжах не было роўных Дзмiтрыю Дашчынскаму (на фота). У прызёры таксама трапiла Ала Цупер: спартсменка аднавiлася пасля траўмы i заняла трэцяе месца. Усяго ж на рахунку беларускiх фрыстайлiстаў сем узнагарод рознай вартасцi (яны былi здабыты на этапах Кубка свету цяперашняга сезона). Гэта добрая падстава для перамог на XX зiмовых Алiмпiйскiх гульнях у Турыне, да якiх засталося менш за месяц. Гульня па-максiмуму Гандбалiсткi БНТУ выбылi з розыгрышу жаночага Кубка ЕГФ. Затое працягваюць радаваць iгракi нацыянальнай зборнай: днямi ў адборачным матчы чэмпiянату свету-2007 яны без асаблiвых цяжкасцяў расправiлiся з туркамi — 37:21. Напярэдаднi сустрэч з галоўным працiўнiкам, камандай Швецыi, (19 студзеня дома, 22-га — у гасцях) у актыве беларусаў восем ачкоў з васьмi магчымых. На бiятлонным фронце без перамен Беларускiя бiятланiсты засталiся далёка ад п’едэстала Кубка свету ў нямецкiм Рупольдзiнгу. Шанц рэабiлiтавацца страляючыя лыжнiкi маюць на шостым этапе ў iтальянскiм Антхольцэ. Менавiта па вынiках гэтага выступлення i будзе вызначаны канчатковы састаў для ўдзелу ў Алiмпiядзе-2006. Без Валчкова Беларускiя юнiёркi Вiкторыя Азаранка i Настасся Якiмава прабiлiся ў асноўную сетку адкрытага чэмпiянату Аўстралii, дзе таксама бярэ ўдзел Максiм Мiрны. А вось Уладзiмiру Валчкову гэта не ўдалося: тэнiсiст уступiў у першым квалiфiкацыйным раундзе шведскаму спартсмену. «Сакалiнае» лiдарства У адкрытым чэмпiянаце краiны па хакею з шайбай змена лiдара. Iм стаў кiеўскi «Сокал», якi ў чарговым туры паставiў на месца «Рыгу-2000» — 4:1. Зараз ва ўкраiнцаў 80 ачкоў, а ў iх блiжэйшых сапернiкаў, сталiчных «Керамiна» i «Юнацтва», — па 77 i на адну сустрэчу больш. Вынiкi астатнiх матчаў тура: «Керамiн» — «Нёман» — 0:1, «Металургс» — «Гомель» — 3:2, «Хiмiк-СКА» — «Хiмвалакно» — 0:1, «Дынама» — «Брэст» — 5:1.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прынцыповы матч з «Каўнасам»
|
|